перавалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

1. што. Перамясціць, пералажыць, звальваючы; перагрузіць. Пераваліць грузы з баржы на бераг. Пераваліць сена з воза на воз.

2. што або цераз што. Перайсці, пераехаць, пераправіцца на другі бок (гары, узвышша і пад.). [Партызаны] перавалілі ўзгорак і зніклі ў невялікай лагчыне. М. Ткачоў. Немец, вызваліўшыся ад парашута, адыходзіў на захад — узнімаўся на гару, каб пераваліць цераз грэбень і схавацца ў лесе. Шамякін. Санкі перавалілі цераз нейкі пагорачак. Пад імі перастаў шаргацець снег. Жычка. // цераз што, за што. Пераадолець, перасекчы якую‑н. прастору. Тысячы трактароў «Беларусь» перавалілі праз паўднёвыя порты і цяпер будзілі сваім рокатам ціхія правінцыі. Б. Стральцоў. Поле ішло на пагорак, .. [партызанам] трэба было як найхутчэй пераваліць цераз яго, і тады, мусіць, іх бы ўжо не ўбачылі. Быкаў.

3. Разм. Перайсці які‑н. колькасны ці часавы рубеж. Прабег машын пераваліў за сотню тысяч. Гады перавалілі на пяты дзесятак. / у безас. ужыв. Даўно пераваліла на другую палову дня. Гурскі. Гэта была худзенькая, згорбленая бабулька, якой, казалі, пераваліла за сотню. С. Александровіч.

4. перан.; што. Зваліць, перакласці на каго‑н. (работу, віну, адказнасць і пад.). На бацькоў, на школу, вядома, лягчэй за ўсё пераваліць віну. Мыслівец.

перавалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

Сапсаваць празмерным валеннем (сукно, лямец і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тор1 ’дарога, след, пакінуты калёсамі’; ’кірунак дзейнасці; шлях’ (ТСБМ), ’праложаны шлях, сцежка’ (Нас.), ’санны след на снезе’ (маладз., Янк. Мат.), ’след, дарожка ад зубоў бараны’ (віл., Жыв. сл.), ’свае думкі, свой погляд’ (Сцяшк.), ’цвёрдая, укатаная дарога’ (Жд. 2), ’след ад колаў на цаліку’ (Барад.), ’чыгуначны пуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), ’каляіна, след’ (паст., Сл. ПЗБ), ’дарога’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. торъ ’шлях, дарога’, ’парадак’ (1585 г.; КГС). Укр. тор ’след, каляіна’, рус. дыял. тор ’утаптаная, уезджаная дарога’, польск. tor ’каляіна, пуць’, дыял. ’след’, чэш. дыял. tor ’утаптаная, уезджаная дарога’, ’след звера’, славен. tòr ’трэнне’, серб.-харв. то̑р ’загон для скаціны’, дыял. то̏р ’след; агароджа’, балг. тор ’угнаенне, гной’. З прасл. *torъ ’трэнне’, дыял. ’уезджаны шлях’, якое праз чаргаванне галосных звязана з *terti ’церці’. Супастаўляюць з лат. nuotars ’лука, зарослая кустоўем’, грэч. τορός ’пранізлівы, рэзкі; стромы’, ст.-інд. tāráḥ ’пранізлівы’, tā́raḥ ’тс’. (Фасмер, 4, 81; Брукнер, 574; Махэк₂, 648; ЕСУМ, 5, 602; Борысь, 638; Коген, Узвышша, 1929, 3, 96). Каламіец (Этимология–1984, 96) мяркуе, што назва ўзыходзіць да таго перыяду, калі грузы перамяшчаліся волакам, ад чаго на зямлі ад трэння заставаўся след.

Тор2 ’торф’ (Мат. Гом.; валож., Стан.). Да торф (гл.) з утратай не ўласцівага народнай мове гука ф. Малаверагодная сувязь з паўднёваславянскімі словамі, параўн. серб.-харв. тор ’конскі гной’, балг. тор ’угнаенне’ і інш.

Тор3 (торь) — пра торканне, сованне (Юрч. СНЛ). Магчыма, захаваны першасны імітатыў (гукаперайманне), параўн. другаснае ўскладненае суф. ‑к торьк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (мсцісл., Нар. лекс.), суадноснае з дзеясловам торкаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарбы́ль ’узгорак, бугор’ (Касп.), ’маленькае ўзвышша на роўным месцы’ (Яшкін), ’горб’, ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’аполак, сегментальная ў папярочным сячэнні дошка’ (Сцяшк. МГ, Шатал.). Бясспрэчна, гэта лексема звязана з іншымі словамі, утворанымі таксама ад асновы горб‑ і якія маюць падобную суфіксацыю. Параўн. гарбе́ль ’гарбаты’ (БРС), далей гарбу́ль ’нарост на дрэве або целе’ (Нас.), ’гарбаты чалавек’ (Шатал.). Як бачым, каранёвая частка гэтых слоў тая ж самая, а суфікс мае адзін і той жа кансанантны элемент (‑l). Такім чынам, мы маем зыходнае *gъrb‑ylь, *gъrb‑ulь і *gъrb‑elь (*gъrb‑ělь?). Першыя дзве лексемы маюць суфіксацыю, якая звязана апафанічнымі адносінамі (‑y‑lь: ‑u‑lь*‑ū‑lь: *ou̯‑lь). Адносна ‑elь сказаць штосьці пэўнае аб яго непасрэднай сувязі з названымі суфіксамі цяжка (маем на ўвазе яго вакалічны элемент). Але ўсе тры базіруюцца на кансанантным ‑l‑ (агляд гэтай суфіксацыі гл. у Слаўскага, SP). Роднаснасць суфіксацыі, яе аднатыпнасць у функцыянальным плане дазваляюць меркаваць, што ўсе тры лексемы — гэта паралельныя ўтварэнні, аднолькавыя па словаўтваральнай структуры і па семантыцы. Іх паралелізм існавання можна высветліць тым, што яны ўзніклі ў розных дыялектах (у якіх выступала адна з форм названай суфіксацыі). Сама аснова *gъrb‑ мае шмат значэнняў (так было і ў прасл. дыялектах; агляд семантыкі прасл. *gъrbъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 199–201), якія добра высвятляюць дыяпазон ’горб’ — ’гара, узвышша’ і г. д. Параўн. аналагічныя ўтварэнні і ў рус. гаворках: горбу́ль ’маленькае ўзвышша; намёт снегу; дошкі-аполкі; агароджа з такіх дошак; пірог з бульбяной начынкай’ (СРНГ, 7, 23), горбы́ль ’горб; гарбаты чалавек; патыліца ў чалавека; нос чалавека; невялікае ўзвышша; пень; агароджа з дошак-аполкаў; рыба сазан’ (СРНГ, 7, 25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рот, ро̂т ’поласць паміж сківіцамі і шчокамі да глоткі’ (ТСБМ, Нас., Бес., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан., Юрч. Сін., Ян.), ’губы (нутро губы)’ (Дразд., Ян.), ’ляпа, пашча звера’ (Дразд.; паўд.-бел., ЛА, 1), ’паз у кароткіх бярвеннях, што кладуцца ў прасценкі’, ’зеў паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’ (ТС). Укр. рот, ріт ’рот’, ’горла буча ці венцера’, рус. рот ’тс’, тул. рты ’губы’, стараж.-рус. рътъ ’вастрыё’, ’дзюба’; каш. retk ’мыс; каса, гак на возеры’, ’рукаў пяску’, ’яма на дне’, ’заліў’, ’лужа’ з незахаванага каш. ret (Борысь, SEK, 3, 179), палаб. råt ’морда, пашча, зяпа’, ’дзюба’, ’мурло’, в.-луж. rót, rot, ert ’рот’, чэш. ret ’губа’, славац. ret, rty ’вусны’, славен. ȓt ’вастрыё нажа’, ’вяршыня гары’, ’нос карабля’, серб. р̑т, харв. rȃt, ȓt ’мыс’, ’кончык нажа’, ’вяршыня’, ’верх чаго-небудзь’, макед. ʼрт ’мыс’, балг. рът ’узгорак, узвышша’, ц.-слав. рътъ ’нос (абутку, карабля)’, ’дзюба’, ’морда’. Прасл. *rъtъ ’нешта высунутае наперад ці ўверх; вострае заканчэнне, вяршыня чаго-небудзь’, якое з’яўляецца субстантывізаваным першасным дзеепрыметнікам *rŭ‑to‑, звычайна звязваецца з *ryti ’рыць’, *rъvati ’ірваць’ < і.-е. *reu̯‑ ’капаць, рыць’ (Міклашыч, 285; Праабражэнскі, 2, 217; Фасмер, 3, 506–507; Мюленбах-Эндзелін, 3, 565 дадаюць сюды яшчэ лат. rutulis ’драўляны кругляк, цурбалак’. Сной₂ (632) выводзіць прасл. *rъtъ з і.-е. *h3er‑ ’паднімацца, узвышацца, рухацца наперад’, якое захавалася ў ст.-грэч. ὄρνυμι, ὀρνύω ’паднімаю, хвалюю, пачынаю’, ст.-інд. ṛṇṓti ’рухацца, перамяшчацца’. Махэк₂ (513) без сумневу адносіць прасл. *rъtъ да роднасных ням. Rüssel ’рыла’, с.-в.-ням. rüezel < ст.-в.-ням. ruozzan ’капаць зямлю’, англ. root ’рыць зямлю, падрываць карані (пра свіней)’, англ.-сакс. wrōt ’рыць рылам (пра свінню)’, лац. rōstrum ’нос’, ’дзюба’ < rādo, ‑ere ’рыць, капаць, скрэбці’. Сюды ж рота́ты ’з вялікім ротам’, ’крыклівы, гарлапан’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́верт ’невялікая глыбокая яма з вадой на лузе’, ’лужына, роў’ (стол., Яшк.), ’вір’ (маз., Мат. Гом.; слаўг., Яшк.), ’вокнішча сярод дрыгвы’ (стол.), ’невялікае забалочанае паніжэнне’ (палес., тур., Яшк.; Крывіцкі, вусн. паведамл.). Магчыма, сюды ж адносіцца кавець ’роў з вадой’ (стол., Яшк.). Тураўскі слоўнік дае значэнне ’калдобіна, яма на лузе, запоўненая вадой’, аднак існаванне памянш. кавярток і некаторыя прыклады (параўн. «каверты булі, як болота булі, вулезці не можно. То ў гэтых кавертох рыбу було!») дазваляюць думаць, што значэнне слова нельга зводзіць толькі да ’яма’. Жакава (Совещание по ОЛА, 1975, 198) паведамляе, што ў беларускім Палессі слова каверть ’невялікая глыбокая яма з вадой’ вядома ў Петрык. і Мазыр. раёнах. Анкета Жакавай наконт тэрміна каверт выявіла яго ў крупск. у значэнні ’топкае месца ў балоце’. З укр. Палесся вядома каверт ’глыбокае месца ў рацэ’. Шматлікія даныя прыводзіць Ніканчук, Этимология–1977, 123. Слова адзначаецца толькі ў цэнтральным і ўсходнім Палессі (паводле Талстога, Геогр., 215, «лакальнае», і магчыма, архаічнае ўсходнепалескае). Вывад адносна архаічнасці, зроблены на падставе словаўтваральнай структуры і лінгвагеаграфічных даных, можна падтрымаць, улічыўшы наяўнасць слова ў іншым беларускім арэале (можна ўявіць, што слова было вядома больш шырока, аднак на большай тэрыторыі забыта і захавалася ў зоне «лексічнай кансервацыі». Этымалогія тэрміна была прапанавана ўпершыню Талстым, Геогр., 215. Паводле Талстога, каверт можна прадставіць як *ka‑vьrt‑ь, дзе ka‑ — займеннікавая прыстаўка, а аснова — vьrtь, звязаная з дзеясловам *vьrt‑ě‑ti ’вярцець’. З боку семантыкі гэту этымалогію падтрымліваюць такія прыклады, як палес. каверчане дʼерево ’чачотка’, каверчʼі ’дрэнны, няякасны лес, дрэнная, няякасная драўніна’ (Ніканчук, там жа), рус. пск. верть ’лунка для рыбнай лоўлі’ (Жакава, там жа). Параўн. яшчэ рус. вертейузвышша, груд’; ’рэчка ў балоцістых, імшыстых, багністых берагах’, калуж., смал. і інш., што датычыць словаўтварэння, то структура слова патрабуе ўдакладнення. Аналогія са структурна тоесным каверзь ’лухта’, якое, відаць, з каверзіць дае падставу меркаваць, што і каверт, каверць таксама паходзіць ад адпаведнага дзеяслова, параўн. укр. ковертати ’перакульваць’, палес. кавернуть ’упасці з вышыні’ (Ніканчук, там жа), кавярзень ’лапаць’, кавярзаць ’плесці лапці’. Адзначым, што ў такім выпадку можна растлумачыць фанетыку (ка‑ ў назоўніку, ко‑ ў дзеяслове). Цяжка прапанаваць для кожнага назоўніка з гіпатэтычным ка‑ прэфармантам адпаведны дзеяслоў з прэфармантам, магчыма, што некаторыя з такіх назоўнікаў утвораны суфіксальна-прэфіксальным спосабам, параўн. кадаўб, кадаўба (гл.). Да словаўтварэння канкрэтных слоў параўн. бел. дыял. верч, рус. дыял. верть, верч, верча > вертети (у розных значэннях).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кагадзе́ ’калісьці’ (БРС), ’толькі што, нядаўна’ (БРС, ТСБМ), капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; ц.-бел. (Узвышша, 1927, 6), кагдзе, кадзе ’толькі што, нядаўна’ (ганц., Сл. паўн.-зах.), кадзе ’тс’ (Жд. 2; капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; чырв., навагр., КЭС; ганц., карэл., лях., Сл. паўн.-зах.; слонім., кар., Сцяшк.), кадзе ’нядаўна’ (стол., Жыв. сл.), кадзё ’толькі што’ (Жд. 3). Казлова (БЛ, 21, 1982, 60) прыводзіць палес. (усх.-палес.?) кагадзе і адзначае, што прыслоўе ўласціва большасці беларускіх гаворак; з гэтым нельга пагадзіцца. Неабходна адзначыць, што паметы «брэсц.», «гродз.», «палес.» заблытваюць чытача і быццам сапраўды сведчаць аб шырокай геаграфіі. На самой справе «брэсц.» (паводле Казловай) кадзе зафіксавана ў Столінскім раёне і, як сведчыць фанетыка (дзеканне), адносіцца да пераходных або да ўсх.-палес. гаворак і брэсцкім (зах.-палес.) не з’яўляецца. «Гродз.» кагадзе, кадзе вядома больш вузка: навагр., карэліц., слонім. разам з ганц., лях., нясв. і чырв. утварае даволі кампактны арэал, які (далучыўшы патэнцыяльныя ўсх.-палес. фіксацыі) можна некалькі пашырыць на паўд.-усх. частку. Неабходна адзначыць, што Тураўскі слоўнік, вельмі ўважлівы да рарытэтаў, гэтага слова не фіксуе. Па сутнасці вузкарэгіянальнае ўтварэнне; па геаграфіі адпавядае гродзенска-баранавіцка-лунінецкаму пучку ізаглос (Лінгвістычная геаграфія, к. № 13). Лінгвагеаграфія сведчыць аб іншамоўным уплыве (што цяжка дапусціць, паколькі ў такім выпадку, мяркуючы аб уздзеянні балтыйскіх прыслоўяў, давялося б лічыць форму кадзе першапачатковай і невядома як тлумачыць паходжанне г у кагадзе) або аб архаізме. Не выключэнне, аднак, як і ў выпадку іншамоўнага ўплыву ўяўляецца варыянт утварэння «гібрыду» на паграніччы розных гаворак. Рус. росл., смал., трубч., карач., бран., арл. каде ’дзе’ магчыма, сведчыла б на карысць варыянта «архаізм», калі б не верагоднасць таго, што рус. дыял. слова ўтварылася фанетычным спосабам. Цыхун (Бюлетин, 5, 1976, 94) адносіць яго па фармальнаму падабенству да балг. дыял. кагоде ’што-небудзь’, ’колькі-небудзь’, ’калі-небудзь’. Ён лічыць, што, нягдедзячы на розніцу ў семантыцы, агульнае значэнне «нявызначанасці» бел. і балг. утварэнняў патрабуе далейшага вывучэння гэтай паралелі з мэтай высвятлення магчымай іх роднасці. Шуба (Прыслоўе, 60) выводзіць бел. кагадзе са ст.-рус. формы къгдѣ праз ступень кагдзе, кадзе; Цыхун (там жа) мяркуе, што хутчэй чакаўся б адваротны працэс і спасылаецца на заўвагу Якабсона (Word 8, 4, 391), аб тым, што gъda паходзіць з goda аналагічна vьcera < večera і да т. п., падрабязней у Копечнага, ESSJ, 1, 311–313. БЕР (2, 128) лічыць, што балг. дыял. кагоде < ка, дыял. прысл. ’калі, калісьці; з таго часу як’ і часціцы годзе ’‑небудзь’. Звяртае на сябе ўвагу значэнне бел. слова ’калісьці’, засведчанае ў БРС. Калі гэта не памылковае значэнне, можна меркаваць аб магчымай дыялектнай яго аснове і першасным значэнні кагадзе наогул, што дазваляе з большай упэўненасцю параўноўваць бел. і балг. словы. Адносна семантыкі ў такім выпадку параўн. тур. когдышні ’колішні’ і рус. дыял. когда‑ко ’калі-небудзь’. Заўвагу Цыхуна (Бюлетин, 5, 1976, 94) аб агульным значэнні «нявызначанасці» гэтых слоў як магчымым сведчанні іх роднаснасці нельга прыняць па той прычыне, што такое значэнне абумоўлена прыслоўямі (этымалагічна — склонавыя формы пытальнага, адноснага займеннікаў), якія ўваходзяць у склад як гэтых, так і іншых падобных лексем. Аб спробе ўзнавіць прасл. *kagodě‑ прыслоўе часу, гл. Казлова, БЛ, 21, 1982, 60; надзейнасць такой рэканструкцыі невысокая з прычыны прыведзеных вышэй меркаванняў. Аб ка‑ гл. Слаўскі, 2, 8; аб ‑gode‑ Копечны, ESSJ, 1, 312.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і падымуся, падымешся, паднімецца; пр. падняўся, ‑нялася, ‑нялося; заг. падніміся і падыміся; зак.

1. Перамясціцца куды‑н. уверх; узысці. [Хмара] моўчкі вылез з машыны, моўчкі падняўся на ліфце і прайшоў у свой нумар. Васілевіч. Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку. Бяганская. // Праплыць нейкую адлегласць супраць цячэння. Падняцца ўверх па Дняпры.

2. Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. Дзіцячая рука сутаргава паднялася і.. кранулася рудой шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Кіра падбегла да.. [Арыны], абвіла шыю рукамі, паднялася на пальчыкі і пацалавала ў шчаку. Карпаў. // Перамясціцца ўверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Шлагбаум падняўся. □ Зноў паднялася заслона, зноў, затаіўшы дух, усе сачылі за тым, што тварылася перад імі. Пальчэўскі. // перан. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча. Падняцца па службовай лесвіцы.

3. З’явіцца над гарызонтам, узысці. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка. Над полем падняўся вялікі чырвоны месяц. Грахоўскі. // Узвышша над чым‑н., стаць відным на фоне чаго‑н. Раптам над мураванай агароджай, якой абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы. Гарбук. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). За рэчкаю, у лузе, падняўся туман. Шамякін. Над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Чорны.

4. Устаць на ногі. Рыгор падняўся і стаў у акне вагона. Гартны. Грузны шасцідзесяцігадовы генерал падняўся з дарагога скуранога крэсла і, цяжка адсопваючыся, прайшоўся па кабінеце. Якімовіч. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Зранку.. [Волька] старалася раней падняцца, з апаскаю глядзела на яго пасцель і скоранька адзявалася, пакуль .. [Уладзімір] не прачнуўся. Скрыган. // перан. Разм. Паправіўшыся пасля хваробы, пачаць хадзіць, рухацца. Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Цяпер ён мог, Хоць і трымаючыся за сцяну, З смалярні выйсці. Танк.

5. Устаўшы, рушыць з месца. Ваня радасна падняўся насустрач [гаспадару], нібы забыўшыся на сціпласць, працягнуў рукі. Кулакоўскі. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. // Узляцець. З трывожным крыкам паднялася з куп’я чародка маладых цыранак. Бажко. // перан. Перайсці да якіх‑н. актыўных дзеянняў. [Талаш:] — Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Колас. [Іван Маеўскі:] — Увесь народ падняўся на супастата. Шамякін.

6. Пачацца, узнікнуць. Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман. Колас. У стане ворагаў паднялася паніка. Гурскі. Узышло сонца.., адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей. Шамякін.

7. Павялічыцца ў росце, дасягнуць вышэйшага ўзроўню. — Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялічкі хвойнічак. Лужанін. Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы. Навуменка. // Павялічыцца ў аб’ёме; успучыцца, стаць рыхлым. Шчака ў Алены, як гарбуз, паднялася, а вачэй у Ганны зусім не відаць, пазапухалі. Ермаловіч. На правым баку календара заставаліся лічаныя лісточкі, а левы бок яго разбух, падняўся, як цеста на добрых дражджах. Арабей. // Стаць большым за існуючую або сярэднюю норму. Цэны падняліся. □ Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература, і медсястра мусіла даваць ёй уколы. Карпюк. // перан. Вырасці, стаць дарослым. Як падрос, падняўся Янка, Як ганяць стаў ў поле стада, — На жалейцы граў дзень цэлы, А зязюлька кукавала. Купала. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Мы за год памацнелі, Да новых Падняліся вышынь у жыцці. Калачынскі. [Сцяпан:] — Яна, брат, у нас паднялася. Звеннявая. Ракітны.

8. Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. раней запушчанае, заняпалае). Гаспадарка паднялася. Дысцыпліна паднялася. // перан. Стаць больш бадзёрым (пра настрой).

•••

Падняцца (узняцца) на ногі — а) устаць з месца; б) пачаць хадзіць пасля хваробы. Нарэшце, [Рауберман] паправіўся, падняўся на ногі і паехаў да свайго грознага генерала. М. Ткачоў; в) стаць дарослым, самастойным.

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і уздымуся, уздымешся, уздымецца; пр. узняўся, ‑нялася, ‑лося; заг. узніміся і уздыміся; зак.

1. Узысці, заняць больш высокае месца. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені. Колас. Вось толькі міну вунь той рэдзенькі бярозавы пералесак і затым узнімуся па горку. Васілевіч. Леанід Аляксеевіч і дзядзька Алесь узняліся на сцэну, дзе стаяў доўгі стол, пакрыты чырвоным сукном. Якімовіч. / Пра дарогу, сцежку і пад. Дарога ўзнялася на насып. // перан. Падняцца па службовай лесвіцы. Ад простага палкавога агітатара [Грынвальд Муха] ўзняўся да камісара палка. Машара. З нашай радні найвышэй усіх узнялася цётка Куліна. Навуменка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. [Верыны] прыгожыя аксамітныя броўкі ўзняліся ў ціхім здзіўленні. Зарэцкі. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася і ўзнялося над кладкай у маленькай, моцнай дзявочай руцэ. Брыль. Нарэшце патушылі святло, і заслона паволі ўзнялася ўгору. Арабей. / Пра сцяг, парус і пад. Раптам над людзьмі ўзняўся чырвоны сцяг. Чорны. // Перайсці ў вертыкальнае становішча. Частка рук адразу ўзнялася, за імі яшчэ адна за другой паднімаліся. Галавач. // Натапырыцца, стаць тарчма (пра вушы, поўсць і пад.). Вунь і поўсць на .. карку [сабакі] ўзнялася дыбам, — відаць, ад злосці. Даніленка.

3. Узвысіцца над чым‑н. І непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы. Танк. Наперадзе ўзняўся выразна і строга Агромністы мост у жалезнай красе. Панчанка. // перан. Пераўзысці каго‑н. у якіх‑н. адносінах, стаць вышэй чаго‑н. У некаторых людзей ёсць пэўная мяжа, далей якой, нягледзячы на вопыт і перажытае, яны ўжо ніяк не могуць узняцца. Карпюк. Пры ацэнцы «Узвышша» сучаснаму даследчыку трэба ўзняцца перш за ўсё над тымі групавымі спрэчкамі, у якіх было шмат наноснага, суб’ектывісцкага, выказанага ў запале. Лойка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). З’явіцца над гарызонтам, узысці (пра месяц, воблака і пад.). Узняўся месяц і выслаў залацістую дарожку ад небасхілу да самага берага. Дуброўскі. Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад і ўзняліся воблакі, што віселі над гарызонтам. Чарнышэвіч. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). Туман узняўся ад ракі. Астрэйка. Пад дах узняліся клубы барвовага дыму. Карпаў. Зноў паплыла нізкая барвова-дымчатая хмара, апала долу. Ад зямлі ўзнялася пара. Пташнікаў.

5. Устаць, змяніць ляжалае або сядзячае становішча па стаячае. [Шура] сігануў туды [у маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Хуценька ўзняўся, ступіў зноў і праваліўся па пояс. Ставер. [Андрэй:] — Паспрабаваў узняцца, але так кальнула ў назе, што ледзь не страціў прытомнасць. Лынькоў. Лакіна неспакойна ўзнялася, потым зноў села. Асіпенка. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Каб толькі не праспаць ды ўзняцца разам з сонейкам... Савіцкі. Мы ўзняліся рана, На сяло пайшлі. Бядуля. // перан. Разм. Паправіцца пасля хваробы. Зянон неўзабаве пачаў папраўляцца. А далей-болей ён і зусім ачуняў, узняўся на ногі. М. Ткачоў.

6. Скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Усе [пасажыры] ўзняліся са сваіх месцаў, хапіліся за клумкі .. і кінуліся к выйсцю на перон. Гартны. Акінуўшы нас — двух журналістаў — жвавым позіркам, .. [Іван Сяргеевіч] лёгка ўзняўся з пня і, крыху накульгваючы, накіраваўся ў лесагадавальнік. Мяжэвіч. З правага фланга чырвонаармейцы ўзняліся ў атаку. Кухараў. // Узляцець. Качкі чародкамі ўзняліся ў паветра. Ракітны. Узняўся ў неба гідрасамалёт, А вадалаз на дно спусціўся смела. Корбан. З-пад хвалі вынырнуў шчупак І носам ткнуў у мячык так, Што мяч у неба ўзняўся свечкай. А. Александровіч. // Падняцца ўверх, узвіцца (пра пыл, снег і пад.). Белае воблака снежнага пылу ўзнялося між дрэў. Паўлаў. Пачуўся пляск, узняўся цэлы сноп пырскаў. Колас. За спінай, ля тэатра, над якім узняўся слуп полымя, чуліся крыкі, страляніна, аўтамабільныя гудкі. Мікуліч. // перан.; на што. Пачаць актыўныя дзеянні, барацьбу за што‑н., супроць чаго‑н. Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. Ярош. Савецкі Саюз, магутная, вялікая Краіна Саветаў, узняўся на айчынную вайну. Новікаў. У паэме [«Вайна за мір» А. Дудара] пададзена панарама вялікага будаўніцтва, на якое ўзняўся ўвесь савецкі народ. Звонак.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Узнікнуць, пачаць праяўляцца ў дзеянні. Узнялася паніка: Узнялася страляніна. □ Па шашы, у кірунку на Антонаў луг, за возерам узняўся вялікі рух. Броўка. Троху-патроху ўзнялася жвавая гамонка, якая нарэшце перайшла ў тлумпы гармідар. Зарэцкі. Узняўся страшэнны вецер, загрукатаў гром. Ляўданскі. Апаўночы ўзняўся ў маёнтку пажар. Дубоўка. / Пра пачуцці, думкі. З самай глыбіні ягонай [Турковай] душы ўзняўся пратэст. Быкаў.

8. Павялічыцца ў росце; дасягнуць якога‑н. узроўню. Дзікаю травою ўсё тут зарасла, кусты ўзняліся ростам вышэй чалавека. Сташэўскі. За ноч сыраежкі, лісіцы Узняліся, нібы на дражджах. Калачынскі. Каламутная вада ўзнялася ў берагах, забурліла вольна, заліла прырэчныя нізіны. Хадкевіч. // З’явіцца, быць пабудаваным. Свядомасцю імкнешся ўбачыць карту радзімы — новыя гарады, якія ўзняліся на пустэчы, індустрыяльныя гіганты. Купала. З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей. Танк. // Уздуцца, успучыцца. Зашыпела .. [твань], узнялася частымі бурбалкамі. Сяркоў. // перан. Вырасці, стаць дарослым. А ўзняўся [Іванка], падрос — стаў парабкаваць у панскіх дварах. Дуброўскі.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш высокім; павялічыцца, павысіцца. Узняліся цэны. □ К вечару ў Галіны ўзнялася тэмпература. Рамановіч. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Узнялася паспяховасць. Узнялася дысцыпліна. □ Майстэрства формы [рамана] не ўзнялося пакуль да той ідэальнасці, якую некалі сфармуляваў Чарнышэўскі. Юрэвіч. // Загучаць выразней, мацней, павысіцца (пра голас). Голас яго [сакратара] пацвярдзеў, узняўся, набыў інтанацыі, якія найбольш выразна Заносяць думкі да слухача. Хадкевіч. // перан. Стаць больш бадзёрым, палепшыцца (пра настрой, дух і пад.). Настрой у Лявона ўзняўся, і расхацелася ісці дамоў. Чарнышэвіч.

10. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узнялася гаспадарка. □ З руін і папялішчаў ўзняліся гарады і сёлы роднай Беларусі. Пятніцкі.

11. перан. Раззлавацца, страціць раўнавагу. — Ірады вы, як вас толькі зямля носіць, — узнялася цётка Ганна. Дубоўка.

•••

Узняцца на ногі — тое, што і падняцца на ногі (гл. падняцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)