Драфа́ ’драфа’ (БРС). Назва гэтай птушкі сустракаецца ў слав. мовах у розных формах: рус. дрофа́, дрохва́, укр. дро́хва́, дро́фа, балг. дро́пла, серб.-харв. дро̏пља, ст.-чэш. droptva, чэш. drop, славац. drop, польск. drop. Раней (гл. Фасмер, 1, 542) зыходнай прасл. формай лічылі *dropy (р. скл. *dropъve). Лепш арыентавацца на ст.-чэш. droptva (гл. у Гебаўэра, Sl. stč., I, 839; сустракаюцца таксама формы dropa, dropfa, drofa) і лічыць зыходным *dro‑pъty (да і.-е. *dr‑/*der‑ ’хутка бегаць’ і *pъt‑ ’птушка’). Падрабязны агляд матэрыялу і этымалагічных версій гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 125–126 (там і літ-ра).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)