Карна́ць ’укарочваць’ (Нас.). Укр. корнати, рус. корнать, чэш. krniti ’кастрыраваць’, серб.-харв. кр́њити ’абломліваць, рэзаць, шкодзіць’, славен. krniti ’абразаць, калечыць’; прасл. kъrniti/karnati. Магчыма, да прасл. *kъrpnǫti з наступным пераўтварэннем на дыялектнай глебе ў *kъrnǫti > *kъrniti, паколькі *kъrnǫti успрымалася як разавае дзеянне (для *kъrpnǫti > *kъrnǫti параўн. topnǫti > tonǫti ’тануць, тапіцца’). Калі дапусціць *kъrniti < *kъrnǫti < *kъrpnǫti, тады можна даць наступныя індаеўрапейскія паралелі да славянскіх слоў: літ. kir̃pti ’рэзаць’ (альтэрнацыя ir/ur у балтыйскіх мовах добра вядомая). Лат. cìrpt ’тс’, ст.-інд. kṛpāṇi ’нажніцы, кінжал’ ст.-грэч. κρώπιον ’серп’, ірл. corran ’тс’, cirrim ’рэжу’ (Фрэнкель, 257–258). Існуючыя этымалогіі (∼ літ. kur̃sti ’глухнуць’, лат. kurns ’глухі’ або ст.-інд. kírṇáḥ ’паранены’ і інш. гл. Фасмер, 2, 350) не задавальняюць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
дзяржа́ва, ‑ы, ж.
1. Палітычная арганізацыя пануючага класа краіны для захавання існуючага парадку і падаўлення супраціўлення іншых класаў, а таксама краіна з такой палітычнай арганізацыяй. Феадальная дзяржава. Імперыялістычная дзяржава. □ Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ёсць сацыялістычная агульнанародная дзяржава, якая выражае волю і інтарэсы рабочых, сялян і інтэлігенцыі, працоўных усіх нацый і народнасцей краіны. Канстытуцыя СССР. Рабочы клас — нязломны волат: Усемагутнаю рукой Ён адкаваў і серп, і молат У Герб дзяржавы маладой. Бялевіч.
2. Гіст. Эмблема ўлады манарха ў выглядзе шара з каронай або крыжам наверсе. На шыльдзе ў камендатуры сядзеў чорны арол. І хоць не раўня ён быў колішняму царскаму арлу са скіпетрам і дзяржавай, але ўсё ж арол. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чвэрць, -і, мн. -і, -ей і -яў, ж.
1. Чацвёртая частка цэлага.
Ч. года.
2. Адзін з чатырох перыядаў, на якія ўмоўна падзяляецца навучальны год у школе.
Усе вучні паспяхова закончылі першую ч.
3. Старая мера сыпкіх рэчываў, роўная 8 чацверыкам (каля 210 л).
Дзве чвэрці аўса.
4. Старая мера аб’ёму вадкасці, роўная чацвёртай частцы вядра (каля 3 л), якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы, а таксама пасудзіна ёмістасцю ў тры літры.
5. Старая мера даўжыні, роўная чацвёртай частцы аршына, што існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы.
6. Старая мера зямельнай плошчы, роўная 0,5 дзесяціны.
7. Нота працягласцю ў адну чацвёртую частку цэлай ноты (спец.).
8. Адна з чатырох фаз Месяца; вузкі серп Месяца ў першай ці апошняй фазе (спец.).
9. Паз прамавугольнага сячэння па канце дошкі для змацавання яе з другой дошкай (спец.).
◊
Тры чвэрці да смерці (разм.) — пра слабага, хворага чалавека, якому мала засталося жыць.
|| прым. чвэ́рцевы, -ая, -ае (да 2 і 7 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
дарава́ць, ‑ру́ю, ‑ру́еш, ‑ру́е; зак. і незак.
1. што. Зняць (знімаць) віну за што‑н.; прабачыць (прабачаць). Усё магу дараваць, а хлусню — ніколі. Асіпенка. Крытык! Родненькі! Даруй Мне з маёю музай! Кіраваць то ты кіруй, Ды не вельмі тузай. Крапіва.
2. што. Вызваліць (вызваляць) ад якога‑н. абавязацельства. Дараваць доўг.
3. што. Падарыць (дарыць). Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі. Купала.
4. заг. дару́й(це), часта ў знач. пабочн. Ужываецца пры звароце да каго‑н. для папярэджання аб чым‑н. ці для выражэння просьбы прабачыць у чым‑н. Даруйце, я затрымаўся. □ — Вы мне даруйце, шаноўны дзядзька Ян, — лагодна заўважыў Лабановіч. — Вы валіце ў адну кучу рускую школу і русіфікатарства. Колас.
•••
Дараваць жыццё — памілаваць засуджанага да пакарання смерцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.
1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.
2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.
3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.
4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.
5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.
6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Прывесці што‑н. у пэўны парадак. Калгасы адбудаваліся, упарадкавалі палі, аднавілі жывёлагадоўчыя фермы. Хадкевіч. Белай паперай заслалі [Валька і Тася] стол, упарадкавалі на этажэрцы кніжкі, яркую, радасную фіранку павесілі на акно. Мікуліч. У дзяжурным памяшканні Таня яшчэ раз агледзела ліхтарык, падрыхтавала зусім новенькія жоўтыя сцяжкі, упарадкавала куфэрак, які звычайна брала ў дарогу. Даніленка. // і без дап. Навесці парадак дзе‑н. [Марына] упарадкавала ў хаце, узяла серп на плячо. Кавалёў. // Уладзіць; вырашыць. Пакуль дырэкцыя ўпарадкуе справы на новым месцы, мы ўсе адпачываем пасля цяжкага падарожжа і знаёмімся з горадам. Сяргейчык. // і каго. Давесці да ладу, уладкаваць. [Кажамяка:] А ўжо ж, як упарадкую дачку, дык трэба будзе заглянуць. Гурскі.
2. Добраўпарадкаваць. Упарадкаваць гарадскія кварталы. □ [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Трэба спачатку ўпарадкаваць дарогу, тады не будзе такога становішча. — Добра, я падумаю, пашукаю выйсця, — згадзіўся Бедыкоўскі. Мяжэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сы́пкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з дробных цвёрдых часцінак, не счэпленых адна з адной; які мае ўласцівасць рассыпацца. Сыпкія рэчывы. □ Потым да камянёў .. [Інка і Юрка] прыходзілі .. пасля доўгай бязмэтнай хады па сыпкай рыпучай гальцы, вяртаючыся з падарожжаў на катэры. Карамазаў. // Які лёгка пераносіцца ветрам; рыхлы (пра пясок, снег і пад.). На дарозе — пясок, сынкі, непрытаптаны, але на ім расце трава. Пташнікаў. Паварочваючы галаву то ў адзін, то ў другі бок,.. [чарапаха] імкліва перабірае лапамі, грабецца, бы курыца, па сухім і сыпкім дарожным пыле. Сачанка. // Які асыпаецца (пра грунт, снег і пад.). Зямля .. сціналася, і асоўваліся сыпкія сцены акопа. Лобан. Тут мясціна была выдатная — на сыпкім пясчаным беразе пачыналася сухая звонкая дуброва. Кірэенка. Шумліва ідуць усе па сыпкім насыпе да маторкі. Шынклер.
2. Які выспявае і хутка асыпаецца, трацячы зерне. Помню: лета, авёс жалі сынкі. Серп зламаўся твой звонкі... Тарас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́клік, ‑у, м.
1. Кліч, прызыўны гук. [Коля і Дзіма] стаялі так сцішыўшыся, чакаючы, ці не паўторыцца яшчэ раз гэты жывы дзіўны гук, у якім нават тугое на слых вуха магло ўлавіць нейкі трывожны заклік. Якімовіч. А гэта што — ледзь чутны крок? Ці проста шоргнула ігліца? Ці, заклік чуючы, знарок заварушылася глушыца? А. Вольскі.
2. Запрашэнне, просьба прыйсці, з’явіцца куды‑н. Пачулі працавітыя людзі заклік свайго збаўцы, і пакінулі яны хто молат, хто кельню, хто плуг, хто серп і валам павалілі да свайго волата. Пальчэўскі.
3. Прапанова або патрабаванне дзейнічаць, паводзіць сябе пэўным чынам. Пры .. [Нявідным] было некалькі брашур.., адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам. Колас. [Ніна] выступае з заклікам, каб кожны інжынер меў асабісты план удзелу ў асваенні новай прадукцыі. Шыцік. // Вусны або пісьмовы зварот, які ў кароткай форме выражае кіруючую ідэю, палітычнае патрабаванне; лозунг. Першамайскія заклікі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Касі́ць 1 ’касіць (касой)’ (БРС, Шат., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах.). Дзеяслоў прасл. паходжання. Параўн. бел. касі́ць ’касіць касой’ (таксама і ў дыялектах), рус. коси́ть, ст.-рус. косити, укр. коси́ти, ст.-польск. kosić, польск. kosić (таксама і ў дыялектах), ст.-чэш. kositi ’касіць касой’, чэш. kositi ’тс’, славац. kositi, балг. кося́ ’касіць (касой)’, макед. коси, серб.-харв. ко̀сити, славен. kosíti і г. д. Прасл. *kositi ’касіць, зрэзваць; галіць і да т. п.’ Дзеяслоў *kositi з’яўляецца вытворным ад назоўніка *kosa ’каса; від зброі; серп; сякера’, ’баявая сякера’ і да т. п. Звычайна прыводзяцца роднасныя формы: ст.-інд. śásati ’рэжа’, śastrám ’нож’, дан. castrāre ’адрэзваць’ і г. д. Гл. Фасмер, 2, 345; Трубачоў, Эт. сл., 11, 133–135, 142.
Касі́ць 2 ’разграбаць зямлю; скрэбці’ (Сл. паўн.-зах., 2): «Курыца косіць зямлю. Куры косяць ячмень. І верабʼі косяць зямлю». Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 431, магчымае запазычанне з літ. мовы. Як крыніца прыводзіцца літ. kàsti ’тс’. Не выключаецца, што такая этымалогія можа мець месца. Але тут не вельмі падыходзіць з фармальнага боку прапануемая крыніца запазычання — літ. дзеяслоў kàsti, хоць па семантыцы ён добра адпавядае бел. лексеме. Таму можна меркаваць аб іншай крыніцы запазычання, дакладней, аб іншай форме гэтага літ. дзеяслова. Параўн. літ. kasýti ’драпаць, скрэбці’ (параўн. Фрэнкель, I, 226).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
бе́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае або мае вельмі мала сродкаў на жыццё; незаможны; проціл. багаты. Панская зямля і маёмасць былі канфіскаваны і перададзены батракам і бедным сялянам. Кавалёў. / у знач. наз. бе́дны, ‑ага, м. Багаты беднаму не сябра. Прыказка.
2. Аднастайны, мізэрны. Расліннасць на поўначы бедная. □ [Тапурыя] марыў аб незвычайных прыгодах, аздабляючы вымыслам сваё беднае на падзеі і ўражанні жыццё. Самуйлёнак.
3. Які мае недахоп у чым‑н., змяшчае ў сабе мала чаго‑н. Вучні трэціх класаў школ з рускай мовай навучання толькі пачынаюць вывучаць беларускую мову, слоўнікавы запас іх вельмі бедны, у іх не хапае слоў для выказвання сваіх думак і пачуццяў. Самцэвіч. І была яна, мусіць, такою мізэрнаю, гэтая бедная радасць, што яе цьмяны праменьчык не дасягае сённяшняга дня і не грэе старое сэрца чалавека... Самуйлёнак.
4. Які выклікае спачуванне да сябе; нешчаслівы. Не паспела бедная дзяўчына павесіць пад страху серп, як прыйшлося ўзяць у рукі сахор — пакідаць гной, растрасаць яго на полі. Чарнышэвіч.
5. Танны, просты, небагаты. Вопратка па хадаках была бедная: шарачковыя штаны, кужэльная сарочка, саматканыя світкі, не падобныя на тутэйшыя. Пальчэўскі. Бедная была кватэра, нізкая, цёмная, з дзіркамі ў падлозе і сценах. Маўр.
•••
Бедная галава гл. галава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)