памяле́ць, ‑ее; зак.

Стаць мелкаводным; абмялець. За дзесяць год пакідалі [смецця] столькі, што калодзеж напалавіну памялеў. Шамякін. Уброд пераходжу праз плёс. Мне дзіўна і незразумела: Ці сам я настолькі падрос, Ці гэтак яна [рачулка] памялела. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панадво́рак, ‑рка, м.

Разм. Двор каля жылога або адміністрацыйнага будынка. Стася ўбачыла бацьку. Змрочны, як ноч, ён адчыніў акно і выглянуў на панадворак. Бажко. Праз момант старшыня з Адамам ішлі па калгасным панадворку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашырэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм. Стаць шырокім, шырэйшым. За апошні час Юрка пашырэў у плячах, наліўся сілаю. Карпаў. Пашырэла раптам дарога — гэта да яе далучылася другая, што вяла з Хадакоў праз ельнік. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадме́сце, ‑я, н.

1. Пасёлак, размешчаны непадалёку ад горада, але за яго межамі.

2. Ускраіна горада, далёкая ад цэнтра. Праз пярэднія дзверы.. [сябры] ўскочылі ў трамвай і доўга ехалі, пятляючы па ўскраінах гарадскога прадмесця. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пракапа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; зак.

1. Капаючы, пранікнуць куды‑н., праз што‑н., дасягнуць чаго‑н., дакапацца. Пракапацца да вады.

2. перан. Капацца некаторы час (гл. капацца ў 2 знач.). Пракапацца дома цэлы дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прышпо́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго.

Ударыць каня шпорамі пад бакі, прымушаючы бегчы хутчэй. Коннікі прышпорылі коней і праз некалькі секунд апынуліся каля сялян. Пальчэўскі. [Андрушка] .. прышпорыў каня і аж угалоп пусціўся па вуліцы. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́нак, ‑нку, м.

Пачатак дня; раніца. З самага ранку. Ад ранку да вечара. □ [Дзень] пачаўся ціхім жнівеньскім ранкам, калі асцярожна ўзыходзіць сонца, нібы вобмацкам прабіраючыся праз заслону туману. Пестрак.

•••

Добрага ранку! — ранішняе прывітанне пры сустрэчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уну́трана, прысл.

Пра сябе, у душы, у думках. Іна ўнутрана ажывілася і, не адымаючы ад вачэй рук, праз шчыліны між пальцаў зірнула на Анатоля. Ваданосаў. [Паддубны] імкнуўся быць спакойным і ўнутрана і знешне. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ясно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

Абл. Ясната. Чайка імчыць да ясноты. Глебка. Над раённым гарадком, .. стаяла ціхая, пагодлівая вераснёўская ясната. Ракітны. Праз воблачнасць сям-там цадзілася яснота, а месцамі нават праступаў блакіт. Калодзежны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабі́цца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.

1. Прабрацца праз што‑н. з цяжкасцю, пераадольваючы перашкоды. Люба чула, што гаварылі конныя чырвонаармейцы, і старалася прабіцца да іх праз натоўп. Чорны. Прамень сонца прабіўся ў каюту праз вузкую шчыліну, весела затрапятаў на асколку шкла, што ляжаў на падлозе. Гамолка.

2. Выступіць на паверхню. Калі пушок прабіўся над губою І ў сны прыйшло дзявочае імя, Я ні аб чым не раіўся з табою, матуля адзінокая мая. Грахоўскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуцці, перажыванні і пад.). Мне стала горача — праз крыўду прабілася дурная рэўнасць. Савіцкі.

3. Захаваць здольнасць біцца на працягу якога‑н. часу (пра сэрца, артэрыі і пад.). Сэрца прабілася дзесяць мінут.

4. Разм. Біцца некаторы час.

5. Разм. Пражыць да якога‑н. часу, пераадольваючы цяжкасці, пракідацца. Суцяшаюць маму хлопцы: — Мы вясной усё здабудзем! — Як прыгрэе добра сонца, пойдзем зноў тады мы ў людзі. Нам абы зіму прабіцца! Дубоўка. — А як ты адна, калі бацька жыў, была? Ты ж упраўлялася з усім? Так і без мяне праб’ешся. Мележ.

•••

Не прабіцца — аб вялікай цеснаце.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)