Дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.). Гл. дро́гкі. Лексема з беларускай тэрыторыі з вакалізмам «е» не прыводзіцца наогул у падрабязным этымалагічным слоўніку прасл. мовы (гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 138, дзе пад праформай *drъgъkъjь прыводзіцца толькі бел. дро́гкі і рус. смал. дре́хкий). Але ўсё сведчыць аб тым, што і формы з вакалізмам «о», і формы з вакалізмам «е» канцэнтраваліся фактычна на беларускай этнічнай тэрыторыі, г. зн. што прасл. лексема *drъgъkъjь (можна дадаць і яе варыянт *drьgъkъjь) з’яўляецца праславянскім дыялектызмам бел. мовы, што вельмі важна для гісторыі праславянскіх дыялектаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жлу́кціць1 ’запарваць бялізну’ (Нас., Сл. паўн.-зах.). Рус. дыял. смал., паўд., зах., бранск. жлу́ктить ’тс’, укр. уст. жлу́ктити ’тс’ (Грынч.), польск. żłukcić ’тс’. З літ. žlùgti ’мачыць бялізну ў шчолаку’. Літ. гл. пад жлукта1.

Жлу́кціць2, жлуктаць ’многа піць’ (ТСБМ). Рус. дыял. смал., кур., арл. жлуктить ’тс’, укр. жлу́ктити, жлукті́ти ’тс’. Перанос значэння жлукціць1 у адпаведнасці з семантычнымі адносінамі жлукта1, жлукта2. Врачу (Лекс. балтызмы, 6) параўноўвае жлу́кціць ’піць’ з літ. žlùgti ’праваліцца, згінуць’, хаця літ. семантыка не зусім суадносная з усх.-слав.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́слік ’парастак’ (рэч., Мат. Гом.), ’парасткі бульбы’ (лід., Сл. ПЗБ), ро́слі, рослікі́, ро́слік ’парасткі прарошчанага жыта’ (воран., пін., рэч., ЛА, 2), рослі́ ’парасткі бульбы’ (навагр., З нар. сл., Жыв. сл.), ро́сьля ’тс’ (Нар. словатв.), ро́слі ’тс’ (Сцяшк. Сл.), ро́сьля ’тс’ (чаш., Касп.), ’парастак з насення, карэнішча, клубня, цыбуліны’ (Стан.). Узыходзіць да прасл. *orslь, якое з *ors‑lъ ’рослы, які вырас’ < *orsti (Слаўскі, SP, 1, 103 і 106) < orst‑ti (Махэк₂, 525) > расці́ (гл.). Суфікс ‑lь з ‑l‑jь. Формы на ‑ля пад уплывам другаснага росля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гамёлка ’луста, кавалак’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Магчыма, першапачатковым значэннем было ’штосьці тоўстае, вялікае, нязграбнае’. Тады можна параўнаць з укр. дыял. гаме́ла ’тоўсты, непаваротлівы чалавек’ (Грынч.), чэш. дыял. gámeľa ’дурны, нехлямяжы’ (гл. Махэк₂, 149, дзе даецца вельмі няпэўная этымалогія). Для ўкр. слова Рудніцкі (554–555) прапануе з запытаннем сувязь з гам!, га́мати ’есці’. Што можа быць сувязь з ’есці’ і ’луста’ параўн. у Насовіча: га́мзаць, гамзі́ць ’есці’, гамзу́ля ’вялікая луста хлеба’. Да чэш. дыял. gámeľa і да магчымых сувязей гэтай групы слоў з лексемамі са значэннем ’есці’ параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 253–254 (пад gamajda).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кае́т ’сшытак’ (брэсц., Сіг.; зэльв., Сцяц.; зэльв., Сцяшк.), каета ’тс’ (бераст., Сцяшк.), каёт ’тс’ (маз., Мат. Гом.). Запазычанне даваеннага перыяду з польск. kajet ’тс’ (у літар. мове). Польск. kajet з франц. cahier ’тс’. Што датычыцца ‑t у канцы слова, то, паводле Слаўскага, 2, 24, яно з’явілася пад уплывам такіх запазычанняў з франц. мовы, як muszkiet, parkiet, portret, filut. Франц. выводзіцца з нар. лац. *quadernus < лац. quaternī ’па чатыры’, першапачатковае значэнне ’зложаны ўчацвёра, з чатырох лісткоў’. Параўн. яшчэ рус. тетрадь < с.-грэч. τετράδι(ον) ад τετράς род. скл. ‑άδος ’чацвёртая частка ліста’, гл. Фасмер, 4, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каша́ры (толькі ў мн. л.) ’казарма’ (ТСБМ, Шат. і інш.). Укр. дыял. коша́ра ’казарма’. Запазычанне з польск. koszary ’тс’. У польск. мове гэта слова з такім значэннем вядома з XVIII ст. Лічыцца, што ў польск. мове koszary ’казарма’ таго ж паходжання, што і польск. koszar, koszara ’загарадзь для авечак’. Значэнне ’казарма’, як думаюць, з’явілася пад уплывам іншага слова — kasarnia, запазычанага таксама ў XVIII ст. з ням. Kaserne (з ад’ідэацыяіі да польскіх слоў на ‑(ar)‑nia). Параўн. Бернекер. 587; Брукнер, 260. Няясным усё ж застаецца, аднак, пытанне, чаму гэта слова ўжывалася іменна ў мн. ліку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасо́ка ’свіная кроў’ (віл., паст., Сл. ПЗБ), ’загуслая ў камкі кроў’ (КЭС, лаг.; Нас.), пасыка ’кроў, што вылілася з раны’, ’кроў забітай жывёлы’, ’сукравіца’ (Др.-Падб., Гарэц.). Укр. пасока’ ’сукравіца, кроў’, рус. пасока ’лімфа, сукравіца’, ’сок дрэва’, польск. posoka, устарэлае posok ’юха, разлітая кроў’, ’сукравіца’, ’юшка з крыві’, ’кроў дзікай жывёлы, якую праследуе сабака’, ’загуслая кроў’. Роднаснымі да іх будуць рус. паўн. осока ’гной з раны’, ’гнаявая жыжка’ і серб.-харв. осока ’сок’, ’сыроватка з-пад брынзы’, ’пот (у жывёл)’, ’мача’, ’сукравіца’. Да па‑ (< прасл. pa‑) з дэмінутыўнай функцыяй і сок (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Праско́ўка ’вяроўка, якою прывязваецца барана да ворчыка, каромысла’ (Бяльк.). Няясна. Фармальна гэта слова можна было б суаднесці з *праскаць, праск, параўн. укр. праск, пра́скати ’трэск, трэскацца’, польск. prask і г. д. Параўн., адняк, назвы розных вяровак, прывязак і пад.: балг. пра́шка ’плецены пояс; бакавая прывязка ў сядле’, серб.-харв. пра̏ћа ’прывязка ў сядле’, польск. proca ’рэмень у ярме’, што выводзяць з прасл. *portsa ’прашча’, якая названа, верагодна, па матэрыялу, з якога зроблена гэтая прылада для кідання (Сной₂, 557), гл. прашча, параўн. праснёвыя ніткі, ад про́сцень ’верацяно з ніткамі з пяці ручаек’ (Нік. Очерки).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прахво́ст ’нягоднік, падлюга’ (ТСБМ, Нас.), прохво́ст ’тс’ (ТС). Рус. прохво́ст ’тс’, стараж.-рус. профо́с(с) ’наглядчык за салдатамі, узятымі пад варту; прыстаў’ (з XVII ст.). З нова-в.-ням. Profoss ’асоба на вайсковых караблях, якая сочыць за выкананнем статуту на караблі і карае яго парушальнікаў’, што другасна было набліжана да хвост (гл.). Па іншай версіі, магчыма, з с.-нідэр., нідэр. provoost < ст.-франц. prévost (франц. prévôt) ’суддзя, начальнік жандармерыі’, што з лац. praepositus < praeponere ’класці наперад’ (Фасмер, 3, 385). Беларускае слова, калі меркаваць па яго распаўсюджанню, запазычана з рускай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сала́та ’аднагадовая агародная расліна’, ’страва з лісцяў гэтай расліны’, ’халодная страва з парэзанай сырой або варанай гародніны, часам мяса, рыбы і пад., палітых якім-небудзь соусам’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Кіс., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). З польск. sałata ’тс’ (Кюнэ, Poln., 95), якое з італ. insalata, salata ’пасоленая гародніна’ ад італ. salare ’саліць’; у аснове ляжыць лац. sal ’соль’; гл. Голуб-Ліер, 430. Ст.-бел. салата (XVII ст.) узыходзіць да ст.-польск. salata (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Варыянт сала́т з рус. сала́т, аб якім гл. Фасмер, 3, 549.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)