ра́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Прасіць у каго‑н. рады (у 1 знач.). Да Язэпа ішлі радзіцца і свае аднавяскоўцы і людзі з наваколля. Рамановіч.

2. Мець з кім‑н. раду (у 2 знач.); раіцца. Дзед Талаш і Мартын Рыль, расказаўшы адзін аднаму аб сваіх прыгодах, сталі радзіцца, што рабіць далей і куды ісці. Колас.

радзі́цца, раджу́ся, ро́дзішся, ро́дзіцца; зак. і незак.

1. Тое, што і нарадзіцца (нараджацца). І прыйшлося .. [Ігнасю] тады астацца ў хаце, дзе радзіўся і дзе гаспадарыў і паспеў ужо разбагацець брат Макар. Чорны. У сэрцы .. [Аўгіні] радзілася надзея, што сярод уцёкшых з-пад арышту сялян быў і Мартын Рыль. Колас.

2. незак. Даваць ураджай, плады; радзіць (аб раслінах). Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць, З трох коп кадушку накладаюць! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

1. з кім і без дап. Расстацца, перастаць быць разам (пра блізкіх, сяброў). Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з Лідачкай разлучыцца. Брыль. // Перастаць жыць разам (пра мужа і жонку); разысціся. [Агата:] — Няма Хведара. — [Антось:] — А дзе? — Другі год няма ўжо... Разлучылася я з ім. Чорны. // перан. Пакінуць што‑н. дарагое, блізкае, адмовіцца ад чаго‑н. звычнага. Цяжка раптоўна разлучыцца з думкай аб шчасці. Дамашэвіч. Лявон Лук’янавіч Кулакоўскі не па сваёй ахвоце разлучыўся з пасадай дырэктара школы. «Вожык».

2. Перастаць быць злучаным з чым‑н.; аддзяліцца. Канцы правадоў разлучыліся.

3. Падзяліцца, раздзяліцца. [Руневіч] памятаў, як прыходзілі хлопцы, паасобку і групамі, як абрастаў іх атрад, як разлучыўся на два, як да двух прырос трэці, чацвёрты. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Весці размову, гутарку; гаварыць з кім‑н. Ніколі не бачыла [Марыя] раней гэтага чалавека, нічога не ведала пра яго, а размаўляла ўсю дарогу як з даўнім знаёмым. Кулакоўскі. Я ведаў з уласнага вопыту, што ў такім выпадку найлепш размаўляць з селянінам сам-насам, без сведак. Карпюк. // Разм. (звычайна з адмоўем). Падтрымліваць сувязь, мець зносіны з кім‑н. Спрачаліся на пераменках, спрачаліся пасля ўрокаў, хто-ніхто ўжо дэманстрацыйна адварочваўся ад суседа па парце, не жадаючы размаўляць. Б. Стральцоў. Іншы раз .. [Кашыны] не размаўлялі па два-тры дні і трымалі сябе так, нібы ў доме нікога не было наогул. Карпаў. // Разм. Гаварыць, выказваючы незадаволенасць, пярэчыць. — Чакай, чакай, кіпяток ты гэтакі! Дзе тут рукі выцягнеш? — Не размаўляць! Вылазь, пакуль не прыстрэліў! — і лейтэнант тыцкаў у грудзі аўтамат. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́ма, ‑ы, ж.

1. Аконны пераплёт з устаўленым шклом і без яго. Падвойныя рамы. □ У вузейшай частцы, дзе скляпенне падымалася над долам, была зроблена вузенькая, доўгенькая аконная рама ў чатыры шкельцы. Колас. // Зашклёны пераплёт для аховы раслін ад холаду ў парніках і цяпліцах.

2. Аправа для ўстаўкі ў яе карцін, партрэтаў, люстраў і пад. На астатніх сценах у цяжкіх арэхавых рамах былі развешаны партрэты. Даніленка.

3. Нясучая частка машыны, якой‑н. канструкцыі; станіна. Веласіпедная рама. □ [Йох:] — Міна была падкінута ў топку. Бачыце, рама паравоза цэлая і рэйкі цэлыя. Лынькоў.

4. Прамавугольнік з брусоў або планак для розных патрэб і мэт. У майстэрні было цяпер ціха, і .. [Яругіну] ўжо запякло хутчэй вярнуцца ў тую цішыню, каб напяць на раму палатно і пакласці на яго ўльтрамарын. Карамазаў. // Прыстасаванне для сотаў у вуллі.

•••

Лесапільная рама — машына для падоўжнага распілоўвання бярвення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. што. Коцячы, наблізіць. Жучка падкаціла бліжэй да сябе ўсе бульбіны, легла каля іх і цікуе... Каліна. // Закаціць куды‑н., пад што‑н. Падкаціць бочку к пограбу.

2. што. Падвезці што‑н. да чаго‑н., устаноўленае на колах, палазах і пад. Падкаціць да самалёта трап. □ Да століка падкаціла цялежку Турава. Савіцкі. // каго. Разм. З шыкам падвезці каго‑н. да чаго‑н. Ячны хацеў падкаціць мяне да самага парога, але я адпрасіўся, пайшоў пехатой. Брыль.

3. да каго-чаго і без дап. Хутка пад’ехаць. Брычка лёгка падкаціла да чырвонай драўлянай будыніны. Асіпенка. Мы не паспелі яшчэ як след апрануцца, калі да ганка стралой падкаціла двое нартаў. Бяганская.

4. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У грудзі падкаціла трывога, ці не чакае такі лёс усё маё пісанне наогул. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нож, нажа, м.

1. Прылада для рэзання, якая складаецца з ляза і ручкі. Зрабіўшы нажом метку на яліне, дзед важна стаў у баявую позу і падняў пісталет угору. Лынькоў. Шаройка бегаў сам на кухню, прыносіў відэльцы, нажы. Шамякін.

2. Рэжучая частка розных машын, інструментаў. Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас.

•••

Фінскі нож — кароткі з тоўстай рэжучай часткай нож, які носяць у ножнах.

Без нажа зарэзаць гл. зарэзаць.

Легчы пад нож гл. легчы.

На нажах з кім — у варожых адносінах.

Нож у спіну каму — аб подлым, здрадніцкім ўчынку.

Памерці пад нажом гл. памерці.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Тачыць нож гл. тачыць.

Як нажом адрэзаць гл. адрэзаць.

(Як) нож у сэрца — наносіць крыўду, боль, пакуты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабо́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе побач з галоўным, асноўным; менш істотны; другарадны. Першае месца сярод пабочнага тыпажу [у паэзіі М. Танка] па праву належыць вобразам бацькоў. У. Калеснік.

2. Чужы, не свой, старонні. З пабочных людзей толькі .. [Пруцікаў] адзін ведаў сцежку на наш новы астравок і мог хадзіць да нас самастойна. Казлоў. [Таццяна] апранацца стала .. па-сялянску, каб не кідацца ў вочы пабочным людзям. Шамякін.

3. Які не мае непасрэдных адносін да чаго‑н. [Дзяўчаткі] заўсёды прыходзяць сюды рыхтаваць урокі і амаль увесь час трацяць на пабочныя гутаркі. Гарбук.

4. Чый‑н., не свой, не ўласны. Пабочны ўплыў. □ [Таня:] Вера мае добрую прафесію. Гэта робіць яе незалежнай ад пабочнай ласкі. Машара.

5. Народжаны без шлюбу. Пабочны сын.

6. У граматыцы — які не звязаны фармальна-граматычнымі сродкамі са сказам і выражае адносіны да выказанай думкі. Пабочнае слова. Пабочнае словазлучэнне. Пабочны сказ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыраста́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. Стаць высокімі, дарослымі (пра людзей). Прыйшоў .. [Зянон] з вайны і не пазнаў ні дзяцей — тыя павырасталі, ні жонкі — Дуся неяк змізарнела. Сабаленка. Язэпка рады быў кожнаму знаёмаму твару. А некаторых, з маладзейшых, ён ужо і не пазнаваў. Павырасталі без яго! Якімовіч. // (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Стаць вялікім, высокім (аб жывёлах, раслінах). Птушкі павырасталі і цяпер збіраліся разам. Чорны. Маладыя флянцы сасонак, пасаджаныя калісьці радамі, павырасталі ў гонкія дрэвы. Пальчэўскі.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Узнікнуць, з’явіцца — пра ўсё, многае. Вакол гарнізона да восені, быццам грыбы, павырасталі дзоты. Брыль.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Паўстаць перад вачыма — пра многіх, многае. Сяргей хутчэй адчуў, чым убачыў, што вакол яго фашысты. Нібы павырасталі з зямлі. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., чаго.

1. Зрабіць вялікую колькасць чаго‑н. Нарабіць здымкаў. Нарабіць вулляў. □ Увайшоў у лес я ссекчы клён, Нарабіць мне трэба лёгкіх лыжаў. Бялевіч.

2. і што. Зрабіць, учыніць што‑н. або многа чаго‑н. (звычайна непрыемнага, дрэннага і пад.). Нарабіць памылак. Нарабіць шкоды. □ Малыя накінуліся на сала. Маці нарабіла крыку: — Не бярыце памногу. Чорны. Паяўленне [Сцёпкі] ў Заборцах было цэлаю праяваю вясковага жыцця, бо ў свой час ён нарабіў столькі шуму ў сяле, што аб ім доўга гаварылі і прарочылі яму нялюдскую долю. Колас. — Засуха ў нас — гэта яшчэ нішто, а вось вайна што нарабіла. Шамякін.

3. і без дап. (звычайна з адмоўем). Зарабіць у дастатковай колькасці. — Грошай няма ў нас, дзедка. Тата адзін на ўсіх не можа нарабіць, — адказала Галя тое, што чула не раз з матчыных вуснаў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прабра́цца, ‑бяруся, ‑бярэшся, ‑бярэцца; ‑бяромся, ‑берацеся; пр. прабраўся, ‑бралася; заг. прабярыся; зак.

1. З цяжкасцю прайсці куды‑н., да чаго‑н. Яловыя лапы так моцна перапляталіся, што праз іх цяжка было прабрацца. Лынькоў. Паходня, асцярожна ступаючы між клункамі, прабраўся ў глыб вагона да незанятага акна. Хадкевіч. / у перан. ужыв. У цэнтры Еўропы да ўлады прабралася самая шалёная рэакцыя — нямецкія фашысты на чале з Гітлерам. Ліс.

2. Прайсці тайком, пракрасціся. Разведка і сапёры прабраліся ў размяшчэнне праціўніка ўдала, без аднаго стрэлу. Мележ. [Сяміздраў] узяў дубальтоўку і, крадучыся загуменнем, прабраўся да хаты, дзе праходзіў сход. Шчарбатаў. // перан. Падманам пранікнуць у якую‑н. арганізацыю. [Палкоўнік:] — Скажу адно. Вось чалавек прадаў сваю радзіму і народ. Мы ведаем, што ў маладосці ён гуляў у бандах Зялёнага. Потым нават у партыю прабраўся, каб схаваць сваё чорнае нутро. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)