калаці́ць, калачу́, кало́ціш, кало́ціць; незак.

1. каго-што. Выклікаць дрыжанне чаго-н.; хістаць, трэсці.

Выбухі гармат калацілі горад.

К. яблыкі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каго (што). Выклікаць дрыжыкі (пра страх, ліхаманку, холад і пад.).

Мяне калоціць (безас.).

3. каго-што і без дап. Рабіць вобыск (разм.).

4. што. Гатаваць якую-н. страву, размешваючы калатоўкай (разм.).

К. зацірку.

5. перан., каго (што). Выклікаць непрыемнае пачуццё.

Гэта несправядлівасць калоціць мяне.

6. каго-што і без дап. Часта і моцна стукаць; наносіць удары, біць (разм.).

К. кулакамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Матля́цца, матля́тыса ’хістацца, знаходзячыся ў вісячым становішчы, вісючы, хістацца туды-сюды, з боку ў бок’ (ТСБМ, ТС; пін., Нар. лекс.), ’боўтацца’ (Ян.), ’ухіляцца ад працы, хадзіць без справы’ (шкл., Мат. Маг.), матля́ць ’матаць, размахваць, хістаць чым-небудзь’ (ТСБМ, ТС), матляну́цца ’матнуцца, памкнуцца, паспяшацца куды-небудзь’ (Нар. Гом.). Укр. мотля́тися, мо́тлятися. Да матла́ць < мата́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́хвець ’недамагаць, чэзнуць’, ніхневаць ’тс’ (ТС). Няясна; магчыма, утворана ад дзеяслова хвеяцца (хвѣицьца) ’хістацца’ (Нас.), польск. chwiać ’згібаць, хістаць’, укр. хвіяти ’нахіляць, гойдаць’ і пад., ні‑ ў гэтым выпадку мела б узмацняльны характар, чым і тлумачыцца яго націскны характар. Відаць, выпадковае падабенства да балг. дыял. нехвелам ’недамагаць, хварэць’, нехвель ’хвароба, слабасць’ (Гераў), якое лічыцца грэцызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

матля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

Разм.

1. чым. Тое, што і матаць ​1 (у 2 знач.). Жэнька сядзіць у дваровым садку на лавачцы, есць .. хлеб і матляе нагамі. Лужанін. Ззаду фыркалі і матлялі галовамі, адбіваючыся ад камароў, коні. Новікаў.

2. што. Часта рухаць з боку ў бок; хістаць. Вецер матляў мокрыя, цяжкія ад дажджу крысы паліто, зрываў шапкі. Васілеўская. Плуг выскокваў з баразны, матляў.. [Марыйчына] худзенькае цельца, нібы былінку. Місько. / у безас. ужыв. Коні ўсё набіралі бег, усё ляцелі, калёсы кідала, матляла так, што сэрца як не разрывалася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хіста́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. хістаць (у 1, 2 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. хістацца (у 1–3 знач.). Хістанне дрэў. □ І толькі складкі сукенкі ды ледзь прыкметнае хістанне чорных кос на спіне адзначалі яе [Анежкі] рух. Броўка.

2. Няўстойлівасць, зменлівасць. Хістанні тэмпературы. Хістанне цэн.

3. перан. Нерашучасць, сумненне. Ці зайздросны мой лёс? Ці шчасліва жыву? Каб такое пытанне стаяла ў анкеце, — Я, сябры, без хістання б запоўніў графу: — Так, па-мойму, я — самы шчаслівы на свеце! Гілевіч. Рады творчаму плёну, Мы працуем натхнёна, У нашым руху хістанняў няма. Журба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Све́пет ‘пчаліны бортны рой’ (У. Караткевіч), ст.-бел. ‘дупло, дзе жывуць дзікія пчолы’: а хто бы свепет в чыем лесе умыслне порубал и мед выбрал (Статут ВКЛ 1588 г.), ст.-рус. свепетъ ‘дзікі лясны мёд’, ст.-укр. свепеть ‘борць у дрэве для дзікіх пчол’ (1366), польск. дыял. świepiot ‘рой дзікіх пчол’, ст.-польск. świepioto ‘тс’, чэш. дыял. svapato ‘пчолы, якія жывуць у лесе’, ст.-луж. svepet ‘борць’. Прасл. *svepetъ, паходжанне якога няяснае. Выводзяць з прасл. *svepati (> *svepetati) ‘мільгаць, мітусіцца’, параўн. ст.-рус. свѣпатися ‘ківаць, хістаць’, рус.-ц.-слав. свепетати ‘хістацца, рухацца туды і сюды’, славен. svępatiхістаць, ківаць, трасці’ і асабліва фармальна супадаючае славен. svepȅt ‘бляск, мігценне’, роднаснае літ. sùpti ‘калыхацца’, н.-ням. swabbeln ‘рухацца ў той і другі бок (пра ваду), хвалявацца’ (Міклашыч, 330; Фасмер, 3, 573; Машынскі, Pierw., 188; Фурлан у Бязлай, 3, 348), што адлюстроўвае першаснае чыста зрокавае ўспрыманне месца гнездавання пчол. Іншае меркаванне пра роднасць з ням. Wabe ‘соты’ і “праеўрапейскае” паходжанне выказвае Махэк₂, 594. Гл. таксама Рымут, St. lingv. Polono–Jugosl., 2, 39. Меркаванне Булыкі пра запазычанне ст.-бел. свепетъ, свепето з ст.-польск. świepiot недастаткова аргументаванае, Брукнер (536) дапускаў адваротнае запазычанне для польск. świepiot ‘тс’. У сучасных гаворках звычайна слепет ‘дупло, дзе жывуць пчолы’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калыва́ць ’вагаць, хістаць’ (БРС; зах.-бел., Весці), калывацца (БРС, ТСБМ, Бір.; Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Федар.). Магчыма, сюды і ашм. калыта́цца ’ківацца’ (зуб… калытайацца), калі гэта не з калатацца ’калаціцца, трэсціцца — ківацца’. Фанетычна дакладная паралель ва ўкр. коливатихістаць, калываць’, ’ісці павольна, хістаючыся’, што неабходна разглядаць як бел.-укр. інавацыю на базе больш архаічнага *kolybati (рэканструкцыю дазваляюць зрабіць зафіксаваныя ў рус. і каш. арэалах лексемы, статус укр. колибати, якое прыводзіць Фасмер, 2, 299, няясны). Паводле Трубачова, Эт. сл. 10, 164, да шырока вядомага прасл. kolěbati. Звяртаецца ўвага (там жа, 130), што ‑y‑ ў *kolybati хутчэй за ўсё дыфтангічнага паходжання, калі гэта сапраўды ў адносінах ‑ě‑, ‑oi‑ ў kolěbati. Той факт, што ад *kolybati утвораны інтэнсівы kolysati/kolyxati (больш шырока вядомыя ў славянскіх мовах), безумоўна, сведчыць на карысць вялікай архаічнасці формы *kolybati. З даўніх прапаноў спробы знайсці і.-е. адпаведнікі (Патабня, Цупіца) падтрымкі не знайшлі, як і меркаванні Міклашыча, а пазней Бернекера аб сувязі з kolo. Слаўскі (2, 347) не выключае магчымай сувязі з гукапераймальнымі ўтварэннямі (аналагічныя думкі яшчэ ў Бернекера і Скока) тыпу польск. дыял. klebotać, chlebotać ’калываць, хістаць, муціць’, рус. хлебать і асабліва дыял. хлебестать ’калывацца, хістацца і да т. п.’; БЕР (2, 550) дапускае і.-е. праформу *k​ol‑ што вельмі няпэўна; спосаб утварэння няясны. Трубачоў (Эт. сл., 10, 130, 395) прымае як найбольш верагодную версію, якая была распрацавана Голубам–Копечным (176) і Махэкам₂ (268), дзе kolěbati разглядаецца як прэфіксальнае. Пры гэтым пярэчанні датычаць у першую чаргу самога факта такога рашэння, паколькі ў дэталях этымалогія Махэка дастаткова абгрунтаваная. Сапраўды, падобныя прэфіксальныя ўтварэнні (тыпу ўкр. ковертати) сустракаюцца сярод дзеясловаў руху, другая частка злажэння добра параўноўваецца Махэкам з літ. láibas ’тонкі, высокі’, лат. laībs ’тонкі, слабы’, што з семантычнага пункту погляду таксама сумненняў не выклікае. Трубачоў (Эт. сл., 10, 164) адзначае, што, калі тлумачыць *ko‑lěb‑ < *loib‑, як Махэк₂, 268, фанетыку кораня *lyb можна разумець як экспрэсіўную трансфармацыю *loib‑ > *lŭb‑ > *lyb‑, а гэта знаходзіць аналогію ў літ. мове, дзе, магчыма, роднаснае láibas мае экспрэсіўны варыянт lùiba, luibà; аб адносінах ui/аі (< і.-е. оі) гл. Буга, Rink., 1, 459; 2, 263; а lùiba спецыяльна 1, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калыха́ць ’рухаць з боку ў бок, гайдаць, хістаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; Нік. Напаў.; Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш.), ’гушкаць дзіця’ (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС; колухаць), калыхацца ’гушкацца (на арэлях)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Яруш.), да апошняга яшчэ і калыханка ’гушкалка, арэлі’ (Жд. 3, КЭС, лаг.) без геаграфіі (ТС; колуханка). Укр. колихатихістаць, гайдаць, гушкаць дзіця; гайдаць (па арэлях)’, рус. колыхать ’гайдаць, хістаць, гушкаць дзіця’, пск., асташк., цвяр. ’біць’; колыхаться ’гушкацца (на арэлях)’ адзначана на пагранічнай з беларускай тэрыторыі; польск. дыял. kolychać ’гушкаць дзіця’, якое прыводзіцца Трубачовым, Эт. сл., 10, 165, відавочны беларусізм у польскім перыферыйным дыялекце і пагранічных гаворках, гл. Карловіч, 2, 409–410; Слаўскі, 2, 376 (адносна kolychać, засведчанага ў Сыракомлі і ў любельскіх гаворках) ставіць пад сумненне архаічнасць слова. Славен. koléhati Плятэршнік (1, 424) параўноўвае з рус. колыхать, нягледзячы на фанетычную недакладнасць і значэнні славенкай лексемы (’трэсці, качацца на зямлі’). Статус гэтага слова не вельмі ясны, як і славен. дыял. koléhati se ’вылятаць (з вулея)’, тое ж датычыць і серб.-харв. kolihati, якое ў RHSJ, V, 191, тлумачыцца як ’калыхаць’ да таго ж з паметай «ненадзейнае». У любым выпадку, калі нават пагадзіцца з дакладнасцю паўдн.-слав. фактаў, нельга выключыць магчымасці, што гэта незалежныя параўнальна познія ўтварэнні; на карысць гэтага меркавання — экспрэсіўны характар лексемы. Такім чынам, тут хутчэй усх.-слав. інавацыя (+ магчымыя на поўдні). Лічыцца другаснай, больш экспрэсіўнай формай ад *kolysati, а гэта, у сваю чаргу, інтэнсіў ад *kolybati (гл. калываць), так Трубачоў, Эт. сл., 10, 166. Паводле Слаўскага, 2, 376, тут паўн.-слав. інтэнсівы (з ‑ys‑, ‑ych‑), якія ўзнаўляюцца на базе ст.-польск. kolić ’кружыць, круціцца і да т. п.’ і серб.-харв. око̀лити ’акружыць’, < прасл. kolo (Слаўскі прыцягвае яшчэ макед. дыял. коле ’(ён) гушкае’). На думку Слаўскага, там жа, лексемы *kolysai, *kolychati адносяцца да *koliti, як рус. дыял. ломыхать ’ламаць з трэскам’ да ломить ’ламаць’. Калі з фармальнага боку ў прапанове Слаўскага як быццам усё добра, семантычна аспект выклікае сумненне, на што слушна звяртае ўвагу Трубачоў, Эт. сл., 10, 166, маецца на ўвазе сур’ёзнае адрозненне маятнікавага руху ад кругавога вярчэння, а таксама тое, што форма *kolysati неправамерна аддзяляецца ад *kolybati.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пулк ’стая’ (ЛА, 2), семантычна і тэрытарыяльна сюды ж пулкавацца ’збірацца вакол пчалінай маткі’: пулкуюцца пшчолы ўраі (шальч., Сл. ПЗБ). Апошняе, паводле Грынавяцкене (там жа), з літ. pulkuoti ’тс’; усе да літ. pulkas ’мноства, тлум, стая’, хутчэй за ўсё запазычанага з польск. pułk, што ўзыходзіць да прасл. *ръlък ’народ’ (гл. полк); у аснове значэнне ’збірацца, тоўпіцца, кучкавацца’, параўн. рус. дыял. полкать ’хадзіць без справы, швэндацца, піхацца’, якое Варбат (Этимология–1983, 33–36) узводзіць да *рьІка(і, *plbkati9 вытворнага ад *poltiхістаць, боўтаць, махаць’. Першаснае значэнне захавалася ў паўднёвых славян, параўн. серб.-харв. puk ’народ’: puk je dobar dok ćuti і šiuša svoje gospodare (Rečnik Bačkih Bunjevaca. Novi Sad, Subotica, 1990, 293). Гл. Брукнер, 448; Банькоўскі, 2, 965.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаці́ць ’выклікаць дрыжанне чаго-н.; хістаць; трэсці; выклікаць дрыжыкі; часта і моцна стукаць, удараць і да т. п.’ (БРС, ТСБМ; навагр., З нар. сл.; Касп.; КЭС, лаг., Мат. Гом., Нас., Сержп., Шат.) ’малаціць’ (БРС; івац., Бір., Працы IM, 6; Мат. Гом., Сцяшк.), да апошняга, відаць, колотить мак — у гульні, дзе намагаюцца пакалаціць (Радч.), і ў Сержпутоўскага (Прымхі) — каб вераб’і не калацілі.., ’абтрэсваць, аббіваць сады’ (Касп., Нік., Оч.), ’упокат абшукваць’ (КЭС, лаг.), калаціць кішэні ’трэсці кішэні’, ’паласкаць (бялізну)’ (гродз., З нар. сл.). Звяртае на сябе ўвагу спецыялізаванае значэнне ’боўтаць, збоўтваць: боўтаць смятану, каб зрабіць масла’ (Вешт., КЭС, лаг.; Яруш.), колотыты ’рашчыняць цеста на бліны’ (бяроз., Шатал.), калаціць зацірку ’круціць калатоўку ў гаршку’ (КЭС, лаг.), ’гатаваць якую-н. страву, размешваючы калатоўкай’ (ТСБМ) у сувязі з тым, што паралелі да гэтага слова ў рус. гаворках з’яўляюцца, па сутнасці, беларускімі: колотить масло (у Растаргуева). Аднак колотовка ’прылада для збівання масла, цеста і да т. п.’ вядома шэрагу рус. гаворак, апрача таго, ёсць укр. колотити ’муціць’ і ’збіваць масла’, калаціцца ’збівацца (аб масле)’, па гэтай прычыне магчымая думка пра бел. семантычную інавацыю не з’яўляецца вельмі надзейнай. Польск. дыял. kłócić ’збіваць масла’. Відаць, тут, як і ў іншых выпадках з гэтым словам, або незалежнае ўзнікненне такіх семем (што наогул для значэння ’калаціць’ натуральна), або адлюстраванне даўняй полісемічнасці лексемы. Укр. колотити ’муціць; збіваць масла; сварыцца; папіхаць; распараджацца’, рус. колотить ’біць, калаціць і да т. п.’, ’малаціць’, ’збіваць (арэхі, чаромху)’, ’замешваць (цеста)’, ’забіваць жывёлу на мяса’, ’забіваць’, ’гаварыць, плявузгаць’, ’пляткарыць’, ’таргавацца, старацца выгадаць у цане’ і інш., польск. kłócić ’боўтаць, трэсці’, ’муціць, выклікаць непакой’, ’прыводзіць да сваркі’, дыял. ’збіваць масла’, ’сварыць, гневацца на каго-н.’ і інш., ’забіваць’, н.-луж. kłośiś ’збіваць, апушваць (з дрэў)’, ’біць’, ’малаціць (аббіваць лён)’, в.-луж. kłócić ’збіваць, струшваць’, чэш. klátiti ’трэсці, струшваць, махаць і інш.’, дыял. (у Юнгмана) ’збіваць масла’, klátiti se яшчэ і ’бадзяцца’, славац. klátiť ’трэсці і інш.’, славен. klátiti ’збіваць фрукты з дрэў’, серб.-харв. кла́титихістаць’, ’стрэсваць фрукты з дрэў’, кла́тити се ’бадзяцца’, дыял. кла́тити ’балбатаць, вярзці лухту, плявузгаць’, макед. клатихістаць’ і інш., балг. клатяхістаць і інш’. Праслав. koltiti, першаснае значэнне не вельмі пэўнае, магчыма, з самага пачатку полісемантычны дзеяслоў, або, як меркаваў Махэк₁ (201), з kol‑mǫ‑titi, kol‑o‑mǫ‑tati і пад., якія накладваліся на старое слова, роднаснае лац. quatio. Махэк₂ (252) пакінуў толькі супастаўленне з лац. quatio, quatere ’трэсці, біць і да т. п.’ З пункту гледжання фанетыкі такое супастаўленне не вельмі добрае. Паводле традыцыйнай версіі суадносяцца прасл. koltiti і kolti (гл. калоць), гл. Фасмер, 2, 296, са спасылкай на старую літ-ру. Слаўскі (2, 272) далучаецца да гэтай думкі і мяркуе, што значэннем, якое аб’ядноўвае прасл. лексемы, з’яўляецца ’біць’, адкуль ’трэсці і інш.’ Пры гэтым ён звяртае ўвагу на польск. kłócić się ’сварыцца’ (параўн. тое ж бел. калаціцца, укр. колотитися), якое параўноўвае з дэрыватамі ад kolti рус. колоться, славен. kláti se ’біцца, сварыцца’, серб.-харв. кла̏ти се ’біцца і інш.’ Відавочна, аднак, што такім чынам нельга вытлумачыць усю семантыку кантынгентаў слав. koltiti. Што датычыць словаўтварэння (kolti > koltiti), было меркаванне аб прамежкавай ступені: праз *koltъ; koltiti у такім выпадку дэнамінатыў ад гэтага назоўніка. Такое меркаванне азначае яшчэ больш вузкую семантыку першапачатковага ўтварэння. Іншыя версіі адносна паходжання слав. слова не пераконваюць, хоць заслугоўвае ўвагі прыведзеная думка Матцэнаўэра, LF, 8, 170–171, аб магчымай суаднесенасці слав. слова са ст.-в.-ням. *scaltan ’штурхаць’, с.-в.-ням. schalten ’штурхаць, соваць’, ст.-в.-ням. scelten ’сварыць, ганіць’ (калі дапускаць тут s‑mobile).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)