звы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Павадка, прывычка. Нельга сказаць, каб не любіў.. [Макоўчык] пагаварыць з таварышамі, але меў звычку ў кожнай гаворцы шукаць нейкі сэнс, пагарджаў пустой балбатнёй. Мележ. Прыйшоўшы дадому,.. [Варвара] па звычцы спынілася ў дзвярах — выцерла ногі аб палавік. Васілевіч. У лесе егер Дзямід ведаў кожны кусцік, кожную птушку, кожнага звера з усімі яго звычкамі і норавамі. В. Вольскі.
2. Разм. Звычай, традыцыя. Нас ветрам прадзьмула дарога. І хоць не хацелі віна, Мы выпілі з нейкага рога, Па звычцы грузінскай — да дна. Калачынскі. У кожным краі свае звычкі. Недзе ж ядуць шампіньёны, а ў нас абыходзяць іх. Кандрусевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што ў што. Апускаць, акунаць у што‑н. вадкае або сыпкае. Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Караткевіч. Ладымер .. мачаў цыбулю ў соль і запіваў квасам. Чорны. // што. Расходаваць што‑н. мачаннем. А раз нядзеля, дык і бліны. А раз бліны, дык і мачанка. А раз яна, мачанка, дык і мачаць яе павінны. Крапіва.
2. што. Спец. Вырабляць што‑н. апусканнем у які‑н. раствор. Мачаць запалкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дра́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
Скрэбці па якой‑н. паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым; рабіць драпіны. Голле хвастала па твары, драпала рукі, чаплялася за кашулю. Хомчанка. [Фрося] пачала ногцямі драпаць леснікоў твар, рваць яго за доўгія вусы. Бядуля. // Разм. Чухаць цела. Маўчала і цямнела прыгожае веснавое неба, і дзядок драпаў свае худыя валасатыя грудзі. Гарэцкі. Каму свярбіць, той драпае. З нар.
дра́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. пагард. Паспешліва адступаць, уцякаць. — Немец драпае, даганяць трэба, — адным духам выпаліў танкіст. Якімовіч. Калі ж здаралася наскочыць на лясную варту або на міліцыю, Анатоль драпаў у кусты. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дра́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Цяслярская металічная прылада з двума вострымі загнутымі канцамі для падгонкі бярвенняў, дэталей і пад. Побач, раз-пораз узмахваючы сякерай, абчэсвае дошкі брат .., а каля яго са шнуром і драчкай у руках завіхаецца бацька. Краўчанка. Кляўко з сваім сынам з Муравейнікаў прыйшлі — прыпу[ск]алі драчкаю другое бервяно на новай сырабойні. Баранавых.
2. Месца паміж лініямі, праведзенымі пры дапамозе такой прылады на бервяне, дошцы; паз. Назаўтра Тарэнта ўжо выбіраў у бервяне драчку, высякаў вугал, клаў мох і прыладжвае бервяно да зруба. Галавач.
3. Абл. Тарка. Аня нахіліла галаву ніжэй пад драчкай: яна канчала драць бульбу. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
караву́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да каравула (у 1 знач.), прызначаны для яго. Каравульны начальнік. Каравульнае памяшканне. // Які стаіць у каравуле, нясе каравул. Каравульная каманда. □ Па капцах .. вёскі стаялі каравульныя чырвонаармейцы. Чарот.
2. Звязаны з нясеннем каравула (у 2 знач.). Партызаны неслі каравульную службу, пасты і сакрэты былі расстаўлены. Навуменка.
3. у знач. наз. караву́льны, ‑ага, м. Той, хто стаіць у каравуле. Паставіць каравульных. □ На пошце, тэлеграфе і ў іншых месцах з’яўляюцца каравулы вернага Часоваму ўраду франтавога камітэта, якія патрабуюць ад каравульных Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта здачы пастоў. «Полымя».
4. у знач. наз. караву́льная, ‑ай, ж. Памяшканне для каравула.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жа́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.
Разм.
1. каго-што чым. Гучна, з сілаю ўдарыць. Да .. [Вані] падбег паліцыянт, жахнуў гумай па плячах і пацягнуў хлопчыка да пастарунка. Карпюк.
2. што. З сілаю кінуць. [Пошта] узяў дзецюкову касу і разы тры махнуўшы .. па траве, з усяе сілы жахнуў яе аб купіну. Крапіва.
жахну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.
1. каго. Моцна спалохаць, выклікаць жах. І тое, што ўбачыў .. [пан] у чалавечых вачах, жахнула яго. Чорны.
2. Выбухнуць, успыхнуць, бліснуць (пра полымя, маланку і пад.). Буйныя каплі, як бы градам, Па лісцях дуба секанулі Ды далей сетку пацягнулі. І вось жахнула бліскавіца. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забеспячэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. забяспечваць — забяспечыць.
2. Грошы, матэрыяльныя сродкі, якія даюцца каму‑н. з мэтай забяспечыць яго існаванне. Грамадзяне СССР маюць права на матэрыяльнае забеспячэнне ў старасці.
3. Сукупнасць мерапрыемстваў па задавальненню матэрыяльных патрэб насельніцтва, якіх‑н. арганізацый. Цэнтралізаванае забеспячэнне. Органы забеспячэння.
4. Сукупнасць прадметаў, рэчаў, якімі забяспечваецца хто‑, што‑н. Бытавое забеспячэнне. Тэхнічнае забеспячэнне.
5. Тое, што забяспечвае непарушнасць, выкананне чаго‑н., з’яўляецца гарантыяй чаго‑н. Папяровыя грашовыя знакі з цвёрдым залатым забеспячэннем.
•••
Сацыяльнае забеспячэнне — сістэма дзяржаўных мерапрыемстваў у СССР па матэрыяльнаму забеспячэнню грамадзян у старасці, пры інваліднасці, хваробе і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Панаванне ў пэўным грамадскім асяроддзі тых ці іншых густаў, якія праяўляюцца пераважна ў асаблівасцях адзення. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Бядуля. // перан. Агульнае прызнанне, вядомасць у даны час. Мода на эстрадную песню. Мода на кнігу.
2. толькі мн. (мо́ды, мод). Навейшыя фасоны ўбораў. Часопіс мод.
3. Разм. Звычай, прывычка. Аграном колькі часу ідзе моўчкі за фурманкай. Мода ў яго такая. Б. Стральцоў.
•••
(Апошні) крык моды гл. крык.
Выйсці з моды гл. выйсці.
Мець моду гл. мець.
Увайсці ў моду гл. увайсці.
Узяць (займець, паняць) моду гл. узяць.
[Фр. mode.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
муці́ць, мучу, муціш, муціць; незак., каго-што.
1. Рабіць мутным (у 1 знач.), каламуціць. Мільгалі лускою шчупакі. Здавалася часам, што гэта яны муцілі халодную паводкавую ваду. Пестрак.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Не даваць спакою, непакоіць, трывожыць. Увечары зноў за сцяною гучала песня, зноў муціў мяне непазбыўны сум. Дуброўскі. І душу муціць неспакой, А кожны грук і др[ы]гаценне У сэрцы болем аддаюць. Колас.
3. пераважна безас. Цягнуць на рвоту, быць у стане млосці. Яго муціла ад курэння. □ Назаўтра мяне так муціў голад, што я не ведаў, дзе мне дзецца. Сачанка.
•••
Муціць ваду — тое, што і каламуціць ваду (гл. каламуціць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набо́к, прысл.
1. На адзін з бакоў. Галас, схіліўшы набок галаву, падышоў да мяне бачком. Колас. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў. Русыя валасы акуратна зачасаны набок. Алешка. Схапіўшыся за грудзі, дэсантнік пахіснуўся набок, ніцма ўпаў на зямлю. М. Ткачоў. // Набакір; накасяк. У пасаджанай набок новенькай шапцы з залацістай эмблемай чыгуначніка.. [Вася] бадзёра наігрываў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны. // Убок (адкінуць, адставіць і пад.). Работай сагрэйся, калі халады, Не будзеш пахукваць на рукі тады. Набок — рукавіцы, ватоўку — набок. Бялевіч. Ад яго [Міколавых] удараў каскі Адлятаюцца набок. Броўка.
2. у знач. выкл. З дарогі; прэч. Пад’ехаў пан. — Набок! — крычыць мужыку. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)