пад, прыназ. з В і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «пад» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога накіравана дзеянне. Пакласці сякеру пад лаўку. Засунуць касу пад страху. □ Снег на штучным малюпасенькім азярцы быў ушчэнт спярэшчаны заячымі слядамі; яны заходзілі аж пад масток над круглым азярцом. Чорны. «Дзеці мае! Вы пад’елі, заснулі, І я вам спакою хачу, Я пад вашы кашулі Завею з трубы не пушчу». Куляшоў. // У значэнні «ніжэй паверхні чаго‑н.» Нырнуць пад ваду. Спусціцца пад зямлю.

2. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, у бок ніжняй часткі якога накіравана дзеянне. Сесці пад куст. □ Усе складалі свае парашуты ў адно месца, пад нізенькую каржакаватую ігрушу, якая дзіка расла, растапырыўшыся і пакрывіўшыся над шырокім жытнім полем. Чорны. Чалавек шырока махае рукамі, коўзаецца ботамі па слізкай дарозе і паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі. Галавач.

3. з В. Разм. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета ці асобы, у непасрэдную блізкасць да якіх накіравана дзеянне. Пайсці пад студню. □ Вось мякка газуе Пад хату трохтонка. Куляшоў. З Мінска прыбыў эшалон пад Цымляны неяк у поўдзень. Астрэйка. // У значэнні «аж да самага (прадмета, месца і пад.)». Агонь шугае пад воблакі. Падкінуць пад столь.

4. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета або паняцця, пры назве дзеяння ці стану, у зону якіх накіравана іншае дзеянне. Выйсці з хаты пад дождж. Папаў пад халодны душ. □ Колька падставіў пад буйныя кроплі свой кірпаты вяснушкаваты тварык, ссунуў бровы, нібы і сапраўды кагосьці ўбачыў у нізкіх шэрых воблаках. Грахоўскі. Пры тым.. [хлопец] так даверліва ставіўся да новага свайго спадарожніка і так яго ўся істота прасілася пад яго апеку, што здавалася, быццам яны знаёмыя ўжо шмат год. Чорны. // Пры ўказанні на стан, у які пападае хто‑, што‑н. Аддаць пад суд. □ [Бацьку] здавалася, што Аксеня адна будзе вельмі бездапаможная, што яна яшчэ не ведае практыкі жыцця, яна можа падпасці пад злую крыўду. Чорны. // Разм. У значэнні «ва ўладу каго‑, чаго‑н.» Паводле Брэсцкага міру частка Беларусі пападала пад Германію.

5. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, ніжэй якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Сваёй чаргой жыццё Ішло пад ясным і халодным небам. Звонак. А край падымаўся, пад зорамі рос, Квітнеў штовясну небывала. Буйло. Мрок стаіўся нерухома, Пад нагамі лом, каменне. Колас. // Пры абазначэнні прадмета, з ніжняга боку (ці за адваротным бокам) якога адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Пад белай страхою стаіўся пасёлак, Прымоўклі навокал лясы. Колас. Шчарбацюк .. пачаў хвалявацца, — пад скурай напружана захадзілі жаўлакі. Мележ. // Ніжэй паверхні чаго‑н. Кветкі пад снегам. □ Толя падсек, і на канцы лескі, пад вадой, пачулася даўно чаканае далікатнае супраціўленне. Брыль. // Пры абазначэнні прадмета, які выступае ў якасці покрыва іншага прадмета. Карціна пад шклом. Лямпа пад абажурам.

6. з Т. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, унізе каля якога (побач з ніжняй часткай якога) адбываецца дзеянне або знаходзіцца хто‑, што‑н. Пад гарой зялёны гай. Галлё валялася пад нагамі. □ Калі над радзімай пажары шугалі І неба гуло ад грымот, — Пад шумнымі соснамі мы прысягалі Табе, беларускі народ! Броўка. Я яшчэ не забыў, як кляліся вы з ёй вечарамі. Цалаваліся цэлую ноч у мяне пад акном. Куляшоў.

7. з Т. Ужываецца пры ўказанні на месца, у непасрэднай блізкасці ад якога адбываецца дзеянне або размяшчаецца, знаходзіцца хто‑, што‑н. Нехта стаяў пад дзвярамі. □ Пад Барысавам палонным, За Бярозаю-ракой, Войска арміі Чырвонай Сабірала сілы ў бой. А. Александровіч. У красавіку, калі ў лагер прыгналі чалавек з трыццаць англійскіх маракоў, узятых пад Парвікам, палякі сустрэлі іх вельмі радасна. Брыль. Села пад пушчаю Восень, Вочы ўтаропіўшы ўдаль; Жаль ёй павяўшых дакосін, Спетых дажынак ёй жаль. Купала.

8. з Т. Ужываецца пры абазначэнні пэўнай з’явы або аб’екта дзеяння, у зоне пашырэння якіх адбываецца што‑н. або знаходзіцца хто‑, што‑н. Быльнёг шумеў пад ветрам. Іржышча блішчыць пад расою. Стаяць пад дажджом. □ Павек не забудзецца тая навала, Як, дымам ахутаны чорным, Стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам І ворагу быў непакорным. Хведаровіч. Пад варожымі кулямі клаліся крыжам, А ніхто не хацеў і не мог адступіць. Глебка. Пад гэтым простым і шчырым «чаму», якое было не толькі ў словах, але і ў вачах інваліда, студэнт разгубіўся... Брыль. // Пры ўказанні на стан, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Займацца пад кантролем. Трымаць пад пільнай аховай. Жыць пад страхам. □ Пад націскам тройчы ўзбольшаных сіл, На бераг шырокай ракі Апошнімі, мужна, між свежых магіл, З баямі адходзяць палкі. Глебка. // Разм. У значэнні «ва ўладзе каго‑, чаго‑н.» Жыў пад Польшчай. □ Гора нам, бедным, гора, загнаным, Мучаць нас чорныя долі, Стогнем пад царам, стогнем пад панам, Стогнем мы дома і ў полі. Купала.

Часавыя адносіны

9. з В. Ужываецца пры абазначэнні моманту, адрэзку часу, напярэдадні якога ажыццяўляецца дзеянне. Скідалі стог пад вечар. Бярэцца пад дзень. □ Пад раніцу Наташа засынала, але спала нядоўга. Шамякін. Пад поўдзень рота заняла боем рад траншэй на ўскраі лесу. Мележ. Пад шэрую восень, пад верасень месяц, Задумаў жаніцца Мядзведзь ў цёмным лесе. Танк.

Аб’ектныя адносіны

10. з В. Ужываецца пры абазначэнні працэсу, стану, гукавога фону, у суправаджэнні якіх адбываецца дзеянне. Адзінай кагортай, ячэйкай адзінай, Пад крок пяцігодак, пад грукат гадзін Уздымем краіну, уславім краіну, Край родны ў творчай красе адрадзім! Куляшоў. Кладзецца жыта спелае пад песню На сто крывых адвостраных сярпоў... Панчанка. І на світанні свежых раніц, пад звонкі посвіст салаўя, выходзіць з лесу партызаніць уся Вілейшчына мая. Машара.

11. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, за які бяруцца, захопліваючы яго знізу. Кацярына Рыгораўна ўзяла Надзю пад руку, і яны пайшлі, нібыта даўнія сяброўкі. Грахоўскі.

12. з В. Ужываецца пры ўказанні на прыладу, інструмент і пад., уздзеянню якіх што‑н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што‑н. ажыццяўляецца. Пусціць пад нож. □ — Там, — казаў ён, — даволі Дабра я замкнуў пад замок: І цыбулі, І солі... — І хлеба? — спытаў Васілёк. Куляшоў.

13. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, які служыць гарантыяй, забеспячэннем чаго‑н., узамен якога што‑н. даюць або атрымліваюць. Аддаць пад залог. □ У той дзень стары Скуратовіч сам хадзіў у лес бачыцца з сынам і раіцца, што рабіць: зранку прыехаў чалавек з воласці і пад распіску даў паперку, дзе былі выпісаны тэрміны здачы жыта. Чорны.

14. з Т. Ужываецца пры абазначэнні ўмоў, абставін, гукавога фону, якімі суправаджаецца дзеянне. Спакойна і мірна Суровай хадой Пад ленінскім сцягам Праходзяць калоны. Глебка. Ля хат пад свістам непагоды Цішэе сад і дрэва жоўкне, — Для нас з табой вясна заўсёды, Бо на душы вясна не змоўкне. Хадыка. Забыўся, здаецца, Андрэй на ўсё, стоячы пад паважным, раўнамерным шумам сосен. Пестрак.

15. з Т. Ужываецца пры назве прадмета, інструмента, прылады, уздзеянню якіх хто‑, што‑н. падвяргаецца ці з дапамогаю якіх што‑н. ажыццяўляецца. Пад сярпом маім крывым Жыта хутка гнецца, Сноп за снопам у радкі Покладам кладзецца. Гартны. Пыліць пад армейскімі ботамі шлях, Медалі звіняць на грудзях. Зарыцкі.

Азначальныя адносіны

16. з Т. Ужываецца пры ўказанні на адметную ўласцівасць, прымету прадмета. Часопіс пад назваю «Маладосць». Пісаць пад псеўданімам. □ І выраб мой дасужае мінуты, Рагаты сук пад надпісам «Чымган», Прыродаю так вычварна загнуты, Гадае там пра родны Казахстан. Колас. // Пры назве прыправы да страў. Салат пад маянэзам. Рыба пад соусам.

Параўнальныя адносіны

17. з В. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, падобна да якога што‑н. робіцца, з якім што‑н. параўноўваецца. З коміна, дзе ўткнута шэрая пад колер сталі гліняная труба, .. плыве-бяжыць сіняваты дымок. Колас. Гуральскія хаты. Вуглы — «замок» — памаляваныя пад шахматную дошку, нібы палоскі на таксі. Брыль. // Пры абазначэнні таго, што з’яўляецца ўзорам, прыкладам для пераймання. Стрыгчы пад бокс.

18. з В. У адпаведнасці з чым‑н. або раўназначна чаму‑н. Значэнне слова «рух» падыходзіць пад паняцце «дзеянне». □ Коля любіў пахваліцца, калі гэта было пад настрой. Грамовіч. Джамбулу я песню сягоння пяю, Пад сэрца і думу настроіў сваю. Купала. Сэрца просіць шляхоў, Што цяжкім маім ботам пад сілу; Наглытацца хачу туманоў, Твайго ветру і пылу. Куляшоў.

19. з Т. Ужываецца пры абазначэнні паняцця, сэнс якога трэба раскрыць (пры словах «разумець», «хавацца», «падразумяваць» і пад.). Пад нашатырным спіртам разумеюць водны раствор аміяку. □ Ну, а калі дзед падгуляе, Тады ён йзноў адменнасць мае, Тады ён нават і бушуе І трохі сына памуштруе; Але пад гэтым бушаваннем Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

Адносіны спосабу дзеяння

20. з В. Ужываецца пры ўказанні на спосаб якога‑н. дзеяння. Пісаць пад капірку. Стрыгчы пад машынку.

Прычынны я адносіны

21. з Т. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння ці ўмоў, у выніку якіх ажыццяўляецца іншае дзеянне. Снег пад уздзеяннем ветру ўшчыльніўся. □ Пад камсамольскай гулкай хваляй ці ж устаіць варожы свет?! Колас. Плечы не гнуцца яшчэ пад гадамі. Танк.

Мэтавыя адносіны

22. з В. Ужываецца пры ўказанні на мэту выкарыстання або прызначэння чаго‑н. Палетак пад жыта. □ Як прыйшло жніва, не бялелася ўвечары сукеначка між дрэў у садзе, затое .. стаяла ля сіняга плоту карэта пад доктара. Гарэцкі.

23. з Т. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, якімі што‑н. занята, якімі што‑н. выкарыстоўваецца. Поле пад аўсом. Гарачыя коні былі пад казакамі.

Адносіны прыблізнасці

24. з В. Разм. Ужываецца пры недакладным, прыблізным абазначэнні колькасці, памеру, узросту. У памяшканні сядзела чалавек пад сорак. □ Пра маё пакаленне Пісалі мала — У майго пакалення Камсамольскі ўзрост — Хоць маё пакаленне Імя мае, Хоць майму пакаленню Пад дваццаць ёсць. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́мяць 1, ‑і, ж.

1. Здольнасць запамінаць, захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні. Зрокавая памяць. □ — Памяць [Валя] мела такую, што мы толькі дзіву даваліся: усё.. раскажа, дзе і што бачыла. Якімовіч. Стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак.

2. Запас уражанняў, мінулы вопыт, якія захоўваюцца ў свядомасці і могуць быць адноўлены. Яркімі ўспышкамі паўстаюць у маёй памяці абразкі самага ранняга дзяцінства. Бядуля. Святлана перабірала ў памяці ўсе вясковыя работы, якія яна ведала. Шахавец.

3. Успамін пра каго‑, што‑н. На трэці дзень пляменнік паехаў дахаты, пакінуўшы ў нас добрую памяць аб сваім наведванні. Пальчэўскі. // Пра тое, што напамінае аб кім‑, чым‑н. [Рынальда:] — Бачыце гэты рубец?.. Гэта памяць ад фашыстаў. Краўчанка. // Успамін аб памёршым. Жывымі справамі Паэта памяць З любоўю ўшаноўвае народ. Аўрамчык.

4. Здольнасць мысліць, разважаць, усведамляць свае ўчынкі, пачуцці; прытомнасць. Бацька не то спаў, не то быў без памяці, але ляжаў неспакойна. Чарнышэвіч. Да памяці Максімка вярнуўся толькі на другі дзень, на руках у заплаканай маці. Сіняўскі.

•••

Маторная памяць — від памяці, які праяўляецца ў здольнасці выпрацоўваць сувязі паміж раздражненнем і рухам.

Без памяці — а) забываючы аб усім, да страты прытомнасці; вельмі моцна. Сёмка Бугай паціху папоўз мяжою, выбраўся за гумнішчы і пабег без памяці, часта азіраючыся назад, на вёску. Лынькоў. Напіліся ксяндзы і заснулі без памяці. Якімовіч; б) у знач. вык. У захапленні ад каго‑, чаго‑н.

Варушыць памяць гл. варушыць.

Вечная памяць каму — пажаданне, каб заўсёды помнілі нябожчыка.

Выкінуць з памяці гл. выкінуць.

Выкрасліць з памяці гл. выкрасліць.

Вылецець (выскачыць) з памяці гл. вылецець.

Дайсці да памяці гл. дайсці.

Дацца ў памяць гл. дацца.

Кароткая (курыная, дзіравая) памяць — дрэнная, слабая памяць.

Мець у памяці гл. мець.

Набегчы на памяць гл. набегчы.

На памяці чыёй; пры памяці чыёй; за чыю памяць — у перыяд жыцця каго‑н., калі ён сам быў сведкам чаго‑н. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. [Дзед:] — За маю памяць мядзведзя тут бачылі гадоў мо’ з дваццаць таму назад. Якімовіч.

На памяць — для таго, каб помніць, не забываць каго‑, што‑н. (дарыць, даваць і пад.).

На памяць (па памяці) — не гледзячы ў тэкст (гаварыць, чытаць і пад.).

Не ў памяць — пра тое, што не помніцца. Зіма такая мне не ў памяць. Астрэйка.

Па старой памяці — пад уплывам даўніх звычак, успамінаў аб мінулым. Праўду кажучы, гэта і не лес быў, а проста так зваўся па старой памяці. Колас.

Прыйсці на памяць гл. прыйсці.

Сысці з памяці гл. сысці.

па́мяць 2, ‑і, ж.

Здольнасць электроннай машыны захоўваць і выдаваць запісаную інфармацыю, а таксама ўстройства электроннай машыны для запісу, захоўвання і выдачы інфармацыі. Машынная памяць.

памя́ць, ‑мну́, ‑мне́ш, ‑мне́; ‑мнём, ‑мняце́; зак., каго-што.

1. Зрабіць мятым; змяць. Памяць касцюм. // Пашкодзіць ударамі, штуршкамі і пад., пагнуць. // Прыбіць, прытаптаць (пра расліны). Памята, пабіта краса і аздоба Твае збажыны. Колас.

2. Разм. Пакалечыць. Так пачаў і закончыў Мішка сваю лётн[ую] кар’еру.. — вока падбіў, лапы трохі пашкодзіў, сям-там памяў рабрыны. Лынькоў.

3. і без дап. Мяць (у 1, 2 знач.) некаторы час.

4. Тое, што і пацерці (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сляпы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не бачыць, пазбаўлены зроку. Бацька стары, з чорна-сівою барадою і на адно вока сляпы. Чорны. Быў.. [Арцём] спачатку павадыром у сляпога жабрака. Бядуля. / у знач. наз. сляпы́, ‑ога, м.; сляпа́я, ‑ой, ж. З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі і які быў цяпер настаўнікам у школе сляпых. Колас. // Разм. З слабым зрокам; блізарукі. // перан. Які не заўважае, не разумее таго, што адбываецца навокал. [Іван Пракопавіч:] — Але ж і сляпыя мы былі, гэта таксама праўда.. Знайшліся Адамчукі, Касарэвічы, плюнулі ў твар, здрадзілі. А мы ж іх сваімі лічылі. Ды яшчэ самымі перадавымі. Навуменка. «Ну і Свідраль! Аказаўся кар’ерыстам. Сляпы я, сляпы. Не разгледзеў. Малавата ў мяне партыйнага чуцця, відаць...», — абвінавачваў .. [Пазняк] сам сябе. Дуброўскі. Закаханыя людзі бываюць крыху сляпыя. Скрыган. // перан. Цёмны, неадукаваны. [Ян Нітка:] — Гэта ж сорам вялікі перад сабою быць такім сляпым, цёмным, быць рабом, маліцца каменю, якога прыгналі сюды леднікі недзе аж з фінскіх гор тысячы і тысячы гадоў таму назад. Пестрак. Нам дыхаць на роднай зямлі было нечым, А дзеці сляпымі раслі без навукі... Васілёк.

2. перан. Які дзейнічае, не ўсведамляючы сваіх учынкаў, не раздумваючы. Сляпы ад злосці ехаў Глушак мястэчкам. Мележ. // Які не мае разумных падстаў; безразважны. Сляпое перайманне моды. Сляпая любоў. □ У тую хвіліну мне не хацелася верыць, што ў малога магла быць такая сляпая злосць да ні ў чым не вінаватай птушкі. Паслядовіч. Колькі вёсен жыццёвых яшчэ Мы сустрэнем, — ну хто яго знае? Неўпрыкметку каханне ўцячэ. І пакіне нас рэўнасць сляпая. Хведаровіч. Адразу даверыцца.. [камандзір], вядома, не мог: вопыт падказваў, што сляпое давер’е часам вельмі дорага каштавала партызанам. Кулакоўскі. // Які дзейнічае стыхійна; выпадковы. Сляпыя сілы прыроды. □ І хоць сляпая, дзікая была [куля], Усё-такі ляцела і знайшла. Чэрня.

3. Невыразны, неразборлівы (пра тэкст, шрыфт і пад.). Сляпы шрыфт. □ У кутку абразы цудатворцаў, Даўна ад дыму сляпых. Танк. // Ледзь бачны, непрыкметны (пра сцежку і пад.). Міхал і Клін ужо мінае. Направа сцежачка сляпая Вядзе балотцам. Колас. // Вельмі слабы (пра святло). Пры.. сляпым святле [газоўкі] бацька чытаў уголас. Вітка.

4. Праз які дрэнна відаць або нічога не відаць. Сляпыя шыбы ў вокнах. □ На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца.., як астрог, Па свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. // З маленькімі вокнамі. Сляпыя, Нізенькія хаты Травой і мохам параслі. Глебка. // Які не мае акон. Так разглядаючы, непрыкметна зайшоў аж да кутка сляпой сцяны. Там, як звычайна, стаяў ложак. Пестрак.

5. Непраглядны, беспрасветны. Белыя маланкі то азаралі дачны лясны пасёлак, то зноў кідалі яго ў сляпую цемру. Лось. Навакол стаяла шэрая, сляпая цішыня. Лынькоў.

6. Які адбываецца без удзелу зроку. Сляпы метад друкавання. // Які праходзіць, адбываецца ў цемры, тумане і пад. пры дапамозе прылад (пра рух і пад.).

7. Які не мае выхаду, праходу. Сляпая вулачка. Сляпая шахта.

•••

Сляпая кішка гл. кішка.

Сляпая пляма гл. пляма.

Сляпы дождж гл. дождж.

Сляпы палёт гл. палёт.

Сляпая курыца гл. курыца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́праць і супро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. На процілеглым баку ад каго‑, чаго‑н.; прама перад кім‑, чым‑н. Па левым баку Паркавай магістралі знаходзіцца Дом кнігі, а супроць — Палац спорту. Сядзець супраць.

2. прысл. Наперакор; нязгодна з кім‑, чым‑н.; насуперак каму‑, чаму‑н. Галасаваць супраць. □ [Бухча:] — Закон, дык закон, я супроць не іду! Чорны.

3. прысл. Насустрач, у супрацьлеглым кірунку. Ісці супраць ветру.

4. прыназ. з Р. Указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку хто‑, што‑н. знаходзіцца, размяшчаецца. Жывуць .. [Лявоніха і Сымоніха] побач, пасярод вёскі, хата супроць хаты. Бядуля. Вечарам .. [Міша] з Волечкай сядзелі на лавачцы пад клёнам супраць іх хаты. Мыслівец. Нейкі час .. [Харошка і Салдаценка] стаялі адзін супраць другога і маўчалі. Кавалёў. // Знаходзіцца побач з чым‑н. напісаным. Адзнакі стаяць у графах супраць кожнага прозвішча. □ Апошні ўзнос і подпіс стаяў супроць радка «чэрвень»... Мележ. 196, 291, 214 працэнтаў выканання — такія лічбы заўсёды стаяць супраць прозвішча Блахіна на дошцы паказчыкаў. Грахоўскі.

5. прыназ. з Р. Указвае на асобу, прадмет, з’яву або працэс, насуперак якім што‑н. робіцца, адбываецца. Удод сакоча за кюветам, стракочуць конікі ў траве, а ты [дарога] імчышся супраць ветру насустрач сонцу і Маскве. Звонак. Супраць цячэння не так лёгка плысці! Гурскі. [Волька:] — Падумай [Ларыса], як бы ты асмелілася хаця б сказаць што-небудзь супраць бацькоў, а не тое, што зрабіць. Кулакоўскі. Супраць Сяргея ніхто не галасаваў. Шахавец. [Анісь:] — Супраць гурту нішто на свеце не ўстаіць. Баранавых. // Указвае на напрамак, адваротны нахілу чаго‑н. (ворсу, шэрсці, валасоў). Супроць шарсцінкі пагладзіць.

6. прыназ. з Р. Ужываецца пры ўказанні прадмета, з’явы, асобы і пад., для барацьбы з якімі ці для пазбаўлення ад якіх ужываюцца адпаведныя захады, прымяняюцца якія‑н. сродкі. Прышчэпкі супраць воспы. Мазь супраць камароў і маскітаў. □ Са старонак твора паўстае хвалюючы вобраз магутнага народа, які ўзняўся на рашучую барацьбу супраць заклятага ворага. Дзюбайла. Старыя дзяды самі сваім розумам даходзяць да думкі, што трэба ўзброенае змаганне супроць акупантаў. Колас. // Ужываецца для выражэння нязгоды з чым‑н., пярэчання чаму‑н. Максім Танк актыўна выступаў як супраць натуралізму, так і супраць мадэрнізму буржуазнай літаратуры. Гіст. бел. сав. літ. [Старшыня калгаса:] — Не падумайце благога — я не супраць крытыкі. Быкаў. // Ужываецца для выражэння неадпаведнасці ў чым‑н. Зрабіць супраць сумлення. Дзейнічаць супраць устаноўленых правіл.

7. прыназ. з Р. Ужываецца для ўказання на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што‑н. адбываецца ці павінна адбыцца. [Ведзьма:] — Куды ты [Алёнка], неразумная, едзеш супраць ночы? Якімовіч.

8. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння параўнальных адносін. Рост прадукцыі супраць мінулага года. Вады ў рацэ супраць учарашняга прыбавілася. □ [Вера:] — Учора надоі зменшыліся супраць таго тыдня. Асіпенка. / у іран. супастаўленні. Зух супраць мух. Прымаўка.

9. у знач. вык. Не на карысць каго‑, чаго‑н. Разгарэліся спрэчкі: хто супраць, хто — за. Куляшоў. [Стрэльбы:] — Хто супроць? Аднагалосна. А. Александровіч. / у знач. наз. Узважыўшы ўсё за і супраць, Лабановіч прыйшоў да пераканання, што ён зрабіў добра, не зачапіўшы дзяўчыны. Колас.

•••

Гладзіць супраць шэрсці каго гл. гладзіць.

За і супроць гл. за.

Ісці супраць цячэння гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то 1, злучнік пералічальна-размеркавальны.

1. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў пры пералічэнні падзей, з’яў, прадметаў з папераменным чаргаваннем. У лесе — лістапад. То тут, то там бясшумна падае з дрэў рознакаляровае лісце. Ігнаценка. То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок. Колас. Рупліва чокаюць сякеры, шоргае .. піла, чуваць то смех, то галасы: — Раз, два — узялі! Брыль. Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай, То скокам-бокам, нібы ліст. Лось. [Дзямід:] — Жыццё спяшаецца, толькі паспявай за ім! То адзін прыдумаў нешта новае, то другі здолеў апярэдзіць час... Паслядовіч.

2. Уваходзіць у склад састаўных паўторных пералічальна-размеркавальных злучнікаў: а) «ці то... ці то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем меркавання, развагі. З левага боку ад дзвярэй вісела ці то дыяграма, ці то нейкая схема. Васілёнак. Ці то яшчэ па яве, ці то ўжо ў сне залятала ў душу Андрэя так патрэбная цяпер уцешная мелодыя песні. Пестрак. Ці то воз быў занадта цяжкі, ці то лёд пад вясну аслабеў, але ўся фурманка з кон[ьмі] .. шухнула пад лёд. Корбан; б) «не то... не то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем няпэўнасці, сумнення. Збоку да парома прычэплена не то лодка, не то човен. Парахневіч. — Цікава, з якога атрада? — не то сам сабе, не то Кузьме Міхайлавічу сказаў Злобіч. М. Ткачоў. Сам Іпалітаў быў аднекуль здалёк — не то з Прыбалтыкі, не то з яшчэ далейшых краёў. Паўлаў. Спіць Парфен, галаву кажушком накрыўшы. Не то будзіць яго, не то не будзіць. Лобан.

3. Ужываецца ў складаназалежных сказах у якасці суадноснага слова ўмоўных, часавых, прычынных і супастаўляльных злучнікаў. Каб трошкі спазніліся хлопцы, то ўжо не засталі б лесніка дома. Пальчэўскі. — Калі жыць ды не працаваць, то і жыць не трэба, — казаў мне бацька. Паўлаў. Калі Мікіта ўспамінаў, як вытурыў ён гэтага васпана з хаты, то гордасць яго прымала вялікія памеры. Колас. / У якасці суадноснага слова ў галоўным сказе пры адсутнасці злучніка ў залежным. [Курыльчык:] Ты не хочаш прэміі, то і не бяры .. А мне прэмія вельмі патрэбна, і я ад яе не адмоўлюся. Крапіва. — На склад дык на склад, — усміхаецца сумна Міхась, — не прывык, то прывыкну. Брыль. [Тварыцкі:] — Няма ў нас тут вольнай зямлі. Сказаць праўду, то раней была, але народ падзяліў. Чорны.

•••

А не то (дык) гл. а ​2.

А то гл. а ​2.

Ды і то гл. ды ​1.

І то — а) гл. і ​3; б) злучнік — але, аднак, нягледзячы на. Конь на чатырох нагах — і то спатыкаецца. Прыказка.

то 2, часціца.

Ужываецца ў пачатку сказаў, якія абагульняюць, рэзюміруюць ці тлумачаць тое, аб чым гаварылася раней. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкаецца. То што ж ты ўжо зробіш? Лобан. [Пытляваны:] Аўдоцця Захараўна, мусіць, не ведае, што мы за людзі. То ўжо ты, Іван Міхайлавіч, адрэкамендуй нас. Крапіва. // У значэнні ўказальнага займенніка «гэта». Ой не плакалі ў полі бярозы, Не цвіла над ракою каліна, — То раняла гарачыя слёзы Маладая ўдава Кацярына. Трус. Такіх палян вакол пушчы многа, а гэта асаблівая. То — урочышча Старына. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тон, ‑у, м.

1. Гук пэўнай вышыні, які ўтвараецца перыядычнымі хістаннямі паветра; музычны гук. Нізкі тон. Высокі тон.

2. звычайна мн. (то́ны, ‑аў). Гукі сэрца, яго клапанаў; гук, які ўтвараецца пры выстукванні полых органаў цела чалавека. Смірын вухам прыпаў да потных грудзей нампаліта, намагаўся выслухаць тоны сэрца. Яны выразна чуліся і былі чыстыя. Алешка.

3. Інтэрвал тэмпераванай тамы, што складаецца з двух паўтонаў і прымаецца за адзінку пры вызначэнні рознасці гукаў па іх вышыні. [Ермашоў:] Ідзіце, ідзіце, яшчэ ёсць час. І скажыце, што я дазволіў аркестру ўзяць на два тоны вышэй. Губарэвіч.

4. Тое, што і танальнасць (у 1 знач.). Мажорны тон. Мінорны тон. □ Эх, песні, адвечным песні зямлі! Калі заспяваюць вас на вясёлы, радасны тон? Колас. // перан. (звычайна са словамі: «мажорны», «мінорны»). Эмацыянальная настроенасць, настрой. Мажорны тон вершаў. □ Мінорны тон песні больш чуецца не праз сцяну, а праз адчыненае акно. Дуброўскі.

5. Характар гучання інструмента або голасу. Малы ўзяў дудку. Перш агледзеў. А потым сам, як і Сымон, Паднёс да губ, і, нібы ў заедзі, Пачуўся мяккі яе тон. Колас. // Характар гучання, які надае выканаўца інструменту або голасу. Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь белы, дзед. Купала.

6. Вышыня або сіла гучання голасу чалавека, які гаворыць. — Дагэтуль яшчэ не было выпадкаў, — знізіўшы тон, сказаў дзед. Чарнышэвіч.

7. звычайна каго або які. Характар гучання маўлення, манера гаварэння (або пісьма), якія выражаюць пачуццё гаворачай асобы, адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці душэўнага складу. Афіцыйны тон. Жартаўлівы тон. Адміністрацыйны тон. □ Генерал і Бяссонаў перайшлі на той таварыскі тон, што вельмі лёгка ўстанаўліваецца паміж франтавікамі. Мележ. [Камбрыг] урачыста, тонам камандзіра сказаў: — Добра, Саковіч! Я так і ведаў, што ты не падвядзеш братву. Брыль. — Стой! Не страляй, не трэба! — сказаў .. [Пракоп Адамавіч] тонам загаду. Ляўданскі. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч. // Манера, стыль пісьма, апавядання. Палемічны тон артыкула. □ Сама тэма шырокага паказу жыцця народа абумовіла эпічны тон апавядання. Хромчанка. // Манера, стыль тэатральнай ігры. Глебаўскія персанажы афарбаваны камедыйнымі тонамі.

8. з азначэннем. Характар, стыль паводзін, жыцця. Правілы добрага тону. Трымаць рукі ў кішэнях — адзнака благога тону. // Характар або агульны выгляд чаго‑н. Аркавы пояс з байніцамі падаў нейкі новы асноўны тон усёй арнаментыцыі будынка. Ліс.

9. Колер, афарбоўка, а таксама адценне колеру, якое адрозніваецца ступенню яркасці, насычанасці. Фарбы цёплых тонаў. Светлы тон карціны. Залацістыя тоны восені. □ Люся паспрабавала злічыць, колькі фарбаў у .. [вясёлцы], — і не змагла: адзін тон непрыкметна пераходзіў у другі, трэці. Даніленка.

•••

Задаць тон гл. задаць.

Збавіць тон — тое, што і знізіць тон (гл. знізіць).

Знізіць тон гл. знізіць.

Павысіць тон — тое, што і павысіць голас (гл. павысіць).

Трапіць (патрапіць) у тон гл. трапіць.

У тон (пад тон) — а) аб гармоніі колераў, адценняў колеру. Светлы, добра скроены пінжак. Чыстая, адпрасаваная сарочка. У тон да іх удала падабраны гальштук. Сабалеўскі; б) у тым жа духу, стылі. Мэбля пад тон архітэктуры; в) з тым жа настроем, з той жа інтанацыяй (гаварыць, сказаць і пад.). — Што ў вас, вяселле, ці што? — падладжваючыся пад вясёлы тон гасцей, спыталася .. [Валя Ягадка]. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бляск, ‑у, м.

1. Яркае, асляпляльнае святло; водбліск. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў і залівала асляпляючым бляскам увесь свет. Колас. Люблю раку за рух няспынны, А зоры — за іх вечны бляск. Прануза. Ад снежнага бляску мроілася ў вачах. М. Стральцоў. // Святло, якое адбіваецца на чым‑н. Палазы шліфуюць дарогу да бляску шкла. Бядуля. Белы вясёлы бляск цынкавага даху заўсёды радаваў вока. Мележ. Грыша глядзеў на панскія хромавыя боты, начышчаныя да бляску. Пальчэўскі.

2. Святло ў вачах як выражэнне ўнутранага стану. Пацямнеў свавольны бляск вачэй. Звонак. Кірыла Пракопавіч зноў падхапіўся, задумаўся... У яго сіняватых, незвычайна жвавых вачах столькі бляску! Кухараў. Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск. Шчарбатаў.

3. перан. Раскоша, багацце; усё, што ёсць лепшага. Фальварак пана Чарнецкага ніколі не бачыў такога бляску, не чуў такой музыкі, не меў такой радасці, як у гэты вечар. Бядуля. У чыстай палавіне [хаты] сабраны ўвесь бляск Гвардыянавага багацця і культуры. Зарэцкі. // Глянец на чым‑н. І спяшае кожны бляск навесці Перад тым, як стаць у строй. Пысін. // Знешняя бліскучасць, знешні глянец. [Вольга:] — Вы [Выхвалінскі] усё каб для вока было, стараецеся. Усё на вонкавы бляск глядзіце. Краўчанка. Але ў ім [Сцяпане] бляску нестае — Ён нейкі непрыкметны муж, звычайны. Корбан.

4. перан. Пра яркае выяўленне чаго‑н. Бляск таленту, розуму. □ «Палескія аповесці» — першы буйны празаічны твор, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла беларуская мова. Навуменка.

•••

З бляскам — вельмі добра, выдатна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гусці́, гуду, гудзеш, гудзе; гудзём, гудзяце, гудуць; пр. гуў, гула, ‑ло; заг. гудзі; незак.

1. Утвараць роўны, густы, працяжны гук, гул. Усю ноч гула за вёскай малатарня. Брыль. Маторы гулі роўна, манатонна, штурмуючы тоўшчу воблакаў. Новікаў. // Завываць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Не змаўкаючы, гула завіруха. Мележ. Часам вецер наганяў хмары, і тады гула мяцеліца. Арабей. // Звінець крыламі (пра пчалу, чмяля і пад.). Гудуць, бзыкаюць, перавальваючыся з гронкі на гронку грэчкавага цвету, пчолы. Ермаловіч. // безас. Пра адчуванне шуму, гулу. Галава хілілася да стала, нібы налітая свінцом. У вушах цяжка гуло. Лынькоў. // Поўніцца мноствам галасоў. Школа, паўнютка набітая людзьмі, гула, як пчольнік. Сабаленка. А клуб аж гудзе, — у ім столькі людзей, Спраўляе свой слаўны Ігнат юбілей. Хведаровіч. // Манатонна гаварыць, расказваць. [Салдат] гуў сабе пад нос павольна, з одумам, слова за словам. Чорны. // Крыкам, галасамі выказваць не задавальненне (пра ўсіх, многіх). Мікуцічане гудуць. Выплываюць розныя крыўды, непаразуменні, успамінаюцца старыя прарэхі сялянскага жыцця, аб грэблі перастаюць зусім гаварыць. Колас. // перан. Пашырацца, распаўсюджвацца. Вялікая, радасная вестка гула, перакатвалася. М. Ткачоў. // перан. Бурна працякаць, інтэнсіўна праяўляцца. Работа ў калгасе кіпіць і гудзе. // перан. Хутка, спорна расці. Гудзе, буяе ў садзе квецень У звонкім ззянні кропель-рос. Кляўко.

2. Утвараць працяжны, рэзкі гук (пра сігнал, гудок). Гудзе завадскі гудок. □ Гулі паравозы, вішчалі тармазы, ляпалі прылады аўтасчэпкі. Васілёнак.

3. Разм. Бесперапынна ныць, ламаць (пра болі ў касцях, у целе). Рука ў лубках гудзе надаедлівым болем. Брыль. Скроні гулі і балелі. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дане́сці 1, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак., каго-што.

Несучы, даставіць да якога‑н. месца. Данесці рэчы да вагона. □ Жанчына спяшалася, як мага, каб хутчэй данесці да хаты маленькае дзіця. Лынькоў. Язэп так і не данёс лыжку да рота. Зацірка разлілася. Асіпенка. // Перамясціўшы, наблізіўшы, зрабіць чутным (гукі, пах і пад.). З вёскі вецер данёс галасы людзей, якія выходзілі з клуба. Сіняўскі. Пах смалісты ад Слуцка і Мінска Ўслед за намі данеслі вятры. Прыходзька. // Захаваць, зберагчы ў сабе да пэўнага часу. Летапісы, што данеслі да нас праз вякі каштоўныя звесткі аб мінулых днях нашай зямлі, неаднаразова успамінаюць пра.. [Полацк] і яго князёў. Штыхаў. Іржанне коней, стогн зямлі, Нямая стоенасць рыданняў... Чаму да сённяшніх світанняў Мы гэта ў сэрцах даняслі? Гаўрусёў. // перан. Давесці да свядомасці, зрабіць даступным, зразумелым. Вялікая справа — умець данесці да народа бальшавіцкую праўду. Шамякін. Паэтычнае слова дапамагала пісьменніку данесці да чытача сваё захапленне жыццём. Адамовіч.

дане́сці 2, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. данёс, ‑несла; зак.

1. Далажыць, паведаміць; зрабіць данясенне. 14 снежня 1905 года мінскі паліцмайстар данёс губернатару, што па Губернатарскай вуліцы выкрыта тайная друкарня. «ЛіМ». Разведка Бумажкова данесла, што, не даходзячы да ракі, танкі перагрупіроўваюцца. Чорны.

2. на каго і без дап. Зрабіць данос, тайна паведаміць. І не выходзіла з галавы думка: няўжо Васіль дапусціўся да таго, што данёс польскай паліцыі на Мартына? Колас. Паўлюкоўскі шчасліва дабраўся да сваіх Ініцаў, але нехта данёс, што былы чырвоны афіцэр тайком вярнуўся дамоў з Саветаў. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рвацца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; зак.

1. Вызваліцца ад таго, што ўтрымлівае. — Во дзівак! — Віцька ўхапіўся за маю руку, трымаў моцна, мабыць, баяўся, што я вырвуся і ўцяку. Асіпенка. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца непрымацаваным. У Валі зноў гузік у сукенцы вырваўся. Васілевіч.

2. Вызваліцца, пазбавіцца ад якога‑н. уціску, прыгнёту, абмежавання, уплыву. Не было на чым вельмі разгарнуцца, але рада была Аўдоля, што хоць з гэтага пекла вырвалася: «Сама сабе гаспадыня, што захачу, зраблю». Крапіва. Андрэй з начальнікам штаба і камандзірамі атрадаў павольна ішоў між стромкіх, светлабокіх соснаў і аглядваў тых, каму ўдалося вырвацца з блакады. Кулакоўскі. // Пакінуць што‑н., выйсці адкуль‑н. Вырвацца з дому. □ Памерці, вядома, .. [Цярэміна] не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю. Быкаў.

3. Апынуцца, аказацца далёка наперадзе. Калі не зловяць нас [салдат] сёння, то за ноч мы вырвемся далёка. С. Александровіч. // Апярэдзіць каго‑н. у спаборніцтве. Валілі лес, тралявалі на конях. Не лепш і не горш за іншых. Ілля ж адразу вырваўся наперад. Мяжэвіч.

4. Імгненна з’явіцца, выйсці на паверхню, з сілай прарвацца. Выбух. У цемру вырваўся сноп яркага святла. Шамякін. З брандспойта вырваўся моцны струмень вады. Васілёнак. // Паказацца нечакана адкуль‑н. З-за крайняй хаты раптам вырвалася парка коней. Асіпенка. // Міжвольна вылецець (пра словы, гукі і пад.). Сцёпку самому падабаліся гэтыя словы, і самае важнае тут тое, што вырваліся яны самі сабою, не надумана. Колас. — Ты [Малашкін] не поп, каб я табе спавядаўся, — вырвалася ўрэшце ў Чухноўскага. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)