уляпі́ць, уляплю, улепіш, улепіць; зак.

1. што. Уставіць, урабіць што‑н. пры дапамозе лепкі. Уляпіць мазаіку ў сцяну.

2. што, каму. Разм. Моцна ўдарыць, выцяць. Злаўчыўшыся, .. [Каржаневіч] так уляпіў у вуха Вергнеру, што той ледзь устояў на нагах. Гурскі. // Збіць каго‑н. [Пятрусь:] — Калі аконам з парабкамі памкнуліся заняць хлеў, дык яму так уляпілі хлопцы, што той ледзьве ўцёк. Гартны.

3. што, каму. Разм. Ужываецца замест дзеясловаў даць, паставіць і пад. пры ўзмацненні або нечаканасці дзеяння. Уляпіць вымову. Уляпіць вучню двойку. □ [Бялькевіч:] — Ну, вінаватыя. Але ж гэтакі штраф уляпіць — дзесяць працадзён! Мнагавата! Савіцкі.

4. што. Разм. Патраціць на што‑н. «Ой, якая раскоша! Усяго накупілі. Ой, шалёныя ж грошы за ўсё гэта ўляпілі!..» Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

частава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго.

Даваць або прапаноўваць паесці, папіць, пакурыць; карміць або паіць каго‑н., выказваючы ўвагу, гасціннасць. Маці частавала дачку, слухала яе і не магла надзівіцца. Грамовіч. Шпілеўскі, які дапамагаў разгружаць машыну, весела частаваў усіх папяросамі. Савіцкі. // перан. Разм. Рабіць каму‑н. што‑н. прыемнае. Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Брыль. [Вышамірскі] хадзіў ад хаты да хаты і частаваў людзей паляўнічымі апавяданнямі. Бядуля. // перан. Разм. Біць таго, хто лезе не ў сваё. — Жывём, гасцей не клічам І ў госці не паўзём, Няпрошаных па лычу Частуем таўкачом. Лужанін. А потым аплявухамі як след [Янук] Зладзюгу частаваць узяўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Мерна гайдацца з боку ў бок або зверху ўніз. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Карпаў. Чайная была амаль пустая, толькі ў кутку, дзе вагалася, зачапіўшыся за рагаты фікус, доўгая фіранка, сядзела некалькі наведвальнікаў. Савіцкі. Дзверы віселі на адной завесе, падлога вагалася. Асіпенка.

2. перан. Быць у нерашучасці, адчуваць няўпэўненасць; сумнявацца. [Лабановіч] пэўны час вагаецца, але даволі хутка знаходзіць выхад у збліжэнні з перадавым сялянствам. Пшыркоў. [Георгій], відаць, вагаўся — хацелася ўбачыць бацьку, асабліва цяпер, калі ён стаяў побач, за дзвярыма, калі быў чуваць яго голас. Мележ.

3. перан. Быць няўстойлівым, хісткім, непастаянным; мяняцца. Вышыня сцябла розных сартоў кукурузы вагаецца ў межах ад 0,5 да 4,5 метра і вышэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́муж,

1. прысл. У выразах: пайсці (выйсці, зайсці) замуж за каго — стаць чыёй‑н. жонкай. [Марына] друга мілага знайшла І выйшла замуж за Данілу. Колас; пайсці (выйсці, зайсці) замуж куды — пажаніўшыся, пераехаць у тую мясцовасць, дзе жыве жаніх. — Жыве .. [бабка Мар’яна] ў суседнім сельсавеце, у Забалоцці: выйшла некалі туды замуж. Якімовіч; выдаць (аддаць) замуж за каго — зрабіць чыёй‑н. жонкай, садзейнічаць уступленню ў шлюб жанчыны. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль; браць (узяць) замуж — жаніцца з кім‑н.

2. у знач. наз. за́муж, ‑а, м. Замужжа, шлюб. І Марфа — не маленькая. Сам чуў — яна прыходзіла да Кляновіча і з яго жонкай гутарыла. Няўдалы замуж, гаворыць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нада́рыцца, ‑рыцца, зак.

1. безас. з інф. Прыйсціся, выпасці каму‑н. І вось аднойчы, неяк скора пасля Айчыннай вайны, мне надарылася быць недалёка ад Лапаціч. Пальчэўскі. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка. // Здарыцца, дастацца на чыю‑н. долю. І ўжо трэба ж такому зноў надарыцца: апошні сын вымушаны апрануць на сябе шынель. Гроднеў.

2. Выдацца, выпасці. [Валя:] — Як толькі надарыцца вольная часінка — прыходзьце абавязкова. Я цяпер дома, і клопатаў у мяне мала. Пасядзіце ў садзе, адпачняце... Савіцкі. І вось надарыцца часамі Мароз над ўсімі маразамі. Колас. Ноч надарылася цёмная, без аніводнай зоркі на небе. Васілёнак.

3. Трапіцца, сустрэцца. Пакідаць карову нанач адну было рызыкоўна — мог надарыцца звер. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Кінуць у некалькі прыёмаў нейкую або вялікую колькасць чаго‑н. Накідаць камення. □ Забілі [хлапчукі] дзве палі, палажылі бервяно, накідалі каля яго камення і засыпалі жвірам, каб вада не размыла. Пальчэўскі.

2. Кідаючы што‑н. куды‑н., напоўніць, накласці. Накідаць кошык бульбы. Накідаць воз сена. □ [Ладагубец і Барашкін] удвух накідалі шыхту і пагналі ваганетку ў цэх. Савіцкі.

3. Скласці ў агульных рысах. Накідаць план работы. // Хутка, наспех напісаць, намаляваць, начарціць. □ [Шутаў] хутка накідаў алоўкам некалькі слоў, напісаў свой адрас. Мележ. Косця ўзяў ліст чыстай паперы і алоўкам накідаў просты чарцёж крана, разбіўшы яго на асобныя вузлы. Шыцік.

накіда́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накінуць.

накіда́ць 2, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да накі́даць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; зак.

1. да каго-чаго і без дап. Наблізіцца бягом. Ганчак паслухмяна падбег да гаспадара і, высунуўшы чырвоны язык, глядзеў разумнымі вачамі. Шамякін. Андрэй.. абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас.

2. Забегчы пад што‑н. Падбегчы пад мост. Падбегчы пад арку.

3. Крыху прабегчы. Шэя трошкі падбег, узяўшыся за лейцы, потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў.. на аглабіне. Гартны. — Ну, падбяжы яшчэ! — І .. [бацька] ляснуў ляйчынаю па гладкім баку каня. Дамашэвіч.

4. Разм. Хуценька накіравацца куды‑н. Уладусь памыўся, прыадзеўся і чакаў свайго дружбака, каб разам падбегчы на суботнюю гулянку ў суседнюю вёску. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

Разм.

1. што і чаго. Падсыпаць вялікую колькасць чаго‑н. Падваліць воз пяску пад прызбу.

2. Выпасці, нападаць дадаткова ў вялікай колькасці. Уначы яшчэ падваліў снег, засыпаў усе сляды і мурашнікі. Караткевіч. / у безас. ужыв. За ноч падваліла снегу.

3. Прыйсці, далучыцца да каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці. Алея ажывае.. — хлопцы падвалілі гаманлівай чарадою. Савіцкі. / у безас. ужыв. Народу падваліла.

4. перан. Нечакана прыйсці, з’явіцца (пра шчасце, удачу і пад.). — Бачыш, сын, якое нам шчасце падваліла? За нашага старога.. [каня] нам далі маладую Сівую, — апярэдзіў бацька маё пытанне. Дамашэвіч.

падвалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што і чаго.

Зваліць злёгку, нямнога (пра сукно, воўну і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Падысці, наблізіцца. Грушка падступіў бліжэй да Веры Ігнатаўны, доўга глядзеў ёй у вочы. Пестрак. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька.. ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.

2. Апынуцца ў непасрэднай блізкасці, падысці да чаго‑н. (пра лес, мора і пад.). Агні прыстанцыйных будынкаў падступілі да самай чыгункі. Савіцкі. Наша маленькая рачулачка, якую і завуць Раўчуком, разлілася аж да лесу, падступіла пад самыя агароды. Жычка.

3. перан. Нечакана з’явіцца, раптам ахапіць (пра адчуванні, пачуцці). Салёны клубок падступіў да горла, прыпыніў дыханне, вочы заслаліся туманам. Васілевіч. І ўсё ж раптам туга падступіла. Стала сэрцу балюча і горка. Танк.

•••

Ком падступіў да горла гл. ком.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., каго-што.

1. Схіліць, нагнуць трохі ўніз, да зямлі. Прыхіліць галіну.

2. Шчыльна наблізіць да чаго‑н., абаперці аб што‑н. Маечка паслухмяна прыхіліла галоўку да дзяўчыны. Краўчанка. — Стамілася я з гэтым канём, — сказала Твораж і прыхіліла веласіпед да спінкі рабрыстай лавачкі. Савіцкі.

3. Прытуліць, прыціснуць каго‑, што‑н. да каго‑, чаго‑н. У незвычайнай усхваляванасці Марына Мікалаеўна прыхіліла да сябе Сяргейку. Кавалёў. Ля ганка, непадалёку ад грушы, ляжала маці на сырой зямлі. Адна рука была падкручана, другой яна прыхіліла і моцна прыціскала да сябе, нібы абараняючы ад каго, Міколкаву сястрычку. Лынькоў. // перан. Даць прытулак каму‑н. Добрая рэч гэты Дом селяніна, і не аднаго толькі Сцёпку прыхіліў ён. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)