адклі́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Адказаць на чый‑н. зварот, кліч; адазвацца, адгукнуцца. Затрашчала галлё — пранёсся водгук. Толькі пташкі адклікнуліся! Гартны. // Падаць пра сябе вестку. Колькі ні пісалі, а ён [лётчык] не адклікнуўся. Дайліда. // Прагучаць у адказ; адазвацца адгалоскам. Горы адклікнуліся рэхам.

2. Выявіць пэўным чынам свае адносіны да чаго‑н. Горача адклікнуліся камуністы на ленінскі наказ. // Выказаць спачуванне, гатоўнасць садзейнічаць чаму‑н.

3. Абудзіцца, выявіцца пад уплывам чаго‑н. (пра ўспаміны, пачуцці). Чыё можа сэрца адклікнуцца песняй, Дастойнай тваёй маладосці пачэснай? Глебка. — Ой, што ты робіш! — сказала.. [дзяўчына], і ў маім сэрцы адклікнуўся яе звонкі, нейкі гуллівы голас. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азірну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Павярнуўшыся, аглянуцца, паглядзець назад. [Пятрусь] азірнуўся назад: маці працягвала ўдагонку яму рукі, яе падтрымлівала чарнакудрая дзяўчынка. Каваль.

2. Паглядзець вакол сябе; агледзецца. Толькі выбіўшыся з сілы, задыханы,.. [Грэчка] спыніўся і азірнуўся навокал. Мележ. Хлопчык схаваў бязмен пад кашулю, высунуў галаву з дзвярэй на двор, азірнуўся ва ўсе бакі і, колькі духу, памчаўся па сцежцы на загуменне. Брыль. / у перан. ужыв. О, як бы я хацеў спачатку Дарогу жыцця па парадку Прайсці яшчэ раз, азірнуцца, Сабраць з дарог каменні тыя, Што губяць сілы маладыя. Колас.

•••

Не паспееш (не паспеў, не паспела) азірнуцца, як... гл. паспець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каляя́, і́; мн. кале́і (з ліч. 2, 3, 4 каляі́), кале́й; ж.

1. Пара паралельна пракладзеных рэек; чыгуначны пуць. Шырокая каляя. Вузкая каляя. □ На ўсход і захад, амаль праз кожныя паўгадзіны, па дзвюх сталёвых каляях грымяць цягнікі. Навуменка. — Бач ты, колькі збожжа сёння загрузілі! — казаў Петрык дружкам сваім, ідучы паўз .. чараду вагонаў, што стаялі на дальняй ад станцыі каляі. Шынклер.

2. Тое, што і каляіна (у 1 знач.). І вось грэбля з разбітай і засохлай каляёй застаецца ззаду. Ракітны. Дарога ўся ў лужах. Размыта Дажджом праліўным каляя. Багдановіч.

•••

Выбіцца з каляі гл. выбіцца.

Выбіць з каляі гл. выбіць.

Увайсці ў каляю гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круго́м, прысл. і прыназ.

1. прысл. Навокал, з усіх бакоў. Я паглядзеў кругом — нідзе нікога не відаць. Якімовіч. За вёскай — лугі, пералескі, Бяскрайняе поле кругом. Аўрамчык. // Разм. Усюды, ва ўсіх месцах. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.

2. прысл. Робячы кругавы рух, апісваючы круг. Колькі раз з неўміручаю марай Крэмль спрадвечны абходзіш кругом. Броўка. // круго́м! Ваенная каманда, па якой робіцца паварот на 180°.

3. прысл. Разм. Зусім, поўнасцю. Бывае, што кругом мярзотнік вінаваты, Але выносіць не жадае смецце з хаты. Корбан.

4. прыназ. з Р. Вакол чаго‑н. Абысці кругом хаты.

•••

Абвесці кругом пальца гл. абвесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лясны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да лесу, уласцівы яму. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў. Паглядае восень слёзна З засені лясной. Прыходзька. // Які жыве, расце ў лесе. Лясныя звяры. Лясныя кветкі. // Які знаходзіцца, размешчаны ў лесе. Лясная паляна. Лясное возера. □ Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі. Колас. // Багаты лесам; лясісты. Колькі раздолля ты дорыш жыццю, Край мой узгоркавы, край мой лясны! Гілевіч. // Прызначаны для работы ў лесе. Лясны плуг. Лясная сеялка.

2. Які мае адносіны да лесаводства: звязаны з лесаводствам і эксплуатацыяй лесу. Лясны экспарт. Лясныя матэрыялы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Панаванне ў пэўным грамадскім асяроддзі тых ці іншых густаў, якія праяўляюцца пераважна ў асаблівасцях адзення. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Бядуля. // перан. Агульнае прызнанне, вядомасць у даны час. Мода на эстрадную песню. Мода на кнігу.

2. толькі мн. (мо́ды, мод). Навейшыя фасоны ўбораў. Часопіс мод.

3. Разм. Звычай, прывычка. Аграном колькі часу ідзе моўчкі за фурманкай. Мода ў яго такая. Б. Стральцоў.

•••

(Апошні) крык моды гл. крык.

Выйсці з моды гл. выйсці.

Мець моду гл. мець.

Увайсці ў моду гл. увайсці.

Узяць (займець, паняць) моду гл. узяць.

[Фр. mode.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Сватаючы, атрымаць згоду на шлюб; паспяхова завяршыць сватаўство. [Мацей:] — Даўней не гэтак жаніліся. Не. Хто іх, маладых, сасватае цяпер? Пальчэўскі. // перан. Разм. Зблізіць, з’яднаць. Задача ў нас [людзей] была адна, І лёс адзіны нас сасватаў. Астрэйка.

2. перан. Разм. Прапанаваць, уладкаваць каго‑н. куды‑н. Год назад, можа і сам не здагадваючыся, сасватаў.. [Глушко] на двайную службу начальнік дыстанцыі. Навуменка. [Дзернушкоў:] — Колькі ўжо старшынь калгаса тым Хатлянам сасваталі! З райактыву пасылалі таварышаў, і ніхто не мог замацавацца там. Бялевіч. // Угаварыць, схіліць каго‑н. на што‑н. Ці не здагадваўся [дзед], што яго хочуць сасватаць на рызыкоўную справу — асаджваць пчол? Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́ўк, ваўка́ і во́ўка; мн. ваўкі́, ‑о́ў; м.

Дзікая драпежная жывёліна сямейства сабачых. Колькі ваўка не кармі, ён усё роўна ў лес глядзіць. Прыказка. І ваўкі сыты і авечкі цэлы. Прымаўка.

•••

Біты воўк — пра бывалага, вопытнага чалавека.

Воўк у авечай шкуры — пра знешне лагоднага, рахманага, а на самой справе варожага, каварнага чалавека.

Воўк у лесе (за гарою) здох — пра чый‑н. дзіўны, нечаканы ўчынак.

Воўкам глядзець (пазіраць) гл. глядзець.

Лавіць бягучага воўка след гл. лавіць.

Марскі воўк — пра бывалага, вопытнага марака.

Хоць ваўкоў ганяй гл. ганяць.

Хоць воўк траву еш — пра раўнадушныя, абыякавыя адносіны да чаго‑н.

Хоць воўкам вый гл. выць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́сціся, ‑вядуся, ‑вядзешся, ‑вядзецца; ‑вядзёмся, ‑ведзяцеся; пр. развёўся, ‑вялася, ‑лося; зак.

1. з кім і без дап. Скасаваць шлюб. [Максім Сцяпанавіч] знаў, што .. [Вера Антонаўка] з год як развялася з архітэктарам Юркевічам і жыве ў Маскве з сынам. Карпаў.

2. Напладзіцца ў вялікай колькасці. Колькі тут за вайну развялося ўсялякай дзічы! Гурскі. [Ціток:] — У адным месцы, кажуць, так развялося гэтых мышэй, што яны лаваю пайшлі на горад. Лобан. // Разм. Узнікнуць, з’явіцца ў вялікай колькасці. [Сцёпка:] — Яшчэ трэба сказаць табе, што паэтаў цяпер развялося, як камароў у балоце. Колас. Развялося шмат цяпер машын, — Аж да бурапеннага Байкала Паляцеў на самалёце сын. Кусянкоў.

3. Паддацца развядзенню, утварыць раствор. Сінька добра развялася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́лачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да палка. // Прадмет у выглядзе ўказкі, якім карыстаецца дырыжор, кіруючы аркестрам. Капельмайстар стаіць перад аркестрам, гатовы ўзмахнуць палачкай. Крапіва.

2. Разм. Перпендыкулярная рыска на пісьме. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі. Тры палачкі ўдоўж і тры ўпапярок. Янка Гарбач так заўсёды падпісваецца. Бядуля.

3. У медыцыне — бактэрыя, падобная па форме на прадаўгаватую рыску; бацыла. Кішэчная палачка. Туберкулёзная палачка.

4. звычайна мн. (па́лачкі, ‑чак). Светлачуллівыя клеткі сятчаткі вока пазваночных жывёл і чалавека, падобныя па форме на прадаўгаватую рыску.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)