пача́цца, ‑чнецца; зак.
1. Пачаць прасцірацца. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка. Вось ужо скончыліся палеткі, пачалася сенажаць. Машына далей ехаць не магла. Марціновіч.
2. Пачаць адбывацца, здзяйсняцца. Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца. Колас. Адна за адной пачаліся шалёныя атакі. Мележ. Пачаўся допыт. Хто? Адкуль? Чаму ўзарваў мост? Дзе штаб? Лынькоў. // Адкрыцца, пачаць працу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Так пачалося пасяджэнне прэзідыума Савета дэпутатаў. Чорны. Праўленне адразу ж пачалося бурна. Пянкрат. // Наступіць, настаць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Пачаўся сапраўдны дождж. Кроплі былі буйныя і частыя. Навуменка. Памерла яна [маці] яшчэ тою часінай, Калі толькі трэці пачаўся мне год. Прыходзька.
3. Разм. Пачаць з’яўляцца; абазначыцца. У козліка — рожкі і пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка. Брыль. [Гушка:] — Калі пачнецца свая гаспадарка, дык і ты тады парабкоўства кінеш. Чорны. [Бацька:] — А ягад у нашым Варку — хоць вазамі вазі, хутка і грыбы пачнуцца. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.
1. Абняць (рукамі, нагамі, лапамі). Адзін з мужчын, той, што вынес з агню жанчыну, абхапіў Ягора за шыю і шчыра, па брацку, пацалаваў. Кавалёў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Мядзведзь, выбіўшы з рук аслупянелага Радзівіла стрэльбу, абхапіў лапамі князя, патрос, як грушу, і кінуў на зямлю. Гурскі.
2. перан. Акружыць з усіх бакоў (пра холад, цемру, полымя і пад.). Віця скінуў паліто. Мароз адразу ж абхапіў цела ледзянымі абцугамі. Корзун. Сіняе полымя спачатку нясмела лізнула браню, затым скочыла ўгору і, стаўшы чырвоным, абхапіла ўсю танкетку. Чыгрынаў.
3. перан. Зразумець, засвоіць што‑н. [Ліда:] — Вы адразу ўсё жыццё хочаце абхапіць, каб ведаць яго. Галавач.
4. Зрабіць абход праціўніка з флангаў з мэтай нападу; акружыць. [Сярго:] Рашуча наступаць уздоўж ракі І горад абхапіць кальцом. Глебка. [Разведчык:] — Немцы прарваліся на поўдні ад Чырвонай Нівы. Каля двух батальёнаў. Імкнуцца абхапіць нас. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазабіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
1. Забіцца, разбіцца на смерць — пра ўсіх, многіх. Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.
2. Схавацца куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазабіваліся лісяняты ў норы. □ Ганна хліпала, седзячы каля Якава, і мокрым ручніком абцірала з яго твару кроў. Пазабіваўшыся на печ, плакалі і Андрэй з Лукашом. Лобан.
3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Засмеціцца, закупорыцца — пра ўсё, многае. Трубы пазабіваліся пяском.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́ў, ‑веву, м.
Лёгкі, слабы парыў ветру; рух у паветры. Лёгкі, ледзь прыкметы павеў свежага ветру крануў нашы твары. В. Вольскі. Паветра ішло насустрач слабымі цёплымі павевамі. Мележ. // Прыкметы чаго‑н. надыходзячага. Павевы рэвалюцыі. □ Незаўважна падплылі павевы восені. Чорны. // перан. Уздзеянне, уплыў чаго‑н. Павевы гісторыі. Гуманістычныя павевы. □ Здавалася, ужо само паветра было насыпана новымі павевамі свежай мыслі. Колас. // перан. Адчуванне чаго‑н. [Шчасце] было блізка,.. [Заранік] чуў павевы яго і — прыскорваў крок. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ашале́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які захварэў на шаленства, звар’яцеў.
2. Раз’юшаны, узлаваны. Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Лынькоў. На падмогу яму падскочылі два таварышы і ледзь утрымалі ашалелага каня. Машара. // Збянтэжаны ад страху, разгублены. [Немцы] .. правялі прамільгнуўшага перад імі матацыкліста ашалелымі позіркамі. Шамякін.
3. перан. Нястрымны, магутны. Вада кідалася на турбінныя таркі з вялікім ашалелым напорам. Баранавых. І ляцелі на вёскі З новай весткай няспынна Ашалелыя, З грывай агню Цягнікі. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Перамясціць, перанесці куды‑н. усё, многае. Пацягаць усе дровы пад павець.
2. і без дап. Цягаць некаторы час. Пацягаць дровы. Пацягаць бараку па полі. □ То і пацягалі ж за свавольствы Лявонавага бацьку, ледзь у астрог не запякалі. Гурскі.
3. Пакрасці, прысвоіць сабе ўсё, многае. [Сомік:] — Усе ведаюць, што яны падлогу ў магазіне ўзадралі, ды дошкі пакралі, што яны снапы ў мяне з азярода пацягалі. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лабарато́рыя, ‑і, ж.
1. Спецыяльна абсталяванае памяшканне для навуковых або тэхнічных даследаванняў; установа, у якой займаюцца такімі даследаваннямі. Хімічная лабараторыя. □ Закончыўшы лекцыі, Дальскі накіроўваўся ў сваю лабараторыю, з якой ён амаль не выходзіў на працягу двух апошніх месяцаў, і за гэты час прарабіў у ёй ледзь не астранамічную колькасць доследаў. Шахавец. Цэлы тыдзень Марына Міхайлаўна, нікуды не выязджаючы, працавала ў аграгэхнічнай лабараторыі. Паслядовіч.
2. перан. Творчы працэс, творчая дзейнасць каго‑н. Творчая лабараторыя пісьменніка.
[Лац. laboratorium.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе і ладава́ць, ‑ду́ю, ‑ду́еш, ‑ду́е; заг. ла́дуй і ладу́й; незак., што.
Разм. Прыводзіць у парадак, падпраўляць. Ладаваць збрую. □ — Ты ўчора прыходзіў да мяне? — стоячы на праходзе, спытаў Андрэйка, калі Паўлік пачаў ладаваць кнігі ў парце. Краўчанка. // Роўна, парадкам укладваць. У кожным двары выцягвалі косы, граблі, ладавалі ў вазы. Мележ. // Збіраць, рыхтаваць, укладваць. У дарогу збіралася ледзь не ўся вёска — кляпалі косы, ладавалі торбы, падмазвалі каламаззю восі, падганялі хамуты і вупраж. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лу́гавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да лугу 2.
лугавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лугу 1. Лугавыя глебы. □ Эх, прасторы лугавыя, Пакланіцеся касцам. Парахневіч. // Які расце і жыве на лузе. Лугавы матыль. □ Ледзь улоўны пах лугавых красак і траў далятаў адтуль з зарэчных прастораў. Лынькоў. // Які знаходзіцца, размешчаны на лузе. Лугавая дарога.
2. Звязаны з выкарыстаннем ці вывучэннем лугоў. Лугавая гаспадарка. Лугавая доследная станцыя. // Прызначаны для работы на лузе. Лугавая веялка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інстру́кцыя, ‑і, ж.
1. Кіруючыя ўказанні, падрабязныя настаўленні. Гэта быў нават не даклад, а хутчэй інструкцыя: што рабіць камуністам і камсамольцам у гэтыя дні па вёсках, занятых гітлераўцамі. Лынькоў.
2. Даведачнае выданне ў выглядзе брашуры або лістоўкі, якое змяшчае ўказанні па рэгуляванню грамадскай ці вытворчай дзейнасці або правілы карыстання прамысловым вырабам. Інструкцыя па ўкладанню слоўніка. Інструкцыя да тэлевізара. Рабіць па інструкцыі. □ Мы перачытвалі інструкцыю, мянялі шчоткі і ледзь не спалілі матор. Жычка.
[Ад лац. instructio — наказ, настаўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)