рабінзо́н, ‑а, м.

Пра чалавека, вымушанага жыць у бязлюдным месцы і самому здабываць сабе ўсё неабходнае для жыцця. Палескія рабінзоны. □ Ноччу міма праплывалі параходы, на іх шпацыравалі вясёлыя людзі, а мы ляжалі, чатыры рабінзоны, на сваім бязлюдным востраве і разумелі, што ніякай карысці нам ад гэтых параходаў няма. Радкевіч.

[Ад імя галоўнага героя рамана Д. Дэфо «Рабінзон Круза».]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сыць, ‑і, ж.

Сытасць. Вось паказалася .. хартовая галава: морда ў крыві, вочы заплылі хіжаю сыццю і ў зубах штось тырчыць... Гарэцкі. [Якаў:] — Гу... Не заўсёды ж і дрэнна жыць, бог дасць і лепш пажывём, у багацці, у сыці, а?.. Галавач.

•••

Да сыці — уволю, удосталь. Наесціся да сыці. Нацешыцца да сыці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уні́мак, ‑мку, м.

Разм. У выразах: без унімку — бесперастанку. Архіп Архіпавіч нешта ўсё гаварыў. Гаварыў без унімку. Сіняўскі; няма (не мець) унімку — нельга спыніць, стрымаць. З тыдзень унімку не было, жыць не давала [гаспадыня], поедам мяне ела. Сачанка. На ўсходзе неба запалавела, а грымучае пекла не мела унімку. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскашава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; заг. раскашуйся; незак.

Разм.

1. Жыць у раскошы, мець усяго ў дастатку. [Шэмет:] — Я ведаю, што табе цяжка. У цябе дзяцей поўная хата. А хто, скажы, некалі раскашаваўся, калі трэба было хату ставіць? Лобан. Ведама, і сябе не крыўдзіць [Мікалай Мікалаевіч]. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; .. хто лічыў, колькі свіней закалолі. От і раскашуецца. Грахоўскі. // Дазваляць сабе што‑н. лішняе, звыш патрэбы. — Ну, добра, дзядзька Клеманс... Толькі там не надта раскашуйся! — Не бойся, я лішняга [лесу] не ссяку. Чарнышэвіч.

2. і (рэдка) зак. Жыць (пачаць жыць) або размяшчацца (размясціцца) дзе‑н. вельмі свабодна, на вялікай плошчы. «Цесната. Не вельмі яны тут раскашуюцца», — падумала Яніна, але ўраз жа ўспомніла пра чаканую новую кватэру. Марціновіч. Да Мінска Міхед раскашаваўся адзін, а ў Мінску ў купэ зайшлі мужчына з дзвюма жанчынамі, з выгляду калгаснікі. Сабаленка. // Расці (парасці) буйна, на прыволлі. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін, сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч. Было ціха і спакойна, густа пахла .. тарфяным пылам, крапівой, якая раскашавалася пад платамі. Кудравец. Рэдка пасеюць — раскашуецца, забуяе; густа — таксама не разгубіцца, уверх пачне расці. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інтэрна́т, -а, Ма́це, мн. -ы, -аў, м.

1. Памяшканне для пражывання навучэнцаў пры навучальнай установе.

І. ліцэя.

Студэнцкі і.

2. Памяшканне для пражывання асоб, якія працуюць на пэўным прадпрыемстве і не маюць уласнага жылля.

Жыць у заводскім інтэрнаце.

3. Стацыянарная ўстанова спецыяльнага ўтрымання хворых, інвалідаў, састарэлых і інш.

Псіханеўралагічны і.

4. Школа, у якой вучні жывуць і знаходзяцца на частковым дзяржаўным забеспячэнні.

Вучыцца ў інтэрнаце.

Школа-інтэрнат — навучальная ўстанова, дзе дзеці жывуць і вучацца.

|| прым. інтэрна́цкі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Жызнь ’жыццё’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жизнь, укр. уст. жизнь (Грынч.), балг. уст. жизн, жи́зън (Речник на редки, остарели и диалектни думи…), ст.-серб. жизнь (Данічыч) ’тс’. Ст.-слав. жизнь ’тс’. Ст.-рус. жизнь ’тс’. Ст.-бел. (Скарына) жизнь ’тс’. Ст.-рус. са ст.-слав., дзе ад жи‑ (гл. жыць) з суфіксам ‑знь (як болѣзнь). Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 292; Мейе, Études, 456; Вінаградаў, Лексикология и лексикография (Избр. труды), 1977, 15.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыбу́ркацца экспр. ’прыйсці’ (ТС); сюды ж, відаць, зафіксаванае там жа з блізкай семантыкай прыбу́рыцца ’знайсці прытулак’. Няясна. Магчыма, звязана з коранем бур‑, які рэалізаваны ў рус. іркуц. прибуро́вить ’прыйсці, прыехаць; прыбыць’, іркуц., свярдл. прибуро́виться ’прыйсці, прыцягнуцца, прывалачыся’ (СРНГ), параўн. і буровіць ’круціцца; несці бязглуздзіцу’ (ТС), што вельмі прыпамінае серб. бо̀равитижыць, пражываць’, балг. бора́вя ’рабіць нешта’, якія ўзводзяцца да *byti (гл. быць) (ЭССЯ, 2, 195–197). Параўн. і славен. priburiti ’нечакана з’явіцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падсу́седзі, ‑яў; адз. падсусед, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Беззямельныя сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім у 16 — першай палавіне 17 ст., якія жылі на чужых дварах у вёсках і гарадах.

2. Разм. Кватаранты, жыльцы. [Барысевіч:] — Маці пусціла да нас жыць пагарэльцаў. У хаце жыло тады ў падсуседзях восем чужых сем’яў. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неадсту́пны, ‑ая, ‑ае.

Які не адступае ад каго‑н., чаго‑н., упарта дамагаецца чаго‑н.; настойлівы. Неадступны спадарожнік. Неадступная пагоня. □ Цэлую раніцу хадзіў Рыгор па вёсцы сярдзіты і неадступны, пакуль выправіў у лес сабатажнікаў. Крапіва. // Неадчэпны, пастаянны. Усё засланялася адным неадступным цяжкім пытаннем: «А як жыць далей? Што рабіць?» Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уле́жаць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

Змагчы прабыць некаторы час у ляжачым становішчы; астацца ляжаць. — Хоць Міхаіл Пятровіч прыпісаў мне пасцельны рэжым, але ўлежаць я не мог. С. Александровіч. Снарады клаліся густа і трапна. Улежаць пад такім агнём было цяжка. Машара. — Ты думаеш, дзеравіна гэта доўга ўлежыць тут? — паківала галавой жанчына [экскаватаршчыку]. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)