надаку́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каму, з інф. і без дап.
Зрабіцца сумным, непрыемным сваёй аднастайнасцю, паўтарэннем, перастаць цікавіць каго‑н.; апрыкраць. Ігнасю наогул надакучыў местачковы тлум. Чарнышэвіч. Тамаш прыйшоў позна, калі ўжо ўсім надакучыла чакаць яго. Чорны. Быць толькі сувязной [Валі] надакучыла вельмі хутка. Брыль. Відаць, я моцна надакучыў маці сваімі пытаннямі, бо яна спачатку нахмурылася, а потым перапытала: — Спадабалася, значыць, Зосі лекцыя? Даніленка. / у безас. ужыв. — Не надакучыла яшчэ? — Сагал ціха пакратаў мяне за плячо. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куро́дым і курады́м, ‑у, м.
Густы едкі дым пры тленні, гарэнні без полымя. Дол на грудку штогод засеян шышкамі. Іх хапае будачніку, каб па вясне капціць кумпякі, а ў чэрвеньскія вечары бараніцца ад камароў, заедзі куродымам. Навуменка. Ён мог сказаць, якім агнём гарыць дрэва: сіняватым — алешына, спачатку чырвоным з курадымам, а потым медным — бяроза, светлым і лёгкім — елка. Карпаў. // Асадак ад дыму; копаць, сажа. Агонь наш ужо нават не дыміўся. Пасярэдзіне вуголля стаяла чорная ад куродыму каструля. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прае́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. Ездзіць які‑н. час. Цэлага паўгода .. [Андрэй] прымушан быў ездзіць з таварнымі цягнікамі. Але толькі паўгода. Потым — зноў пасажырскі і, урэшце, кур’ерскі, на якім праездзіў Андрэй палавіну свайго жыцця. Лынькоў.
2. што. Разм. Патраціць на паездку. Праездзіць сто рублёў. // Страціць, прапусціць што‑н. ездзячы. — З’ездзіў я так, што напэўна праездзіў і сваю Верханскую школу і сваю настаўніцкую службу, — сказаў Лабановіч. Колас.
3. што. Едучы па адным і тым жа месцы, пракласці, пратаптаць дарогу; уездзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́пець, ‑піць; незак.
1. безас. каму, з інф. і без дап. Пра неадольнае жаданне рабіць што‑н.; хацецца; карцець. Кожнаму рупіла хутчэй даведацца, якую навіну прынёс з сабою Карташоў. Стаховіч. Яшчэ зірнуць з акна вагона Мне рупіць на цябе хоць раз. Смагаровіч. Міколу рупіла кінуць работу і вярнуцца да Волькі. Кандрусевіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Лявон не баяўся таго, што яны могуць распачаць тут бойку і што будзе потым, але.. рупіла, сям’я: жонка, дзеці, бацькі. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сашчамі́ць, ‑шчамлю, ‑шчэміш, ‑шчэміць; зак., што.
Разм.
1. Шчыльна злучыць, самкнуць (зубы, пальцы і пад.). Цяпер.. [Мікола] калаціўся, як асінавы ліст, і мусіў сашчаміць зубы, каб не ляскалі. Колас. Сашчаміла [Марыся] пальцы, муха была ў жмені. Баранавых. Кася заплакала. Потым яна сашчаміла рот, зірнула на маці і пайшла, стукнуўшы дзвярыма. Карпюк.
2. перан. Выклікаць адчуванне душэўнай прыгнечанасці, болю і пад. Ламко прыгледзеўся да Замасточча, і нейкая туга сашчаміла яго сэрца. Шахавец. Нейкі жаль агарнуў яго [Салаўя] сэрца, сашчаміў яго. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сука́ць, сучу, сучаш, суча; незак., што.
1. Звіваць, скручваць у адну некалькі нітак. Сукаць пражу. // Рабіць дратву, звіваючы, скручваючы некалькі нітак у адну. // Пра намотванне пражы на цэўкі пры тканні. А потым .. [Фядора] сама памагла Анюце сукаць цэўкі, дык зноў затрымалася. Васілевіч.
2. Разм. Віцца, лятаць. Пчала суча каля носа.
3. Разм. Махаць, пагражаць кулаком (кулакамі).
4. Разм. Перабіраць, матляць нагамі (пра маленькіх дзяцей). Хлопчык суча ножкамі.
•••
Сам на сябе вяроўку суча — сам лезе, наклікае на сябе бяду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суко́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Абрэзак сукна або іншай шарсцяной тканіны, які ўжываецца для чысткі, націрання чаго‑н. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. Калі блешня пасля таго, як яна пабывала ў вадзе, страціла бляск, яе трэба працерці суконкай. Матрунёнак.
2. Суконная ануча. [Пракоп] рашуча падымаецца з пасцелі, запальвае газоўку. Абуваецца. Накручвае на ногі суконкі, надзяе лепшыя боты. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́шна, безас. у знач. вык.
Абл.
1. Ціха, зацішна. Лёгка і сцішна было ісці пад ценем разгалістых сосен, якія галінамі навісалі над дарогай. Пестрак. Потым нехта штосьці гаварыў, тады жалезныя рыдлёўкі то сцішна ўразаліся ў сырую зямлю, то прарэзліва скрыгаталі, трапляючы на каменне... Марціновіч.
2. Жудасна, страшна. Страшна, сцішна хлопцу стала; Увесь тросся ён, дрыжаў. Колас. // Сумна, нудна. Паслухаеш — і сэрцу сцішна: мы не сустрэнем больш таго, хто Беларусь, як песню, ўзвышаў і ў сэрца кінуў нам агонь. Таўлай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
укругаву́ю, прысл.
1. Па кругу, у кругавым напрамку. — Дай, божа... На здароўе.. — з шумам адказалі ўсе, і чарка пайшла ўкругавую. Пестрак. Шырока расставіўшы ногі, Шаховіч пачаў ўкругавую ганяць ручку. Машына не заводзілася. Мяжэвіч.
2. У цэлым і прыблізна, на круг. Заданне брыгада выконвае ўкругавую штодня на 110–125 працэнтаў. Васілевіч. [Васіль:] — У наступным годзе — на першы план ураджай. Чаго б гэта ні каштавала, а давесці да даваеннага — дванаццаць цэнтнераў ўкругавую. Потым з года ў год павышаць. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фальва́рак, ‑рка, м.
1. У феадальнай Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне — панская гаспадарка з комплексам будынкаў, заснаваная на паншчыннай працы сялян. Рост і ўмацаванне феадальнай уласнасці ўзмацнялі феадальны прыгнёт, абеззямельванне сялянства (ствараліся фальваркі, павялічваліся панскія ўгоддзі). «Полымя».
2. Невялікая панская сядзіба, хутар. На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром. Колас. Потым, калі .. [Адам] пасталеў,.. яго сэрца паранілі чорныя вочы паненкі з суседняга фальварка. Новікаў.
[Польск. folwark ад ням. Vorwerk — хутар.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)