абарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Зрываючы, вызваліць што‑н. ад чаго‑н. Абарваць куст агрэсту. // Пазрываць што‑н. з чаго‑н. Абарваць спелыя ягады. □ Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк.
2. Моцна нацягнуўшы, разарваць; адарваць частку чаго‑н. або поўнасцю што‑н. ад чаго‑н. Ён абарваў брызент, якім ззаду быў завешаны кузаў. Янкоўскі.
3. перан. Раптоўна і рэзка спыніць дзеянне, працяканне чаго‑н. Абарваць размову. □ Разважанні камандзіра абарваў далёкі гарматы стрэл. Шчарбатаў.
4. Разм. Зарабіць, раздабыць што‑н. Чалавек тут жыў бедны і рад быў абарваць капейку з якога-небудзь выпадку. Чорны.
5. перан. Разм. Зрабіўшы рэзкую, грубую заўвагу, перапыніць каго‑н., прымусіць змоўкнуць. Андрэй слухаў Івана і ледзь стрымліваўся, каб не абарваць яго рэзкім словам. Шахавец.
6. Пашкодзіць, разарваць кусаючы; абкусаць. — Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго [чорта] пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць! Якімовіч.
•••
Абарваць тэлефон — часта, многа званіць па тэлефоне.
абарва́ць 2, ‑рве; зак.
Апухнуць і нагнаіцца; нарваць вакол. Палец абарваў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зраўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
1. Зрабіцца роўным, гладкім; выраўняцца. Пасля такога здарэння [узрыву карабля] на зямлі застаўся б след на многа гадоў, а на вадзе ў тую ж хвіліну ўсё зраўнялася. Кулакоўскі.
2. Зрабіцца аднолькавым з кім‑, чым‑н. па вышыні, узроўню і пад. Курганок, прысыпаны рудой ігліцай, асеў і амаль зраўняўся з зямлёй. Б. Стральцоў. Як толькі дрэвы абедзвюх народ зраўняюцца па вышыні, паміж імі ўзнікае «барацьба». Гавеман.
3. Рухаючыся, апынуцца побач, на адной лініі з кім‑, чым‑н. Трактарыст, які ўжо зраўняўся з нампалітам, заўважыў яго ссунутыя ў суцэльную лінію калматыя бровы. Паслядовіч. Калі вазы зраўняліся, семінарыст пазнаў.., што жанчына ў чорнай капоце, якая сядзела побач з Адасем Камароўскім, гэта Алеся. С. Александровіч.
4. Стаць роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах; параўняцца. Стараючыся хоць як-небудзь зраўняцца з хлопцамі, якія абагналі яго ў вучобе, Сяргей чытаў кнігу за кнігай. Навуменка. // Аказацца пастаўленым нароўні з кім‑, чым‑н. У джунглях жыў вялізны Слон, І быў бязмерна моцны ён, — З ім сілаю ніхто не мог зраўняцца. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Утварыць кароткі звонкі гук, ударыўшы па металічным, шкляным ці інш. прадмеце. Я чуў, як зачыніліся вароты ў садку, як потым бразнула клямка і шарганула ў сенцах засаўка. Баранавых. Дзверы сянец бразнулі, і босая Параска ціха, як кошка, прайшла па двары. Лобан. // чым. Ударыўшы металічным або шкляным прадметам па чым‑н., утварыць гук. Аднак варта каму бразнуць талеркай ці нават хоць бы зняць з хлеба настольнік, як.. [кот] ужо тут. Якімовіч. Варта было ветру бразнуць форткай, як.. [Іна] ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Ваданосаў.
2. каго-што. З сілай кінуць, выклікаўшы шум, гук; грымнуць. Даніла ўсё ж такі схапіў Дудзько за грудзі, падняў і бразнуў аб зямлю. Пестрак. Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу ўсё, што трымаў у руках, — кнігі.., лінейку, мел — і ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Шамякін.
3. перан. Разм. Пазваніць па тэлефоне каму‑н. — Гэта мне, ёлупу, навука! — бубніць Дзямян Лукіч. — Падвёў карэспандэнт... Абяцаў даць у газету, калі мы поўным ходам разгорнем уборку, а што атрымалася?.. Няўжо так ужо цяжка было мне бразнуць, удакладніць? Аношкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
Разм.
1. на каго-што і без дап. Нечакана сустрэцца з кім‑, чым‑н., выпадкова натрапіць на каго‑, што‑н. Мы прыйшлі ў мястэчка ноччу і, каб не пераходзіць чыгункі, дзе лёгка было нарвацца на нямецкі патруль, спыніліся ў Міколкавага дзеда, двор якога стаяў наводшыбе. Навуменка. Неяк ноччу, падкрадаючыся да чыгункі, мы нарваліся на варожую засаду. Краўчанка. Падарожжа ў адзіночку палохала. Нарвешся дзе-небудзь на дэсант — прыстрэляць, і ніхто ніколі не дазнаецца пра гэта. Асіпенка. // Сустрэцца з кім‑, чым‑н. (звычайна непрыемным, непажаданым) у сваім жыцці, у сваёй дзейнасці. Дзед спрабаваў адгаварыць Міколу — не падабалася яму гэтая паездка ў такі час, калі на кожным кроку можна нарвацца на сваю смерць. Якімовіч. «Нарвецца дзяўчына», — казалі пра .. [Аўгіню] сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Колас.
2. Нечакана прыйсці, з’явіцца. Неяк .. дзядзька Мікіта прывёз сабе цэлы воз бярэзніку, а тут нечакана нарваўся .. ляснік Мацуль. Сіпакоў.
•••
Не на таго нарваўся — тое, што і не на таго напаў (гл. напасці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палі́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Грамадская дзейнасць, барацьба, у якой адлюстроўваюцца карэнныя інтарэсы класаў і іхнія ўзаемаадносіны; дзейнасць дзяржавы ў галіне ўнутранага жыцця і міжнародных адносін. Знешняя палітыка. Унутраная палітыка. Міжнародная палітыка. □ — Правільная палітыка нашай камуністычнай партыі, — гаварыў Кастусь, — палітыка ўсямернага развіцця індустрыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі — апраўдала сябе выдатна. Брыль. // Агульны напрамак дзейнасці дзяржавы, якога‑н. класа, партыі. Агрэсіўная палітыка. Палітыка мірнага суіснавання. Палітыка нейтралітэту. // Напрамак дзейнасці дзяржавы, палітычнай партыі ў той ці іншай галіне ў пэўны перыяд. Новая эканамічная палітыка. Нацыянальная палітыка. // Падзеі і пытанні ўнутранага і міжнароднага грамадскага жыцця. Максіму хацелася таксама сказаць што-небудзь аб палітыцы, але ён дні тры ўжо не чытаў газет і таму баяўся сказаць неўпапад. Шамякін.
2. Разм. Характар паводзін, які вызначае адносіны да каго‑, чаго‑н. — Ты пасаромелася б людзей, кабета. На роднае дзіця з ражном перці... Ды бога пабаялася б.. — Усё гэта хітрыкі дзеда, і маці добра разумее яго палітыку. Але што ты з гэтым дзедам зробіш. Лынькоў.
3. Разм. Удзел у рэвалюцыйным руху, у рэвалюцыйнай рабоце. Цяпер.. [Параска] жыла без мужа: яго засудзілі паны на восем год за палітыку. Дамашэвіч.
[Грэч. politikē.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панара́ма, ‑ы, ж.
1. Від мясцовасці (звычайна з вышыні), якая цягнецца вельмі далёка. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас. Панарамы лясоў і балот, Краявіды імшыстых нізін... І на Захад, на Поўнач, на Усход — Я ды край мой — адзін на адзін. Таўбін. // перан. Агульны шырокі агляд, апісанне якіх‑н. падзей у жыцці, у мастацкім творы. Перад намі ж не асобны гістарычны эпізод, не адна якая-небудзь з’ява, а хада гадоў, панарама мноства падзей перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Перкін. З майстэрствам .. пададзена ў рамане К. Чорнага «Вялікі дзень» панарама мнагадзённых баёў за Брэсцкую крэпасць. Кудраўцаў.
2. Вялікая карціна з аб’ёмным першым планам, змешчаная ўнутры круглага будынка з верхнім асвятленнем. Севастопальская панарама.
3. Абсталяванне, пры дапамозе якога невялікія карціны здаюцца павялічанымі пры разглядзе праз аптычнае шкло.
4. Спец. Аптычная прылада для павелічэння дакладнасці наводкі гарматы. Было відаць, як хлопцы на хвіліну прыпыняліся, наводчык прыпадаў да панарамы, страляў, пасля ўсе пасоўваліся зноў далей. Карпюк.
[Ад грэч. pán — усё і hórama — відовішча.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патае́мны, ‑ая, ‑ае.
Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыпячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. прыпек, ‑пякла, ‑пякло; заг. прыпячы; зак.
1. каго-што. Разм. Пратрымаўшы доўгі час на агні, на жары, падпаліць. Прыпячы пірагі. // Трохі, злёгку спячы; апячы. Прыпячы руку правам. □ А запалка дагарэла і — чуць не прыпякла пальцаў — стухла. Баранавых.
2. каго-што і без дап. Моцна прыгрэць (пра сонца). На другі дзень, калі шчодра прыпякло гарачае веснавое сонейка, расада раптам пачала вянуць... Якімовіч. // безас. Пра адчуванне моцнай гарачыні. Наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Шамякін. У Каляды тлела гімнасцёрка, але ён не заўважаў гэтага, вёў агонь, аж пакуль добра не прыпякло. Гурскі. // перан.; безас. Прыйсціся цяжка, крута. Чаго ж.. [Томчак] даў цягу адтуль у Польшчу? Відаць, прыпякло. Бажко. — На тваім месцы і я каго-небудзь супакойваў бы. А калі самому прыпякло... Асіпенка.
3. што. Прыкласці што‑н., змазаць чым‑н. едкім, пякучым (для лячэння, дэзінфенкцыі); прыпаліць. Прыпячы парэз ёдам.
4. што і чаго. Разм. Спячы дадаткова, у дадатак да ўжо спечанага. Прыпячы хлеба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстро́іцца 1, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
1. Прымасціцца, размясціцца дзе‑н. Васілёк прыстроіўся каля табурэткі ў кутку і вельмі пільна ўглядаўся ў малюнкі ў кніжцы. Броўка. Якаў прыстроіўся на дубе, поруч з Юзікам. Чарнышэвіч. // Далучыцца, прыстаць да каго‑н. Касец з Яхіма так сабе, другі год як узяўся за касу, а тут яшчэ ў кампаніі сталых мужчын прыстроіўся Барын бацька. Дуброўскі.
2. Разм. Уладкавацца на работу, заняць якое‑н. месца, становішча ў жыцці. — Каб як гэта мне дзе-небудзь прыстроіцца — рабіць па сваёй сіле, каб ніхто не мяшаў мне жыць. Чорны. — Прыстроімся матросамі. Здорава было б трапіць на кітабойную флатылію. Асіпенка. — Ці не хочаш ты, дзед, ключнікам прыстроіцца? — запытаў Максім Ус. Грахоўскі.
3. Далучыцца да строю, стаць у строй; стаць у рад, у адну лінію з кім‑, чым‑н. Лёдзя, захапіўшы чатыры бляшаныя падносы, прыстроілася да чаргі за абедамі. Карпаў. Асцярожна, як бы баючыся аступіцца, машына выпаўзла з памяшкання і прыстроілася ў канцы калоны. Беразняк.
прыстро́іцца 2, ‑строюся, ‑строішся, ‑строіцца; зак.
Разм. Апрануцца па-святочнаму, прыбрацца. Прыстройся, дзяўчынка-нябожа, Так, як у дзянёчак святы,.. — Сягоння прыедуць сваты. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скок 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. скакаць (у 7 знач.). Цяжкі скок каня. // у знач. прысл. ско́кам. Разм. Скачкамі; наўскач. Пасля размовы са сваім земляком, Яўхім кінуўся скокам з шастом да вады. Ракітны. // Разм. Скачок. У два скокі апынуцца ля акна. □ Здавалася, што .. [Апанас] вось-вось чакаў з кустоў скоку якога-небудзь ворага. Пестрак.
2. Тое, што і скокі. Нават стары Позняк, і той гатоў быў ўскочыць з лаўкі і закруціцца ў шалёным скоку з Янінаю. Мурашка.
•••
На жабін скок — вельмі мала.
На скаку; на ўсім (поўным) скаку — у час руху наўскач. Шмат было тады ў стэпе дзікіх коней, і не кожны батыр мог на скаку накінуць на шыю важаку табуна аркан. Даніленка.
То бокам то скокам гл. бокам.
скок 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. скакаць — скокнуць. Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Колас. А жабка як квакне — ды скок у ставок... Грамыка. [Пятро:] — Успомніў пра ружжо і — скок назад у хату, а госць [воўк] тут і выкінуў свой манеўр. Ракітны.
•••
Скок-паскок (нар.-паэт.) — скача, паскоквае, паскакаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)