вастрыё, ‑я, н.

1. Тонкі завостраны канец якога‑н. прадмета. Вастрыё іголкі, штыка.

2. Востры рэжучы бок, край якой‑н. прылады; лязо. Вастрыё нажа. □ — Фабрычная? — нібы пацікавіўся я і выцягнуў у старога з-за пояса сякеру, паспрабаваў пальцам вастрыё. Карпюк.

3. перан.; чаго. Самае істотнае ў чым‑н., накіраванае супроць чаго‑н. Вастрыё сатыры. □ Думка пісьменніка сваім ідэйным вастрыём была накіравана супроць царскай палітыкі прыгнечання і дыскрымінацыі беларускага народа. Ларчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выгляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Мець які‑н. выгляд; здавацца каму‑н. кім‑, чым‑н. Выглядаць героем. □ Каця хадзіла заўсёды ў камбінезоне, у простых чаравіках, і выглядала звычайнай трактарысткай. Чарнышэвіч. Усе [сяляне] выглядалі так, як бы неўзабаве павінна было штось зрабіцца. Колас.

2. Віднецца, быць відным. Сонца зайшло.. за.. таполі, верхавіны якіх ледзь выглядалі з-за ўзгорка. Шамякін.

3. Разм. Незак. да выглянуць (у 1 знач.).

4. Разм. Незак. да выглядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́смактаць, ‑кчу, ‑кчаш, ‑кча; зак., што.

Смокчучы, выцягнуць якую‑н. вадкасць, вільгаць і пад.; выссаць. Высмактаць сок з яблыка. // Разм. Выцягнуць якую‑н. вадкасць помпай або якім‑н. іншым прыстасаваннем. Агонь высмактаў газу з лямпы. // Разм. Прагна выпіць усё. [Настуля:] — Сам гарэлку высмактаў, а чалавека частаваць няма чым. Чарнышэвіч.

•••

Высмактаць (усе, апошнія) сокі (кроў, сілы) з каго-чаго — знясіліць, замарыць.

Высмактаць з пальца — тое, што і выссаць з пальца (гл. выссаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крыва́віць, ‑ваўлю, ‑вавіш, ‑вавіць; незак.

1. каго-што. Біць, разбіваць да крыві. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх! Колас. Крывавіць ногі брудны шлак сухі. Гаўрусёў.

2. Разм. Тое, што і крывавіцца. Калена аб нешта збіта ці праколата і крывавіць. Сачанка.

3. што. Пэцкаць, мазаць кроўю; пакідаць крывавыя сляды на кім‑, чым‑н. А ногі белы снег крывавяць. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крэ́мень, ‑ю, м.

1. Вельмі цвёрды мінерал, разнавіднасць крэменязёму, які раней выкарыстоўвалі для высякання агню (цяпер скарыстоўваецца ў керамічнай і шкляной прамысловасці). Высякаць агонь з крэменю. □ Пахадзіўшы ля камення, адшукаў ён моцны крэмень і нарэзаў ім узоры, а яны — зіхцяць, як зоры. Дубоўка.

2. перан. Пра чалавека з цвёрдым, стойкім характарам. — Вы ў гэтага хлапчука ні аб чым не пытайцеся. Не скажа. Гэта не хлопец, а крэмень. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замата́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закруціцца, абматацца вакол чаго‑н. Пуга заматалася за аглоблю.

2. Абкруціць, абматаць сябе чым‑н. Заматацца шалікам.

3. перан. Разм. Стаміцца, знясілець ад рознай работы, клопатаў. — Так, цяжка табе, Савасцян Змітравіч, даводзіцца, — паспачуваў Асот. — Такіх спецыялістаў у раёне не густа — не дзіва, што заматаешся. Аношкін.

замата́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Пачаць матацца ​1 (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заня́так, ‑тку, м.

1. Тое, чым хто‑н. займаецца; праца, справа. Род заняткаў. Знайсці сабе занятак. □ Напячы ў прыску бульбы! Хто адмовіцца ад такога прыемнага занятку? Гамолка. У цёплыя дні Міколка лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Да чаго ж прыемны занятак. Лынькоў.

2. толькі мн. (заня́ткі, ‑аў). Разм. Вучэбныя практыкаванні, урокі. Семінарскія заняткі. Заняткі ў сетцы партыйнай асветы. □ Лабановіч, прыйшоўшы на заняткі, заўважыў, што паловы вучняў няма. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заплаці́ць, ‑плачу, ‑плаціш, ‑плаціць; зак.

1. што і без дап. Аддаць грошы або якую‑н. іншую плату за што‑н. Заплаціць узносы. □ У адной бабулькі Вера Антонаўка выбрала два аднолькавыя букеты дочкам і, патаргаваўшыся, заплаціла. Карпаў. // перан. Адплаціць. Заплаціць шчырасцю за шчырасць.

2. перан.; чым. Паплаціцца. Заплаціць галавой. □ Не дагледзіш вокам — заплаціш бокам. Прыказка.

•••

Дорага б заплаціў — тое, што і дорага б даў (гл. даць).

Дорага заплаціць за што — многім паплаціцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зма́нлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які тоіць у сабе зман, здольны паслужыць асновай для няправільнага меркавання аб кім‑, чым‑н. Зманлівае зацішша на фронце не магло нікога ашукаць. Мележ. Перад .. [Лёнем] была тая зманлівая.. усё маладая паэзія, з-за якой і робяцца глупствы... Брыль.

2. Які вабіць, зачароўвае, прыцягвае да сябе. [Золата] паціху звінела, напаўняючы ёўню вабнай, зманлівай музыкай. Сачанка. Разам з маўклівай хадою плытоў адплывала ў зманлівую далеч нешта прыгожае і светлае. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лабіры́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Палац з мноствам пакояў і заблытаных хадоў, пабудаваны, паводле старажытнагрэчаскага падання, Дэдалам на востраве Крыт.

2. Складанае, заблытанае размяшчэнне памяшканняў, праходаў, дарог, алей у парку і пад. Вялізны санаторый адразу здаўся Казанцаву сапраўдным лабірынтам. Васілевіч.

3. перан. Што‑н. вельмі складанае, заблытанае, у чым цяжка адразу разабрацца. Лабірынт думак. Лабірынт падзей. □ У лабірынце памяці маёй Цудоўнейшыя скарбы выяўляю. Танк.

4. Спец. Унутраная частка вуха.

[Грэч. labyrinthos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)