ды 1, злучнік.

I. спалучальны.

1. Ужываецца для сувязі аднародных у сэнсавых адносінах членаў сказа і сказаў; адпавядае па значэнню злучніку «і». Пад вяслом і шастом ласкава плёхала ды булькала вада. Брыль. І паплыло сялянства з коньмі, каровамі і ўсімі сваімі пажыткамі ў лес ды на балота хавацца ад панскага бізуна, ад кулі жандара. Чарот. // Злучае паўторныя словы і ўтварае спалучэнні са значэннем працягласці або паўторнасці дзеяння. А дождж ідзе ды ідзе.

2. Ужываецца для сувязі паслядоўных паведамленняў, звязаных адзінствам накіраванасці дзеяння. Дома выпілі [Толя з Міхасём] па кубку малака з хлебам ды падаліся на вышкі. Якімовіч. Лабановіч зрываецца з месца, бярэ паперу і прылады пісьма ды прысядае да Аксёна. Колас.

II. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; блізкі па значэнню да злучнікаў «але», «аднак». Навальніца насоўвалася павольна, ды.. настырна. Колас. Локцям рабілася свежа ад зямлі, ды Толя гэтага не заўважаў. Брыль. І заскрыпелі тут і там Смычкі тугой дажджлівай шэрай, Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць. Танк. // У гэтым жа значэнні ужываецца для сувязі процілеглых членаў сказа і сказаў з абмежавальным адценнем. Сады маладыя Вайна пакасіла, Ды толькі не скосіць Народную сілу. Бялевіч. Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца. Шамякін. // Супроцьпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму або адзін з членаў сказа другому з уступальным злучнікам «хоць». Хоць рэдка, ды метка. Прыказка. // У спалучэнні са злучнікам «затое» ужываецца пры замяшчальным проціпастаўленні. І сілу яна мела як у таго камара... Ды затое была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем і значэннем неадпаведнасці. Стагналі людзі ў цёмных мурах, Ды не спынялі барацьбы І не згіналіся пад бурай, Як векавечныя дубы. Колас.

III. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія дапаўняюць, паясняюць ці падагульняюць выказаную раней думку. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва. Калгаснікі стараліся ўправіцца з лепшай бульбай ды якая бліжэй к дому, а ўчастак пад ляском чакаў сваёй чаргі. Кулакоўскі. / У спалучэнні са злучнікам «і», які ўзмацняе далучальную сувязь. Падступіцца да гарэўшых цыстэрнаў не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна. Лынькоў. Усюды панаваў нейкі ўрачысты святочны настрой. Ды і было чаго: ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. Асіпенка. / У спалучэнні з прыслоўямі і займеннікамі «так», «калі (яшчэ)», «які», «такі», што ўзмацняюць далучальную сувязь. І зноў пачынае [Платон] распісваць кубанскія станы, уборку пшаніцы, ды так, што сапраўды заслухаешся. Шамякін. Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае. Чарот. // Далучае члены сказа і сказы, якія носяць характар дадатковага паведамлення (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі «яшчэ», «прытым»). — Новы брыгадзір пайшоў па сцежцы старога, ды яшчэ, бадай, апярэдзіў яго ў некаторых справах. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры нечаканых пераходах да другіх падзей, якія завяршаюць папярэднія выказванні. Рвануўся Цімох з усіх сіл Ды далей ад страшнае хвоі! Колас. Біўся, біўся ды з сілы выбіўся. Крапіва.

3. Далучае пры пералічэнні члены сказа з супраціўна-ўзмацняльным значэннем. Панізіўшы голас, шэптам сказаў дзед з узрушэннем: — У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны [акупанты] тут гаспадараць. Колас.

•••

Ды і то (дый то) — далучае члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем. Слых мой толькі праз момант ловіць музыку ціхага шуму лісця, ды і то мне спачатку здаецца, што гэта ўсё яшчэ шуміць у галаве. Брыль.

Ды і толькі (дый толькі) — нічога іншага, акрамя гэтага. Плача без канца, ды і толькі.

ды 2, часціца, узмацняльная.

Ужываецца ў пачатку сказа для ўзмацнення выразнасці выказвання. Ды мы даўно падрыхтаваліся! Ды што з вамі гаварыць! Ды хто ты такі? // У сярэдзіне сказа перад выказнікам ці групай выказніка ўзмацняе іх значэнне. — Не бядуй, што-небудзь ды прыдумаем, і ўсё бу дзе добра. Гартны. Э, дзе-небудзь ды знайдзем і баравік. Колас. // Пры загадным ладзе служыць для выражэння настойлівай просьбы, пажадання. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч. — Валодзька! — крыкнуў я. — Ды годзе ўжо табе. Не чапайце, не трэба! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзень, дня; Р мн. дзён; м.

1. Частка сутак, час ад усходу да заходу сонца, ад раніцы да вечара. Ціхія ясныя дні, пасля дажджоў, палалі сонцам. Чорны. Ад лагера да Кромані.. не больш дваццаці кіламетраў, аднак на гэты пераход быў затрачаны доўгі летні дзень. Брыль. // Дзённае святло. [Маці] устала да дня, напякла бліноў ды прылегла адпачыць. Ваданосаў. — Уцякай жа за пагодай, Донька маладая, Покі дзень засвеціць ясны, Покі сіл хапае! Купала.

2. Суткі, прамежак часу ў 24 гадзіны. У тыдні сем дзён. □ Ужо колькі дзён, як ціхімі вечарамі глуха гудзе зямля, і гэты гул нарастае штодня. Лынькоў. // Прамежак часу ў сутках або цэлыя суткі, прысвечаныя пэўнаму роду заняткаў, дзейнасці. Дзень адпачынку. Святочны дзень. Кірмашовы дзень. Прыемны дзень.

3. Дакладна вызначаны тэрмін, дата, прысвечаная якой‑н. падзеі, святкаванню чаго‑н. Дзень Канстытуцыі. Міжнародны жаночы дзень. □ У той вечар яны адзначалі дзень нараджэння аднаго з таварышаў; у брыгадзе з’явілася і такая традыцыя — калектыўна адзначаць дні нараджэння. Лось.

4. толькі мн. (дні́, дзён). Пэўны час, перыяд жыцця. Дні дзяцінства. □ Апошнія канікулы былі самымі шчаслівымі, светлымі днямі жыцця. Шамякін. Дні прайшлі, На галаву апалі Замаразкі першай сівізны. Панчанка.

•••

Дзень адкрытых дзвярэй — дзень вольнага доступу (з мэтай азнаямлення з прадпрыемствам, навучальнай установай і г. д.).

Павестка дня гл. павестка.

Палярны дзень — частка года за палярным кругам, на працягу якой сонца не заходзіць.

Парадак дня гл. парадак.

Посны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі нельга есці скаромнае.

Рабочы (працоўны) дзень — пэўная колькасць часу, прызначаная для работы, службы.

Разгрузачны дзень — дзень з аблегчанай дыэтай, які назначаецца для асоб, схільных да паўнаты.

Санітарны дзень — дзень, у які праводзіцца санітарны агляд службовага памяшкання.

Светлавы дзень — частка сутак, на працягу якой свеціць сонца.

Скаромны дзень — дзень, у які згодна з царкоўнымі законамі дазваляецца есці малочную і мясную ежу.

Абы дзень да вечара — абы-як, не выяўляючы старання, зацікаўленасці да работы, да жыцця.

Белым днём — удзень, днём.

Грош цана (у базарны дзень) гл. цана.

Гэтымі днямі; на гэтых днях — некалькі дзён таму назад або праз некалькі наступных дзён.

Да канца дзён (сваіх) гл. канец.

Дзень ада дня — а) з кожным днём, паступова. — Дык вот я нешта не бачу, каб дзень ада дня лепш рабілася, — падцвяліў Конан. Лобан; б) штодзень, кожны дзень. Ты гары, ты рвіся дзень ада дня, з цямна да цямна, а ёй — хоць бы што! Мележ.

Дзень добры!; Добры дзень! — прывітальны зварот пры сустрэчы раніцай або днём.

Дзень за днёмз кожным днём, паступова.

Дзень і ноч — увесь час, пастаянна, бесперапынна.

Дзень у дзень; дзень пры дні — штодзень, кожны дзень.

Дні злічаны чые — мала засталося жыць каму‑н.

Жыць сягонняшнім днём гл. жыць.

Заглянуць у заўтрашні дзень гл. заглянуць.

Заднім днём — больш раннім, чым было на самой справе.

Заўтрашні дзень — недалёкай будучыня; тое, што будзе.

З дня на дзень — а) у бліжэйшыя дні (чакаць каго‑, чаго‑н. і пад.). З дня на дзень чакаўся прыезд меліяратараў. Дуброўскі; б) увесь час, з аднаго дня на другі (адкладваць і пад.). [Ганна] збіралася з дня на дзень паўтарыць паездку, ды... усё не магла сабрацца. Гартны; в) з кожным днём, паступова.

З дня ў дзень — а) кожны дзень, некалькі дзён запар. Над полем, над дарогаю — з дня ў дзень пяшчотная сонечнасць. Мележ; б) з кожным днём, паступова. З дня ў дзень губляла блакітную празрыстасць неба. Краўчанка.

Злоба дня гл. злоба.

Кожны божы дзень — штодзённа.

Лічаныя дні — мала часу; нядоўга.

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

На злобу дня гл. злоба.

На схіле дзён гл. схіл.

Не па днях, а па гадзінах гл. гадзіна.

Судны дзень — а) паводле рэлігійных уяўленняў, дзень «страшнага» суда, дзень канца свету; б) час расплаты за злачынствы. Судны дзень набліжаецца. З хмары хутка грозных маланак штыкі Па варожых галовах удараць. Куляшоў.

Сярод белага дня — удзень, днём.

Учарашні дзень — былое, мінулае.

Чорны дзень — перыяд нястачы, беднасці ў жыцці; цяжкая часіна.

Чуць дзень — вельмі рана, як толькі пачало світаць.

Як дзень белы — увесь дзень, цэлы дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кроў, крыві, Т кроўю і крывёй, ж.

1. Чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма, жывіць яго клеткі і забяспечвае абмен рэчываў. Артэрыяльная кроў. Венозная кроў. Рух крыві.

2. перан. Блізкае кроўнае сваяцтва. Адной крыві. □ — У Марысі Антосева кроў. Бажко. // Блізкі сваяк. У глыбіні душы варухнулася ў Сіпака нешта падобнае на крупінку жалю да чалавека: што тут ні кажы, а ўсё ж свая кроў... Лынькоў.

3. Парода жывёлы. Бульдог чыстай крыві. // Пра род, паходжанне людзей. Мадам Гамрэкелі сказала, што ў Сімонавых паводзінах адразу відаць несамавітасць ягонага роду, не[высака]роднасць крыві. Самуйлёнак.

4. перан. Забойства, кровапраліцце. [Дзед Бадыль:] Народ не вытрымае, з голымі рукамі кінецца на гарматы і кулямёты. Крыві шмат будзе. Крапіва.

5. перан.; якая. Тэмперамент, характар. Гарачая кроў. Маладая кроў.

•••

Сумяшчальнасць крыві гл. сумяшчальнасць.

Гарачая кроў — пра страснага, тэмпераментнага чалавека.

Да апошняй каплі крыві гл. капля.

Кроў гаворыць (загаварыла) у кім — аб праяўленні чаго‑н., уласцівага роду, нацыі і пад.

Кроў за кроў — помсціць забойствам за забойства.

Кроў з малаком — пра дужага прыгожага чалавека з румяным свежым тварам.

Кроў іграе (кіпіць) — пра багацце жыццёвых сіл, энергіі.

Кроў кінулася (хлынула) у галаву каму — хто‑н. моцна ўсхваляваўся, узрушыўся.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) — пра пачуццё жаху, моцнага перапуду.

Кроў ударыла ў твар каму — хто‑н. пачырванеў ад збянтэжанасці, сораму, непрыемнасці і пад.

Кроўю сэрца (кніжн.) — з глыбокім пачуццём і перакананнем, з вялікімі мукамі (пісаць, тварыць што‑н.).

Купацца ў крыві гл. купацца.

Ліць (праліць) кроў гл. ліць.

Льецца (праліваецца) кроў чыя, якая — пра вялікія ахвяры, масавае забойства людзей (звычайна ў час вайны).

Наліцца кроўю гл. напіцца.

Напіцца (насмактацца) крыві гл. напіцца.

Патапіць у крыві гл. патапіць.

Піць (смактаць, ссаць) кроў гл. піць.

Плоць ад плоці, кроў ад крыві гл. плоць.

Плоць і кроў каго, чыя гл. плоць.

Потам і кроўю гл. пот.

Псаваць кроў каму гл. псаваць.

Псаваць сабе кроў гл. псаваць.

Сысці кроўю гл. сысці.

Сэрца кроўю абліваецца гл. сэрца.

Умыцца кроўю гл. умыцца.

(Хоць) кроў з носа — нягледзячы ні на якія цяжкасці, перашкоды (зрабіць што‑н., дамагчыся чаго‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Стварыць трэск. Моцна трэснула сухая галінка і зашасталі хваёвыя лапкі .. З хвойніку выходзіў невысокі чалавек у доўгім новым шынялі. Крапіва. // Гулка раздацца (пра гукі выбухаў, выстралаў, удараў і пад.). Калона ўжо мінула царкву, калі са званіцы трэснулі стрэлы. Хомчанка. У кутку рынку, зусім побач, бахнулі пісталетныя стрэлы. Потым каротка трэснула аўтаматная чарга і абарвалася, бы захліпнулася. Савіцкі. Хмара раскалолася і так трэснуў пярун, што аж зямля закалацілася. Сабаленка. / у безас. ужыв. Паблізу моцна трэснула. Тугая хваля паветра шуганула над галовамі. М. Ткачоў.

2. З трэскам раскалоцца, разламацца, утварыць трэшчыну. Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. З шумам трэснула камера пярэдняга кола, матацыкл рэзка закінула, і Мікола ледзь не зваліўся ў кювет. Краўчанка. Слуп з майго боку трэснуў ад гарачыні, трэшчына была ўжо даволі глыбокая. Васілёнак. // З трэскам парвацца, разарвацца. Расшпіліла [Назарыха] гузікі на кофце, у спешцы так тузанула нацельны крыжык, што шнурок трэснуў, а зеленаваты кавалачак медзі застаўся ў руцэ. Ат, некалі з ім важдацца. Б. Стральцоў. / у перан. ужыв. Гнілыя ніткі, якія даўней маглі б крыху яшчэ трымаць Рыгораву сям’ю, трэснулі. Чорны. / Пра губы, скуру і пад. [Мірончык:] — Або вось прыходзіць чалавек, кажа: «Доктар, у мяне ўжо даўно трэснула губа і ніяк не зажывае». Карпюк. // перан. Даць трэшчыну, сапсавацца. У нашым калектыве, заўсёды здаровым, недзе нешта трэснула. Ермаловіч. І вось сёння штосьці перайначылася, штосьці трэснула ў душы. Асіпенка.

3. каго-што, каму і без дап. Разм. Моцна стукнуць, ударыць. Перш-наперш трэснуў .. [пан] кулаком фурману ў спіну, вылаяўся на ўсё балота і пусціў у ход усю машыну. Колас. Рагочучы,.. [Васіль] злавіў хлопчыка, і пакуль малы вырываўся, старэйшы салтысёнак, Павел, падбег і трэснуў яму кіем па галаве. Брыль.

•••

Трэснуць ад злосці (зайздрасці) — тое, што і лопнуць ад злое ці (зайздрасці) (гл. лопнуць).

Хоць трэсні — пра дарэмныя намаганні, старанні. А ў крэсле тым — Я зімнім днём і веснім, А песні туга пішуцца, Хоць трэсні, — Ці я Пегаса Слаба закілзаў?! Скурко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

час, ‑у, м.

1. Працягласць існавання ўсіх з’яў рэчаіснасць якая вымяраецца вякамі, гадамі, гадзінамі, мінутамі і пад. Час не стаіць і не чакае. Колас. Празрыста-быстраю ракой плыву, І хвалям у затоку не аднесці, Хоць час пасыпаў снегам галаву, І мне яго не змесці, не атрэсці. Пушча. // Мера працягласці ўсяго, што існуе ці адбываецца. Сонечны час. Зорны час. Сярэдні сутачны час. □ Было адзінаццаць гадзін ночы па маскоўскаму часу. Шамякін. // Паслядоўная змена мінут, гадзін, дзён і пад. У марах ды ў гаворцы час бяжыць хутка, і мужчыны не заўважылі, як апынуліся перад ганкам перасяленцкага пункта. Пальчэўскі.

2. Больш-менш пэўны прамежак у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад., у які што‑н. адбываецца. Траціць час. Бавіць час. □ За час сваёй доўгай хваробы .. [Марылька] навучылася вось так ляжаць, глядзець і думаць... Брыль. [Пніцкі:] Цяпер жыву, работы хапае.. А пасля не тое яшчэ будзе. Дай ты адно нам час умацавацца. Чорны. // Пара года, месяца, дня і пад. Ранні час. □ Бывала ў восеньскі час, пасучы статак, Андрэй не раз прыходзіў слухаць гэты гоман [дубоў]. Дуброўскі. Добра пасядзець тут [ля доміка] летнім вячэрнім часам, калі паціху згасаюць размаітыя фарбы дня. Навуменка. // Вольныя ад асноўнага занятку гадзіны, дні, якія можна прысвяціць якой‑н. іншай справе. Дырэктар сустрэў суддзю стрымана. — Няма мне часу па рыбалках ездзіць. План трэба выконваць. Капусцін. Нялёгка Леніну было ў тыя дні. Але і тады Уладзімір Ільіч знаходзіў час, каб з выключнай любоўю аднесціся да людзей, дапамагчы ім. Мяжэвіч.

3. Нейкі пэўны момант у паслядоўнай змене гадзін, дзён, гадоў і пад. Назначыць дакладны час сходу. □ У гэты ж час хрыпла і прыдушана закукавала зязюля... Нікановіч. // Адпаведны момант, спрыяльная пара для якіх‑н. дзеянняў, для разгортвання чыёй‑н. дзейнасці. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам і падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час, божкаў, каб пратрымалася надвор’е. Мележ. // у знач. вык. Наступіла пара. Час класціся спаць. Час збіраць ураджай. □ Час быў выходзіць. А чалавек усё стаяў і глядзеў. Шыцік. [Дзед:] — Час нам ісці, відаць, там і чаканкі ўсе даўно хлопцы паелі, нас з табой чакаючы... Лынькоў.

4. Перыяд, эпоха, пэўная колькасць гадоў у жыцці чалавецтва, дзяржавы, народа і пад. Каржакевіч быў досыць папулярны яшчэ з дарэвалюцыйнага часу. Крапіва. Меркаванне, што вінавата ў гэтым яе становішча, здавалася Лёдзі дзікім: хіба можа быць такое ў наш час. Карпаў.

5. У філасофіі — усеагульная аб’ектыўная форма існавання матэрыі, якая праяўляецца ў працягласці і паслядоўнасці, неад’емна ад руху. У свеце няма нічога, апрача рухаючайся матэрыі, і рухаючаяся матэрыя не можа рухацца інакш, як у прасторы і ў часе. Ленін.

6. У лінгвістыцы — форма дзеяслова, якая выражае адносіны дзеяння або стану да моманту гаворкі або да якога‑н. іншага моманту. Прошлы час. Цяперашні час. Будучы час.

•••

Даўномінулы час — асобая форма дзеяслова прошлага часу ў некаторых мовах, якая абазначае дзеянне, што адбылося (адбывалася) раней другога дзеяння прошлага часу.

Дэкрэтны час — паясны час, пераведзены для тэрыторыі СССР на адну гадзіну ўперад.

Каменданцкі час — забарона без асобага дазволу з’яўляцца на вуліцах населенага пункта ў пэўны час пры аб’яўленні ваеннага або асаднага становішча.

Машынны час — час, за які выконваецца работа ці вытворчая аперацыя машынай або механізмам.

Мясцовы час — час, які ўстанаўліваецца для пэўнага геаграфічнага пояса, раёна, для пэўнай мясцовасці.

Адзін час — на працягу нейкага часу; некалі, даўней.

Ад часу да часу; час ад часу — калі-нікалі, зрэдку.

Апошні час — незадоўга да цяперашняга моманту.

Без часу — заўчасна, не пражыўшы адведзены час.

Благі час — нядобры час, ліхая гадзіна.

Выйграць час гл. выйграць.

Да пары да часу гл. пара́.

Да часу — а) раней тэрміну. — Мы скончылі ўжо, — растлумачыў .. [Міхась]. — Скончылі да часу і цяпер прыбіраем кожны сваё. Скрыган; б) часова. Зрабілі некалькі брыгад: абсталяваць хоць да часу будоўлю пад .. жывёлу. Чорны.

Засячы час гл. засячы.

З цягам часу гл. цяг ​1.

З часам — у будучым, некалі.

Каліф на час гл. каліф.

На першы час — для пачатку чаго‑н.

На скорым часе — неўзабаве, хутка.

На той час — некалі, у мінулым, раней.

На часах — на апошнім месяцы цяжарнасці (пра жанчыну).

Пад час — калі-нікалі, зрэдку.

Па часе — пасля таго, як ужо што‑н. здарылася.

Самы час — іменна такі, які патрэбна, пара.

Сімвал часу гл. сімвал.

Судны час — тое, што і судны дзень (гл. дзень).

Тым часам — адначасова з гэтым, у той самы момант. Тым часам ля ракі ўзнялася, зноў страляніна. Лынькоў.

Увесь час — пастаянна, бесперастанку.

У добры час — пажаданне поспеху, удачы каму‑н.

У свой час — а) некалі, калісьці, раней, у мінулым. І ліпы ўздоўж нашай вуліцы пасадзіў у свой час таксама адзін з паноў Стахоўскіх, — тлумачыць стары краязнаўца. В. Вольскі; б) своечасова, калі ў чым‑н. будзе патрэба, неабходнасць. — Усё ў свой час. Рабіць так, як дамовіліся, — сказаў Хукін. Алешка.

У хуткім часе — хутка, неўзабаве, у блізкай будучыні.

У час — своечасова, у патрэбны момант.

Час б’е чый або каго-чаго — а) падыходзіць, набліжаецца канец; б) падыходзіць час што‑н. рабіць.

Час не трывае (не чакае) — нельга далей адкладваць, трэба спяшацца з выкананнем чаго‑н.

Час прабіў — прыйшла, настала пара для чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інфарма́цыя, ‑і, ж.

1. Тое, што і інфармаванне.

2. Паведамленне аб становішчы спраў у якой‑н. галіне, аб чыёй‑н. дзейнасці і пад.; звесткі аб чым‑н. Атрымаць інфармацыю. Бюро тэхнічнай інфармацыі. Палітычная інфармацыя. □ Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас. Неўзабаве Юзік меў ад Аннушкі і Каліны поўную інфармацыю аб камендатуры. Няхай. // Артыкул, нататка інфармацыйнага характару. Апублікаваць інфармацыю з месц. □ Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я. Арабей.

3. Сукупнасць якіх‑н. звестак, ведаў. Паток інфармацыі.

4. Звесткі, сігналы аб навакольным свеце, якія ўспрымаюць арганізмы ў працэсе жыццядзейнасці. Інфармацыя праз органы пачуццяў перадаецца ў мозг.

5. Звесткі, якія з’яўляюцца аб’ектам захоўвання, перадачы і перапрацоўкі. [Назвы паселішчаў] з далёкага мінулага нясуць нам інфармацыю пра нашых продкаў, пра ўклад народнага жыцця. «Маладосць».

6. Сукупнасць колькасных даных, выражаных пры дапамозе лічбаў, крывых або графіка, якая выкарыстоўваецца ў зборы і апрацоўцы якіх‑н. звестак. Даныя тэлеметрычнай інфармацыі. З борта штучнага спадарожніка Зямлі наступае навукова-тэхнічная інфармацыя.

7. У біялогіі — сукупнасць хімічна закадзіраваных сігналаў, якія перадаюцца ад аднаго жывога аб’екта другому (ад бацькоў патомкам) або ад адных клетак, тканак, органаў другім у працэсе развіцця арганізма.

•••

Тэорыя інфармацыі гл. тэорыя.

[Ад лац. informatio — растлумачванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. што. Аддзяліць частку чаго‑н. рэжучым інструментам. Выняўшы свежую, дамашняй выпечкі, буханку хлеба, [цётка] адрэзала акраец. Скрыпка. Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж. Прыказка.

2. што. Аддзяліць частку зямельнага ўчастка. [Якуб] не раз абводзіў вачыма раўніну Жагулавага поля, абкружанага з усіх бакоў высокай сцяной бору, і стараўся ўгадаць, з якога боку адрэжуць у Жагулы лішні кусок зямлі, дзе давядзецца Якубу забудавацца. Крапіва. Карычанцы прыйшлі, каб ім панскай зямлі адрэзалі па кавалку. Скрыган.

3. што, ад чаго што. Аддзяліць, разлучыць, пазбавіўшы зносін, сувязі з кім‑, чым‑н. Адрэзаць авангард ад галоўных сіл.

4. што. Перагарадзіць (дарогу, праход і пад.). Трэба было хутчэй дапаўзці да лесу, пакуль браневікі не адрэзалі нам дарогу. Карпюк. Матка развязвае матузы ад фартуха, становячыся бліжэй да дзвярэй, каб адрэзаць Міколку ўсякія шляхі да адступлення. Лынькоў. // Зрабіць немагчымым дасягненне якой‑н. мэты. Некалькі разоў парываўся [Іван] вярнуцца .. назад дадому, але жонка адрэзала ўсе шляхі да гэтага звароту: перасварылася з усім калгасам. Васілевіч.

5. без дап. Разм. Рэзка і ў катэгарычнай форме сказаць, заявіць. [Камендант:] — Кідай зброю!.. — І не падумаю, — адрэзала Юзя. Бажко. — Мне з вамі няма аб чым гаварыць, — адрэзала Ніна і пакінула Гаркуна пасярод хаты. Гроднеў.

•••

Як (нажом) адрэзаць — катэгарычна (сказаць), рашуча прыпыніць якое‑н. дзеянне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пляцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

1. Роўнае месца на зямлі, прыгоднае або падрыхтаванае для якіх‑н. мэт. Некалькі дзяўчат зносілі ў кучы жалезнае ламачча, расчышчалі пляцоўку, мужчыны заканчвалі крыць павець. Хадкевіч. Пасадачную пляцоўку рыхтавалі ў раёне Межаў, кіламетраў за дваццаць ад Ласінага вострава. Шамякін. // Месца, падрыхтаванае для якіх‑н. работ. На будаўнічых пляцоўках.. [карэспандэнт] пачуў размовы пра зарачанскі калгас, на зямлі якога будавалася станцыя, і вырашыў яго наведаць. Шахавец. Пляцоўка была гатова для здачы пад мантаж, перад вачыма вырысоўваліся абрысы падмурка, які павінен трымаць такую грамадзіну. Хадкевіч.

2. Роўнае вольнае месца ў якім‑н. збудаванні паміж двума лесвічнымі маршамі. Лёнік грукнуў дзвярыма і выскачыў на лесвічную пляцоўку. Васілёнак.

3. Пярэдняя або задняя частка вагона, звычайна без месц для сядзення. Сідарук выйшаў на пляцоўку вагона і, як толькі цягнік на раз’ездзе крыху сцішыў рух, скокнуў у мяккі снег. Галавач. І толькі трамвай спыніўся, .. [Рыгор] спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Гартны.

4. Тое, што і платформе (у 2 знач.). [Сярго:] Вагоны скора будуць: Я сёння з Оршы выслаў тры пляцоўкі. Глебка. Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Шамякін.

•••

Дзіцячая пляцоўка — сезонная выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рпус, ‑а; мн. ко́рпусы, ‑аў і карпусы́ (з ліч. 2, 3, 4 ко́рпусы), карпусо́ў; м.

1. мн. ко́рпусы, ‑аў. Тулава чалавека або жывёліны. Валерый павярнуўся ўсім корпусам да Аляксея.. і кіўнуў галавой. Даніленка.

2. мн. карпусы́, ‑о́ў. Аснова, каркас механізмаў, апаратаў, прыбораў і пад. Гадзіннікавы корпус. Корпус апарата. Корпус гранаты.

3. мн. карпусы́, ‑о́ў. Каркас судна з усёй знешняй абшыўкай. Буксір ужо стаяў каля берага адзін, без баржаў, і яго корпус адлюстроўваўся ў ціхай вечаровай вадзе вялізнай чорнай плямай. Краўчанка.

4. мн. карпусы́, ‑о́ў. Асобны будынак на агульнай пляцоўцы. І вось завод з яго карпусамі — галоўным, вапнавым, механічным, са складамі гатовай прадукцыі. Скрыган. // Ізаляваная частка вялікага будынка. Левы корпус.

5. мн. карпусы́, ‑о́ў. Вайсковае злучэнне, якое складаецца з некалькіх дывізій. Гвардзейскі корпус. Стралковы корпус. Камандаваць корпусам.

6. мн. карпусы́, ‑о́ў. Аб’яднанне войск спецыяльнага прызначэння ў дарэвалюцыйнай Расіі. Корпус жандараў.

7. мн. карпусы́, ‑о́ў. Некаторыя сярэднія ваенна-навучальныя ўстановы ў дарэвалюцыйнай Расіі. Марскі корпус.

8. мн. карпусы́, ‑о́ў. Сукупнасць асоб адной прафесіі, якога‑н. аднаго афіцыйнага або службовага становішча. Дыпламатычны корпус. Афіцэрскі корпус.

9. Назва аднаго з размераў друкарскага шрыфту.

•••

Кадэцкі корпус — закрытая сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова ў дарэвалюцыйнай Расіі для падрыхтоўкі сыноў дваран да афіцэрскай службы.

Пажскі корпус — сярэдняя ваенная навучальная ўстанова ў дарэвалюцыйнай Расіі для сыноў вышэйшых саноўнікаў і генералаў (першапачаткова для падрыхтоўкі пажаў).

[Ад лац. corpus — цела.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)