Збо́жжа ’хлебныя расліны, зерне’. Рус. зах., паўд., бранск. сбожье, збожье ’тс’, укр. збіжжя ’тс’, ’маёмасць’, польск. zboże ’збожжа’, в.-луж. zbožo, н.-луж. zbóžo ’шчасце, дабрабыт’, чэш. zboží ’тавар, маёмасць’, дыял. ’збожжа’, славац. zbožie ’збожжа’. Ст.-бел. збоже (Александрыя). Ст.-укр. збожє (XV ст.). Паўн.-слав. sъbožьje параўноўваюць са ст.-інд. subhágas ’які прыносіць шчасце’, авест. hubaɣa ’шчаслівы’. Фасмер, 2, 84–85. Брукнер (647) лічыць, што ўкр. < польск., паколькі толькі ў польск. (з зах.-слав.) значэнне агульнага багацця перайшло на с.-г. тавары. Улічваючы, што ва ўкр. вядома значэнне ’маёмасць’, адно з агульных для іншых слав. моў, наўрад ці абавязкова ўкр., бел. і дыял. рус., запазычаныя з польск., тым больш што слова фіксуецца яшчэ ў XV ст., хаця, паводле Брукнера, земляробчае значэнне ў польск. з XVI ст. Таму прасл. дыял. sъbožьje, паводле Махэка₂ (712), адцягнены назоўнік ад прыметніка sъbogъ, што дакладна адпавядае прыведзеным паралелям са ст.-інд., авест. Гл. бог, убогі (як антонім). Пра ст.-бел. збоже гл. Шадурскі, дыс.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́ндзіцца ’надрывацца (з крыку, піску і пад.); паказваць незадаволенасць; капрызіць’ (слонім., Жыв. сл.; Нар. Гом., ТС); сюды ж экспр. пры́ндзіцца ’паміраць’ (гродз., Сл. ПЗБ; тут падаецца яшчэ ў якасці магчымай паралелі літ. pasisprénde ’выцягнуцца’, уплыў якога цалкам верагодны). Таксама сюды ж піры́ндзіць ’вельмі тонка прасці; нагаворваць на каго-небудзь’ (навагр., Жыв. НС) з эпентэтычным ‑i‑ ў гістарычным прэфіксе, які “ўзнаўляе” складовасць, і цікавым семантычным развіццём. Хутчэй за ўсё, звязана з прыну́дзіцца/прыну́дзіць (гл.) са значэннем ’занудзіцца, зажурыцца’ і пад. Размоўны перанос націску на прэфікс абумовіў рэдукцую да нуля націскнога ‑у́‑, а фармальная аддаленасць асноў — семантычныя змены (параўн. ніжэй аналагічныя працэсы ў рускай і ўкраінскай мовах). Не выключаны толькі ўсходнеславянскі характар дзеясловаў, параўн. рус. дыял. пры́ндик ’сярдзіты, недаступны на выгляд чалавек’, ’надзвычай напышлівы, фанабэрыста чалавек’, пры́нтик ’тс’, укр. при́ндитися ’фанабэрыцца, важнічаць; капрызіць; трымацца малайцом; бадзёрыцца, казырыцца; сердаваць’, при́нда ’пыха, фанабэрыя; напышлівы, фанабэрыста чалавек; капрызы; капрызны чалавек’ (адносна апошняга гл. ЕСУМ, 4, 575: “няясна”). Гл. апры́ндзіцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́ры ‘які адбываецца з вялікай хуткасцю; хуткі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ‘хуткі (у рабоце)’ (ЛА, 3), ‘хуткі, нецярплівы’ (Сл. ПЗБ), ско́ра ‘хутка, жвава’ (Варл.). Укр. ско́рий, рус. ско́рый, стараж.-рус. скоръ, польск. skory ‘скоры’, skoro ‘як толькі, амаль’, в.-луж. skerje, н.-луж. skóro ‘скора; амаль’, чэш. skorý ‘скоры’, skoro ‘амаль’, славац. skorý, серб.-харв. ско́ро ‘нядаўна’, славен. skóro, skȏraj ‘скора; амаль’, балг. ско́ра ‘скора, хутка’, макед. скоро ‘хутка; нядаўна; у хуткім часе; амаль’, ст.-слав. скоръ ‘хуткі, раптоўны; лёгкі’. Прасл. *skorъ, *skoro. Роднасныя літ. skėrỹs ‘саранча’, лат. šķir̃gata, šķirgālis ‘яшчарыца’, грэч. σκιρτάω ‘скачу’, ст.-ісл. skári ‘маладая чайка’, с.-н.-ням. scheren ‘спяшацца’. Гл. Покарны, 934; Фасмер, 3, 654 (там жа і літ-pa); Младэнаў, 585. Ад і.-е. кораня *sker‑ ‘рэзаць’ > ‘хуткі рух’; гл. БЕР, 6, 781–782. Сной₁ (574) выводзіць ад і.-е. *skoro‑ < *sker‑ і параўноўвае з ст.-ням. scerōn ‘разбэшчаны, нахабны’ і роднаснымі. Роднасць з ст.-в.-ням. rasc, ням. rasch, мяркуемая Махэкам₂ (547), па фанетычных прычынах адмаўляецца Шустарам-Шэўцам, 1295.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траця́к ‘трэцяя частка чаго-небудзь, траціна’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэцяя частка надзелу зямлі (каля 1 га або 3 дзесяцін)’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘чалавек, які меў трэцюю частку надзелу’ (карэліц., Шатал.), ‘трохгадовая жывёліна’ (Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэці рой’ (Сцяшк. Сл.), ‘дзіцячая гульня, галоўная фігура ў гэтай гульні’ (Скарбы), трэця́к ‘трэцяя частка ўраджаю пры арэндзе зямлі’ (ТС, ПСл), трэця́ка, трэйця́ка, трэця́к ‘трохгадовая жывёліна’ (ТС), трацця́к (треццякъ) ‘тс’ (Нас.), трецця́к ‘тс’ (Растарг.), ст.-бел. третякъ, третьякъ ‘трохгадовая жывёліна’, ‘адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў’, третяка ‘жывёліна трохгадовага ўзросту’ (ГСБМ). Суфіксальныя ўтварэнні ад *tretьjь, праславянскі характар сумніўны, магчыма, толькі для слоў са значэннем ‘трохгадовая жывёліна’, параўн. укр. третя́к, рус. третья́к, польск. trzeciak, серб. трѐћак і пад., у сувязі са старажытнай традыцыяй прынясення ў ахвяру якраз трохгадовай жывёлы (Тапароў, Этимология–1977, 11), або для слоў, звязаных з пчалярствам, параўн. значэнне ‘трэці рой’ у паўночных славян, акрамя беларускага укр. третя́к, польск. trzeciak ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пабо́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе побач з галоўным, асноўным; менш істотны; другарадны. Першае месца сярод пабочнага тыпажу [у паэзіі М. Танка] па праву належыць вобразам бацькоў. У. Калеснік.

2. Чужы, не свой, старонні. З пабочных людзей толькі .. [Пруцікаў] адзін ведаў сцежку на наш новы астравок і мог хадзіць да нас самастойна. Казлоў. [Таццяна] апранацца стала .. па-сялянску, каб не кідацца ў вочы пабочным людзям. Шамякін.

3. Які не мае непасрэдных адносін да чаго‑н. [Дзяўчаткі] заўсёды прыходзяць сюды рыхтаваць урокі і амаль увесь час трацяць на пабочныя гутаркі. Гарбук.

4. Чый‑н., не свой, не ўласны. Пабочны ўплыў. □ [Таня:] Вера мае добрую прафесію. Гэта робіць яе незалежнай ад пабочнай ласкі. Машара.

5. Народжаны без шлюбу. Пабочны сын.

6. У граматыцы — які не звязаны фармальна-граматычнымі сродкамі са сказам і выражае адносіны да выказанай думкі. Пабочнае слова. Пабочнае словазлучэнне. Пабочны сказ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

птушы́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да птушкі. Птушыныя галасы. Птушыны пух. □ Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка. // Які складаецца з птушак. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль. Маці дужа клапацілася аб тым, каб хто не спакусіўся на яе птушынае багацце. Лынькоў. // У якім водзіцца многа птушак; населены птушкамі. Птушыны гай. □ Таямнічы шолах плыў з птушынага бярэзніку. Бялевіч. // Прызначаны для птушак. Птушыны корм. Птушыная клетка.

2. Які нагадвае птушку; такі, як у птушкі. У прыемнай сакратара пісала на машынцы бялявая дзяўчына з маладзенькім, нейкім птушыным тварам. Гаўрылкін. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачамі, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Маўр.

•••

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушыны базар гл. базар.

(Толькі) птушынага малака не хапае гл. хапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ране́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. ранні (у 1 знач.).

2. Які мае адносіны да мінулага, былога; колішні. Гэта не ранейшы час, што да бліжэйшай станцыі трэба было дабірацца па бездарожжы не менш за паўдня. Кулакоўскі. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе .. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. // Такі, якім быў некалі, у мінулым, раней. Толькі кароткая завіўка замест кос як бы падменьвала ранейшую Касю нейкай другой... Васілевіч.

3. Які быў перад гэтым, папярэдні. Хадзіць гуляць да сваіх ранейшых сяброў.. [Міхасю] не хацелася. Якімовіч. Каморка, прыбраная дбала, Свой від ранейшы прыняла. Колас.

4. Той самы; такі, які і быў. Затым [Місюк] адсунуў бляшанку, падзякаваў і зноў вярнуўся да ранейшай гаворкі. Пальчэўскі. Страказа час ад часу ўзлятала, рабіла ў паветры некалькі замыславатых кругоў і зноў садзілася на ранейшае месца. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяме́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае сям’ю (у 1 знач.), не адзінокі. [Павел Іванавіч:] — Сямейны чалавек [шафёр] ужо: жонка і двое дзяцей. Кулакоўскі. / у знач. наз. сяме́йны, ‑ага, м.; сяме́йная, ‑ай, ж. Дом адпачынку для сямейных.

2. Які мае адносіны да сям’і (у 1 знач.); звязаны з сям’ёй, з жыццём сям’і. Сямейнае выхаванне. Сямейны альбом. Сямейнае шчасце. Сямейная сцэна. □ Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага. Колас. [Вера Адамаўна] паехала ад нас па сямейных абставінах. Ермаловіч. У той жа дзень склікана была сямейная нарада. Крапіва. // Прызначаны для сям’і. Куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Якімовіч. Там [у райкоме] сказалі, што ёсць свабодная сямейная пуцёўка на курорт. Кірэйчык. // перан. Прыветны, унутраны, дамашні. Сямейныя справы. □ Віктар неяк нечакана пераключыўся з сямейнай на літаратурную гаворку. Кавалёў.

3. Які грунтуецца на сямейнасці (у 2 знач.). Сямейны падыход у падборы кадраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́жы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Драпежны (пра жывёл, птушак). Дзве пуначкі звілі гняздо сабе, у скалах выбралі высока месца. Яно адтуль і вецер не саб’е, і хіжы звер туды не дабярэцца. Дубоўка. // Які належыць, уласцівы такім жывёлам. Здымаючы густы нагар Са свечак курадымлівых, Падумаць нат не мог друкар, .. Што будзе столькі добрых кніг Пра глухамань напісана, Дзе звер знакі слядоў сваіх Абнюхваў хіжай пысаю. Барадулін.

2. перан. Які імкнецца да панавання, нажывы; жорсткі (пра чалавека). Хіжы вораг паліць хаты, разбурае гарады. Машара. [Косця:] — А такіх, як яна [Галя], толькі і шукае розная варожая нечысць. І яе знайшоў і прыбраў да рук хіжы і каварны шпіён Станіслаў Гарадзюк. Сабаленка. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, жорсткасць. Твар [Касарэвіча] хіжы, драпежны, але на вуснах — усмешка... Навуменка. Да чаго ж я ненавіджу Пахавальны гул арганаў, Служак боскіх погляд хіжы, Шапаточак іх паганы! Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Мераючы, аддзяліць або адзначыць пэўную колькасць чаго‑н. Адмераць тры літры малака. □ Участак, які адмерала Вера, запісалі на яе імя. Галавач. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка. // Разм. Прайсці, праехаць пэўную адлегласць. Толькі надвячоркам сябры прыйшлі ў Панямонь, адмераўшы дзесяткі лішніх вёрст, каб замесці свае сляды. Колас. // Разм. Лічачы, панесці каму‑н. пэўную колькасць удараў бізуном, шомпалам і пад. Дарэмна.. [Лявон] ляжаў пластом на зямлі і лічыў, колькі ўдараў адмерае яму гэты баязлівец Юзік. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)