ца́ля, ‑і, ж.

Мера даўжыні, роўная 2,54 см. Чужое зямлі мы не хочам — сваёй не саступім ні цалі. Дудар. Праз усё сваё жыццё меў.. [Мікалай] справу з вяршкамі, цалямі, сажнямі... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэйс, ‑а, м.

Разм. Аптычны прыбор фірмы «Цэйс» (звычайна пра бінокль). Праз дванаццацікратны мюлераўскі цэйс было добра відаць усё, што рабілася і на скрыжаванні, і на бліжэйшых участках дарог. Шашкоў.

[Ад імя заснавальніка аптычнай фірмы ў Іене Карла Цэйса (1846 г.).]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырванано́сы, ‑ая, ‑ае.

З чырвоным носам. Цыбатая шэрая індычка, якая нечага доўга тапталася каля ганка пашывачнай арцелі, раптам.. павяла праз вуліцу, пад засень аброслых інеем ліп, свайго чырвананосага кавалера. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бада́й (разм.).

1. часц. Ужыв. для выказвання нядобрых пажаданняў, праклёнаў.

А б. ты прапаў!

2. пабочн. сл. Выказвае дапушчэнне якой-н. магчымасці, схільнасць згадзіцца з чым-н.

Па багацці ўбораў няма б. прыгажэйшай пары года, як восень.

3. прысл. Амаль.

Тут некалі корчмы стаялі б. праз кожныя дзесяць кіламетраў.

Бадай ці не... — падобна на тое, што.

Бадай што

1) магчыма што, відаць што.

Бадай што я з вамі згодзен;

2) амаль, амаль што.

Мы ўжо праехалі бадай што паўдарогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

праслізну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Слізгаючыся, прайсці, праскочыць праз што‑н., паміж чым‑н. Пакуль я капаў, мае памочнікі так старанна перабіралі кожную грудку зямлі, што, бадай, і макавае зернетка не праслізнула б міма іх рук. Штыхаў.

2. Непрыкметна прайсці, прабрацца. Хвілінкі праз дзве зноў праслізнула фігура. Лабановічу здалося, нібы тая ж самая, што іх абганяла. Колас. Толькі Сымон Карызна выйшаў з дзвярэй свае кватэры, у іх ціхенька праслізнуў Галілей. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́зма, ‑ы, ж.

Спец.

1. Шматграннік з дзвюма роўнымі паралельнымі асновамі (шматвугольнікамі) і бакавымі гранямі-паралелаграмамі.

2. Прадмет такой жа формы, звычайна трохграннік, з празрыстага рэчыва, які служыць для раскладання святла ў спектр, для змены напрамку светлавых праменяў і для іншых мэт; прымяняецца ў аптычных прыборах.

•••

Праз прызму чаго — з пазіцый чаго‑н. (глядзець, назіраць і пад.). Народны пясняр бачанае і чутае ў дзяцінстве па-мастацку асэнсаваў, прапусціў праз прызму паэтычнага абагульнення. С. Александровіч.

[Грэч. prisma.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцю́жа, ‑ы, ж.

Разм. Моцны холад, мароз. Нават зімой у лютую сцюжу .. [Сарокін] праз палонку апускаецца на дно ракі і працуе. Данілевіч. / Пра завею, мяцеліцу. Не хадзіў я з табой па сцяжынцы адной, Калі сцюжа мяла. Прыходзька. // перан. Жыццёвыя нягоды, цяжкасці. Шчасце наша прайшло праз сувеі і сцюжы, Многім з нас давялося пабялець без пары. Вітка. Твая песня стыхіяю мора Адбівалася ў сэрцы лапцюжных, Разлівалася ў цёмным прасторы, Дзе спявалі мінулага сцюжы. Трус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. на каго. Спыняць каго‑н. вокрыкам «цыц», «ц-с-с», прыкрыкваць, забараняючы рабіць што‑н. — Ціха ты! Дзяцей перапужаеш! — цыкае на.. [Алеся] Варвара. Васілевіч. Нават калі бабка часам патурала ўнуччыным капрызам, [дзед] цыкаў на яе як за вялікую і вельмі важную правінку. Сабаленка.

2. Пляваць, сплёўваць праз зубы. [Клемусь] курыў звыклыя камсамольскія «пушкі» і цыкаў слінаю праз зубы ў качаргі. Чорны. Курцы смалілі махорку і цыкалі слінай пасярод хаты. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчамі́цца, шчамлюся, шчэмішся, шчэміцца; незак.

Разм. Лезці, пралазіць і пад. з вялікімі намаганнямі куды‑н. праз што‑н. вузкае. Праз дзірку ў плоце натужліва шчэміцца ў двор чыёсьці рудое свінчо. Хадановіч. // перан. Лезці, настойліва напамінаць пра сябе (пра думкі). [Макарка:] — Думкі ўсялякія шчэмяцца ў галаву. Сабаленка. // перан. Умешвацца ў што‑н. [Стафан:] — Таму што дзе ж праўда? Я нікога не зачапіў. Я ніколі не шчаміўся ў іхнія справы, трымаўся звычаю, а звычай забараняе забіваць упяцёх аднаго. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасье́, нескл., н.

Спец. Збор дакументаў па якому‑н. пытанню, якой‑н. справе; папка з такімі дакументамі. Праз некалькі дзён палкоўніку Малевічу прывезлі пульхнае дасье, заведзенае ў судзе на Берсана. Мехаў.

[Фр. dossier.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)