ай, выкл.

Часта вымаўляецца з паўтарэннем: ай-ай і ай-ай-ай.

1. Выказвае боль, спалох, страх. Ай, баліць! Ай, баюся!

2. Выказвае здзіўленне, захапленне, радасць і пад. Вось дык дзеці! Ай, малайцы! Вока радуецца! Гурскі.

3. Выказвае жаль, засмучэнне і пад. Дайшла да.. [Журавінкі] ўчора падвечар чутка, што начальнік палітаддзела можа ў калгас наведацца. І ай жа позна дайшла! Што цяпер можна зрабіць? Лобан.

4. у знач. выкл. ах. Ай, як хораша ў лесе!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхарашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; зак.

Разм.

1. Апрануцца прыгожа, хораша, лепш, чым раней, чым звычайна. Купіла.. [Марылька] за тыя грошы сабе новую сукенку, чаравікі, прыхарашылася так, што ўсе сяброўкі зайздросцяць ёй. Якімовіч. І неўзабаве мы, прыхарашыўшыся, наколькі дазвалялі небагатыя ўборы, што меліся ў нас, выправіліся да дзяўчат. Марціновіч.

2. Надаць сабе больш прыгожы, прыгажэйшы выгляд. Маладзіца ўжо ў кабіне выняла люстэрка і какетліва паправіла спадаўшыя на лоб завіткі. Прыхарашылася, схавала люстэрка і неспадзявана закранула Лявонаў локаць. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́сны 1, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты расой. Любіў ён [бацька] свіст касы ў росных травах, Звон тапара на зрубе, шолах ніў... Непачаловіч. Як хораша выглядае ў ціхую раніцу росная лотаць на роўнай, як стол, сенажаці! Паслядовіч. З правага боку блішчыць на сонцы росны авёс. Калюга. // Які суправаджаецца выпадзеннем расы. Вось паважны і ўрачысты, Раніцою роснай, Гаспадар вядзе турыстаў. Гілевіч.

ро́сны 2, ‑ая, ‑ае.

У выразе: росны ладан — араматычная смала, якая дабываецца з кары паўднёваазіяцкіх дрэў (выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плён, ‑у, м.

1. Тое, што вырашчана: садавіна, гародніна, зерне і пад.; ураджай. Не злічыць у ім [садзе] плёнаў: грушаў, яблыкаў, сліў. Машара. Не зробіш гэтага, не паставіш кій ці не нацягнеш нітку, па якіх бы фасоля магла віцца, — не чакай і плёну. Сачанка.

2. перан. Вынік старанняў; дасягненне. — У палку мне добра. Лятаю і лятаю. Адразу бачу плён сваёй работы... Алешка. Дапісана апошняя старонка, правераны разлікі, цытаты і формулы, прыведзены ў парадак чарцяжы, і — хораша бачыць плён сваіх пошукаў і пакут. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ах, выкл.

1. Перадае спалох, нечаканае здзіўленне, неспадзяваную радасць і іншыя пачуцці; тое, што і вой. [Рыгорка:] — Ах, аладачкі якія вашы смачныя! Як вы іх рабілі? Краўчанка. Ах, як хораша жыць, Як хочацца жыць, Як прагне сэрца зорных начэй. Кірэенка. // Перадае здагадку, думку і пад., што прыйшло нечакана; тое, што і а ​4 (у 1 знач.). Ах, прыпомніў: бачыў я калісьці На вайне дзяўчынку ў шынялі. Смагаровіч.

2. Перадае пачуццё гора, шкадавання. [Стасік:] — Ах, каб тут была мама! — Хлопчык азірнуўся назад, але мамы няма. Гарбук. // Перадае пачуццё абурэння, гневу. Ах, каб вас ваўкі з’елі — закрычаў дурань на сабак і кінуўся наўцёкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасялі́цца, ‑сялюся, ‑селішся, ‑селіцца; зак.

1. Заняць дзе‑н. месца для жылля. І вось гэты самы Янка Гукала стаяў цяпер каля гумна, дзе пасяліўся на лета Садовіч. Колас. Мы, вярнуўшыся на пагарэлішча, ..Пасяліліся ў маленькім трысцене. Барадулін. // Заснаваць сядзібу, пабудавацца. Антонава хата вунь, у самым канцы новай вуліцы.. Пасяліўся Антон на выгодзе. Ермаловіч. У Пятроўцы за мостам, дзе першы пасяліўся Мітрафан Лугавы, здаецца, нядаўна яшчэ ляжала пустка. Ракітны.

2. перан. Устанавіцца, з’явіцца, узнікнуць (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне і пад.). Насцярожанасць пасялілася ў хаце Ігната Шылянка. Кавалёў. Добра, што сеецца, Хораша сеецца, — Будзе ў нас хлеб, шчасце ў хаты паселіцца. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяпле́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць цёплым, цяплейшым. Як толькі пацяплела надвор’е і падсохла зямля, сабраў .. [Лабановіч] сваю маёмасць, а ўсё лішняе і не дужа патрэбнае пакінуў у брата, развітаўся з ім і рушыў у дарогу. Колас. Незнаёмы, хораша ўсміхаючыся, разглядаў братоў, як бы параўноўваючы іх, і вочы яго пацяплелі і не здаваліся такімі калючымі. Шамякін. / у безас. ужыв. Неяк адразу пацяплела на сэрцы, з’явілася спакойная ўпэўненасць. Лынькоў.

2. безас. Пра наступленне цяпла, цёплага надвор’я. Пацяплела. Вецер сціх. Чорны. З асаблівым нецярпеннем чакаў гэту вясну .. Сашка. Бацька яму паабяцаў: адразу як пацяплее, адвязе яго да дзеда ў вёску. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяву́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа спявае, любіць спяваць, здольны пець. Пявучая птушка. Пявучы народ. □ Прывет табе, зямля Тараса, Зямля пявучая братоў. Танк. // Які выклікае жаданне пець. Пявучы настрой.

2. Меладычна-працяжны, падобны на спеў. Пявучы акорд. Пявучая гаворка. □ Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Расія.. словам Пушкіна пявучым з дзяцінства ўскалыхала нас. Броўка. Я чуў яе [Іры] пявучыя словы: — Макарка, як добра, як хораша нам на нашай вуліцы. Сабаленка. // перан. Які ўтварае працяжныя манатонныя гукі. Вецер, рэзкі і пякучы, заскуголіў пад акном. Машара. Над Дзвіною бары пявучыя. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́тла,

1. Прысл. да светлы (у 1, 2, 3, 5 і 7 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць святла дзе‑н.; відно. І гэтак светла Стала ў вёсках ноччу, Што вуліцы — З канца ў канец відаць. Шымук. // Пра надыход дня. Ледзь стала светла, Параска схамянулася, кінулася да люстра. Мележ.

3. перан.; безас. у знач. вык. Пра радасны, вясёлы настрой. Ты мяне сустрэнеш ветла — Рад я сонцу, рад вясне. Стане лёгка, стане светла Быць з табою побач мне. Куляшоў. Хораша і светла на душы. Хто спытае, адкажу любому: Я не проста ў сценах Мінска жыў, Сэрца ўсё аддаў яму з любоўю. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Праследуючы, бегаць за кім‑, чым‑н., каб дагнаць, злавіць. [Лабановічу] было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі, або ён сам быў яшчэ дзіця. Колас. // Высочваць месцапрабыванне каго‑н., каб затрымаць, схапіць. Самадзяржаўна-памешчыцкая ўлада пры жыцці Каліноўскага многа гадоў праследавала яго, занялася за ім па пятах. Лушчыцкі.

2. за кім-чым. Разм. Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца каго‑, чаго‑н. Не прывык я за славай ганяцца — Можна хораша жыць без яе: У мяне ёсць цікавая праца, Ад якой не магу адарвацца, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч.

3. Зал. да ганяць (у 1, 2 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)