шчо́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць рэзкі, адрывісты гук пры ўдары, сутыкненні, у час работы якога‑н. апарата, прыбора, механізма і пад. На сцяне шчоўкаў гадзіннік. Самуйлёнак. Шчоўкае замок у дзвярах — вярнулася бабуля. Савіцкі. Шчоўкаюць затворы вінтовак, шум, гоман. Пестрак. // Утвараць трэск, трашчаць. Авёс, насыпаны тонкім пластом, хутка пачаў падскокваць, шчоўкаць, пакрывацца далікатным румянцам. Новікаў. // Раздавацца, гучаць (пра стрэлы). Кулі ў кустах шчоўкаюць. Пянкрат. // Спяваць, утвараючы адрывістыя гукі (пра некаторых птушак). Лясныя спевакі, нябачныя ў гушчары дрэў і кустоў, свішчуць, шчоўкаюць. Чарнышэвіч. Раніца выдалася ціхая, росная. За ракой у лазняку яшчэ шчоўкаў і заліваўся салавей, а з дубравы чулася кукаванне зязюлі. Дайліда.
2. Утвараць кароткі, адрывісты гук рэзкім ударам, стуканнем і пад. Сяржант шчоўкае каблукамі, паварочваецца і ідзе да дзвярэй. Крапіва. Рэдактар шчоўкаў замком сваёй прыгожай зялёнай папкі. Шамякін. // каго-што і без дап. Разм. Фатаграфаваць, здымаць каго‑, што‑н. [Арцём:] — А то схопіць [карэспандэнт] у клетцы якога Шаха, труса, суне мне ў рукі і шчоўкае апаратам. Ракітны. Услед за стройнай, высокай дзяўчынай у беласнежным адзенні ходзяць цікаўныя фотарэпарцёры, шчоўкаюць апаратамі. Ус.
3. каго-што і без дап. Страляць куды‑н.; прабіваць што‑н. У мяне па стралковаму спорту першы разрад. І я ўжо загадзя смакаваў, як буду шчоўкаць мішэні. Пінчук.
4. Разм. Ікаць. — Як гэта не шчоўкаў? — адважна маню я. — Насілу лімонам перабілі... Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)