крыклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа крычыць, любіць крычаць, гучна гаварыць. Крыклівае дзіця. □ Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. Меў .. [Ніканор] пяток дзяцей і крыклівую бабу. Яна заўсёды крычала па яго, што ён гультай. Бядуля.

2. Гучны, моцны, прарэзлівы (пра голас, гукі). Крыклівы голас. // Які мае такі голас, з такім голасам. У густых верхавінах елак цэлымі днямі кружацца ля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны, нібы сварацца між сабой. Якімовіч.

3. Які суправаджаецца крыкам; шумны, сварлівы. Крыклівая размова.

4. перан. Які прымушае звярнуць на сябе ўвагу сваёй яркасцю, стракатасцю. Крыклівая рэклама. □ Фінця Паўлаўна прытрымлівалася ранейшага рэжыму і заставалася прыгожай. Аднак увесь гэты нейлон, перлон цяпер на ёй быў крыклівы. Грамовіч. [Візэнера] не радавалі крыклівыя паведамленне аб паспяховым наступленні нямецкіх войск... Чаго варта гэтае наступленне. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жале́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з жалеза. Падышлі да сцяны, а ў ёй жалезныя вароты на замку. Якімовіч. // Металічны. Жалезныя гузікі.

2. Які змяшчае ў сабе многа жалеза, багаты жалезам. Жалезная руда. Жалезны калчадан.

3. Уласцівы жалезу, такі, як у жалезе. Не звіняць жалезным звонам Цяжкія кайданы. Колас.

4. Падобны на жалеза, як з жалеза. У сударгавым руху крамянелі рукі, рабіліся цяжкімі, жалезнымі. Лынькоў.

5. Які характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і вырабам жалезных рэчаў. Жалезны век.

6. перан. Моцны, дужы. Міцька ад нечаканасці.. расчапіў свае жалезныя пальцы. Шамякін. // Суровы, цяжкі. На захадзе ў дыме чырвоным Бой жалезным голасам роў. Панчанка.

7. перан. Неадступны, цвёрды, стойкі. Жалезны характар. Жалезная воля. Жалезная дысцыпліна. // Паслядоўны, правільны, стройны. Жалезная логіка.

•••

Жалезнае дрэва гл. дрэва.

Жалезны боб гл. боб.

Жалезны ход гл. ход.

З’есці пуд жалезнага бобу гл. з’есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагрыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.

1. Утварыць моцны гук, грукат. Раскаціста прагрымеў гром. Сіняўскі. Увесь дзень пякло, прыпарвала, а пад вечар прагрымела навальніца. Хадкевіч. // чым. Моцна стукнуць чым‑н. Саша сама прагрымела ў печы заслонкай, чыгунамі і зазірнула ў свой пакой, дзе сядзеў Пятро, зноў нечым збянтэжаная. Шамякін. // Праехаць з моцным шумам, грукатам. Дарога была ціхая, зрэдку дзе прагрыміць машына ды праскочыць матацыкліст. Сабаленка. Па чыгунцы, якая праходзіла адразу за балотам, прагрымеў поезд. Новікаў. // Прагучаць з вялікай сілай. Але не зрабілі.. [немцы] і двух крокаў, як зноў прагрымеў дружны партызанскі залп. Шчарбатаў. Як бы для таго, каб пацвердзіць .. [Шкробатавы] словы, зусім блізка прагрымела некалькі вінтовачных стрэлаў. Галавач. // Разм. Сказаць што‑н. гучна, грамавым голасам. — Гэта што яшчэ? — прагрымеў у насцярожанай цішыні.. голас [настаўніка]. Якімовіч.

2. перан. Атрымаць гучную славу, праславіцца. Клас прагрымеў на ўсю школу сваім аўтамабільным гуртком. Жычка.

3. Грымець некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.

1. Садзіць некаторы час.

2. Разм. Марна зрасходаваць, патраціць. Прасадзіць грошы. □ [Ярошка:] Будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы. Дамашэвіч. // Прагуляць (у якой‑н. гульні). — Вот угадае паставіць, — здзівіўся банкір, адлічваючы тры рублі. — Я ж табе чатыры прасадзіў. Колас.

3. Разм. Прабіць, пракалоць, праткнуць. Прасадзіць нагу. □ Выжлятнік .. стаў дзічыцца, палохацца дрэў, што, здавалася, нагінаюць увачавідкі дзіды, каб праткнуць — прасадзіць яму навылёт нутро. Пташнікаў. На нагах — лапці, сплеценыя спецыяльна для рыбалкі, каб не прасадзіць пад вадою нагу аб якую патырчаку. Місько.

4. Прасунуць што‑н. праз што‑н. Хлопчык прасадзіў руку між дротам і шкрабануў па шыбе. Кулакоўскі. Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ірвану́ць і рвану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

1. каго-што і без дап. Рэзка, моцна тузануць, пацягнуць. Познышаў ірвануў шнур. І ў той жа момант, ураз уздыбіўшы першыя вагоны, грукнуў выбух... Краўчанка. [Гарманіст] ірвануў раптам мяхі, урэзаў польку. Васілевіч. Сцюжа рванула дзверы сталовай, міргнула велізарная настольная лямпа. Мікуліч. // Схапіўшы зубамі, параніць, укусіць. Сабака рвануў за нагу.

2. Разм. Парывіста, рэзка скрануцца з месца, рэзкім рухам кінуцца куды‑н. Ірвануў паравоз, зашыпеў весела парай. Лынькоў. // Рэзка, моцна падзьмуць (пра вецер). Моцны вецер ірвануў з поля і абсыпаў .. [Міхаську] мяккім сняжком. Якімовіч.

3. каго-што. Падарваць, узарваць што‑н. з выбухам. — Зараз вось ірванём мост і пойдзем. Чыгрынаў. Выбухі рванулі зямлю. Шчарбатаў. // без дап. Раздацца, прагрымець. Праз тры — пяць мінут у агні затрапяталіся ружовыя языкі, а затым ірванулі выбухі. Мехаў.

4. Разм. Хутка і многа зрабіць. [Анішчук:] Не вельмі ты вясною рвануў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галакані́ць ’гаманіць’ (Сцяц. Словаўтв.). Падобныя словы ёсць, напраў рус. і ўкр. мовах. Параўн. у Даля: гала́нить, гала́чить, гала́шить ’гарланіць, крычаць, шумець і да т. п.’ (гл. і СРНГ, 6, 104–105). Параўн. далей укр. гала́кати ’крычаць’, гала́йкати (Грынч.). У аснове гэтай групы слоў ляжыць, як здаецца, гукавы комплекс гал‑, гала‑, галай‑, што азначае ’шум, шумець, крычаць і да т. п.’ Ад гэтага гал(а)‑ пры дапамозе дзеяслоўнага «узмацняльнага» суф. ‑к‑ было ўтворана гала‑к‑ (гл. укр. дзеяслоў гала́кати). Далей да гэтага апошняга тыпу ўтварэння быў даданы «ўзмацняльны» суф. ‑ан‑ (галакан‑), што і з’явілася базай дзеяслова галакані́ць. Параўн. яшчэ штурхацьштурхнуцьштурхан (гл. пад гакан) і гаканмоцны штуршок’ (там жа). «Узмоцненымі» («падоўжанымі») формамі лічыў другія словы ў парах тыпу hákatyhałakaty, hajkatyhalájkaty ва ўкр. мове Смаль–Стоцкі (гл. Slavia, 5, 6–7). Аб дэрывацыі ад выклічніка hala‑ гл. таксама ў Слаўскага, 1, 397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́льна1 ’тлумна’, зялі́цца ’тлуміцца’ (бялын., Яўс.). Рус. перм., пск., тамб., арл. зе́льно ’вельмі, надта’. Зыходзячы з рус. значэння відаць, суадносіцца з *zělo ’вельмі’ (адкуль і прыслоўе дазела ’вельмі’ (Нас.) < *do zěla): прыметнік з суфіксам ‑ьn‑, прыслоўе, ад якога на ‑a, а таксама дзеяслоў на ‑i‑ti sę > ‑іцца. Прасл. zěl‑ (ст.-слав. ѕѣлъ, славен. zelô, ст.-чэш. zielo ’вельмі’) да і.-е. кораня *gʼhoilo‑моцны, вясёлы, жвавы’ (Покарны, 1, 452): літ. gailùs ’злосны, востры’, лат. gails ’юрлівы’, ст.-в.-ням. geil ’тс’ і інш. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 85; Львоў, ДС ИЯ, 8, 88–100; Траўтман, 75.

Зе́льна2, зельна свята, зелна ’спас’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. Matka Boska Zielna ’назва каталіцкага свята 15 жніўня’, відаць, крыніца бел. слова (і злучэння). Адпаведная праваслаўная назва — Прачыста < прѣчистая, аспожка (гл.) > спожка. Параўн. Грынблат, Белор., 257. Польск. уст. zielny ад ziele ’зелле’, гл. зелле з прыметнікавым суф. ‑n‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рацца, по́рыцца ’працаваць у хаце, па гаспадарцы’ (нараўл., Арх. ГУ; Сл. Брэс., Ян., ТС; брагін., Нар. словатв.), ’корпацца’ (Мат. Гом.), по́ранне ’работа на гаспадарцы’ (Ян.). Прасл. *porati sę ’знаходзіцца ў руху’, параўн. укр. по́ратися ’працаваць, гаспадарыць, прыбіраць’, польск. porać się ’клапаціцца, круціцца ў працы, рабіць старанна і доўга’, чэш. párati se ’рабіць чорную, брудную работу’, чэш. дыял. párat se ’капашыцца, працаваць павольна’. Казлова (Регионализмы, 11) выводзіць з прасл. дыял. *porati ’дзейнічаць, рабіць’, рэканструяванага на базе н.-луж. poraś ’прывесці ў рух’ (Трубачоў, Серболуж. сб., 168); параўноўваюць з рус. отпо́р ’адпор, супраціў’, порно́ймоцны, здаровы’, што ўзыходзіць да *perti (гл. перці), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1134. Куркіна (Этимология–1994–1996, 53) выводзіць з *porati, ітэратыў да *porti ’пароць’ з далейшым развіццём ’нешта рабіць, займацца, корпацца’, што падаецца больш верагодным. Банькоўскі (2, 703–704) польск. porać się ’працаваць па дому’ лічыць запазычаннем з усх.-слав. Гл. таксама поркацца, поркаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пло́тный

1. (плотно прилегающий) шчы́льны;

пло́тное прилега́ние кры́шки шчы́льнае прыляга́нне на́крыўкі;

пло́тный ого́нь воен. шчы́льны аго́нь;

2. (крепкий) мо́цны; (массивный) то́ўсты, дзябёлы, гру́бы, обл. га́матны; (частый) ча́сты; (густой) густы́; (твёрдый, тугой) цвёрды, тугі́;

пло́тный дождь ча́сты дождж;

пло́тный дым густы́ дым;

пло́тная бума́га то́ўстая папе́ра;

пло́тное сукно́ то́ўстае (грубо́е) сукно́;

3. (крепкого телосложения) мажны́, дзябёлы; (коренастый) каржакава́ты;

пло́тный мужчи́на мажны́ мужчы́на;

4. (сытный) сы́тны;

пло́тный обе́д сы́тны абе́д.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

нялю́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Не ўласцівы чалавеку, не характэрны для чалавека. Панесліся нялюдскія крыкі і лямант. Гартны. Адам з нялюдскай прагнасцю накінуўся на яду. Чорны. Калі вы пачуеце ноччу ў лесе злавеснае «уху-уху», а потым дзікі, жудасны, нялюдскі рогат, не бойцеся. Гэта крычыць пугач. В. Вольскі. // Не такі, якім павінен быць; дзіўны. [Студэнт] нейкі быў нялюдскі: людзей цураўся, ні з хлопцамі, ні з дзяўчатамі, ні з кім блізка не знаўся. Сабаленка.

2. Які перавышае чалавечыя магчымасці, сілы; моцны па ступені праяўлення. Відаць, у чалавека, што пісаў.. [скаргу], у самога крывавілася, сэрца ад.. нялюдскага здзеку і крыўды. Машара. Маці, маці! Адкуль браліся ў яе сілы, упартая нялюдская цягавітасць і вытрымка? Карпаў.

3. Антыгуманны, бесчалавечны; ганебны. Першая раніца была пачаткам жахлівай, нялюдскай справы — вайны. Брыль.

4. Разм. Дрэнны, кепскі. Нялюдская дарога. □ Хапала [для вёскі] і балота, але і яно было нялюдскае: купіны, парослыя кустамі алешніку, а між іх — рудая каламутная вада. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)