на́кід, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. накідаць (у 3 знач.).
2. ‑а. Малюнак, чарцёж і пад., які намячае толькі агульныя рысы таго, што павінна быць паказана. Накіды да партрэтаў. Накіды краявідаў. □ Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. Графіка Ю. Нэпа нам не вядома; сёння ў мастацкіх музеях рэспублікі няма ніводнага яго малюнка ці нават накіда, графічнага эскіза. Шматаў. // Тое, што напісана папярэдне, у агульных рысах. Накід артыкула. □ [Лабановіч] зачыніў шафу, пайшоў у свой пакоік і сеў за стол, каб зрабіць накід плана прамовы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кляймо́, ‑а́; мн. кле́ймы (з ліч. 2, 3, 4 кляймы́), кле́ймаў; н.
1. Пячатка, знак, якія ставяцца на вырабах і паказваюць гатунак тавару, назву прадпрыемства і пад. Фабрычнае кляймо. Завадское кляймо. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. // Выпалены знак на скуры жывёлы. // Метка, звычайна ў форме літар, выпаленая на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 года).
2. перан.; чаго або якое. Знак, сведчанне чаго‑н. (звычайна ганебнага). Кляймо забойства. □ Занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо. Бядуля.
3. Прылада, якой кляймуюць.
•••
Каінава кляймо — след злачынства на кім‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да прыроды (у 1 знач.); створаны прыродай. Прыродныя з’явы. Прыродны газ. Прыродныя ўмовы. □ Андрыян Цітавіч падумаў, што гэты грудок і вярба як бы прыродны помнік Юлі. Марціновіч.
2. Такі, якім чалавек валодае ад самага нараджэння; прыроджаны. Прыродныя здольнасці. Прыродны розум. □ Гэта быў мужчына гадоў за трыццаць, адукаваны, вопытны арганізатар з прыродным дарам красамоўства. Машара. Алік злаваўся на самога сябе — прыродная тактоўнасць, сарамлівасць стрымлівала яго, хоць і хацелася проста ў вочы сказаць Леўкіну тое, што думаў пра яго. Дадзіёмаў.
3. Які па нараджэнню належыць да якой‑н. мясцовасці, краіны і пад.; карэнны. Прыродны мінчанін. Прыродны сібірак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́та, ‑а, М пуце, н.
1. Вяроўка або ланцуг, якім перавязваюць пярэднія ногі каню ў час пасьбы. Жарабец.. [Зыгмуся] парваў быў раз пута і паўгоняў аўса стравіў. Чорны. [Васіль] з вераўчаным путам у руцэ павёў каня к узлеску, дзе пасвілі коней. Спутаў, пусціў пасвіцца. Мележ.
2. толькі мн. (пу́ты, ‑аў). Вяроўкі, кандалы і інш., якімі звязваюць каго‑н., каб пазбавіць свабоды рухаў. І вядуць па іх [сцежках] этапы не ў астрог пад путаў звон, а да явы да багатай жыватворчых нашых дзён. Машара. // перан.; звычайна чаго. Тое, што пазбаўляе волі, прыгнятае. Путы рабства. □ Ўжо многія народы путы збілі І ў будучыню ўпэўнена пайшлі. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пы́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Выпускаючы пару, газ, ствараць адрывістыя гукі. Пыхкалі парай паравозы ля дэпо. Лынькоў. Трактар.. завыў, як сірэна, потым пачаў пыхкаць і страляць газам. Кулакоўскі. Неўзабаве на стале пыхкаў параю пузаты самавар. П. Ткачоў. // Час ад часу выпускаць дым (пры курэнні). Пыхкае дзед Талаш люлькаю, выпускаючы дымок за дымком. Колас. // Ствараць гукі, падобныя на пых-пых, пх-пх. Не бяжыць [Алесь], а, здаецца, коціцца, пыхкае, як вожык, стараецца не адстаць ад таварышаў... Ваданосаў. Дрыжачай рукою націскае Андрэй на бліскучы рэгулятар, напружваецца сам, як магутны паравоз, і, радасны, прыслухоўваецца.., як пыхкае пара з-пад бліскучых, гарачых поршняў цыліндра. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяву́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.
2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздзе́л, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Дзеянне паводле дзеясл. раздзяляць — раздзяліць (у 1–3 знач.) і раздзяляцца — раздзяліцца (у 1–4 знач.).
2. ‑а. Частка кнігі, газеты, артыкула і пад., прысвечаная адной пэўнай тэме. Уступны раздзел. □ Мікола дачытаў раздзел да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу. Мележ. Граматыка Тарашкевіча складалася з пяці невялікіх раздзелаў. Ліс. // Асобная галіна ведаў, частка (навукі). Арыфметыка, геаметрыя — раздзелы матэматыкі. □ Кніжкі былі пастаўлены акуратна, кожная на кант і назвай на хату, як у бібліятэцы, у пэўным парадку, па раздзелах. Ермаловіч.
3. ‑а. Лінія, якая раздзяляе што‑н., з’яўляецца граніцай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рахава́цца, раху́юся, раху́ешся, раху́ецца; незак.
Разм.
1. Рабіць грашовыя падлікі, разлікі (звычайна ўзаемныя). — Ты толькі не бойся, я ж не за так цябе прашу. Грошы аддаць пасля магу. — Што мне твае грошы, ты мне паправіш вароты .. — Больш яны не рахаваліся. Чыгрынаў. // Весці ўзаемны ўлік (паслуг, прэтэнзій, крыўд і пад.). — Шмат я вам турбот нарабіў, — першы раз за вечар пачула Насця яго голас — Рахавацца пасля будзем... Паехалі, Насця. Асіпенка.
2. Абменьвацца думкамі; раіцца. — Няма часу нам тут доўга рахавацца, гэта не нарада і не педсавет. Кулакоўскі. — Рахаваліся, Валодзя, з начальнікам будоўлі, — паціскае руку і гаворыць парторг. — Думаем цябе ў брыгадзіры... Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́штка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
1. Тое, што і рэшта. З вялікаю і незразумелаю асалодаю [Іван і Джулія] праглынулі хлеб — апошнюю рэштку свайго прыпасу. Быкаў. Камандаваць рэшткай узвода, што засталася на месцы, Арсень пакінуў камандзіра першага аддзялення. Хадкевіч. Раздаўшы ўсё ўдзельнікам аркестра, .. [хлапчук] рэштку вольнага часу аддаваў толькі бацьку. Лынькоў.
2. звычайна мн. (рэ́шткі, ‑аў). Тое, што яшчэ захавалася, уцалела (ад разбурэння, гібелі і пад.); астаткі. На месцы, дзе некалі стаяла хата, грудамі ляжала ў дзікай траве размытая дажджамі гліна, рэшткі печы. Галавач. Рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сверб, ‑у, м.
1. Адчуванне казытлівага нервовага раздражнення, якое выклікае пачухванне. За плечы лезе холад. Цягне на сон. Ные рука, бярэ сверб, — быццам нехта круціць яе свярдзёлкам ля локця. Пташнікаў. // Раздражненне, выкліканае ўкусамі, дотыкам чаго‑н. і пад. Не думайце, што пасля той пасадкі ў крапіву Тараска збаяўся высока лазіць. Не. Мінуў які тыдзень, і ўсё забылася. Сверб прайшоў. Юрэвіч.
2. перан. Разм. Нецярплівае жаданне чаго‑н., імкненне да чаго‑н., турбота. Але ёсць у.. [Алёнкі] адзін верш. Яна хавае яго і нікому яго не паказвае, нягледзячы на ўвесь аўтарскі сверб падзяліцца з чытачом сваёю творчасцю. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)