прысто́йнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыстойнага. Прыстойнасць паводзін. Прыстойнасць гутаркі.

2. Ветлівасць, далікатнасць, выхаванасць у паводзінах, манерах і пад. І вось Алтар, прыпёрты да сцяны жонкаю, дачкою і сынам, выходзіць з усіх рамак, губляе ўсякую прыстойнасць, хапае стары галёш і шпурляе. Чарнышэвіч. — А вы б засталіся, — прапанаваў Ярмоленка, і Сяргей здагадаўся, што Антон сказаў гэта дзеля прыстойнасці, а на справе яму не дужа хочацца, каб Жылінскі заставаўся тут надоўга. Сіўцоў. — Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе? — Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць. Шамякін. // Правілы паводзін, прынятыя ў якім‑н. грамадскім асяроддзі. — Яны, бачыце, лічылі, што свістаць могуць толькі мужыкі. Шляхецкая прыстойнасць не дазваляла гэтага. Чарнышэвіч. Лейтэнанта паліцыі, які затрымаў іх спачатку як звычайных парушальнікаў прыстойнасці і грамадскага парадку, распісалі ва ўсіх газетах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́начка ’птушка атрада вераб’іных, Phylloscopus’ (ТСБМ). Укр. пі́ночка, рус. пе́ночка ’тс’, дыял. ’малінаўка’, польск. pienka ’сітаўка, (жоўтая) пліска’, ст.-польск. ’шчыгол’, ’зяблік’, н.-луж. pěnica, чэш. pěnice, славац. penica, славен. pẹ́nica, peníca ’валасянка’. Няма адзінай думкі наконт паходжання. Сной (Бязлай, 3, 25) зыходзіць з прасл. *pě(g)nica/*pęga ’невялікая пеўчая птушка’, пацвярджаючы супастаўленне Міклашыча (245) з літ. spigtiсвістаць, шчабятаць’, speñgti ’звінець, гудзець, шумець’. Махэк₂ (443) мяркуе, што pěnice паходзіць з *pěhnice < pěhza ’валасянка’, паходжанне якога няяснае. Брукнер (409) звязвае польск. pienka з пянька́ (каноплі), Мараўскі (Sprawozdania Poznańskiego TPN, 1, 1928, 37) і Сакалоўскі (Ptaki ziem pol., 2, W-wa. 1952, 162) выводзяць слова з гукапераймання pink‑pink, якое стала падставай нават для ням. Fink (ст.-в.-ням. fincho ’зяблік’), англ. finch, італ. pincione, грэч. σπίγγος ’тс’, гл. Струтыньскі, 95, які мяркуе, што pěnъka узнікла на слав. глебе. Беларуская назва, хутчэй за ўсё, запазычана з рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свершч ‘цвыркун’ (Нас., Ласт.), свіршч ‘тс’ (гродз., ЛА, 1), свяршчо́к (Жд. 1, Сцяшк., Шатал.), све́ршчык (швянч., Сл. ПЗБ), свярчо́к (Скарбы) ‘тс’, ст.-бел. сверщокъ (Скарына). Укр. сверщ, рус. сверщ, сверчок, стараж.-рус. свьрчькъ, польск. świerszcz, в.-луж. šwjerč, н.-луж. šẃerc, чэш. svrček, cvrček, славац. svrčok ‘тс’, серб.-харв. цвр́чак ‘від насякомага’, славен. cvrček ‘конік’, балг. цвърче́к ‘цвыркун’, макед. свирец, ст.-слав. свръчь(къ) ‘тс’. Прасл. *svьrčъ, да гукапераймальнага свірчаць, цвірчэць (гл.); Фасмер, 3, 575; Брукнер, 536; Махэк₂, 91. Карскі (1, 387) лічыць спалучэнне ‑шч‑ другасным на месцы ‑ч‑; Борысь (623) тлумачыць канцавое спалучэнне ‑szcz у формах тыпу свершч аналогіяй з клешч, хрушч. Калі прыняць у якасці зыходнага прасл. *svirati (*svьrĕtí) (Брукнер, 536; ЕСУМ, 5, 189), параўн. свэрсту́н, свырсту́н, свэршч ‘цвыркун’ (брэсц., ЛА, 1), то ‑шч‑ можа быць на месцы ‑тс‑, як у сві́раст ‘рэзкі, прарэзлівы гук’, свіршчэ́ць ‘выдаваць такі гук’ (Ласт.), параўн. літ. svìrkšti ‘выдаваць гук, пішчаць, свістаць’, лат. svir̃kstêt ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ва́біць1 ’прынаджваць, прыцягваць, клікаць’ (БРС, Яруш., Гарэц.); ’свістаць для прынаджвання дзікіх птушак’ (Інстр. II); ’зводзіць, выклікаць’ (Гарэц.), вабіцца ’ісці на прынаду, спакушацца’ (Гарэц.). Рус. вабить, укр. вабити, польск. wabić, в.-луж. wabić, н.-луж. wabiś, чэш. vábiti, славац. vábiť, макед. ваби, балг. ва́бя, серб.-харв. ва́бити, славен. vabiti, ст.-слав. вабити. Прасл. *vabiti ’крычаць’. Згодна з адной версіяй (Развадоўскі, Wybór, 2, 157), праславянскае слова суадносіцца з гоц. wōpjan, ст.-ісл. оéра ’крычаць, лемантаваць’ і інш. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 61; Траўтман, 333–337; Скіт, 706; Покарны, 1109; Рудніцкі, 1, 287; Фасмер, 1, 263; БЕР, 1, 110; Махэк₂, 673; Скок, 3, 557. Згодна з іншай версіяй, праслав. *vabiti было непасрэдна звязана з назвай паляўнічай прылады (пасткі) і мела першапачаткова значэнне ’заманьваць птушку ў пастку’, адкуль пазней развілося значэнне ’прынаджваць птушку голасам’. Параўн. паралелі да *vabiti: ст.-інд. ubhnā́ti ’звязвае’, ст.-грэч. ὕφος ’сетка’, лац. lасеге ’вабіць’ і laquens ’сіло, пятля’, ст.-в.-ням. spanan ’вабіць’ і ст.-англ. spannan ’звязваць’ (Мартынаў, Лекс. взаим., 190–191).

Ва́біць2 ’марнаваць час; забаўляць’, вабіцца ’затрымлівацца; забаўляцца, гуляць’, ваблены ’марудны’ (Яўс.). Узнікла ў выніку метатэзы: бавіць > вабіць, што пацвярджаецца поўным супадзеннем семантыкі абодвух дзеясловаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Утвараць голасам музыкальныя гукі; выконваць вакальныя творы, пець. Спяваць песню. □ Над Нёманам, Беразіной Яе [песню] спяваюць партызаны. Танк. // Умець пець. Марцін добра спяваў, танцаваў, весяліў людзей вострым словам. Брыль. Бадай ніхто так з хлопцаў не спяваў у Ельнічах, як Ляткоўскі. Вітка. // Цёхкаць, шчоўкаць, свістаць (пра пеўчых і іншых птушак). Яны [салаўі] спяшаліся спяваць, Яны сябе не шкадавалі, Як быццам свет уратаваць Сваёю песняю жадалі. Дайнека. // перан. Гаварыць, чытаць нараспеў. — Вечар добры, вечар добры! — неяк асабліва ласкава спявае .. [Амэля] ў адказ на прывітанне Антака Мазалеўскага. Васілевіч.

2. каго-што і без дап. Выконваць оперную партыю; выступаць на сцэне, у тэатры спеваком, спявачкай. Спяваць Анегіна. □ Спяваў на сцэне млява Ленскі Пра залатыя дні вясны. Панчанка.

3. перан.; без дап. Быць прасякнутым пачуццём радасці, усхваляванасці, захаплення. Хіба можна злавацца, калі спявае ўся твая істота? Шамякін. Спявай ты, Беларусь, у радасці спявай! Купала. Ты скажы такое слова, Каб душа спявала, Ад каторага б на сэрцы Рана зажывала. Русак.

4. перан. Меладычна гучаць (пра музычныя інструменты). [Юра] трос грыф: гітара сама спявала і плакала. Васілевіч. Спявалі мяхі распісныя, Скакалі між пальцаў лады. Калачынскі. // Рыпець, пішчаць, свістаць (пра розныя прадметы). Над пшанічным полем спявалі кулі. Чорны. Калі ж ішоў у свіран ураджай, — Спявалі пілы і сякеры ў лад. Астрэйка. / Пра завыванне ветру, мяцеліцы і пад. Ой ты, вецер, не шумі, Не спявай так нудна! Колас. Віхура, відаць, яшчэ не зусім уляглася. Усю ноч спявала пад акном. Машара.

5. што. Усхваляць, услаўляць у вершах, песнях каго‑, што‑н. Пісьменнік хоча адгукнуцца на ўсё, што адбываецца ў савецкай краіне. [Максім Танк] спявае гімны вызваленню. Бугаёў. І паэт, як добры, пільны гаспадар, спявае славу працы. «ЛіМ». / у паэт. ужыв. Гімн чалавечай працы Спяваюць кельмы гучна. Аўрамчык.

6. Разм. Многа гаварыць аб чым‑н. з карыснай мэтай. Ён [Богут] перад ёю выдыгае, як закаханы, малады. «Мальвіна, жонка дарагая!» — Спявае ён на ўсе лады. І распытаў, як гасцявала. Колас. // Гаварыць іншае, чым раней. Пасля сходу ён пачаў інакш спяваць.

•••

Спяваць асанну (кніжн.) — узносіць, усхваляць каго‑н.

Спяваць на новы лад — а) пець новыя песні; б) гаварыць па-іншаму, не так, як раней.

Спяваць славу — расхвальваў, праслаўляць каго‑н. [Паходня:] — Ты з большым здавальненнем слухаў, як спяваў табе славу Бабейка: «Паважаны таварыш дырэктар», «таварыш Ваўчок распарадзіўся». Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Су́слік1 ’грызун, які жыве ў норах і шкодзіць пасевам’ (ТСБМ), су́сьлік, сусла́к ’тс’ (Некр. і Байк.), суслі́ла, суслі́чыха ’самка сусліка’ (Мат. Гом.), сусо́л ’суслік’: заспаны, як сусол (Сл. ПЗБ). Укр. дыял. су́слик, рус. су́слик, стараж.-рус. сусълъ, сусолъ, польск. suseł, каш. sus ’суслік’ (толькі ў параўнанні spać jak sus), в.-луж. suslik, чэш. sysel, славац. sysel, славен. sȗslik, балг. съ́сел ’суслік’. Як праславянскае Бязлай (3, 343) узнаўляе *suselъ, *syselъ, *sъsъlъ; Махэк₂ (600) — толькі *suselъ, лічачы форму з ‑у‑ другаснай. Слова гукапераймальнага паходжання: да прасл. *susati, ’пішчаць, свісцець’, параўн. польск. дыял. susać ’шалясцець’ (Віл. сл.), ц.-слав. сысати ’шыпець, сыкаць’, балг. съ́скам ’шыпець’, якое параўноўваюць з лат. susuris ’шэрая або чорная землярыйка’, susers ’лясная мыш’, ст.-в.-ням. sûsôn, sûsan ’гусці’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1126 і наст.; Брукнер, 526; Фасмер, 3, 809; Бязлай і Махэк₂, там жа; Борысь, 588). Да семантыкі параўн. чэш., славац. svišť, польск. świszcz ’сурок’, роднасныя свістаць, сурчок, гл. Беласт. сусол ’суслік’ аўтары Сл. ПЗБ (там жа) лічаць паланізмам, а кашубская форма ўтворана шляхам адсячэння фіналі слова, гл. SEK, 4, 377. Па іншай версіі (напр., Младэнаў, 617) зыходзілі з прасл. *sъsati ’смактаць’, пра што можа сведчыць су́слік2, што падаецца малаверагодным.

Су́слік2 ’дзіця, якое ссе грудзі’ (Нас.). Да сусліць (гл.).

Су́слік3 ’лядзяш’ (Сцяшк.), су́слікі, суслякі́ ’ледзяшы’ (беласт., віл., Сл. ПЗБ). Укр. су́слік ’соска’. Да сусліць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цячы, сцякаць, працякаць, выцякаць, плысці, сплываць, каціцца, бурліць, бруіцца, бруіць, цурчаць, журчаць / у вялікай колькасці: ліцца, ліць / імкліва: біць, біцца, струменіцца, струменіць, свістаць, фантаніраваць / павольна: сачыцца, прасочвацца, цадзіцца, тачыцца; дзюрчаць, цурыцца (разм.); бегчы, збягаць (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

чорт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Паводле забабонных уяўленняў — злы дух, які мае выгляд істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал. Хто супроць нас? Прэч з дарогі! Бачыш нашу грамаду? Мы [камсамольцы] саб’ём і чорту рогі, Богу вырвем бараду. Крапіва. Хацеў чорт балота запаліць, але гарэць не хоча. Прыказка.

2. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты. Маўр. [Афіцэр] гнеўна крыкнуў старому: — Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш? Лынькоў. [Камандзір:] — А ты [Рома], чорт, не зяваў бы на сонцы, а сеў ды чытаў. Брыль. // Разм. Ужываецца як пабочнае слова і ў значэнні выклічніка для выражэння прыкрасці, незадаволенасці, раззлаванасці. [Апанас:] — От чорт! Акурат такі самы, як Параска. Чарнышэвіч. [Боткін:] — Прыязджаю — пляменнікі скігочуць... От чорт! Ламі цяпер галаву, як вярнуць.. [цётку] з дарогі. М. Ткачоў.

3. перан. Разм. Пра каго‑н. вельмі спрытнага, смелага, дужага і пад. Прыборны засмяяўся. — Вось чэрці, гэтыя жаўноўцы. Хвіліны супакою фрыцам не даюць. Шамякін. Васіль Гайдук, цябе мы, чорт, усе, Гарачы палкавы наш агітатар, Прамоў і песень баявых аматар, Любілі ў прыфрантавой паласе. Панчанка.

•••

Аддаць (прадаць) чорту душу гл. аддаць.

Адзін чорт — тое, што і адна трасца (гл. трасца).

Да чорта — пра вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н.

Куды яго чэрці ўхапілі — куды ён дзеўся, знік.

К чорту — а) на кавалкі, ушчэнт. А потым, брат, калі рвануўся, — Усё к чорту — вуда і кручок, Пайшоў гуляць мой шчупачок! Колас; б) прэч, вон; выражае злосць на каго‑, што‑н., жаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. К чорту касцёлы, капліцы, Цэрквы, званіцы, званы! Досыць працоўным маліцца Рэчам папоўскай маны. Крапіва.

К чорту на рогі — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).

К чорту ў зубы — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці, лезці, трапіць і пад.).

На чорта (груб.) — навошта, дзеля чаго?

Ні богу свечка ні чорту качарга гл. свечка.

Ні к чорту (не варты) — ні на што не прыгодны.

Ніякага чорта — нічога.

(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць — аб вялікім беспарадку дзе‑н.; пра непраходнае месца, дарогу.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад кога не залежыць, якому ўсё лёгка, даступна.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

Чарцям млосна (будзе, стане) гл. млосна.

Чорта лысага — абазначае поўнае адмаўленне чаго‑н. — Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў .. [Петрусю] а. Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там. Колас.

Чортам падшыты гл. падшыты.

Чортам свістаць гл. свістаць.

Чорт ведае (хто, што, які, куды, дзе і пад.) — невядома (хто, што, які, куды, дзе і пад.).

Чорт ведае што! — а) нешта неймавернае, такое, што цяжка ўявіць; б) усё, што хочаш.

Чорт (кадук, ліха, пярун, халера) з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) — хай, няхай будзе так.

Чорт лазаты — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці. Ён [Богут] там здохне, чорт лазаты, І захлынуцца ўсе паны. Колас.

Чорт не бярэ (не возьме) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).

Чорт падаткнуў — аб якім‑н. дзеянні, якое робіцца без патрэбы, невядома для чаго.

Чорт пацягнуў каго за язык — навошта было гаварыць што‑н. (як шкадаванне з прычыны сказанага недарэчы, не па сутнасці).

Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы, не тады, калі трэба.

Чорт сеў (уссеў) на каго — пачаць нервавацца, раптоўна праявіць раздражненне, злосць.

Чорт сядзіць у кім — пра злоснага, свавольнага чалавека з дрэнным характарам.

Чорту лысаму — некаму, невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).

Чорт што — а) нешта недарэчнае, незразумелае, што выклікае злосць, раздражненне. — Чорт што, — раптам вырвалася ў .. [Мароза], і ён хапіўся за кішэні. — Ты [Шэмет] разумееш? Вот ключ не магу знайсці. Лобан; б) вельмі многа. [Базылькевіч:] — То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі! Чорны.

Чорт яго бяры — добра, няхай будзе так; згода.

Чорт яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

Чэрці носяць каго — аб тым, хто ходзіць невядома дзе, невядома нашто.

Што за чорт! — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.

Якога чорта — выражэнне негатыўных адносін да каго‑н., зласлівасці, незадавальнення.

Як чорт ад ладану — усімі сіламі, любымі сродкамі, імкнучыся пазбавіцца (бегчы, адмахвацца і пад.) ад каго‑, чаго‑н.

Як чорт крыжа (ладану) — вельмі, надта моцна (баяцца каго‑, чаго‑н.).

Як чорт пад крыжам — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)