распаго́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Стаць ясным, лагодным. Раніца распагодзілася. □ Часам, як вецер не свішча і распагодзіцца дзень, бель паву[ці]ння на ржышча бабскае лета кладзе. Машара. // перан. Перастаць быць хмурным, невясёлым; прасвятлець. [Рэктар] нешта запісаў, і твар яго, перад гэтым насцярожаны, распагодзіўся. Пестрак. У бежанкі, як у мадонны, аж распагодзіўся твар, Калі Лысуха [карова] з далоні захрумстала шэры сухар. В. Макарэвіч.

2. безас. Пра наступленне яснага, пагоднага надвор’я. Было зусім ціха. Распагодзілася. Колас. Пакуль я ляжаў, распагодзілася, і ў акно зазіраў нізкі і круглы месяц. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распача́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; пр. распачаў, ‑ла, ‑ло; зак., што.

1. Інтэнсіўна, актыўна прыступіць да ажыццяўлення чаго‑н.; узяцца за якую‑н. работу, занятак; пачаць. Распачаць будаўніцтва. □ Усе пяць салдат аддзялення Сладкова распачалі аўтаматную страляніну па амбразуры. Сіняўскі. Вядома, і я быў вельмі рады, калі .. [дзед Мацей] аднаго разу распачаў са мной гаворку пра язёў. Ляўданскі.

2. Пачаць карыстацца чым‑н., ужываць што‑н. Буфетчыца, прывабная маладая кабеціна з белымі поўнымі рукамі, сказала, што піва не свежае, — бочку распачалі аж учора раніцай. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Разм. Хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты, без справы); бадзяцца без работы. І па шырокім тратуары Ужо сланяюцца не пары, А хлопцы крочаць на завод, І кожнаму — дваццаты год. Грахоўскі. Вавіць час застаўся Дома матчын сын, З кута ў кут сланяўся Без яе, адзін. Калачынскі. Палонныя сланяліся, як сонныя мухі, па двары і хаваліся ў будынак. С. Александровіч.

2. Злёгку хістацца. Сланяцца ад стомы. □ [Маці:] — Што ты, здурэў? Чалавек з голаду аж сланяецца, а ён — галіцца. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

схлу́піцца, ‑піцца; ‑пішся, ‑піцеся, ‑пяцца; зак.

Абл. Цесна збіцца; сабрацца, стоўпіцца ў адным месцы. Імкліва і заклапочана, як на трывогу, бягуць па ёй [рацэ] таўсматыя камлістыя яліны, стройныя .. красуні хвоі. Схлупяцца ў цесным месцы на заломе, стануць шчыльна ціснуцца бок да боку, аж пакуль не падбягуць плытнікі і не разарвуць залом бусакамі. Крапіва. Саламяныя накрыўкі старых хат, быццам баронячыся ад якой напасці, схлупіліся адна да адной і выдаваліся суцэльнай страхой. Сабаленка. [Лёдзя] пачакала, пакуль пасажыры схлупіліся ля выхада, і падышла да Віктара. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцягно́, ‑а́; мн. сцёгны (з ліч. 2, 3, 4 сцягны́), ‑аў; н.

1. Частка нагі жывёлы або чалавека ад таза да калена. Ногі праваліліся ў снег, аж па сцёгны. Пташнікаў. Левая нага была раструшчана ў калене, асколак сядзеў глыбока ў сцягне. Васілевіч. — Харч добры на фабрыцы-кухні, — смеючыся, адказала Зіна і пляснула далонямі сябе па сцёгнах. Грамовіч.

2. Бядровая частка тушы; кумпяк. Добрую плату даў Шпак сваім «лясным сябрам» [кантрабандыстам]. А да ўсяго прывёз гарнец гарэлкі і вэнджанае сцягно на закуску. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́рна,

1. Прысл. да чорны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць святла, асвятлення дзе‑н.; пра перавагу чорнага, цёмнага колеру дзе‑н. Там было ўсё чорна; Скуратовічаў сілуэт там і прапаў неўзабаве. Чорны. Спелі ягады. За суніцамі — чарніцы, ад якіх аж чорна было між рослага папаратніку. Мележ. // перан. Цяжка, змрочна (на душы, на сэрцы і пад.). А на сэрцы было пуста і чорна, нібы ўзяў хто маленькае Міколкава сэрца і выціснуў з яго ўсю гарачую кроў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пляса́ць ’мігцець, ззяць, зіхацець (пра зоркі)’: пля́шуць, бле́шуть, бля́шуть (зоры) (ЛА, 2), небо зорка, зоры аж пляшуць (ТС), сюды ж плясава́ць ’скакаць (у танцы)’ (Жд. 2), ’танцаваць’ (Касп.). Рус. пляса́ть ’радавацца, танцаваць’, польск. pląsać ’танцаваць’, палаб. pľǫ́săt, чэш. plesati, славац. plešať, славен. plé̥sati ’танцаваць, весяліцца’, серб.-харв. плѐсати ’тс’, ’трыумфаваць’, балг. дыял. пле́ша. Прасл. *plęsati, роднаснае літ. plẽšti ’танцаваць, весяліцца, трыумфаваць’, plęšti ’шумець, бушаваць’, ст.-літ. pląšti ’шумець, шалясцець’ (Фасмер, 3, 291–292), аднак балтаславянскае паходжанне слова застаецца няясным (Бязлай, 3, 54). Скок (2, 681) выводзіць слав. лексему з прэтэрыта plęsā < і.-е. *plet‑ ’таптаць, працаваць нагамі’, гл. пляскаць, плоскі. Мяркуецца, што зыходнай магла быць аснова, прадстаўленая ў *pleskati, гл. пляскаць, у назалізаванай форме (Брукнер, 417; ESJSt, 11, 659), што адлюстроўвае старажытныя абрадавыя дзеянні (Куркіна, Славяноведение, 1996, 1, 7–14). Беларускія формы ў значэнні ’мігцець’ дэманструюць блізкасць да бліскаць (гл.), а ў значэнні ’танцаваць, скакаць’ — уплыў рус. плясать (Булахаў, Развіццё, 10). Сюды ж: плясу́н ’танцор’, плясу́ньня ’танцорка’ (Бяльк.), плясуха ’тс’ (Нар. Гом.) і ’сыракваша’ (рэч., Мат. Гом.), апошняе, магчыма, звязана з семантыкай балтыйскіх дзеясловаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гасці́нец ​1, ‑нца, м.

Рэч, ласунак і пад., якія госць або блізкі падносяць каму‑н. як падарунак. Сцёпка паважна расчыніў чамадан і выняў адтуль вялікую суконную хустку — гасцінец для маткі. Колас. Поруч у дзвюх кадушках ляжалі пахучыя антонаўкі, чырванабокія, аж сіняватыя цыганкі, бары — гасцінцы дзецям на ёлку. Васілевіч.

гасці́нец ​2, ‑нца, м.

Вялікая бойкая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі; шлях, тракт. Сама дарога — стары гасцінец — была абсаджана тоўстымі ліпамі ўперамежку з клёнамі і таполямі. Чарнышэвіч. Беларускія бярозы Абапал гасцінца Калыхалі думкі шумам Хлапчуку-ўкраінцу. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахвярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

1. каго-што і без дап. Добраахвотна аддаць (аддаваць), прынесці (прыносіць) у дар што‑н. Пані Вашамірская ахвяравала на званіцу старасвецкія пярсцёнкі з дарагімі камянямі. Бядуля. У гэты перыяд М. Федароўскі ахвяруе многім .. музеям сабраныя ім на Беларусі прадметы матэрыяльнай культуры. Саламевіч.

2. кім-чым. Не пашкадаваць (не шкадаваць) каго‑, чаго‑н., адмовіцца (адмаўляцца) ад каго‑, чаго‑н. Грысь адзначыў: — Пчала ахвяруе сваім жыццём, калі трэба... Кулакоўскі. [Артысты] летась ахвяравалі сваім адпачынкам і ездзілі з канцэртамі аж на цаліну. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вымалёўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рабіцца больш выразным. Не паспее добра сцямнець, як ужо на ўсходзе вымалёўваецца залаты пасак світанку, і адразу ж прачынаецца лясное птаства. Сабаленка. Чым бліжэй пад’язджаў кабрыялет, тым ясней вымалёўваўся двухпавярховы будынак з доўгім мезанінам і двума балконамі. Караткевіч. // Праясняцца ў свядомасці, рабіцца зразумелым; уяўляцца. І чым больш паглыбляўся Анатоль у кнігі, тым больш яскрава вымалёўвалася перад ім будучыня — камунізм. Асіпенка. А я не мог заснуць аж да самага світання: усё маё дзяцінства вымалёўвалася перада мной. Сабаленка.

2. Зал. да вымалёўваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)