зале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. залёг, ‑лягла, ‑ло; заг. заляж; зак.

1. Легчы на працяглы час, надоўга. Залегчы спаць. □ У пачатку снежня мядзведзіца залягла ў сваім логаве і заснула на ўвесь зімовы час. В. Вольскі. // Легчы за якое‑н. прыкрыццё, схаваўшыся, прытаіўшыся. Прыйшлося адразу залегчы, бо кулі пачалі адшчэп[лі]ваць сухую кару над самай галавой. Кулакоўскі. Хлапчукі асцярожна падкраліся да хлява і заляглі ў вішняку. Ваданосаў.

2. перан. Пакрыць якую‑н. плошчу, тэрыторыю. Ноч падыходзіць. За вокнамі Зноў заляглі бясконца снягі. Караткевіч. // Размясціцца ў зямной кары (пра выкапні). Ажно ў нетрах .. [зямлі] заляглі Скарбы вугалю, нафты і солі. Аўрамчык.

3. Абазначыцца, утварыцца (пра маршчыны і пад.). Вакол вачэй у старшыні заляглі вялікія чорныя кругі. Навуменка.

4. перан. Глыбока запасці ў душу, у сэрца (пра пачуцці). Мулкая глухая трывога залягла ў дзедавым сэрцы. Колас. Звестка гэта абразіла Ціхана. Пад самым сэрцам залягло нейкае агіднае пачуццё. Дуброўскі.

5. Разм. Пра хваравітае адчуванне ў носе, у грудзях. Нос залёг. / у безас. ужыв. Пад вечар адчуў, што залягло ў носе, уначы закашляў, а назаўтра сціснула ў грудзях. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́йсці, вы́йду, вы́йдзеш, вы́йдзе; вы́йшаў, -шла; вы́йдзі; зак.

1. Пайсці адкуль-н., пакінуць межы чаго-н.

В. з хаты.

В. з акружэння.

В. са складу камісіі.

2. З’явіцца, апынуцца дзе-н. (пайшоўшы адкуль-н.).

В. на дарогу.

Сонца выйшла з-за хмар.

В. з адстаючых (перан.).

3. перан., з чаго, з-пад чаго. Перастаць быць у якім-н. стане, становішчы.

В. з цярпення.

В. з сябе (раззлавацца). В. з ужытку.

В. з-пад улады.

4. Быць выдадзеным, надрукаваным, выпушчаным, падрыхтаваным.

Кніга выйшла з друку.

Фільм выйшаў на экраны.

5. безас. Прыйсціся, дастацца, выпасці.

На кожнага выйшла па мільёну рублёў.

6. Зрасходавацца, кончыцца.

Выйшлі ўсе запасы.

Выйшаў тэрмін.

7. (са словам «замуж» або без яго; разм.), за каго. Стаць чыёй-н. жонкай.

В. замуж за інжынера.

В. за ўрача.

8. Атрымацца, утварыцца ў выніку якой-н. апрацоўкі, падрыхтоўкі, якіх-н. дзеянняў.

Выйшла добрая рэч.

З такога куска выйдзе дзве кашулі.

З яго выйшаў добры майстар.

9. Здарыцца, адбыцца ў выніку чаго-н.

Выйшла непрыемнасць.

Выйшла, што я праў.

10. кім-чым. Зрабіцца, стаць кім-н.

В. пераможцам.

11. з каго-чаго. Пра паходжанне каго-н.

В. з асяроддзя людзей працы.

|| незак. выхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць (да 1—10 знач.).

|| наз. вы́хад, -у, М -дзе, м. (да 1, 2, 4 і 7 знач.).

На в. (каманда выходзіць).

|| прым. выхадны́, -а́я, -о́е (да 4 знач. і ў некаторых спалучэннях да 1 знач.).

Выхадныя даныя (у друкаваным выданні: звесткі пра месца, год выпуску, выдавецтва). Выхадная адтуліна.

В. комін.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

скла́сціся, складуся, складзешся, складзецца; складзёмся, складзяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утварыцца з асобных частак, элементаў. З асобных карцін паступова склалася галерэя. // Разм. Арганізавацца, стварыцца. У Мінскім Савеце .. з самага пачатку склалася трывалае бальшавіцкае ядро. «Беларусь». Пасля гэтага ўсе вырашылі, што кампанія склалася досыць незвычайная і цікавая, і з вясёлым гоманам і смехам накіраваліся ў рэстаран. Рамановіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць у працэсе творчасці (пра верш, песню і пад.). Пра дзікія гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. У такой вось неразбярысе пачуццяў, рытмаў і слоў і склаліся ў Ганькі тыя вершы. Васілевіч. // Узнікнуць, з’явіцца ў думцы, вырысавацца ў свядомасці, уяўленні. Расказваў я далёка не так складна, як гэта было ўжо склалася ў маёй галаве. Колас. Ва ўяўленні склаўся вобраз чалавека, зачараванага народнай песняй, чалавека, які аддаў ёй сваё гарачае сэрца. «Полымя».

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Набыць якую‑н. закончаную форму, выпрацавацца, устанавіцца, сфарміравацца. У мяне ўжо склалася звычка па прыездзе на канікулы дадому здымаць вучнёўскую форму, апранацца па-вясковаму і працаваць разам з сям’ёй. Сяргейчык. З тых кароценькіх паездак у .. [бабулі] на ўсё жыццё склалася ўяўленне аб горадзе. Ракітны. // Набыць той ці іншы ход, кірунак (пра жыццё, абставіны і пад.). Эрна Гурбіна лічыла, што жыццё яе склалася няўдала. Навуменка. Прыйшоў бы на сход сам, ды абставіны склаліся так, што прыйсці не магу... Шахавец. Справа склалася так, што лепшыя сілы атрада і штаб былі коннымі. Брыль. // Пайсці на лад, атрымацца. Сям’я склалася дружная. // Устанавіцца, узнікнуць. Дружба склалася моцная.

4. Вызначыцца ва ўсёй сукупнасці асаблівасцей, якасцей; сфарміравацца. У гэты ж перыяд [14–15 стст.] у межах цэнтралізаванай Маскоўскай дзяржавы склаўся рускі народ і яго мова. Юргелевіч. Карн выступае ў асноўным са сфарміраваным характарам, які склаўся за гады жыцця пры савецкай уладзе. Дзюбайла. У пачатку 30‑х гадоў выразна акрэсліліся погляды Чорнага на жыццё і мастацтва, склаўся яго светапогляд. Луфераў. // Дасягнуць майстэрства, дасканаласці ў якой‑н. галіне. [Сцяпан:] — Бартуль не склаўся яшчэ як паэт. Ён шукае свайго голасу, а можа і шляху. Машара.

5. Набыць якую‑н. форму, выгляд (пра губы, рукі, ногі, цела чалавека). Поўныя губы [агранома] склаліся ў лагодную ўсмешку. Бядуля. // Сагнуўшыся, наблізіцца асобнымі рухомымі часткамі і набыць кампактны выгляд. Сцізорык лёгка склаўся.

6. Разм. Даць грошы на якую‑н. агульную справу; зрабіць складчыну. Будучыя семінарысты склаліся разам і нанялі балагола, які завёз іх у Нясвіж. С. Александровіч.

7. Разм. Спакаваць свае рэчы (звычайна для ад’езду). Скласціся для ад’езду.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Атрымацца ў выніку пошукаў. Асобныя рысы склаліся ў пэўную карціну. □ К гэтаму часу ў мастака цалкам склаўся эскіз карціны пра Кастуся Каліноўскага. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)