Аршы́н. Ст.-бел. аршинъ. Рус. аршин з 1489 у помніках зносін з Польска–Літоўскай дзяржавай (Унбегаун, La langue russe, 166), ст.-укр. аршин гл. Рогаль (З історії, 182). Крыніца беларускага слова — цюркская з іранскай (Вольскі, «Узвышша», 1929, 6, 114; Юргелевіч, Курс, 137; Курс суч., 161). Параўн. Фасмер, 1, 92; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 30; Конанаў, ИОРЯ, 1966, 229. Дзмітрыеў (Строй, 522–523) лічыць непасрэднай крыніцай рус. аршин татарскае (казанска-татарскае) слова. Бел. аршын, верагодна, з крымска-татарскай, у якой з турэцкай, магчыма, праз украінскае пасрэдніцтва; тур. arsin ’тс’ < іран. арш ’локаць’ (Локач, 10). Нельга цалкам выключыць і беларускае запазычанне з рускай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бабіна лета. Рус. бабье лето, укр. бабине літо, бабське літо, польск. babie lato, чэш. babí léto, ням. Altweibersommeri г. д. Назва шырока вядома ў еўрапейскіх мовах. Здаецца, што яна асноўваецца на ўяўленні аб познім каханні старых жанчын, удоў. Гл. Леман, Altweib.; Пауль, Wörterb., 19; Клюге, 18 (там і шмат ням. дыял. форм, якія раскрываюць этымалогію); Махэк₂, 40; Галынська–Баранова, Ukr. nazwy, 61 (Качэрган, Мовознавство, 1971, 2, 87, як і Я. Галавацкі, непераканаўча лічыць, што назва адносіцца да дамашняй працы жанчын пасля жніва). З неіндаеўрапейскіх моў можна прывесці тур. gelin havasí ’цёплае, яснае надвор’е’ (дзе gelin ’нявеста, маладая’, ’нявестка’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бага́ч, бога́ч ’агонь’ (палес., Маш.), ’агонь, вогнішча, касцёр (палес., вусн. паведамл. Краўчука: разложы́ багачу́ погріцца), агонь, што дабываеце крэсівам’ (палес., вусн. паведамл. Краўчука). Слова амаль што знікла. Укр. бага́ч, бога́ч ’агонь, вогнішча, касцёр’. Бясспрэчна, звязана з укр. бага́ття ’агонь’ (гл. Маш., 159). Народная этымалогія тлумачыць назву багач тым, што агонь можа зрабіць багата шкоды, унясе багата маёмасці (гл. Маш., там жа; таксама ўласныя запісы. — Р. К.). Патабня (ЖСт, 1891, 111, 117) лічыць, што ў аснове назвы ляжыць міфалагічнае ўяўленне агню багацеем, і параўноўвае з гэтым уяўленне ў Рыгведзе Агні-домаўладыкі валадаром багаццяў. Сюды ж бага́ч, бага́тнік ’свята 8.IX’ (Шат., Інстр. II).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барахло́ (БРС, Нас., Сакал., Сцяшк. МГ, Шат.). Рус. бара́хло́, укр. барахло́. Бел. і ўкр. словы, мабыць, запазычаныя з рус. мовы. Слова не вельмі яснага паходжання. Старая версія пра запазычанне з манг. мовы (ССРЛЯ, I, 275; Рудніцкі, 78; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, V, 73–79) не вельмі пераконвае. Шахматаў (ИОРЯС, 7 (2), 352 і наст.) прапанаваў звязаць з ст.-рус. і дыял. бо́рошень ’дарожныя пажыткі, запасы; скарб і г. д.’ Далей звязваюць з чэш. brašna ’сумка’. Гл. Шанскі, 1, Б, 41. Шавялоў, Prehistory (414) лічыць, што ў слове барахло́ — «а-паўнагалоссе» і параўноўвае з укр. бо́рошно ’мука’. Вельмі няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барка́н 1, парка́н ’плот, агароджа’ (Касп., Шушк., Шн., Маш., Інстр. II). Укр. барка́н, парка́н ’тс’. Запазычанне з польск. parkan ’тс’ (а гэта з венг. párkány, параўн. Брукнер, 396). Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 237.
Барка́н 2, барканчу́к ’дзіця незамужняй жанчыны’ (Маш.). Метафарычнае ўжыванне слова барка́н ’агароджа’? Першапачаткова, відаць, пейаратыўная назва (’дзіця, што нарадзілася пад плотам’). Але хутчэй зыходнай формай, зразумела, з’яўляецца барканчу́к (вытворнае суфіксам ‑чук ад барка́н ’агароджа’), адсюль скарачэнне барка́н.
Барка́н 3 ’від тканіны’ (Нас.). Рус. барака́н, барка́н. Першакрыніца — араб.-перс. barrakan. Форма барка́н, як лічыць Фасмер, 1, 123, зыходзіць да гал. barkaan. Гл. яшчэ Брукнер, 15.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Мядоўнік 1, іван., пін. мэдбу́нік ’мядовы пернік’ (слонім., Сцяшк. Сл.; Вешт. дыс.). Польск. miodownik ’тс’. Параўн. ст.-рус. медовникъ, якому ў «Лексиконе полоно-словенском» (1670 г., с. 193) адпавядае польск. piernik. Аднак ст.-польск. miodounik ’пернік’ (Reczek S., Podręczny sł. dawnej polszczyzny, 210). Таму бел. лексему можна лічыць запазычанай з польск. мовы.
Мядоўнік 2 ’яснотка (глухая крапіва), Lamium album L.’ (маг., Кіс.), лельч. мідоўнік ’канюшына лугавая, Trifolium pratense L.’, пін. медоўніца ’пакрывец лекавы, Anchusa officinalis L.’ (Бейл.), мядулька ’кветка чырвонай лугавой канюшыны’ (міёр., Жыв. сл.), ’медуніца, Pulmonaria L.’ (свісл., Сл. ПЗБ|. Да мёд (гл.): усе расліны — добрыя меданосы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Алё́с ’алешнік, балота, пакрытае густым алешнікам і лазой, мокрае месца’ (Бяльк., БРС, Гарэц., Касп., Маш., ДАБМ), альса ’балотная сенажаць часам з альхой’ (Касп.), смален. алёс (Дабр.), паўдн.-пск. алёс, польск. olśna. Этымалагічная сувязь з альха (вольха), альша не выклікае сумненняў, але захаванне s пасля ь незразумелае. Лінгвагеаграфія слова дазваляе думаць аб балтыйскай крыніцы. Тады алёс < *als (літ. al̃ksnis ’вольха’). Гл. Тапароў-Трубачоў, Лингв. анал., 254, гл. таксама Талстой, Геогр., 160, дзе спасылка на вуснае выказванне Трубачова. Карскі, РФВ, 49, 12, алёс лічыць з лат. aluots ’крыніца’, што фанетычна, семантычна і геаграфічна неверагодна. Параўн. Фасмер, 1, 71.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Апара́т, апара́ты ’царкоўныя рэчы, у тым ліку адзенне свяшчэнніка’ (Нас.); аднак ужо ў аповесцях XVI–XVII стст. апаратъ военныи (Шакун, Гісторыя, 106). У старабеларускай мове як царкоўны, так і ваенны апарат з XVI–XVII стст. з лац. apparatus (Курс суч., 172; Гіст. лекс., 111), магчыма (але не абавязкова), праз польскую. Наўрад ці трэба лічыць, што на пачатку XX ст. слова апарат было другі раз запазычана ў беларускую мову з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 83; Гіст. мовы, 2, 147; Гіст. лекс., 245), хутчэй за ўсё тут можна гаварыць толькі аб пашырэнні значэння ўжо ўжыванага слова; апарат ’ваенны парад’ (Нас.) кантамінацыя парад і апарат.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Драсён ’расліна драсён’ (БРС, Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.), дро́сень (Шат.), дро́сель, дро́сінь ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Назва гэта азначае расліну Polygonum L. і мае дакладныя адпаведнасці ва ўкр. дря́сен ’тс’ і серб.-харв. дресан. У іншых слав. мовах назвы фармальна адрозніваюцца: славац. rdesno, славен. rdésen і да т. п. Трубачоў (Эт. сл., 5, 110–111) выстаўляе прасл. зыходную праформу *drěstьnъ і лічыць, што гэта ад’ектыўнае вытворнае ад іншай назвы — прасл. *drěstъ (параўн. Мяркулава, Очерки, 41–42). Шматлікасць бел. форм у дыялектах тлумачыцца тым, што тут адбыліся фанетычныя змены, у прыватнасці дысіміляцыі (ці асіміляцыі?) плаўных: р — н > р — л.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Драфа́ ’драфа’ (БРС). Назва гэтай птушкі сустракаецца ў слав. мовах у розных формах: рус. дрофа́, дрохва́, укр. дро́хва́, дро́фа, балг. дро́пла, серб.-харв. дро̏пља, ст.-чэш. droptva, чэш. drop, славац. drop, польск. drop. Раней (гл. Фасмер, 1, 542) зыходнай прасл. формай лічылі *dropy (р. скл. *dropъve). Лепш арыентавацца на ст.-чэш. droptva (гл. у Гебаўэра, Sl. stč., I, 839; сустракаюцца таксама формы dropa, dropfa, drofa) і лічыць зыходным *dro‑pъty (да і.-е. *dr‑/*der‑ ’хутка бегаць’ і *pъt‑ ’птушка’). Падрабязны агляд матэрыялу і этымалагічных версій гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 125–126 (там і літ-ра).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)