лю́бы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае пачуццё любві, карыстаецца любоўю; блізкі, дарагі, мілы сэрцу. І кінуўся з кручы ў бяздонне юнак Следам за любай дзяўчынай. Свірка. Мне любы стэп шырокі І водар сенажаці, Як быццам тут радзіла Мяне калісьці маці. Куляшоў. Перад .. [Уладзікам] засвяціліся матчыны вочы — любыя, пакутлівыя і грозныя. Бядуля.
2. у знач. наз. лю́бы, ‑ага, м.; лю́бая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Алімпа не ўяўляла сабе, як яна хоць на час расстанецца з любым. Сабаленка. // (пры ветлівым звароце). Мілы, родны. Не палохайся іх, любы, быў вялікі бой. Біў жалезных душагубаў смела бацька твой. Вялюгін.
любы́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Кожны, усякі. А хлопцы, дык хлопцы — гвардзеец любы! Колас. Гітлераўцы любымі сіламі намагаліся сарваць пераправу. Шамякін. // у знач. наз. любы́, ‑о́га, м.; люба́я, ‑о́й, ж. Усякі, кожны чалавек. [Вадзіцель:] — Спытай у любога, дзе Косцік-шафёр жыве, табе кожны пакажа. Васілевіч.
2. Які хочаш (на выбар). [Кісялёў:] — Звані ў любы час, не даб’ешся нічога ў аддзеле, звані да мяне на кватэру. Чарнышэвіч. // у знач. наз. любы́, ‑о́га, м.; любо́е, ‑о́га, н. Каго ці што хочаш. — Ого! У цябе.. [трусоў] тут цэлая ферма! — здзіўлена ўсклікнуў Мікола.. — Выбірай любога, — сказаў Віця, — і саджай у кошык. Скрыпка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца месцам збору, збірання каго‑н. Зборны пункт. □ У воласці, у зборным пакоі, калі зайшоў туды Тарэнта, каля стала цэлым натоўпам стаялі сяляне. Галавач. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. У дарэвалюцыйнай вёсцы — памяшканне, плошча, дзе рабіліся сходы грамады. Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. Колас.
2. Пабудаваны, сабраны з гатовых асобных частак, блокаў і пад. Зборныя канструкцыі. Зборны дом. // Які служыць для зборкі такіх збудаванняў, канструкцый. Зборныя дэталі. Зборны жалезабетон. // Заснаваны на прымяненні метаду зборкі асобных гатовых частак. Зборнае будаўніцтва.
3. Састаўлены з разнародных частак, прадметаў. Зборная мэбля. □ Вялікае селішча мела падабенства .. да зборных выселак. Чорны.
4. Які складаецца з асоб, сабраных з розных месц, арганізацыя. Зборная каманда. Зборны аркестр. □ Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абывацельская. Гартны. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. Спартыўная каманда, якая складаецца з лепшых спартсменаў розных каманд. Зборная СССР. Зборная Мінска па валейболу.
5. Які абагульняе характэрныя прыметы шэрагу аднародных прадметаў, з’яў і пад. Зборны літаратурны вобраз.
6. У граматыцы — які абазначае сукупнасць, колькасць прадметаў або асоб, што ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Зборныя назоўнікі. Зборныя лічэбнікі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кардо́н 1, ‑у, м.
1. Тоўстая цвёрдая папера асобага вырабу і рознага прызначэння. Паліграфічны кардон. Абутковы кардон. Ізаляцыйны кардон. □ Савел Іванавіч.. дастаў шырокі ліст кардону, на якім былі прыколаты дзесяткі два засушаных лістоў барбарысу. Хомчанка.
2. У жывапісе — першапачатковы накід карціны або яе часткі на такой паперы.
[Іт. cartone.]
кардо́н 2, ‑а, м.
1. Дзяржаўная граніца, мяжа. Прабрацца за кардон. □ Ідзе Май у паходы, дазоры, Пад штандарам чырвоным ідзе Цераз пушчы, пустэлі і моры, Нестрыманы нікім і нідзе. Пераходзіць граніцы, кардоны, Бо хто ж можа яго затрымаць, Калі з ім баявыя калоны, Пралетарыяў грозная раць? Колас.
2. Пагранічны або загараджальны атрад. Начальнік кардона. Пагранічны кардон. □ — Не трэба лезці воўку ў пашчу, — сказаў Сцяпан, калі Кандратовіч прапанаваў прабіцца праз кардон казакаў. Арабей. // Ланцуг невялікіх атрадаў, размешчаных па фронту ў адну лінію. На прадвесні прыйшоў да Андрэя загад перадаць неадкладна другому атрад, а самому прайсці цераз фронт, за кардон. Дубоўка. // Пра лясную варту, ахову запаведнікаў. Леснікам дальніх кардонаў мы дазваляем прадаваць дровы на месцы, даём бланкі квітанцый. Навуменка.
3. Месца, дзе знаходзіцца такі атрад, варта. Немцы кінулі пяхоту, Пэўна, — больш за батальён, І бамбілі самалёты Невялікі той кардон. Лужанін.
[Фр. cardon.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
надзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што кім-чым.
1. Даць у асабістае карыстанне, выдзеліць як долю. Надзяліць маёмасцю. □ Адрэзалі Гармізаў хутар, а яго зямлёю падзялілі двух беднякоў. Колас. Калі хлеба па картках сям’і не ставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так ўмелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх надзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі.
2. Даць як падарунак, падарыць. Надзяліць усіх дзяцей цукеркамі. □ Алесь заўважыў у парадзелай бурай лістоце два забытыя яблыкі. Абарваў, разламаў, надзяліў Крэбса, бацьку. Караткевіч. [Турысты] шчодра падзялілі Фрэда значкамі, сувенірамі. «Работніца і сялянка». І зямля, як маці, шчодра нас надзеліць — Глянь — калоссе долу хіліцца цяжкое! Панчанка. // перан. Адарыць каго‑н. якімі‑н. якасцямі (сілай, здольнасцямі і пад.). Акрамя ўсяго іншага, відаць было, што прырода надзяліла Івана не абы-якой сілай. Васілёнак. Тоня Любчанка глядзела на.. невысокага чалавека ў скураной тужурцы і сініх галіфэ і ўсім сэрцам адчувала, якой вялікай сілай волі надзелены ён. Шчарбатаў. // перан. Прыпісаць каму‑н. якія‑н. якасці, даць каму‑н. мянушку, назву і пад. І былыя мінскія ўрочышчы Новай славай надзяліў народ: Дзе варожыя капалі полчышчы, — Вырас мірны трактарны завод. Глебка. Сашка па-ранейшаму не-не, ды любіў кінуцца вычварным слоўцам... За гэта падзялілі яго мянушкай Пардонкін. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; пр. наклаў, ‑клала; заг. накладзі; зак.
1. чаго. Кладучы, напоўніць чым‑н. Накласці воз дроў. □ Баласпай наклаў у .. люльку новую порцыю тытуню, доўга ўмінаў яго цёмным пальцам з прыпухлымі вугламі на суставах. Беразняк. // Палажыць пэўную колькасць чаго‑н. Бабка Параска ўзялася за работу. Наклала дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык. Колас. Палажыў.. [Сцёпка кнігу] у кучу, дастаў другую, трэцюю, наклаў так цэлы стос. Пальчэўскі.
2. Тое, што і налажыць 1 (у 2–4 і 6 знач.). Антон Харытонавіч змазаў ёдам раны, наклаў павязкі. Сіняўскі. Вайна наклала свой адбітак на ўсё жыццё горада і нават на яго выгляд. Дудо. [Ірына Мікалаеўна:] — Хворых ізалявалі. На вёскі, дзе ачагі тыфу, наклалі каранцін. М. Ткачоў. — Я накладу на вас штраф, пан упраўляючы, — ледзь пераступіўшы парог, выпаліла Алаіза. Арабей.
3. чаго. Развесці (пра агонь). Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. А ноч рассыпала каралі Над гмахам сцішанай зямлі. Колас.
4. Разм. груб. Набіць каго‑н. [Халуста:] — Ліха матары яго! Яшчэ [Сямён] дагоніць ды па шыі накладзе. Чарнышэвіч.
•••
Накласці на сябе рукі — тое, што і налажыць на сябе рукі (гл. налажыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наш, ‑ага, м.; наша, ‑ай, ж.; наша, ‑ага, н.; мн. нашы, ‑ых.
1. займ. прыналежны да мы. Наш горад. Наш дом. □ Белыя бярозкі беларускія Міла так аздобілі наш край. Шымук. Тут стаяла наша хата. Вось на гэтым месцы, ля сцяны, — мой ложак. Аляхновіч. // Які мае адносіны да нас, як членаў якога‑н. калектыву; які складаецца з нас. Наша сям’я. Наш клас. □ [Андрэй Міхайлавіч:] — За вашай работай мы будзем сачыць. І прашу паверыць мне, што клапаціцца аб вас будзе цяпер увесь наш атрад. Якімовіч. // Які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх і інш. адносінах з намі. Нашы таварышы. □ Яшчэ зранку, на досвітку, пайшоў наш дзядзька на рум біць калоды. Колас. // Які звязаны з намі, датычыцца нас. У наш час.
2. у знач. наз. на́ша, ‑ага, н. Разм. Тое, што належыць, уласціва нам. Наша нам і застанецца.
3. у знач. наз. нашы, ‑ых. Разм. Блізкія нам людзі, сваякі, таварышы. «Нашы ідуць!..» Гэтыя словы запоўнілі цяпер душы нявольнікаў. Маўр.
•••
Ведай (знай) нашых; няхай ведаюць (знаюць) нашых гл. ведаць.
Дзе наша не прападала гл. прападаць.
І нашым і вашым — адным і другім адначасова (служыць, дагаджаць і пад.).
Наш брат гл. брат.
Наш чалавек гл. чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўда́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які канчаецца няўдачай; непаспяховы. Хоць рыбалка ў нас была няўдалая, хоць мы і не злавілі ніводнага язя, аднак дзед Мацей быў у добрым гуморы. Ляўданскі. А назаўтра па ўсёй вёсцы было толькі гаворкі, што пра няўдалыя заручыны. Ермаловіч.
2. Не такі, які павінен быць, якога чакалі, якога хацелі. Ліля расказала пра сваё няўдалае жыццё спаважна і грунтоўна. Асіпенка. [Рудзін:] — Дзякаваць богу, жыць можна і дзецям што-небудзь будзе... Толькі за сына баюся я. Нейкі няўдалы ён у мяне, усё з кніжкамі, а да справы зусім не прыглядаецца... Галавач.
3. Які дрэнна ўдаўся; нездавальняючы. Няўдалы малюнак. Няўдалы адказ.
4. Які не адпавядае свайму прызначэнню; няўмелы. Няўдалы ваяка. □ Паніч аж заскрыгатаў зубамі. Цэліўся.. ды не папаў. Вось няўдалы стралец... Бядуля.
5. Нікуды не варты; дрэнны. [Гальвас] дажыў да старасці, няўдалае гаспадаранне год за годам усё больш уганяла яго ў беднасць. Чорны. І вось цяпер палыхае сонца на прасторы і ходзяць людзі, якіх ніяк не адарвеш ад гэтай няўдалай зямлі, ад непраходных нетраў, дзе толькі плодзіцца і звонам звініць адна непалоханая заедзь. Пестрак. // З фізічнымі недахопамі, непрыгожы (пра чалавека). Ці рабіць не ўмею, Ці сама няўдала, Ці цябе, хлапчына, Я не так кахала? Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. Уладкавацца куды‑н., стаць членам, удзельнікам чаго‑н. Паступіць на работу. □ І таму, як толькі пасля вайны часць, у якой ён служыў, вярнулася на радзіму, сержант Лемяшэвіч паступіў у дзесяты клас вячэрняй школы. Шамякін. — А як жа мне ў камсамол паступіць? — пытаецца Рыгор. Галавач. Паступіць на завод .. [Тарасу] параіў Андрэй Міхайлавіч. Якімовіч.
2. Павесці сябе пэўным чынам, зрабіць нейкі ўчынак. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як паступіць яму далей. Колас. — Ты правільна паступіў, што асадзіў яго [Салагуба] крыху. Машара. Хацелася растлумачыць яму [Максіму], што хоць жорстка яна [Глаша] паступіла, але інакш не магла. Гроднеў.
3. Быць дастаўленым куды‑н., атрыманым кім‑н. У бальніцу паступіў хворы. Паступіла скарга. □ Раніцай паступіў загад рыхтавацца ў паход: пакаваць сувязную гаспадарку на фурманкі, быць гатовымі на выезд. Машара. // Перайсці, перадацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н. Уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго [дзеда Талаша] распараджэнне. Колас.
4. Рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., апынуцца дзе‑н. (пра паветра, ваду, газ і пад.). Ток паступіў у правады.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.
1. Успрыняць слыхам. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. Лынькоў. Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Якімовіч. Перад самым світаннем [Вера] заснула так моцна, што не пачула, калі Аксіння Адамаўна паднялася і пайшла на кашару. Асіпенка.
2. і пра каго-што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. — Можа болей і не ўбачу, Не пачую, дзе ты. Колас. У той вечар .. [Сымон Чуйна] ведаў, што нездарма прыйшоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Чорны. [Бэсман:] Адкуль жа вам імя яго вядома? [Таццяна:] Імя? я першы раз ад вас пачула. Глебка.
3. Разм. Адчуць, успрыняць органамі пачуццяў. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка. Шыловіч. Гена пачуў пах яе валасоў, пах касынкі ці плашча, — так пахнуць не то трава, не то мыла. Арабей. Потым, калі [Ганна] села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.
4. Разм. Зразумець, усвядоміць. Тут нават бацька не стрымаўся І нечакана засмяяўся! Алесь пачуў — мінула ліха. Колас. [Яўхім] і так даволі цацкаўся з .. [Ганнай], хопіць далікацтва — трэба, нарэшце, узяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. прыбі; зак.
1. што. Прымацаваць цвікамі што‑н. Трактарыст і калгасны музыка Данік Краўчук мерыўся прыбіць шчыток, трымаючы напагатове ва ўзнятых руках цвікі і сякеру. Дуброўскі. [Дарафей] сам зрабіў шпакоўаю і сам прыбіў яе на грушы. Даніленка.
2. што. Прыціснуць, прыгнуць да зямлі (ветрам, дажджом, градам і пад.). Кроплі [дажджу] весела сыпаліся на твар, на машыну, прыбілі пыл. Мележ. Ігліцу ў лесе дождж прыбіў. Нядзведскі.
3. каго-што. Прыгнаць, прынесці да якога‑н. месца (сілай вады і ветру). [Міхалу Сцяпанавіч у] часам здавалася, што Генадзь нечым падобны на той плывучы прадмет, які вялікая вада гушкае на хвалях, пакуль не прыб’е да берага. Сабаленка. / у безас. ужыв. Яшчэ днём я заўважыў, што за згібам ракі да берага прыбіла бервяно. Корбан. [Васіль:] — Давайце пойдзем паўз бераг, можа дзе яго [човен] прыбіла на завароце. Скрыпка.
4. каго. Разм. Пабіць; ударыць. Юрка заўважыў, што ідуць вартаўнікі, ускочыў на каня і паімчаўся, а яго таварыша вартаўнікі злавілі і прыбілі да паўсмерці. Кулакоўскі. // Забіць. Толяк змагаўся з жаданнем прыбіць тут жа на месцы ненавіднага чалавека. Чорны.
5. перан.; каго. Пазбавіць сілы, волі; вельмі моцна ўздзейнічаць. Толькі гора, вялікая сацыяльная несправядлівасць прыбіла.. [Лявона], зрабіла ўчарнелым, як зямля. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)