то́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.

Хадзьбой, яздой пракладваць (дарогу, шлях і пад.). А прыгледзішся — і выходзіць: сцежка тая не сцежка, а дарога, бо торыць і брукуе яе народ. Лужанін. Кожны па-свойму ўмудраўся, лаўчыўся. Кожны торыў дарогу з лесу да свайго гумна. Бядуля. // перан. Пракладваць шлях у жыццё, у будучыню. Самі мы шляхі наперад торым. Лойка. Вашы продкі і вы з цемры торылі шлях, Ад якога цяпер больш дарог у жыццё, Чым на небе святых. Занядбаў я касцёл. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́рыць, -ру, -рыш, -рыць; незак.

1. каго-што. Апрацоўваць парай, варам (для ачысткі, знішчэння насякомых і г.д.).

П. бочку.

П. бялізну.

2. каго (што). Хвастаць венікам (у лазні, каб выклікаць пот).

3. што. Варыць у закрытай пасудзіне пры дапамозе пары.

П. гарох.

4. каго. Вельмі цёпла апранаць (разм.).

Што ты парыш дзіця ў гэтым паліто.

5. што. Кіпяціць (пра малако).

6. безас. Пра вельмі гарачае вільготнае надвор’е.

Увесь дзень парыла.

Парыць зямлю або косці (разм.) — не жыць, ляжаць у магіле.

|| звар. па́рыцца, -руся, -рышся, -рыцца.

|| наз. па́ранне, -я, н. (да 1—5 знач.) і па́рка, -і, ДМ -рцы, ж. (да 1—5 знач.; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

западо́зрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. у чым. Пачаць падазраваць, лічыць вінаватым у чым‑н. На твары матроса было столькі ветлівасці і гасціннасці, што яго ніяк нельга было западозрыць у благім. Асіпенка. Вучні разышліся па класе, і Лемяшэвіч, каб яго не ўбачылі і — чаго добрага! — не западозрылі ў падслухоўванні, паспяшаўся выйсці з калідора. Шамякін.

2. таксама са злучн. «што». Пачаць здагадвацца аб чым‑н. Малы парабчук, які ў гэты час быў у доме, неўзабаве западозрыў, што нешта тут адбылося, і.. сказаў людзям. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыўда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм.

1. Пачаць рабіць што‑н. вельмі энергічна, інтэнсіўна. Стопчам [лапаць] — дык атопкам Пыл уздымем хмарай, На ўсю вёску ёмка Свіснем ды прыўдарым! Танк. // Стаць мацнейшым (пра дождж, мароз і пад.). За ноч намяло гурбы снегу. Прыўдарыла, сілу сваю разамкнула сіверная зіма. Баранавых. А дождж, як на тое ліха, прыўдарыў мацней. Хомчанка.

2. за кім. Пачаць заляцацца (да жанчыны). — У такую, як Наталля Максімаўна, нельга не закахацца. Прызнаюся.., што, каб ты не апярздзіў мяне, прыўдарыў бы я за ёю... Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз’я́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Выклікаць у кім‑н. моцнае раздражненне, злосць; раз’юшыць. — Пацэліла, мабыць, у зубы, бо балюча ўдарыла кветачкі пальцаў. Гэта раз’ятрыла мяне, і я пачала лупцаваць яго абедзвюма рукамі па чым папала. Шамякін. Канцавенькага гэта яшчэ больш раз’ятрыла: — От чаму гэтае гумно з хутара не зносяць!.. Арочка.

2. Прычыніць боль, дакрануўшыся да чаго‑н. балючага; растрывожыць, развярэдзіць. Раз’ятрыць рану. // перан. Прычыніць маральныя пакуты. У хатах людзі пабойваліся ўспамінаць пра гэты страшны выпадак, каб не раз’ятрыць сваіх сэрцаў. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запрато́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Пакласці, падзець невядома куды. — У вас, гаспадыні, заўсёды так: як дзе што запраторыце, дык са свечкай не знойдзеш. Сабаленка. // Схаваць, прыбраць куды‑н. так, каб цяжка было знайсці. — Пашанцавала мне тады ў аднаго чалавека выменяць на сала аж чатыры пуды солі. Схаваў я яе, як сцямнела, — два пуды ў дровах, а два пад сена запраторыў. Паслядовіч. // перан. Заслаць, выслаць, пасадзіць куды‑н., адкуль цяжка выбрацца. Абуджаў калісь местачковых абывацеляў саматужны рэдактар Бухберг, але яго запраторылі ў вар’яцкі дом, хоць ён вар’ятам, можа, і не быў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улада́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. Правіць краінай, дзяржавай; быць уладаром, мець уладу над кім‑, чым‑н. Уладарыць над прыродай. □ Старая ўладарыла .. [у доме] і пачынала кожны новы дзень трохі не пасярод ночы. Шамякін. Пачалі глядзець навокал мы далёка і глыбока. Уладарым у паветры, зазірнулі мы і ў нетры. Дубоўка.

2. перан. Панаваць, займаць пануючае становішча. Над зямлёю восень уладарыць. Азірае пожні і бары. Ляпёшкін. І толькі ў буру-непагоду, Калі ўладарыць шторм адзін, Парою з дна марскога воды На бераг выплеснуць бурштын. Тарас. За акном стоена і ціха ўладарыла зімовая ноч. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уціхамі́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Прымусіць супакоіцца, суняцца. [Васіль:] — Прымай, Янук, гасцей ды ўціхамір свайго барбоса! Зайсці трэба! Шашкоў. // Аслабіць, зменшыць сілу праяўлення чаго‑н. Цяпер яму [Кліму] захацелася ўціхамірыць гэтую злосць на Сідары. Галавач. У выканкоме вырашылі падзяліць [кватэры] загадзя, каб уціхамірыць непакой і хваляванне. Мележ.

2. Сілай супакоіць каго‑н.; задушыць (бунт, паўстанне і пад.). [Гена:] — Няхай пан не хвалюецца, мы ўціхамірым бунтаўшчыкоў. Жычка.

3. Падпарадкаваць сваёй волі; утаймаваць. Тры дні змагаліся геолагі і нафтавікі, каб уціхамірыць стыхію. В. Вольскі. Грознага [быка] ўсё-такі ўціхамірылі і зноў навязалі на ланцуг. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шна́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Шукаць навобмацак. Той [чалавек] ужо сам шнарыў рукою па комінку. Чорны. У вузкім пакойчыку на другім паверсе гаспадар падаў госцю крэсла, а сам зняў пінжак, павесіў яго ў шафу і пачаў заклапочана шнарыць у тумбачцы. Брыль. // Заходзіць, заглядваць у розныя месцы, шукаючы каго‑, што‑н. Немцы шнарылі па лесе, шукалі партызан у вёсках, а знайсці не маглі. Васілеўская. [Казуля] амаль не адыходзілася ад Алёшкі, бегала за ім па хаце, а калі часамі заставалася адна, то шнарыла па ўсіх закутках, шукала свайго апекуна. Ляўданскі.

•••

Шнарыць вачамі — пільна ўглядацца; шукаць позіркам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ры́паць1 ’падымацца ўверх і апускацца ўніз (пра ніты)’ (петр., Шат.), ри́па ’деталь самопрялки, соединяющая верхнюю часть с подставкою’ (Влад.). Ад ры́паць2 (гл.), параўн. серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’.

Ры́паць2 ’скрабсці’, ’скрыпець’ (Др.), ’скрыпець’ (Гарэц.), ’няўмела іграць на гармоніку, скрыпцы’ (Мядзв.), ры́паць ’рыпець, скрыпець, скрыгаць; дрэнна іграць; поркацца, кешкацца’ (ТС), ры́пацца ’рыпець, выдаваць гукі пры трэнні’ (ТС), ’незадаволена бурчаць’ (Яўс.), ры́палка ’дрэнны гармонік’, ’няўмелы гарманіст’ (Янк. 2, Жд. 3), рус. ры́пать, ры́пнуть, руск. дыял. ры́пать ’скрыпець’, укр. ри́пати ’скрыпець’, рипатися ’часта адчыняць дзверы’, польск. rypać ’удараць’, ’грымець’, ’рыпець’, в.-луж. rypać ’калупаць’, славац. rýpať ’капаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, чэш. rýpati ’калупаць’, ’тыкаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, ’крыўдзіць’, rýpati se ’калупацца’, rupati ’хрусцець’, ’трашчаць’)’, серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’. Прасл. *rypati для якога можна меркаваць першаснае значэнне ’рыць’, ’капаць’, ’рваць’ (польск. дыял. rypać ’стукаць, адбіваць’, ’есці’, ’капаць’, ’крышыць’, чэш. rypati ’капаць, рыць’) і другаснае ’непакоіцца’ (рус. рыпаться, в.-луж. rypać ’чапляцца, назаляць’, балг. ри́пам ’мітусіцца, кідацца’), было растлумачана Брукнерам як вытворнае яд *ryp (утварэнне ад *ryti з суфіксальным ‑p‑) (Брукнер, 472). Аднак наяўнасць славянскіх слоў з тым жа ‑p‑ і іншай агласоўкай кораня тыпу *rupa ’яма’ (укр. рупа, славен. rupa, серб.-харв. rupa, балг. ру́па) і *rupiti sę ’непакоіцца’ (> бел. ру́піцца), што сведчыць аб прыналежнасці ‑p‑ да зыходнай дзеяслоўнай асновы (імаверна вытворнай у сваю чаргу ад і.-е. *reu‑, які даў і прасл. *ryti). Таму больш дакладным падаецца тлумачэнне Махэка, які мяркуе, што слав. *rypati з’яўляецца ітэратывам ад незахаванага дзеяслова *rupiti, якой адпавядаў бы літ. raũpiti (Махэк, 2, 527). Аднак мяркуемы зыходны дзеяслоў прапаноўваецца рэканструяваць у форме *rъpati (*rup‑: *rъp‑: *ryp‑), паколькі захаваліся укр. по́рпати ’капацца, разграбаць, выграбаць (пра курэй)’, ’рыцца ў чым-небудзь’, польск. дыял. parpać ’рыцца, капацца’, балг. дыял. ръ́пам, ръ́пна ’рэзаць тупымі, вышчарбленымі нажніцамі або сярпом’, ’рэзаць дрэнна, няроўна’ (Варбот, Этимология 1971, 6–7; Куркіна, Этимология–1984, 111). Гл. таксама рыпе́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)