шко́ла, ‑ы, ж.

1. Навучальная ўстанова, якая ажыццяўляе агульную адукацыю і выхаваяне маладога пакалення. Хадзіць у школу. Выкладаць матэматыку ў школе. □ Штораніцы бяжыць у школу разам са сваімі аднагодкамі ўнук Бірынічаў. Хадкевіч. // Школьны будынак, у якім праводзіцца навучанне. Цяпер жа пакуль што былі адноўлены толькі два будынкі: школа і ўрачэбны ўчастак. Шамякін. // толькі адз. Сістэма агульнай адукацыі, сукупнасць навучальных устаноў. Дэкрэт аб адлучэнні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. // зб. Разм. Калектыў вучняў і настаўнікаў агульнаадукацыйнай навучальнай установы. І зноў яна [Наста] на плошчы, дзе штогод Вясёлы Першамай страчала школа. З. Астапенка.

2. Спецыялізаваная навучальная ўстанова, дзе навучэнцы атрымліваюць прафесіянальныя веды, кваліфікацыю. Усе яны — былыя вучні рамеснай школы паліграфістаў.. Іх школа знаходзілася тут жа [у друкарні], на першым паверсе. Брыль. Кіраўніцтва камбіната паслала.. [Віктара Вішаньку] вучыцца ў Свярдлоўскую школу брыгадзіраў-будаўнікоў. Дадзіёмаў. // Ваенная навучальная ўстанова, якая рыхтуе афіцэраў і малодшы камандны састаў. Школа прапаршчыкаў. Пяхотная школа. Школа малодшага каманднага саставу. // у спалучэнні са словам «вышэйшы». Назва некаторых навучальных устаноў, якія даюць вышэйшую адукацыю, вну. Вышэйшая партыйная школа.

3. чаго і якая. Набыццё ведаў, практычнага вопыту, а таксама сам вопыт, практычным веды чаго‑н. Школа жыцця. □ Школу «Савецкай Беларусі» прайшлі не толькі амаль усе пісьменнікі малодшага пакалення, якія пазней стварылі аб’яднанне «Маладняк», але і многія з тых, якія сфарміраваліся яшчэ да рэвалюцыі. Конан. Прайшоў я школу барацьбы і чуў дыханне перамогі. Дудар. // Тое, што дае практычныя веды, вопыт. Карацей сказаць — не хапала належнай сур’ёзнасці. А гэта тлумачылася тым, што сярод настаўнікаў не было асоб, прайшоўшых рэвалюцыйную школу на практыцы. Колас. Адным словам, калі нашы хлопцы не загінуць, то гэтае здарэнне будзе для іх добрай школай. Маўр.

4. Сістэма метадаў, правіл, прыёмаў вывучэння, асваення чаго‑н., авалодання чым‑н. Пачатковая школа ігры на баяне. Вучыцца іграць на цымбалах па школе Жыновіча. // Адукацыя, выхаванне ў святле якіх‑н. правіл, норм, прынцыпаў і пад. Палкоўнік пан Дэмбіцкі не лічыўся і з тою акалічнасцю, што ў штабе яго праціўніка не заўсёды вялі рэй прафесіяналы-штабісты старой ваеннай школы. Колас. // Спец. Майстэрства, уменне дрэсіроўкі каня, звязанае з манежнай выездкай, выкананнем розных практыкаванняў, тэмпаў язды і пад. Школа верхавой язды.

5. Навуковы, літаратурна-мастацкі, грамадска-палітычны, сацыяльна-эканамічны і пад. напрамак, плынь з характэрнымі, своеасаблівымі ўласцівасцямі, рысамі. Але тады яна [рэалістычная тэндэнцыя] яшчэ не ператварылася ў самастойную з’яву, не стала цэлай школай крытычнага рэалізму, аднак ужо станоўча ўздзейнічала на далейшае развіццё перадавой літаратуры. Ларчанка. // Група вучняў, аднадумцаў ці паслядоўнікаў каго‑н. І.П. Паўлаў і яго школа, дзякуючы правільнаму матэрыялістычнаму падыходу да распрацоўкі фізіялогіі мозга, раскрылі шмат якія «таямніцы» псіхічнага жыцця. «Беларусь». Неўзабаве з’явілася цэлая школа паслядоўнікаў А. Міцкевіча. Лойка.

6. Спец. Пітомнік, спецыяльны ўчастак, на якім вырошчваюцца сеянцы, саджанцы.

•••

Вышэйшая школа — агульная назва для вышэйшых навучальных устаноў (інстытутаў, універсітэтаў і пад.).

Вячэрняя школа — школа, вучні якой займаюцца ўвечары без адрыву ад вытворчасці і атрымліваюць сярэднюю адукацыю.

Земская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні земства.

Ланкастэрская школа — школа, у якой прымяняецца ланкастэрская сістэма навучання.

Натуральная школа — назва рэалістычнай плыні ў рускай літаратуры 30–40‑х гг. 19 ст.

Нядзельныя школы — школы для дарослых у дарэвалюцыйнай Расіі, у якіх праводзіліся заняткі толькі па нядзелях.

Сярэдняя школа — школа, якая дае сярэднюю адукацыю.

Царкоўнапрыходская школа — пачатковая школа ў дарэвалюцыйнай Расіі, якая знаходзілася ў распараджэнні царквы і прыходскага духавенства.

Школа-інтэрнат — павучальная ўстанова, дзе дзеці жывуць і вучацца.

Школа сельскай моладзі; школа рабочай моладзі — агульнаадукацыйная сярэдняя школа (ці васьмігодка), у якой займаецца моладзь без адрыву ад вытворчасці.

[Грэч. scholē.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свет, ‑у, М свеце, м.

1. Зямля з усім тым, што на ёй існуе; сусвет (у 2 знач.). Падарожжа вакол свету. □ [Фрэйда:] — Мяне.. пачынае цікавіць увесь свет: дзе і як жывуць працоўныя. Бядуля. Колькі людзей, далёкіх, невядомых! Яны ж сабраліся сюды [на Сусветны кангрэс міру] з усяго свету. Маўр. // Усё жывое, усё навакольнае; усё, што акружае чалавека. Свет імгненна перастаў для.. [Івана] існаваць, саступіўшы месца бязладнай жудасці сноў. Быкаў. // Грамадства, людзі. Свякроў знала, што будзе бяда, і таму не пайшла ў лён, а выйшла палоць грады. «Ну ж і свет пайшоў, — мармытала яна, — абы трохі, дык і на табе»... Брыль.

2. Тое, што і сусвет (у 1 знач.). Каб быць пакарыцелем свету, Не толькі зямлёю трэба ўладаць, А трэба ўзняцца На сінюю гладзь — І неба павінна табе пакарацца! Чарот.

3. Шостая частка сусвету; планета. Шырокі малюнак недасяжных светаў раскрываўся перад вачамі маладога настаўніка ва ўсёй сваёй таемнасці і бязмежнасці. Колас. Мне разгадаць бы вечнасці сакрэт — адмоўнай сіметрычнасці прычыну: святло і цемра, свет і антысвет, хлусня і праўда часу, плюс і мінус. Русецкі.

4. які. Чалавечае грамадства, аб’яднанае пэўным грамадскім ладам, культурнымі і сацыяльна-гістарычнымі адзнакамі. Капіталістычны свет. Сацыялістычны свет. Антычны свет. // перан.; чаго або які. Лад жыцця. Хай свет стары шакалам вые. Кляшторны. Гарыць маяк Сусветнае Камуны, І з кожным днём Ярчэй яго прамень. І гімны творчых дум Імпэтам зв[а]нкаструнным Вітаюць новы свет, Вітаюць новы дзень. Хведаровіч.

5. чаго або які. Якая‑н. сфера жыцця ці з’яў у прыродзе. Неарганічны свет. Раслінны свет. □ Пярэстая кабылка, худая, нядужая, а натурыстасць у яе была такая, што ва ўсім жывёльным свеце падобнай не знойдзеш. Кулакоўскі. // чаго. Якая‑н. асобная галіна, сфера рэчаіснасці; сукупнасць якіх‑н. з’яў, прадметаў, што акружаюць чалавека. Свет гукаў. Свет фарбаў. □ [Марынка] схілілася над сшыткамі, паволі ўваходзячы ў знаёмы свет формул і вывадаў. Хадкевіч. // Кола з’яў псіхічнага жыцця (пачуццяў, перажыванняў і пад.). У алегарычных апавяданнях Я. Колас перадае погляды простага чалавека на жыццё, раскрывае свет яго ўяўленняў і мар. Пшыркоў. Паэт закліканы паказваць духоўны свет савецкага чалавека ва ўсёй яго велічы. «Полымя».

6. чаго або які. Якая‑н. сфера, галіна дзейнасці людзей. Ніякім забабонам не ўстояць перад светам навукі, якая дапамагае нам пазнаваць і перабудоўваць свет. «ЛіМ».

7. Кола людзей, аб’яднаных агульнай прафесіяй, прыналежнасцю да якога‑н. асяроддзя і пад. Артыстычны свет. Прыдворны свет. // У буржуазна-дваранскім грамадстве — кола асоб, якія належалі да прывілеяваных класаў. Вышэйшы свет. Вялікі свет.

8. Зямное жыццё ў процілегласць незямному. Разгадаць такую загадку і цяпер не магу, пражыўшы на свеце паўсотню гадоў. Шамякін.

•••

Геацэнтрычная сістэма свету гл. сістэма.

Геліяцэнтрычная сістэма свету гл. сістэма.

Новы свет — Амерыка.

Стары свет — Еўропа, Азія, Афрыка ў адрозненне ад Новага свету, Амерыкі, якую адкрылі пазней.

Частка свету гл. частка.

Адкрыты свет — усё даступна.

Адкрыць свет гл. адкрыць.

Адправіцца на той свет гл. адправіцца.

Адправіць на той свет гл. адправіць.

Баламуціць светам гл. баламуціць.

Белы свет — зямля, зямны шар; чалавечае грамадства.

Блізкі свет; не блізкі свет; за блізкі свет — далёка.

Брыдзіць светам гл. брыдзіць.

Выйсці ў свет гл. выйсці.

Гнаць на той свет гл. гнаць.

Гэты свет — зямны свет, жыццё як супрацьпастаўленне замагільнаму свету.

Да сканчэння свету гл. сканчэнне.

Загарадзіць свет гл. загарадзіць.

Загнаць (увагнаць, звесці) на той свет гл. загнаць.

За свет (ісці); за светам — далёка.

Звесці са свету гл. звесці.

Зжыць са свету гл. зжыць.

З-за свету — здалёк.

З усяго свету — здалёк, немаведама адкуль.

З’явіцца на свет гл. з’явіцца.

Ісці на той свет гл. ісці.

Край свету гл. край ​1.

На краі свету гл. край ​1.

На край свету гл. край ​1.

На свет глядзець не хочацца гл. глядзець.

На чым свет стаіць — вельмі моцна (лаяць, крычаць і пад.).

Ні за што на свеце гл. што.

Ні свет ні зара — да світання, самым ранкам, вельмі рана.

Пайсці (падацца) у белы свет гл. пайсці.

Пакінуць гэты свет гл. пакінуць.

Перавярнуць (увесь) свет гл. перавярнуць.

Перавярнуць усё на свеце гл. перавярнуць.

Пусціць на свет гл. пусціць.

Пусціць па белым свеце гл. пусціць.

Свет аб’ехаць гл. аб’ехаць.

Свет гарыць — тое, што і ліха гарыць (гл. ліха).

Свет завязаць гл. завязаць ​1.

Свет зачыніўся — аб наступленні цяжкага, неспакойнага перыяду ў жыцці.

Свет зачыніць гл. зачыніць.

Свет клінам (не) сышоўся на кім-чым — хто‑н. або што‑н. не з’яўляецца адзіным, ёсць і іншыя.

Свет не бачыў — надзвычай, незвычайна.

Свет стаіць на кім-чым — асноўваецца, грунтуецца жыццё на кім‑, чым‑н.

Свету белага (божага) не бачыць гл. бачыць.

Свету (белага) не відаць гл. відаць.

Сканчэнне свету гл. сканчэнне.

Смуродзіць свет гл. смуродзіць.

Стары як свет гл. стары.

Такі свет настаў — настала не тое жыццё.

Той свет — замагільны свет як супрацьпастаўленне зямному свету, жыццю.

Трубіць на ўвесь свет гл. трубіць.

Убачыць свет гл. убачыць.

У белы свет як у капейку — без мэты, не ведаючы куды, куды вочы глядзяць (ісці, садзіць і г. д.).

(Увесь) свет засланіць гл. засланіць.

Усё на свеце гл. усё.

Чуць свет — раніцай, на золку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́нія, ‑і, ж.

1. Вузкая палоска, рыса, праведзеная на якой‑н. паверхні ад адной кропкі да другой. Стаіць на мяккіх стружках дзядзька Язэп з алоўкам у руках і рысуе на каструбаватых дошках лініі. Чорны. // У матэматыцы — граніца паверхні, якая мае толькі адно вымярэнне — даўжыню. Прамая лінія. Ломаная лінія. Сярэдняя лінія трохвугольніка. // Уяўная рыса, якая злучае дзве кропкі або з’яўляецца граніцай перасячэння дзвюх паверхняў. Ад нашага берага да касы па прамой лініі каля шасці кіламетраў. В. Вольскі.

2. Паласа (існуючая ці ўяўная), якая вызначае граніцу, край чаго‑н. Берагавая лінія. □ У той час, калі нашы танкі падышлі да перадавой лініі, немцы пачалі перапраўляцца праз рэчку. Мележ.

3. Абрыс, контур чаго‑н. Абцякальныя лініі легкавой машыны. Лінія ракі. □ Стары брыгадзір .. сам намеціў лініі для капаў. Бядуля. // Пра абрысы чалавечага цела (твару, рота, рук). Лінія шыі. Лінія стану.

4. чаго. Доўгі рад якіх‑н. прадметаў, з’яў. Лінія дамоў. □ Далёка на поўнач і далёка на поўдзень цягнулася лінія акопаў па замёрзлых, заснежаных балотах. Мікуліч.

5. Пуць, палатно чыгункі ці трамвая. За шырокаю лініяй чыгункі, на шырокай прагаліне парасла густая трава. Чорны. // Шлях зносін, які звязвае два якія‑н. пункты. Чыгуначная лінія Масква — Мінск. Паветраная лінія Мінск — Гомель.

6. Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для тэлеграфнай і тэлефоннай сувязі. Часта званіў тэлефон, на лініі былі нейкія непаладкі, і прыходзілася так крычаць у трубку, што пад вечар зрываўся голас. Шахавец. // Сістэма прыстасаванняў (правадоў, кабелю і пад.) для перадачы электраэнергіі.

7. Паслядоўны рад асоб, аб’яднаных кроўнымі сувязямі. Лінія іхняга роду цягнецца сімвалічнай чырвонай істужкай ад рабочых і сялян. Бядуля.

8. перан. Напрамак, спосаб дзеянняў, думак, поглядаў. Генеральная лінія. Класавая лінія. Партыйная лінія паводзін.

9. Мера даўжыні, роўная 1/10 (яшчэ раней 1/12) цалі, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

•••

Аўтаматычная лінія — група машын, якія аўтаматычна выконваюць у пэўнай тэхналагічнай паслядоўнасці ўвесь цыкл аперацый па апрацоўцы вырабаў.

Дэмаркацыйная лінія — а) лінія, паласа, устаноўленая паміж ваюючымі бакамі ў час перамір’я; б) лінія падзелу на зоны акупацыі тэрыторыі акупіраванай дзяржавы; в) у медыцыне — палоска, якая адмяжоўвае амярцвелую тканку ад здаровай.

Контурная лінія — перарывістая лінія, якая складаецца з кропак або кароткіх рысак.

Ламаная (ломаная) лінія — лінія, якая складаецца з адрэзкаў прамой, злучаных пад вуглом.

Гнуць (весці) сваю лінію гл. гнуць.

Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.

Па лініі чаго ці якой — а) у якіх‑н. органах, установах. Працаваць па камсамольскай лініі; б) ад імя якога‑н. органа, установы. Вынесці вымову па партыйнай лініі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́дак, ‑дку, м.

1. Правільная, наладжаная сістэма размяшчэння чаго‑н.; належны стан чаго‑н. Прывесці ў парадак кватэру. □ Ля хаты Кліма Мінчонка поўны парадак, тут не ўбачыш нічога лішняга, непатрэбнага. Кавалёў. [Вера і Канькоў] абышлі кашару, агледзелі бітоны, вёдры, саламарэзку. Усюды чысціня, парадак. Асіпенка. // у знач. вык. Разм. Правільна, добра; як належыць. Першае звяно эскадрыллі Мохарта праверыла работу матораў. Парадак! Алешка.

2. Устаноўлены лад, план, сістэма кіравання. Знішчэнне капіталізму, увядзенне асноў камуністычнага парадку стала асноўным зместам сацыяльнага прагрэсу. «Звязда».

3. Расклад, распарадак; спосаб. Шмат.. суседзяў .. [Пніцкага] таксама, як і ён, уцягваліся ў новы парадак жыцця, адрываючыся ад старога. Чорны. // Звычай. Маладая сама хадзіла да суседзяў — такі ўжо вядзецца здаўна ў беларускіх вёсках парадак, — запрашала да сябе на вяселле. Васілевіч. Насуперак заведзенаму парадку, прыгнечаны Максім Сцяпанавіч не паехаў адразу на дачу, а папрасіў Федзю збочыць спачатку дамоў. Карпаў. // Правілы паводзін, якія склаліся дзе‑н., закон. А за сталом маўчком сядзелі. Там хлопцы гыркацца не смелі, Бо там парадак вельмі строгі, Там падпілуюць табе рогі, Калі парушыш дысцыпліну. Колас.

4. Пэўная паслядоўнасць, устаноўлены ход чаго‑н., чарговасць. Алфавітны парадак. □ На адным участку прыдумалі, як змяніць парадак паступлення дэталяў на лінію. Шыцік. Віктар Сяргеевіч падышоў да хлопцаў і расказаў ім аб парадку работы: першая група спачатку пойдзе церабіць кусты і ачышчаць рабочую пляцоўку, другая, услед за ёй, будзе знімаць верхні здзірванелы пласт, трэцяя — глыбей урывацца ў грунт. Якімовіч.

5. Спосаб, метад, правілы ажыццяўлення чаго‑н. Парадак аплаты працы. □ [Важатая], расказала аб парадку прыёму ў піянеры і, урэшце, прадыктавала тэкст урачыстага абяцання. Якімовіч.

6. звычайна ў Р. Разнавіднасць, род, тып чаго‑н. Пытанні агульнага парадку.

7. Вайсковае пастраенне, строй. І танк наляцеў на парадкі пяхоты; крычалі ад жаху зялёныя роты. Вялюгін. Асобныя групы, калі маглі, прасочваліся праз баявыя парадкі карнікаў, і наносілі ім удары з тылу. Няхай.

8. Група блізкароднасных сямей у сістэматыцы жывёл і раслін.

•••

Парадак дня — пералік пытанняў, якія разглядаюцца ў пэўнай чарговасці на пасяджэнні, сходзе і пад.

Для парадку — а) для падтрымання, навядзення парадку; б) для захавання прынятых правіл, фармальнасцей.

Навесці (свае) парадкі гл. навесці.

Сваім парадкам — так, як заўсёды, як звычайна.

Такім парадкам — гэтак, так; такім чынам.

У адміністрацыйным парадку — паводле распараджэння органаў выканаўчай улады.

У рабочым парадку — у працэсе работы.

Усё ў парадку — а) у добрым стане, у спраўным выглядзе. [Механік:] — Не заводзіцца [машына]. Праверылі яе, здаецца, усё ў парадку, а вось капрызіць. Мяжэвіч; б) добра. — Ну як, Пятровіч, справы? — звярнуўся ён з парога яшчэ. — Ды ўсё ў парадку, Сцяпан Іванавіч. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак.

1. што і без дап. Скончыць гаварыць; давесці да канца сваю гаворку. — Наперад, хлопцы!.. Бі штыкамі!.. — Начдыў не даказаў, Ён паў над жоўтымі пяскамі, Як быццам задрамаў. Броўка. Пры гэтым Лабановіч зазірае ў вочы Вользе Віктараўне з хітраватаю ўсмешкаю, каб сказаць гэтым поглядам тое, чаго не даказаў словамі. Колас. Ганна не даказала — нервовасць скрала словы. Гартны.

2. што і з дадан. сказам. Пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, пераканаўчымі довадамі. Даказаць тэарэму. Даказаць сваю вернасць радзіме. □ Не трэба баяцца З жыццём паспрачацца І праўду сваю даказаць. Чарнушэвіч. Дакажам працаю, што можам Мы гаспадарыць на зямлі, І ўраджаем упрыгожым Нашы калгасныя палі. Чарот. // Паказаць, выявіць. Сусветная сістэма сацыялізма менш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання даказала ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці сваю велізарную перавагу над аджываючай сістэмай капіталізму. «Звязда».

3. на каго. Разм. Данесці, нагаварыць. — Гэта ж я даказала на .. [дэзерціраў], калі і хто дома будзе. Крапіва.

4. (звычайна з адмоўем). Разм. Зраўняцца з кім‑н. у чым‑н., зрабіць так, як хто‑н. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

•••

Даказаць сваё — пераканаць каго‑н. у сваёй праваце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыха́нне, ‑я, н.

1. Працэс паглынання кіслароду і выдзялення вуглекіслаты жывымі арганізмамі; газаабмен. // Убіранне і выпусканне паветра лёгкімі. Бацька заснуў. Дыханне яго было слабое, але роўнае і спакойнае. Чарнышэвіч. // Шум, які ўтвараецца пры дыханні. [Соня] мільганула пад акном, ускочыла ў сенцы, і я ўжо чую яе паскоранае бегам дыханне. Ракітны. // Паветра, якое выходзіць з лёгкіх пры выдыху. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч.

2. перан. Подых, павёў, праяўленне чаго‑н. Дыханне жыцця. Дыханне часу. □ Дзень пачынаўся без хмурынкі на небе, без дыхання вецярка. Шамякін. Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада: шум машын, званкі трамваяў. Шыцік. // Набліжэнне, наступленне чаго‑н. Чуецца дыханне восені. □ Ужо чутно вільготнае дыханне хмары, ужо навакол разліты прыемны водар азону. Гамолка.

•••

Штучнае дыханнесістэма прыёмаў для аднаўлення натуральнага дыхання, якое часова спынілася.

Другое дыханне — аб новых сілах, аб прыліве энергіі, бадзёрасці ў каго‑н. пасля перыяду стамлення, апатыі, няўдачы.

Дыханне заняло (захапіла, перахапіла) гл. заняць.

Дыханне занялося — стала цяжка дыхаць, спынілася дыханне (ад бегу, работы і пад.). У душы ў .. [Шуры] пахаладзела, дыханне занялося, спёрла, нібы хто сціснуў горла. Ставер.

Затаіць дыханне гл. затаіць.

Перавесці дыханне гл. перавесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наву́ка, ‑і, ДМ ‑вуцы, ж.

1. Сістэма ведаў аб заканамернасцях развіцця прыроды, грамадства, мыслення і спосабах уздзеяння на навакольны свет. Савецкая навука. // Работа ў той ці іншай галіне ведаў як прафесія. Займацца навукай.

2. Асобная галіна гэтых ведаў. Астраномія — навука аб нябесных целах. Гуманітарныя навукі. Матэматычныя навукі. // Напрамак у якой‑н. галіне ведаў, які называецца па імені заснавальніка.

3. толькі адз. Навыкі, веды, якія чалавек атрымлівае ў выніку свайго навучання або жыццёвага вопыту. [Дзед Сымон:] — Не, браце, кожная справа патрабуе розуму, навукі. Ізноў жа, каб хаценне, бо любая справа патрабуе, каб яе любілі. Лынькоў. Купіць касу — о, гэта штука! Яшчэ больш важная навука — Умець дагнаць касу да ладу І даць ёй выклепку, асаду. Колас.

4. толькі адз. Павучанне, настаўленне: урок. [Якаў:] — Будзеш служыць мне. Усё глупства выкінь з галавы. Глядзі! .. [Грэчка:] — Што ты, што ты, Якаў! Цяпер я навучаны. Буду помніць навуку гэту доўга... Мележ.

5. толькі адз. Разм. Навучанне, вучоба. Да ўсяго быў [Янка] здатны, як да работы, так і да навукі. Якімовіч. Нялёгка давалася Карпу навука, і Варановіч дзівіўся яго ўпартай настойлівасці і неверагоднай уседлівасці. Дуброўскі.

•••

Дакладныя навукі — навукі, заснаваныя на матэматыцы.

Доктар навук гл. доктар.

Кандыдат навук гл. кандыдат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Тое, што з’явілася ў выніку разваг, меркавання; прадукт мыслення. Цікавая думка. Выказаць думку. □ У галаве Марыны варушылася то адна, то другая думка, вельмі ж хацелася ўгаварыць шафа, каб ён пусціў яе на паравоз. Кавалёў. // Меркаванне, здагадка. І раптам бліснула думка: перабежчык мог у час вярнуцца назад. Шамякін. [Мангу] прыйшла ў галаву вельмі разумная думка — зняць і мундзір. Маўр. // Намер, задума. Насіцца з думкай. □ [Зося] увайшла ў хату з цвёрдай думкай ісці заўтра да Сегенецкага. Чорны. — Думка асушыць Калхіду з’явілася даўно, — гаварыў Андрэй Міхайлавіч. Самуйлёнак. // Сукупнасць ведаў у якой‑н. галіне. Навуковая думка. Тэхнічная думка.

2. Мысліцельны працэс; мысленне. Няма нічога шпарчэй за людскія думкі, бо сам ты яшчэ тут, а думкі ўжо далёка-далёка. Якімовіч.

3. Тое, што і дума ​1 (у 1 знач.). Неадступная думка не давала .. [Сцёпу] спакою: як адабраць у Юркі ліхтарык. Курто. Алегу часта рабілася прыкра ад думкі, што ён, старэйшы, не можа прынесці ў хату нават таго, што прыносіў Алёшка. Брыль.

4. толькі мн. (ду́мкі, ‑мак). Сістэма перакананняў, поглядаў, уяўленняў. Абмен думкамі паміж дэлегацыямі.

•••

Грамадская думка — погляды шырокай грамадскасці на што‑н.

Без усякай задняй думкі — без скрытага замыслу, намеру.

Падаць думку гл. падаць.

Прыйсці на думку гл. прыйсці.

Сабрацца з думкамі гл. сабрацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ва́га, ‑і, ДМ ва́зе, ж.

Тоўстая жэрдка або бервяно для падважвання цяжкіх прадметаў.

вага́, і́, ДМ вазе́; мн. ва́гі, ‑аў; ж.

1. толькі адз. Цяжар якога‑н. цела, які вызначаецца ўзважваннем; маса. Вага 20 кг. Прыбавіць у вазе. // Узважванне. Жыта маё прадаецца без вагі і меры — дабра свайго нікому не шкадую... Бядуля.

2. толькі адз. Важкасць якога‑н. цела, прадмета. Перастаялая салома не вытрымала вагі каласоў. // перан. Значэнне, сіла, уплыў. І часам дзед нахмурыць бровы, Ды больш дадасць сабе вагі, Бо як-ніяк, а ў яго хаце Знайшлі прытулак бедакі. Колас.

3. толькі адз. Сістэма мер для вызначэння цяжару. Меры вагі. Адзінка вагі.

4. Прылада для ўзважвання чаго‑н. Спружыновая вага. Аўтаматычная вага. □ Сама [цётка] прынесла з кутка мяшок, паставіла яго на вагу і з нейкім заклапочана-адчайным выглядам сказала: — Важце. Брыль. Жыта ссыпаюць проста ў кучу на брызент каля вагі. Васілевіч.

•••

Дэцымальная вага — вага, якая ўраўнаважваецца гірамі ў 10 разоў лягчэйшымі, чым груз.

Жывая вага — поўная вага жывой жывёліны, у процілегласць чыстай вазе мяса.

Забойная вага — вага тушы без шкуры, галавы, ног і вантробаў.

Удзельная вага — а) адносіны вагі цела пры тэмпературы 0°C да вагі роўнага аб’ёму вады пры тэмпературы 4°C; б) колькасць, роля, значэнне, месца каго‑, чаго‑н. дзе‑н., у чым‑н.

Чыстая вага — вага чаго‑н. без пасуды, без упакоўкі і пад., нета.

На вагу золата — надта дорага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ключ, ‑а, м.

1. Металічная прылада для замыкання і адмыкання замка. Ключ ад кватэры. □ Жанчына дастала аднекуль з сваёй адзежы ключ і адамкнула дзверы. Чорны.

2. Прылада для ўмацавання або адкручвання чаго‑н., для прывядзення ў рух розных механізмаў. Гаечны ключ. Завесці гадзіннік ключом. // Прыстасаванне для нацягвання струн у музычных інструментах.

3. перан. Сродак, магчымасць для разгадкі, разумення каго‑, чаго‑н., для авалодання чым‑н. Марксісцка-ленінскі светапогляд з’яўляецца адзіным ключом для правільнага раскрыцця зместу драматычнага твора. «Беларусь». // Сістэма абазначэння літар, лічбаў і пад., на якой асноўваецца чытанне шыфраваных тэкстаў. Ліў дождок, а Якаўлеў усё даваў мне настаўленні, правяраў, ці добра я запомніў ключ шыфра, ці не забыў яўкі, якой-небудзь дробязі. Анісаў. // Збор адказаў у задачніку, а таксама падрадковыя тлумачэнні да замежнага тэксту.

4. Найбольш важнае ў ваенных адносінах месца, авалоданне якім адкрывае доступ куды‑н., забяспечвае перамогу.

5. Спец. Выключальнік для хуткага замыкання і разрыву ланцуга перадатчыка пры тэлеграфнай і радыётэлеграфнай сувязі.

6. Знак у пачатку нотнага радка, які ўмоўна паказвае на ноту, ад вышыні якой залежыць вышыня і размяшчэнне наступных нот. Скрыпічны ключ. Басовы ключ. // Рытм, кірунак, характэрны для літаратурнага твора ў цэлым. Зусім непрыкметна.. Куляшоў пераводзіць гучанне верша ў новы рытмічны ключ — анапест. Бярозкін. Уся стылістыка.. верша з моцнымі трагедыйнымі матывамі вытрымана ў адным эмацыянальным ключы. Бугаёў.

7. У архітэктуры — верхні клінападобны камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.

8. Чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам. Гаманлівыя птушак ключы Паляцелі на поўдзень даўно. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)