памяло́, ‑а, н.

Венік з яловых, сасновых, бярозавых галінак, надзеты на палку, для вымятання або абмятання чаго‑н. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка. — Што ж, ідзі з дзядулем, — сказала маці сыну. — Праўда, нарві трусам кош травы. Яшчэ і сасновых лапак на памяло каламі, заўтра хлеб буду пячы. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасо́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які зрабіўся, стаў сухім, страціўшы вільгаць. // Які перасох (пра вусны). Пасохлыя ад смагі губы.

2. Які завяў, засох ад неспрыяльных умоў. На шмат кіламетраў цягнуліся бязводныя, высушаныя гарачым ліпеньскім сонцам палі — іржышча з невялікімі сціртамі, пасохлая белая кукуруза... Шамякін. Навалілася хмара дымная, Цёмная, неабдымная.. Маці глянула, ціха вохнула: — Ажывуць мае грады пасохлыя! Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

капры́з, ‑у, м.

1. Беспадстаўнае, але настойлівае жаданне, патрабаванне; недарэчная задума, дзівацтва. Дзіцячы капрыз. Жаночы капрыз. □ У Толі быў адзін капрыз. Амаль кожны месяц маці купляла яму ці новыя туфлі, ці сандалеты, а яны хлопчыку ўсё былі не даспадобы. Даніленка.

2. перан. Што‑н. нечаканае, выпадковае. Капрыз прыроды. Матор з капрызамі. □ Наставала.. [зіма] няроўна, марудна, з частымі капрызамі. Хадкевіч.

[Фр. caprice.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́дкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які рэзка кідаецца ў вочы; яркі, прыметны. — Надзень сабе так што, не кідкае, — прасіла і павучала маці. Паўлаў. Рабіна заружавела .. яркім, кідкім хараством. Мележ.

2. Падатлівы, ахвочы, схільны да чаго‑н. Самі ж радульцы — людзі не гаваркія, не надта кідкія на размовы з незнаёмымі людзьмі, і ад іх мы даведаліся мала што... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мёрз, мерзла; незак.

1. Рабіцца вельмі халодным, калець, дубець; моцна адчуваць холад. Ад доўгага стаяння на месцы ў Міці пачалі мерзнуць ногі. Навуменка. — Падлівай цёплай вады, ато бо, яшчэ маці завецца! — дзіця мерзне, а яна і не дбае, — нездаволена камандавала бабка. Васілевіч.

2. Гінуць ад марозу, вымярзаць. Не мерзнуць кветкі ў цяпле. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мурлы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і муркаць. Чулася толькі, як бразгала маці пасудай ды мурлыкаў на печы кот. Пальчэўскі.

2. перан.; што і без дап. Разм. Ціха мяккім голасам гаварыць, напяваць. Чалавек ішоў, падставіўшы твар сустрэчнаму ветру і першым промням, мурлыкаў нейкую песню і зрэдку паглядваў на гадзіннік. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нябо́ж, ‑а, м.

1. Абл. Сын брата або сястры; пляменнік. — А праўда, сынок! — падумаўшы, сказала маці. — Ты маеш права... І ты ж.. [дзядзьку] нябож усё-такі. Ракітны. Побач са мною ляжала мая дубальтоўка, а на заднім сядзенні трымаліся напагатове два хлапчукі..: адзін — мой нябож.., а другі проста суседскі. Кулакоўскі.

2. Разм. Ласкавы або спачувальны зварот да малодшага па гадах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падво́р’е, ‑я, н.

1. Падворак. Кузня ўжо была замкнёная, вакол на падвор’і валяліся старыя колы, бараны, кавалкі ржавага жалеза. Марціновіч.

2. Заезны двор.

3. Уст. Дом, які належыць загараднаму манастыру або архірэю. [Дзяўчына:] — Я не магу, я хачу на Дняпро... у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор’е, дзе заўсёды спыняецца маці, і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакрысе́, прысл.

1. Патроху, у невялікай колькасці. Няня прымусіла паспрабаваць усяго пакрысе, выпіць шклянку кавы. Васілевіч. У Рамана Дзянісавіча знайшлася пляшка нейкай старой настойкі — ён наліў пакрысе ў шклянкі. Хадкевіч.

2. Абл. Паступова, павольна. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. Фільм канчаўся, і пакрысе аціхала музыка. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насцяро́жлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і насцярожаны (у 2 знач.). У паставе, у чуйным нахіле галавы, у насцярожлівым чаканні, што, відаць было, ахапіла яе, угадвалася жанчына, якая ўжо ведала, хто яна ёсць. Карпаў. Раней.. [Максім] заўсёды думаў, што падобны на маці. А цяпер, як у бацькі, выпукліліся надброўі.. І прабіўся ў вачах сухі, насцярожлівы бляск. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)