ка́яцца, ка́юся, ка́ешся, ка́ецца; незак.
1. Прызнаваць сваю віну, памылку перад кім‑н. Каяцца ў сваіх памылках. □ На судзе .. [Міхалапіха] вельмі каялася, кляла сябе ўсякімі словамі і прасіла суддзяў, каб ёй болей далі... Лупсякоў. — Ад усёй душы каюся перад вамі, што спачатку не зусім верыў вам. Новікаў. // у знач. пабочн. ка́юся. Разм. Прызнаюся. — Каюся, — сам іншы раз выпіваў. Корбан.
2. Усвядоміўшы сваю памылку, шкадаваць аб зробленым. — Табе, Дамінік, трэба, памочнік... Ёсць у мяне на прыкмеце добры чалавек.. Вазьмі яго! Каяцца не будзеш... С. Александровіч. Размова ўсхвалявала і .. [Япукевіча], і ён цяпер каяўся, што гаварыў з Паходнем занадта рэзка. Хадкевіч.
3. Уст. Прызнавацца ў сваіх грахах, спавядацца ў царкве. Сярод многіх чутак была і такая: нейкая дзяўчына ў вёсцы нарадзіла дзіця і пайшла да ксяндза каяцца ў сваіх «грахах». Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мясі́ць, мяшу, месіш, месіць; незак., каго-што.
1. Мяць, размінаць якую‑н. густую масу, перамешваючы яе з вадою, вадкасцю. Мясіць цеста. □ Ахметка з Гошкам цэлымі днямі прападалі на будоўлі: дапамагалі рабочым мясіць гліну, надавалі печнікам цэглу. Даніленка.
2. перан. Разм. Хадзіць, ездзіць па чым‑н. гразкім, топкім, сыпкім і пад. Сыпаў дробны дождж, ногі мясілі калатушу з снегу і гразі. Арабей. Дождж ніяк не можа суняцца. Месім і месім мокрую зямлю. С. Александровіч. Старэнькі параходзік з зухаватай назвай «Чаркес» мясіў ваду пліцамі на самай сярэдзіне ракі. Ракітны.
3. перан. Разм. Біць, дубасіць. Тахкае сэрца, і ад гэтага як хто чым тупым месіць па галаве, — аж іскры ўваччу. Пташнікаў. Нядужы, перапалоханы, Лёнік, зачапіўшыся за купіну, упаў, і яго, дабегшы, без жалю мясіў нагамі камендантаў сын. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́фас, ‑у, м.
1. Уздым, запал, а таксама знешняе іх праяўленне. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас. Вейс адчуваў, як знікае ўвесь пафас, увесь уздым, з якім гаварыў ён сваю прамову. Лынькоў. Гаварыў Мілоўскі прыўзнята, з пафасам, і з пафасам скончыў сваю прамову. Галавач.
2. чаго або які. Уздым, натхненне, энтузіязм, выкліканыя якой‑н. высокай ідэяй. Рэвалюцыйны пафас. □ Пафас працы ў паэзіі маладога Купалы зліваецца з пафасам рэвалюцыі, з абуджэннем і ўздымам народнай самасвядомасці. Івашын.
3. Сутнасць, асноўная ідэя, накіраванасць чаго‑н. Царскія чыноўнікі адразу ўлавілі сацыяльны пафас і рэвалюцыйную накіраванасць паэзіі Ф. Багушэвіча. С. Александровіч. Акалічнасць гэта абумовіла асноўны пафас аповесці — рэвалюцыйнае адмаўленне старога і ваяўнічае сцвярджэнне новага, сацыялістычнага. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапа́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Падаць некаторы час (гл. падаць у 1 знач.).
прапада́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.
1. Незак. да прапасці (у 1–4 і 6 знач.).
2. Быць, знаходзіцца дзе‑н.; праводзіць час дзе‑н. па-за домам. Малыя ўвесь дзень прападалі ў лесе, слухалі птушыныя спевы, збіралі ягады, грыбы. С. Александровіч. Булай прападаў на рабоце амаль увесь час, мог і заначаваць, калі што не ладзілася. Шыцік.
3. Маральна гінуць, апускацца, быць ні да чаго не прыгодным. — А цяпер .. [Хведар] прападае без сталай гаспадыні. Чорны. Так я прападаю, Не маючы долі, Як дуб усыхаю, Плачучы ў няволі. Купала.
4. перан. Разм. Сохнуць, пакутаваць па кім‑н. Дзяўчаты, маладушкі за .. [Новакам] прападалі. Гарэцкі.
•••
Дзе наша не прападала — выказванне рашучасці ісці на рызыку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгаво́р, ‑у, м.
1. Рашэнне суда па якой‑н. справе. Па прыгавору ваеннага трыбунала з .. [Жучкова] знялі афіцэрскія пагоны і накіравалі ў штрафны батальён. Корбан. Пакуль чыталі прыгавор, .. [К. Каліноўскі] спакойна і мужна пазіраў на людскі натоўп. С. Александровіч.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі. Партызаны вынеслі смяротны прыгавор каменданту суседняга мястэчка, нейкаму пану фон Губерту. Краўчанка. // Рашэнне, меркаванне па якому‑н. пытанню; ацэнка чаго‑н. Вось і скончана ўсё: Для пачуццяў маіх Прыгавор ты выносіш суровы... Тарас.
3. звычайна мн. (прыгаво́ры, ‑аў). Словы, якімі суправаджаюць якое‑н. дзеянне. [Жанчына] неяк усміхнулася, ажыла.. і пачала свае старыя прыгаворы нанава. — А вы ў Грыні? Ды і я ж у Грыні. Да сястры сваёй, да Раіны... Пташнікаў. Адтуль [з пакоя] чуліся стогны Ніны, прыгаворы Гарпіны. Галавач.
4. Уст. Варажба, чараўніцтва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сад, ‑а і ‑у, М ‑дзе; мн. сады, ‑оў; м.
1. ‑у. Участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі і кветкамі; дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку. Фруктовы сад. Пасадзіць сад. □ Сад у нас харошы: На газонах Мак чырвоны, Ружы і гарошак. А. Александровіч. А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады. Брыль.
2. ‑а. Разм. Тое, што і дзіцячы сад. Разгаварыліся толькі вечарам у Танінай кватэры, калі .. [Віктар] прыйшоў у госці. Таня к таму часу забрала з сада Андрэйку. Паўлаў.
•••
Батанічны сад — навуковая і культурна-асветная ўстанова, якая займаецца зборам, вывучэннем і дэманстрацыяй розных раслін.
Дзіцячы сад — выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага ўзросту.
Заалагічны сад — тое, што і заалагічны парк (гл. парк).
Зімні сад — спецыяльнае памяшканне для кветак, раслін; аранжарэя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сарако́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.
Разм.
1. Сорак гадоў. Ездзіў Картуль шпарка, затое хадзіў паволі-паволі, нібыта баючыся растрэсці сябе, хоць не меў яшчэ і саракоўкі за плячыма. Пташнікаў. [Яўхім:] — Бачу, што нібыта прайшоў Усцін, а ты і ёсць Усцін!.. Значыць, яшчэ ходзіш? Колькі табе... пад дзве саракоўкі ўжо ёсць? Ракітны.
2. Уст. Манета вартасцю ў 20 капеек. Калі на стале зазвінела грыўні, залатоўкі, саракоўкі і паўрублі, Садовіч ціха сказаў Лабановічу: — Давай, брат, папрабуем. Лабановіч першы раз бачыў такую ўрачыстую, такую паважную гульню. Колас. Хлопцы яшчэ сабралі па саракоўцы, і капельмайстар паабяцаў іграць усю ноч. С. Александровіч.
3. Уст. Бутэлька гарэлкі ёмістасцю ў 1/40 частку вядра.
4. Тое, што мае таўшчыню ў 40 міліметраў (сантыметраў). Дошка-саракоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сляпі́ць, сляплю, слепіш, слепіць; незак., каго-што.
1. Пазбаўляць зроку, рабіць сляпым. // Пагаршаць зрок, псаваць вочы. Твая дзяўчына пры кудзелі Сляпіць не будзе ясных вочак. Купала. Эх, жэўжык! Замарыўся ўчора, ходзячы за каровамі, а ўсё роўна ўвечары сляпіў вочы: штосьці пісаў. С. Александровіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асляпляць яркім, моцным святлом. Кругом было так чыста, такая бель, што сляпіла і адбірала вочы. Колас. Святочныя ілюмінацыі на вуліцы сляпілі вочы. Карпюк.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перашкаджаць глядзець, бачыць, засыпаючы ці залепліваючы, засцілаючы чым‑н. вочы. Слёзы сляпілі вочы. □ Паваліў густы мокры снег, сляпіў вочы, слізкімі палякамі спаўзаў за каўнер. Грахоўскі.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Пазбаўляць здольнасці разумна разважаць. Гнеў пачынаў сляпіць. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
туз 1, ‑а; мн. тузы, ‑оў; м.
1. Старшая ў сваёй масці ігральная карта з адным ачком пасярэдзіне. Піковы туз. □ Шаірка паклаў перад Бандарэнкам карту, сказаўшы: — Табе, як начальніку, туга. Асіпенка.
2. перан.; чаго або які. Разм. Багаты чалавек, высокапастаўленая, уплывовая асоба. Фінансавыя тузы Амерыкі. □ Нью-Йорк не знаў такіх падзей. Тузы глядзяць з пагардай: ідуць натоўпы цэлы дзень у Мэдзісан Сквер-Гардэн. Вялюгін. У зале было паўнютка. На пярэдніх радах сядзелі гарадскія тузы, афіцэры з жонкамі, настаўнікі. С. Александровіч. // Пра вядомага, праслаўленага ў якой‑н. галіне дзейнасці чалавека. Літаратурныя тузы. Тэатральныя тузы. // Таўстун, накормлены, напоены да адвалу. Наеўся, як туз. П’янюсенек — туз тузам.
[Польск. tuz ад ням. Daus.]
туз 2, ‑а, м.
Невялікая лёгкая двухвёславая шлюпка для аднаго весляра.
[Ад англ. two — два.]
туз 3, ‑а, м.
У выразе: даць туза каму — моцна ўдарыць кулаком.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фатагра́фія, ‑і, ж.
1. Атрыманне вобразаў прадметаў на святлоадчувальных матэрыялах пры дапамозе аптычнага апарата пад уздзеяннем светлавых прамянёў. Каляровая фатаграфія. Маментальная фатаграфія. // Мастацтва, майстэрства ўзнаўлення каго‑, чаго‑н. такім чынам. Захапляцца фатаграфіяй.
2. Фатаграфічны адбітак каго‑, чаго‑н.; здымак. Напаследак спынілася.. [Марына Паўлаўна] перад пісьмовым сталом Сымона Карызны, узяла з яго даччыну фатаграфію і доўга глядзела на яе. Зарэцкі. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак. // перан. Дакладная перадача чаго‑н. — Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія, але ў яго аснове ляжыць праўда. Колас.
3. Майстэрня, дзе займаюцца фатаграфаваннем. Не памятаю, з якой прычыны мы пайшлі ў фатаграфію зрабіць сямейны здымак. А. Александровіч.
4. чаго. Спец. Назіранне і фіксацыя якіх‑н. дзеянняў, падзей. Фатаграфія рабочага дня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)