вага́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вагацца.

2. перан. Нерашучасць, няўпэўненасць; сумненне. Ныла сэрца. Тут быў і страх і ваганне, і адсутнасць надзейнага памочніка, што Андрэй лічыў самым важным. Пташнікаў. І таму, што не знаў ён ніколі Ні вагання, ні страху ў баю, За народ свой змагаўся, за волю, — Пра яго спяём песню сваю. Танк. Калі падышоў патрэбны аўтобус, .. [Алесь] без ваганняў ускочыў у яго і паехаў у напрамку да Камароўкі. Броўка.

3. перан. Няўстойлівасць, пераменлівасць. Ваганні тэмпературы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́хад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выйсці (у 1, 2, 3 і 7 знач.).

2. Месца, праз якое выходзяць. Сонца блізка стаіць да захаду, і выхад на веранду ўвесь заліты чырвонымі водсветамі. Чорны. Нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр.

3. перан. Спосаб выйсця; з якога‑н. становішча. [Алешын:] — Адзіны выхад: ноччу прарвацца Любой цаною да сваіх. Бачыла.

4. Колькасць вырабленага прадукту. Выхад круп першым гатункам.

•••

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́след, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Вывучэнне з’яў аб’ектыўнага свету ва ўмовах, набліжаных да натуральных; эксперымент. Ставіць доследы. Доследы па хіміі. □ Да 1941 года ў запаведніку праводзіліся доследы па развядзенню баброў у клетках і вальерах. В. Вольскі. Дзіміна падабрала літаратуру, параілася з кім след і.. правяла дослед на бракованых дэталях. Карпаў.

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. даследаваць (у 1, 2 знач.); даследаванне. [Гарлавацкі:] Трэба назначыць аўтарытэтную камісію, якая павінна выехаць на месца, дзе .. [Чарнавус] рабіў геалагічныя доследы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збег, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. збегчы (у 2 знач.); сцёк, збяганне вады па нахільнай паверхні. Збег вясковых вод.

2. ‑у. Месца, паглыбленне, па якім збягае вада. Стаць на самым збегу вады.

3. ‑у. Спалучэнне, злучэнне чаго‑н. Збег зычных. Збег акалічнасцей. □ — Ты гэтак трапна папаў да нас, што .. цяжка чакаць падобнага збегу абставін. Гартны.

4. ‑а. Уст. Уцякач, бягляк. Верхавы махнуў .. [салдату] шабляй, даў знак спыніцца — злавіць збега ён браўся сам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́езд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выязджаць (у 1 знач.).

2. Месца, праз якое выязджаюць адкуль‑н., куды‑н. Выезд на шашу. □ Ціток абышоў усю гэту круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан. Мільгаюць голыя дрэвы, руіны, новыя домікі, людзі... Пасля мы ныраем пад арку на выездзе з гарадка. Брыль.

3. Уст. Коні з экіпажам і вупражжу. І жартавалі мы, што мае Ян Уласны выезд, як вялікі пан. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угаво́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угаворваць — угаварыць. — Адпачыў бы, сынку! Мы і без цябе ўправімся... — Але Кастусь не зважаў на матчыны ўгаворы: з ахвотаю завіхаўся на дрывотні. С. Александровіч. Мае ўгаворы ані не памагалі, а, наадварот, яшчэ болей разжальвалі. Сачанка.

2. Узаемная дамоўленасць аб чым‑н., умова. Па маўкліваму ўгавору і маці і сын да .. [скрыпкі] амаль не дакраналіся. Даніленка. [Віктар:] — Мы сюды ехалі спецыяльнасць пабыць, а нас на катлаван паставілі. Такога ўгавору не было. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успрыма́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. успрымаць — успрыняць.

2. У філасофіі — адлюстраванне ў свядомасці людзей прадметаў і з’яў рэчаіснасць якія ўздзейнічаюць на органы нашых пачуццяў. Законы ўспрымання. □ Такім чынам, матэрыялістычная тэорыя, тэорыя адлюстравання прадметаў мыслю, выкладзена тут з паўнейшай яснасцю: па-за намі існуюць рэчы. Нашы ўспрымання і ўяўленні — вобразы іх. Праверка гэтых вобразаў, аддзяленне ісцінных ад памылковых даецца практыкай. Ленін. Напорыстасці і заўзятасці ў Платонава хапала. Зноў жа — дапамагала маладосць, тэмперамент, прывабнасць, непасрэднасць успрыманняў. Сабалеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хадзіць (у 2, 3 знач.).

2. Уст. Вандраванне, паломніцтва. Хаджэнне па святых месцах. // Адзін з жанраў старажытнарускай літаратуры, у якім апісваюцца вандраванні. «Хаджэнне за тры моры» цвярскога купца Афанасія Нікіціна.

•••

Хаджэнне ў народ — рух разначыннай інтэлігенцыі ў вёску ў 60–70 гг. 19 ст. з асветніцкімі, рэвалюцыйнымі мэтамі.

Мець хаджэнне (кніжн.) — быць ва ўжыванні, у абыходку.

Хаджэнне па муках (пакутах) — шэраг цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў, якія ідуць адно за адным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. ціснуць ​1 (у 1 знач.).

2. Спец. Сіла, якая дзейнічае на адзінку плошчы перпендыкулярна да паверхні цела.

3. перан. Настойлівае ўздзеянне на каго‑, што‑н.; прымус. [Настаўнік:] — Грамадзяне! Усім ясны і зразумелы ваш гнеў і абурэнне. Сотні гадоў жылі мы пад панскім ціскам. Колас.

•••

Атмасферны ціск — напор атмасферы на ўсе размешчаныя ў ёй прадметы і на зямную паверхню.

Нагнясці ціск гл. нагнясці.

Ціск крыві (крывяны ціск) — бакавы ціск на сценкі крывяносных сасудаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цячэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. цячы (у 1–6 знач.).

2. Рух вады ў рацэ, а таксама вада, якая рухаецца. — Супраць цячэння не так лёгка плысці... — уздыхнуў Крыўдзін. Гурскі. Рака Волма амаль на ўсім сваім працягу мае хуткае цячэнне. «Беларусь». // Рух у пэўным напрамку масы вады ў морах, акіянах, а таксама сама вада ў морах, акіянах, якая рухаецца ў пэўным напрамку. Цёплае цячэнне. Марское цячэнне.

•••

Ісці супраць цячэння гл. ісці.

Плысці па цячэнню гл. плысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)