рыво́к, рыўка, м.
1. Рэзкі, кароткі рух. Брыгадзір, асядлаўшы буланку, паставіў у стрэмя нагу, спрытным рыўком узняўся і лёгка сеў. Брыль. Нервовымі рыўкамі папраўляла .. [дзяўчына] валасы. Лынькоў. // перан. Спешка, паспешнасць, напружанасць пры выкананні якой‑н. работы. — Не хапайце цераз сілу, працуйце роўна, без рыўкоў, — павучаў нас Федар Рыгоравіч. Рунец. Рывок! Як гэта нязвыкла для Коласа з яго паслядоўнасцю работы над творам. Лужанін. // перан. Скачок у развіцці чаго‑н.
2. У спорце — пад’ём цяжару рэзкім штуршком на сябе.
3. у знач. прысл. рыўко́м. Рэзка, адным рухам. Паравоз рыўком скрануў эшалон з месца і падцягнуў .. платформу [з танкам] да пляцоўкі. Мележ. [Каршукоў] рыўком адчыніў дзверы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́месь, ‑і, ж.
1. Мешаніна розных рэчываў, элементаў, прадметаў. [Паўлік] стаў разбірацца, якая ж гэта сумесь, колькі тут культур. Выцягваючы па сцяблінцы, ён набраў і вікі, і гароху, і сырадэлі, і лубіну, і аўса, і ячменю, і бобу, і нават сланечніку. Дуброўскі. З сумесі цукру і патакі .. атрымліваюць цукрова-патачны сіроп. Рунец. // Прадукт, які атрымліваецца змешваннем якіх‑н. рэчываў. Аргана-мінеральныя сумесі. □ Мы падпальвалі .. [танкі] бутэлькамі з гаручай сумессю, падрывалі гранатамі. Хомчанка.
2. Спалучэнне чаго‑н. рознага, разнароднага. Сумесь урачыстай біблейскай мовы з бытавымі вобразамі надае ўроку дзяка цікавы камічны эфект. Шкраба. Хата сустрэла [Рыбака і Сотнікава] затхлаю сумессю пахаў і — цеплынёй. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысма́кі, ‑аў; адз. прысмак, ‑а, м.
1. Ласункі, салодкае. Старая служанка прынесла віно і драўляную талерку з сушаным інжырам і рознымі яшчэ прысмакамі. Самуйлёнак. У мяне няма прысмакаў, Ані мёду, ані маку, Ні цукерак, ні пячэння, Ні пірожных, ні варэння... Муравейка. // Смачныя, асабліва прыгатаваныя стравы. Круглы стол быў рассунуты на ўсю хату: на ім стаялі розныя прысмакі, а Іра, як гаспадыня, усё насіла і насіла. Сабаленка. — А ці есць цар прэжаны гарох? — пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак. Лынькоў.
2. Разм. Прыправа. Далей да цукровага цеста, як сказалі б хатнія гаспадыні, трэба дабавіць розныя прысмакі. Рунец. Не даварыўшы, панюхаў і выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
увільну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Спрытна ўхіліцца ад сустрэчы, сутычкі з кім‑, чым‑н.; лоўка павярнуўшыся, пазбегнуць чаго‑н. Увільнуць ад удару. □ — Я ўжо іду, — і бег [Федзька] дахаты, азіраючыся на бацьку, каб увільнуць, калі той захоча аперазаць. Арабей. // Непрыкметна пайсці, паехаць, скрыцца ад каго‑н. На агароджапай канатамі арэне рысоўка не паможа, бо там няма куды увільнуць, няма кім засланіцца. Карпюк.
2. перан.; ад чаго. Ухіліцца ад чаго‑н., карыстаючыся рознымі хітрыкамі; выкруціцца. Увільнуць ад цяжкай працы. Увільнуць ад прамога адказу. □ Калі ўзяць, дык — [кулак] надта хітры, Калі даць, дык — «носік вытры». Увільне не сяк, дык так, Бо нашто ж бы быў кулак? Крапіва. Калі раней [Валодзя] толькі і думаў, як увільнуць ад работы, дык цяпер ніколі не адстае ад астатніх. Рунец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пля́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. без дап. Ударыць, стукнуць з пляскам. Каля лодкі рыбіна злосна пляснула шырокім хвастом па вадзе, спрабуючы нырнуць пад ніз. Ігнаценка.
2. каго і без дап. Ударыць, стукнуць далонню аб далонь або далонню па кім‑, чым‑н. — Што ты нарабіла? — пляснула далонямі Поля, да якой не адразу дайшло, што здарылася. Шамякін. Дзверы адчыніла мне цётка. Пляснула ў далоні, ледзьве зірнула на мяне. Савіцкі. Я прамармытаў нешта, а ён пляснуў мяне па плячы: — Значыць, дамовіліся! Рунец.
3. што. Разм. Кінуць што‑н. з шумам, з пляскам. Тады Алёша з размаху пляснуў аб падлогу мокрую анучку і рушыў да дзвярэй. Шамякін. // Упасці з шумам.
4. што або чаго. Разм. Плюхнуць на каго‑н., у што‑н. Бабка бразнула пустым посудам, ссыпала ўсе лыжкі і міскі ў начоўкі, пляснула гарачай вады. Каліна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спеў, спеву, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спяваць, а таксама гукі гэтага дзеяння; спяванне. Час далёкі, час маленства Нечакана ажыве. Чую — спеў жалейкі з лесу Перапёлкаю плыве. А. Александровіч. Цябе вітаюць спевам ціхім каласы, пераліваюцца — віюцца галасы. Дубоўка. Цёплы вецер Заносіць спеў мірных гудкоў, Звон далёкіх апошніх трамваяў. А. Астапенка.
2. Песня. Свой спеў салавейка У галлі адшчабеча. Купала. З-пад пяра Алеся Гурло з яўляецца аптымістычны спеў «Не тужы». Хведаровіч. Танцаваць зноў пайду, Новы спеў засяду, Бо, як вішня, жыццё Зацвіло, зацвіло! Бядуля. // Песня рэлігійнага зместу.
3. Выкананне песень, арый і пад. як мастацтва. [Сашы] даўно ўжо захацелася пагутарыць з чалавекам, які разбіраецца ў спевах і мог бы па-сапраўднаму ацаніць яго голас. Рунец. Савецкае мастацтва харавога спеву займае пачэснае месца ў эстэтычным выхаванні працоўных. Шырма.
4. толькі мн. (спе́вы, ‑аў). Вучэбны прадмет. Апрача беларускай мовы і літаратуры, я выкаадала спевы. Мядзёлка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упо́перак, прысл. і прыназ.
1. прысл. У шырыню, па шырыні чаго‑н.; проціл. удоўж. Клава шпарка перабегла ўпоперак гасцінец і апынулася дома. Чорны. Разрэваныя ўпоперак дошкі на тых жа ваганетках адвозяць да цыркульных піл, дзе яны ператвараюцца ў роўныя брускі. Рунец. Перакручаныя дзверы віселі ўпоперак на адной завесе. Пальчэўскі. // Пасярэдзіне. [Сяргей:] — Схапіў я.. [пана] ўпоперак і павалок у пакой. Машара.
2. прысл.; перан. Насуперак. [Паддубны:] — Там жа, перад народам, расстралялі сабаку. [Камлюк:] — Правільна! Караць бязлітасна такіх! Яны ж са сваім марадзёрствам упоперак нам... М. Ткачоў.
3. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «упоперак» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па шырыні чаго‑н. А раніцою на Дняпры ля плёса, Упоперак вялікае ракі, Вялі выпрабаванне землясоса Славутыя балтыйцы-маракі. Астрэйка. — Дадому, Дамка! — злосна загадаў аграном і першы стомлена патупаў упоперак кусцістых радкоў руні. Даніленка.
•••
Удоўж і ўпоперак гл. удоўж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пакаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. каго-што. Пачаць каціць, прымусіць каціцца (пераважна што‑н. круглае). Раптам свавольнік-вецер сарваў з галавы хлопчыка шапку і пакаціў яе, як мячык, па полі, у бок ад дарогі. Сіняўскі. // Пачаць рухаць, везці што‑н. на колах. Айцец Сабольскі падняў веласіпед з дарогі і пакаціў яго ў руках, чапляючыся нагамі за пні. Пташнікаў. Артылерысты палявых батарэй пакацілі наперад гарматы. Мележ.
2. Разм. Пачаць перамяшчацца (аб транспартных сродках). Неўзабаве.. [прышэльцы] выйшлі — завуркатаў на вуліцы матор, і легкавік ціха, як бы нехаця, пакаціў да станцыі. Вышынскі. // Паехаць, адправіцца куды‑н. [Ірына] пашыла з паўтузіна новых шаўковых халатаў і пакаціла ў Сачы. Краўчанка.
3. што. Перамяшчаць сілай цячэння. Рака Сасна дажджэцца той пары, Што зноў пакоціць хвалі праз бары. Астрэйка.
4. каго-што. Разм. Паваліць, прымусіць упасці. Вася падхапіўся з зямлі. Пачырванелы, сярдзіты. — Давай яшчэ раз!.. Мы схапіліся зноў. Тузаліся, тузаліся, і я зноў пакаціў яго. Рунец.
•••
Хоць шаром пакаці — пуста, нічога няма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалі́цца, хвалюся, хвалішся, хваліцца; незак.
Расхвальваць што‑н. сваё, свае поспехі, заслугі і пад. Хваліцца сілай. □ — Вось гэта ў мяне сёлета добра ўрадзіла! — хваліўся гаспадар, паказваючы на канюшыну. Бядуля. [Сонька] ўсім хваліцца, што кучаравая ад роду, але мы ведаем, што без гарачага цвіка тут не абыходзіцца. Сяркоў. Дык вось кінь, Ілья, хваліцца Сваім громам, бліскавіцай: Твая тэхніка — старая, У архіў даўно пара ёй. Крапіва. // З пахвальбой расказваць пра свае ўчынкі, дасягненні і пад. Бацька, захмялелы, хваліўся за сталом, што ён зарабіў не блага і надумаў набыць машыну-воўначасалку. Кухараў. Адразу ж пачала [імянінніца] хваліцца: — А ў нас сёння смачны-смачны пірог быў, з варэннем. Юрэвіч. // З выхваляннем абяцаць зрабіць што‑н. Польскі хлопец Янэк хваліўся сваёй маме, што ён наловіць многа рыбы. Брыль. [Хлапчукі:] — А яшчэ хваліўся — любога на лапаткі палажу! Рунец. // Расказваць, паведамляць пра што‑н. Лясніцкі.. звярнуўся да Тацяны: — Хваліцеся ж, Тацяна Карпаўна, вашымі поспехамі ў санітарнай справе. Шамякін. Пра гэтае месца мы нікому з рыбакоў не хваліліся, бо, апрача ўсяго, там лепш чым дзе бярэцца рыба. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑ляціце; зак.
1. Летучы, перамясціцца, аддаліцца ад каго‑, чаго‑н. на пэўную адлегласць. Дзяцел толькі глянуў скоса, адляцеў за пару сосен і пачаў «тук-тук» нанова. Вось і ўся яго размова! Дубоўка.
2. Вылецеўшы, пакінуць якое‑н. месца; паляцець. Самалёты адбамбіліся і адляцелі на захад. Сабаленка. Калі Аляшкевіч расказаў пра старое вялізнае гняздо чорных буслоў і пра тое, што яны яшчэ не адляцелі, а ўжо надышоў кастрычнік, я яму не паверыў. Самусенка. // перан. Мінуць, адысці, знікнуць (пра час, мары, надзеі і пад.). Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Мы даўно не тыя, — адляцелі, нібы сны, мары маладыя. А. Вольскі.
3. Адскочыць, адкінуцца ўбок ад моцнага ўдару, штуршка. [Хлапчук:] — Ды каб я крутнуўся, яны [дзяўчынкі] на дзесяць крокаў адляцелі б. Рунец.
4. Разм. Адарвацца, зваліцца, адпасці (пра што‑н. прымацаванае). Раптам адляцела кола, пакацілася з дарогі. Вось схілілася дадолу, чырканула, як парогам. Дубоўка. Лісты ў спякоту не жаўцелі — Згарнуліся ў колер свой І адляцелі без надзеі На кроплю праўды дажджавой. Пысін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)