ківа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Рухаць з боку ў бок або зверху ўніз; пахістваць. Тут ветрык, як хлопчык, Ківае, трасе Бярозку крывую У дробнай расе. Бядуля.

2. чым. Утвараць хістальныя рухі чым‑н. Ківаць нагой. □ Толькі дрэвы ківаюць верхавінамі, .. вядуць сумную, нікому незразумелую гутарку. Шынклер.

3. Рабіць лёгкія рухі галавой у знак прывітання, адабрэння, нязгоды і пад. Шнітава дырэктар чамусьці не перапыняў, а пры кожным яго слове ўхвальна ківаў галавою. Хадкевіч. Калі Сашу гаварылі, што з ім пойдзе Аляксей, той толькі моўчкі ківаў галавой у знак згоды. Новікаў.

4. Рухам галавы, пальца падзываць каго‑н. да сябе, падаваць якія‑н. знакі. Убачыць .. [Уладзіка] Трахім Сталяровых на прыгуменні, ківае каравым тоўстым пальцам і кліча. Крапіва.

5. Паказваць на каго‑, што‑н. рухам галавы. Шафёр круціць абаранак, думае аб здзіўляючай ўпартасці хлапца і, азірнуўшыся, ківае на яго забінтаваныя рукі. Ракітны. // перан. Разм. Намякаць на каго‑, што‑н. [Лабановіч] ведае, на што ківае пісар, але хоча парушыць упэўненасць, з якой гаворыць той аб «цёмнай» рабоце. Колас. // перан. Разм. Даводзіць, што вінаваты не сам, а хто‑н. іншы. — Мядзведзь і ёсць мядзведзь... І прозвішча ж яго такое! — На Мішку люд лясны ківае. Маеўскі.

•••

Нечага (няма чаго) на бога ківаць — не варта апраўдвацца, звальваць віну на другіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ну́мар, ‑а, м.

1. Парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных. Нумар аблігацыі. □ Кудзіны займалі кватэру нумар два. Хадкевіч. Лугавец падышоў да тэлефона, назваў нумар. Краўчанка.

2. Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку. Апошні нумар часопіса. □ Вялікую радасць перажыў Лабановіч, калі яму прыслалі першы нумар першай беларускай газеты. Колас.

3. Жэтон, планка, ярлык і пад. з адбіткам або малюнкам лічбы. Цяпер.. [Вера] павінна была прыходзіць раней за ўсіх, выносіць з будкі дошку з жэтонамі, і рабочыя, прыходзячы на работу, здымалі кожны свой нумар. Мікуліч. Падвешаны над брамаю нумар паказваў на дом, у якім жыла Ганна. Гартны.

4. Размер адзення, абутку і інш. Трыццаты нумар нітак. □ [Гаспадар:] — У чаравіках толькі па бруку шпацыраваць. Які вы нумар носіце? Новікаў.

5. Асобны пакой у гасцініцы, лазні і пад. Акно шырока раскрыта, а ў нумары [гасцініцы] душна і горача. В. Вольскі.

6. Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і пад.). З вольнымі нумарамі выступалі Ліда і Наташа Гоман. Шамякін. Перад самым пачаткам у партэры прайшлі чуткі, што ў праграме канцэрта ёсць вельмі цікавы нумар. Самуйлёнак.

7. перан. Разм. Які‑н. нечаканы, дзіўны ўчынак. Няўжо.. Габрусь здольны выкінуць такі нумар? Шынклер.

8. Баец гарматнага, кулямётнага і пад. разліку. Першы нумар разліку, малады сілезскі шахцёр Ян Філец, — найлепшы кулямётчык батальёна. Брыль.

[Ад лац. numerus — лік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.

1. Павярнуць кругом, процілеглым бокам, канцом. Перакруціць педалі. □ З канца ў канец залы .. [піянерважатая] павявала тоўстую чорную нітку.. Вучням па чарзе завязвала вочы, давалі ў рукі нажніцы і, перакруціўшы некалькі разоў, пасылалі да ніткі. Арабей. // Закруціць, скруціць што‑н. у выглядзе спіралі. Перакруціць гужы.

2. Круцячы, раздзяліць напалам, на часткі. Перакруціць дрот.

3. Скруціць, звіць вельмі туга, крута; сапсаваць празмерным закручваннем. Перакруціць вужышча. Перакруціць шрубу. Перакруціць спружыну гадзінніка. Перакруціць кран.

4. Наматаць на што‑н. другое. Перакруціць магнітафонпую стужку з адной касеты на другую. // Наматаць, абматаць іначай. [Ракуцька] скінуў боты, перакруціў на нагах анучы і зноў абуўся. Чорны.

5. перан. Разм. Рэзка змяніць, парушыць папярэдні парадак, хаатычна перайначыць. Вайна многае перакруціла, перайначыла. Новікаў. // Змяніць у горшы бок. — Працавалі мы дагэтуль нядрэнна, усё ў нас ішло добра, а вы ўсё хочаце перакруціць. Скрыган. // Зрабіць на свой лад. О, як ім [нікчэмным людзям] хочацца законы Перакруціць на ўласны лад І праўду лёгенька з сядла Маною выбіць... Скарпіёны!.. Бачыла.

6. перан. Разм. Сказіць, змяніць сэнс, змест, форму чаго‑н. Той факт.. падхапілі ўжо кулацкія языкі, перакруцілі, прылажылі яшчэ ў дзесяць столак. Крапіва. Па тым, як Карніцкі наўмысля перакруціў слова кадры і вымавіў яго з асаблівым націскам, Каліта зразумеў, што гутарка.. будзе не вельмі лагодная. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыва́біць, ‑ваблю, ‑вабіш, ‑вабіць; зак., каго-што.

1. Імітуючы голас (звычайна птушак), паклікаць. Прывабіць рабчыка. Прывабіць глушца. // Прыцягваючы ўвагу якой‑н. прынадай, прымусіць наблізіцца (рыб, звяроў і пад.). На ноч, каб прывабіць ваўка, садзяць ва ўнутраны круг казляня ці сабаку. В. Вольскі.

2. Прыцягнуць чыю‑н. увагу, погляд і пад. Пах свежых аладак, відаць, прывабіў .. [немца], бо ў той жа момант ён апынуўся каля скаварады. Якімовіч. [Шарон:] Па акно павесь які рызман, Каб не прывабіла каго святло. Танк.

3. Выклікаць да сябе сімпатыю, прыхільнасць, любоў якімі‑н. рысамі характару, знешнасцю і пад. Яша дазнаўся, што белагаловы Косця прывабіў усіх першамайскіх хлопцаў валейболам. Навуменка. Магчыма, што .. [Люба] ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Шамякін. // Выклікаць цікавасць, станоўчыя адносіны да сябе. Ля новага дома Стаяў я з дзяўчынай. Прывабіў праект У аконнай вітрыне. Арочка. Сваім патрыятызмам прывабіў Багдановіча і верш Самійленкі. Лойка.

4. Выклікаць у каго‑н. інтарэс, цікавасць, адкрыць перад кім‑н. цікавыя магчымасці; зацікавіць. Прывабіць добрай пасадай. □ Дземідзецкі, Тумаш, Лазарэвіч і астатнія па сабе ведалі, чым прывабіць крымінальнікаў. Новікаў. Магчымасць пастаяць у сапраўдных варотах сапраўднага стадыёна прывабіць хоць каго. Васілёнак. Ці то хлопца прывабіў гэты спакой і яму захацелася напоўніць ім сваю душу, ці што другое, але ён хутка сабраўся.. і пайшоў да ракі. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумле́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца высокімі маральнымі якасцямі. [Купала] лічыў, што свяшчэнным абавязкам кожнага сумленнага чалавека з’яўляецца самаадданае змаганне за родную зямлю. Гіст. бел. сав. літ. Паліна Галавач была жонкай сумленнага чалавека, савецкага афіцэра Кузьмы Галавача. Новікаў. // Уласцівы чалавеку з такімі якасцямі. Сумленным сэрцам ты ў ім Іводгулле адрозніш І ворагаў і сяброў галасы. Аўрамчык. // Не здольны ўкрасці, не схільны да крадзяжу. Пакрыўджаная за сына, маці не змоўчала, — Сам ты злодзей, — адказала яна [п’янаму], а сын мой сумленны, нічога ў цябе ён не ўкраў. Галавач. Слабы замок бараніў дабро толькі ад сумленных людзей і вісеў так сабе, на, пострах. Бядуля. // Старанны, шчыры. Дзед Баўтрук быў работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Які выказвае праўдзівасць характару, адкрыты (пра твар, погляд і пад.). Рыбаковы сумленныя вочы Схаладзелі на міг, нібы лёд. Панчанка.

2. Згодны з паняццем сумленнасці. Сумленныя паводзіны. □ [Дзімін:] — Ты [Максім Сцяпанавіч], напрыклад, лічыш сумленным, што ўладзіў пасынка ў інстытут. Карпаў. // Які вынікае з адносін да сваіх абавязкаў; атрыманы дзякуючы такім адносінам. Зарабіць, сумленны кавалак хлеба. □ Хоць не кожны хай мае партыйны білет, Але ў працы сумленнай мы ўсе — камуністы. Прыходзька.

3. Нічым не заплямлены, бездакорны. Сумленнае імя. // Якая захоўвае свой жаночы гонар. Сумленная дзяўчына, пакуль сваты не ў хату — і гаварыць употай не стане. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схо́вішча, ‑а, н.

1. Памяшканне для захоўвання, зберагання чаго‑н. Гэта ямы — сховішчы бульбы на зіму. Тут ніколі нішто не расло. Пташнікаў. [Будка] проста служыць сховішчам для рознага пуцейскага інструменту. Навуменка. // Асобае памяшканне ў архіве, бібліятэцы, музеі для захоўвання рукапісаў, рэдкіх кніг, калекцый і пад.; гэтыя ўстановы як цэнтр сабраных каштоўнасцей. Частку Рыма займае Ватыкан, на тэрыторыі якога ў палацы з тысячы пакояў месціцца багаты музей, вялікае сховішча рэдкіх рукапісаў, карцінная галерэя. Мележ. [Павел] папрасіў бібліятэкарку не заносіць у сховішча падшыўкі. Шыцік.

2. Месца, дзе можна знайсці прыстанішча, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Лес вабіў да сябе, абяцаючы прытулак, сховішча і бяспеку. Новікаў. Тут, у непралазных гушчарах, знаходзяць сабе сховішча самыя лютыя і шкодныя драпежнікі. Краўчанка.

3. Якое‑н. патаемнае месца, збудаванне для ўкрыцця каго‑, чаго‑н.; схованка. Якую цёплую спагаду адчула Міхаліна, узяўшы на дрывотні .. [лётчыка] за руку, каб у цемені правесці ў патаемнае сховішча. Пальчэўскі. Дзед Андрэй зрабіў для палітрука надзейнае сховішча. Федасеенка. А кроках у дваццаці было сховішча зброі. Гурскі.

4. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, збудаванне для ўкрыцця ад снарадаў, бомб, атрутных рэчываў і пад. У садзе, пад старой камлюкаватай грушай, было сховішча — такое, якое рабілі амаль усе ў першыя дні вайны па інструкцыі мясцовых улад: глыбокая яма з кароткай траншэяй ад яе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэнс, ‑у, м.

1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.

2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.

•••

У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.

У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.

У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца ад узрыву; разарвецца, разляцецца на часткі. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўзарвалася. Яўген не выцягнуў чаку. Новікаў. Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Шамякін. // Разбурыцца ад напору знутры. На таполях узарваліся клейкія набрынялыя пупышкі, і на налітых цяжкім сокам галінах успыхнулі зеленаватыя іскрынкі. Лукша. / у перан. ужыв. Хто можа паручыцца, што перамір’е не ўзарвецца?.. Васілевіч.

2. перан. Парушыцца (пра цішыню і пад.). У зале на момант стала ціха-ціха. І раптам цішыня ўзарвалася. Шыцік. / у перан. ужыв. Калі ж зал узарвецца громам, Я хвіліну стаю ўтрапёная, Схамянуся — бягу за кулісы, Забываючы зноў пра паклон... Арочка.

3. перан. Разм. Выйсці з сябе, абурыцца, вельмі раззлавацца. Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце, узарваўся. — Ідзі ты к чорту! — зароў дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна. Чарнышэвіч. — Ды ў тваёй жа брыгадзе людзей — як у добрым палку! — зноў узарваўся Баркевіч. Шашкоў.

4. Разм. Усхапіцца, ускочыць. Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з-пад стала збан вады і лінуў на Адася. Чорны. Завішнюк .. будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штат 1, ‑а, М штаце, м.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых буржуазных і федэратыўных дзяржавах, якая карыстаецца пэўнай ступенню самакіравання. Аўстралійскія штаты. □ Працяглая барацьба рабочага класа за скарачэнне рабочага дня прывяла да таго, што ў ЗША ў многіх штатах былі выдадзены законы аб 8‑гадзінным рабочым дні. «Звязда».

2. толькі мн. (шта́ты, ‑аў). Назва саслоўна-прадстаўнічых устаноў, якія існавалі ў Нідэрландах і Францыі. Генеральныя штаты.

[Ад ням. Staat — дзяржава.]

штат 2, ‑у, М штаце, м.

1. звычайна мн. (шта́ты, ‑аў). Дакумент, які вызначае склад супрацоўнікаў якой‑н. установы і ўказвае іх пасаду і аклад. Зацвярджаць штаты. Рэгістраваць штаты. Пераглядаць штаты.

2. Пастаянны, зацверджаны, устаноўлены склад супрацоўнікаў якой‑н. установы. Штат гасцініцы невялікі. Адна дзяўчына — адміністратарка, яна ж і бухгалтар, і касір. В. Вольскі. [Зубараў:] — Вельмі рад мець у сваім штаце такую чароўную жанчыну. Новікаў. Намеснік старшыні Цяцера (Па штату ён — і аграном) Малюе табель — на фанеры Выводзіць лічбы за сталом. Калачынскі. // Разм. Колькасць, склад асоб, якія маюць дачыненне да каго‑н. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.

3. У ваенна-марскім флоце — нарукаўны знак адрознення матросаў па спецыяльнасці.

•••

Належыць па штату — пра тое, што адпавядае службоваму, грамадскаму становішчу, заслугам і пад. каго‑н.

[Ням. Staat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчо́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць рэзкі, адрывісты гук пры ўдары, сутыкненні, у час работы якога‑н. апарата, прыбора, механізма і пад. На сцяне шчоўкаў гадзіннік. Самуйлёнак. Шчоўкае замок у дзвярах — вярнулася бабуля. Савіцкі. Шчоўкаюць затворы вінтовак, шум, гоман. Пестрак. // Утвараць трэск, трашчаць. Авёс, насыпаны тонкім пластом, хутка пачаў падскокваць, шчоўкаць, пакрывацца далікатным румянцам. Новікаў. // Раздавацца, гучаць (пра стрэлы). Кулі ў кустах шчоўкаюць. Пянкрат. // Спяваць, утвараючы адрывістыя гукі (пра некаторых птушак). Лясныя спевакі, нябачныя ў гушчары дрэў і кустоў, свішчуць, шчоўкаюць. Чарнышэвіч. Раніца выдалася ціхая, росная. За ракой у лазняку яшчэ шчоўкаў і заліваўся салавей, а з дубравы чулася кукаванне зязюлі. Дайліда.

2. Утвараць кароткі, адрывісты гук рэзкім ударам, стуканнем і пад. Сяржант шчоўкае каблукамі, паварочваецца і ідзе да дзвярэй. Крапіва. Рэдактар шчоўкаў замком сваёй прыгожай зялёнай папкі. Шамякін. // каго-што і без дап. Разм. Фатаграфаваць, здымаць каго‑, што‑н. [Арцём:] — А то схопіць [карэспандэнт] у клетцы якога Шаха, труса, суне мне ў рукі і шчоўкае апаратам. Ракітны. Услед за стройнай, высокай дзяўчынай у беласнежным адзенні ходзяць цікаўныя фотарэпарцёры, шчоўкаюць апаратамі. Ус.

3. каго-што і без дап. Страляць куды‑н.; прабіваць што‑н. У мяне па стралковаму спорту першы разрад. І я ўжо загадзя смакаваў, як буду шчоўкаць мішэні. Пінчук.

4. Разм. Ікаць. — Як гэта не шчоўкаў? — адважна маню я. — Насілу лімонам перабілі... Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)