чо́рны, -ая, -ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю; проціл. белы.

Чорная фарба.

Чорная барада.

Ч. дым.

2. Цёмны, больш цёмны ў параўнанні з чым-н. больш светлым.

Ч. хлеб.

Ч. ад загару.

3. Брудны, запэцканы.

Чорныя рукі ад гразі.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе высокага майстэрства, часта фізічна цяжкі і брудны (пра работу).

Чорная работа.

5. Прызначаны для якіх-н. службовых ці бытавых мэт; не парадны, не галоўны.

Ч. ход.

Чорная лесвіца.

6. Не апрацаваны, чарнавы.

Ч. варыянт рукапісу.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы.

Чорная зайздрасць.

Чорныя справы.

8. перан. Дрэнны, адмоўны.

Чорныя старонкі біяграфіі.

Ч. бок жыцця.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны.

Чорныя думкі.

Чорная доля.

10. перан. Крайне рэакцыйны.

Чорныя сілы.

11. У Рускай дзяржаве 14—17 стст.: цяглавы, падатковы; дзяржаўны, не прыватнаўласніцкі (гіст.).

Чорныя землі.

12. Паводле міфалагічных уяўленняў: вядзьмарскі, чарадзейскі, звязаны з нячыстай сілай.

13. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў.

Чорныя парэчкі.

Чорная рабіна.

Ч. дзяцел.

Чорнае золата

1) нафта;

2) каменны вугаль.

Чорная біржа (чорны рынак) — неафіцыйная біржа (рынак).

Чорная ікра — ікра асятровых рыб.

Чорная кава — моцная кава без малака і вяршкоў.

Чорны лес — лісцёвы лес, чарналессе.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае «супраць абрання» каго-н.

Чорныя металы — назва жалеза і яго сплаваў (сталі, чыгуну і г.д.).

На чорную гадзіну (разм.) — на цяжкі час (пакінуць што-н.).

Ні чорнага ні белага (разм.) — не абазвацца, не сказаць ні слова каму-н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім-н.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым на самай справе (бачыць, падаваць, паказваць і пад. што-н.).

Чорная косць (костка) (уст.) — пра людзей простага, недваранскага паходжання.

Чорны дзень (разм.) — перыяд нястачы, беднасці ў жыцці; цяжкая часіна.

Чорным па белым (разм.) — дакладна, выразна, ясна (напісана).

Як чорны вол (рабіць, працаваць; разм.) — рабіць не пакладаючы рук.

|| наз. чарната́, -ы́, ДМ -наце́, ж. і чарно́та, -ы, ДМо́це, ж. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве ў поўным дастатку, валодае вялікай маёмасцю, грашовымі сродкамі, заможны; проціл. бедны. У багатым калгасе — заможныя і калгаснікі. Шамякін. Маці.. прыбірала двары ў багатых дамах. Лынькоў. Увосень і верабей багаты. Прыказка. / у знач. наз. бага́ты, ‑ага, м. Багаты падаў пану руку, прывітаўся: ведама, багаты з багатым. — свае людзі. Якімовіч. Мой спеў звінеў не для багатых. Журба. Багаты беднага не разумее. Прыказка.

2. Які вызначаецца мноствам даброт. Дзень добры Случчыне маёй, Здаўна багатай старане. Астрэйка. Люблю восень, што ні гаварыце: самая багатая пара года. Ермаловіч. Застолле ў ляснічага багатае: смажанае, варанае — навалам. Навуменка. Калгасныя клеці засыпаны збожжам, багатыя выйшлі ў нас працадні. Машара. // на што, чым. Які вызначаецца вялікай колькасцю чаго‑н. Багаты, быў лес, асабліва на грыбы ды ягады. Мурашка. // Колькасна вялікі. Дзед Рыгор быў у цудоўным настроі: ужо трэці дзень ён вяртаўся дамоў з багатым уловам. Шашкоў. // Разнастайны. Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Бядуля. // Густы, спорны. Багаты дождж. □ Колерамі вясёлкі адбіваліся сонечныя праменні ў багатай расе. Дуброўскі. // Вельмі добры, дасканалы. І сам дырэктар, і ўсе механізатары стараліся ўзяць ад багатай тэхнікі ўсё, што магчыма. Шахавец. // Наварысты, смачны (пра страву). [Дзятліха] як ніколі багатага баршчу наварыла. Мележ. // Буйны, важкі. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.

3. Які вызначаецца раскошай аздаблення, убрання або каштоўнасцю матэрыялу. Багаты сервіз. Багатае выданне. Багаты касцюм. // Які характарызуецца велічнасцю, разнастайнасцю, насычанасцю. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля. // Густы, пышны (пра валасы). Хомчык бачыў, як.. [Аксеня] распусціла свае багатыя валасы, якія закрывалі спіну. Пестрак.

4. Які адпавядае высокім патрабаванням, змяшчае ў сабе многа ўнутраных якасцей. Багаты голас. Багатая мова. // Рознабаковы, разнастайны. Багатая натура, міміка, фантазія. // З глыбокім сэнсам, змястоўны. Багатая кніга. // З вялікімі магчымасцямі. Багатыя перспектывы. // Заснаваны на шматгадовай практыцы. Багаты вопыт. Багатыя традыцыі.

•••

Заднім розумам багаты — пра таго, хто прымае запозненае рашэнне.

Чым багаты, тым і рады — форма ветлівага запрашэння.

Чым хата багата гл. хата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калі́на ’расліна Viburnum opulus’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Маш., Радч., Сержп. Грам., Сцяшк., Яруш.). Паводле слоўніка Кісялеўскага каліна адзначаецца ў Беларусі паўсюдна. З новых крыніц фіксуюць Сл. паўн.-зах., ТС (тут яшчэ каліны ’ягады каліны’). Ёсць таксама шэраг вытворных, з якіх звяртае на сябе ўвагу калініца, адзначанае ў Бялькевіча, Насовіча і Радчанкі, якое апрача бел. сустракаецца ў смал. гаворках — калиница ’куст каліны’ (фальк.), ’ягада каліны’. Магчыма, гэта беларуская інавацыя (ва ўсх. гаворках), параўн., аднак, серб.-харв. калиница. У бел. гаворках зафіксаваны таксама калінавы мост (Бяльк., Доўн.-Зап.), параўн. Махэк₂, 236. Паралелі да бел. каліна: укр. калина, рус. калина (літар. і дыял.), польск. kalina, кашуб. kalëna, в.-луж. kalena, н.-луж. kalina, чэш. kalina, славац. kalina, славен. kalína, серб.-харв. ка̀лина, макед. калина (тут у значэнні ’дрэва гранат’), балг. калина. Звычайна ў слав. мовах значэнне ’расліна Viburnum opulus’, аднак сустракаюцца і розныя іншыя, відавочна, другасныя па паходжанню. Адносна этымона прасл. kalina існуюць розныя думкі. Адна з традыцыйных версій, паводле якой слав. лексіку суадносілі са ст.-в.-ням. holuntar, ням. Holunder ’расліна бузіна, Sambucus’, аспрэчваецца Фасмерам, 2, 168, і шэрагам іншых этымолагаў. Паводле Бернекера, 1, 473, слова суадносіцца з прасл. kalъ з першапачатковай матывацыяй ’куст з чорнымі ягадамі’. Відавочна, што гэта этымалогія абавязана «каляровай» версіі паходжання слав. kalъ. Фасмеру, 2, 168 яна ўяўляецца дастаткова правільнай. Бернекер (там жа) меркаваў аб імавернасці паходжання слова ад kaliti (у сувязі з ярка-чырвонымі ягадамі каліны). Брукнер (214) звяртае ўвагу, што kaliti этымалагічна не суадносіцца з назвай колеру (’каліць’ — ’рабіць цвёрдым, гартаваць’, а не ’распальваць’). У апошні час Трубачоў (Эт. сл., 9, 121) аддаў перавагу этымалогіі, паводле якой kalina суадносіцца з kalъ па прычыне вільгацелюбівасці расліны (так Якабсон, Word, 8, 4, 1952, 388; Махэк, Slavia, 23, 1954, 65; Махэк₂, 236, з літ-рай і семантычнымі паралелямі яшчэ ў Naše Reč, 11, 1927, 121–125). Слаўскі (2, 30) прыняў гэту этымалогію, прыводзячы паўд.-слав. kalina ’балота’. Трубачоў (там жа) падкрэслівае, што спачатку kalina азначала ’сырое месца’, а ўжо потым — вільгацелюбівую ’расліну. Сапраўды, семантычную паралель да гэтага можна ўбачыць ў слав. bagъno ’балота’ і ’расліна Ledum’. Параўн., аднак, Талстой, Геогр., 158 і інш., аб цяжкасці рашэння пытання, што было першым — назва балота ці назва расліны. У канкрэтным выпадку празрыстасць утварэння (калі прымаць этымалогію Махэка) не пакідае сумненняў першаснасці назвы балота. Разам з тым нельга не адзначыць, што яркія ягады расліны з’яўляюцца істотнай прыкметай (параўн. каліна як сімвал дзявоцтва, гл. падрабязней калінкі), апрача таго, існуюць розныя погляды на этымалогію слав. kaliti. Параўн. яшчэ ў Тураўскім слоўніку, 2, 179: «Стоіць певень над рэкою с чырвоною бородою» (загадка пра каліну). У сувязі з гэтым звяртае на сябе ўвагу серб.-харв. ка̏лики, ка̏љикарабіна, Sorbus aucuparia’ і дыял. калика ’невялікае дрэўца з плодам, падобным да рабіны, аднак неядомым’. Трубачоў (Эт. сл., 9, 120) адносіць гэта слова да kalina, kaliti (< kalъ), каlъ, аднак якая тут матывацыя? Параўн. яшчэ рус. валаг., арханг. кали́на́ ’моцны нагрэў, жар і да т. п.’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пусты́, ‑ая, ‑ое.

1. Нічым не запоўнены, не заняты (пра тое, што можа змяшчаць у сабе што‑н.). Пусты карабок. Пустая бутэлька. □ Пастаіць гаспадыня ля свае каровы, пачакае, пакуль тая паранку з’есць, і назад пусты цэбар нясе. Чорны. Па пустым рукаве можна было меркаваць, што чалавек гэты не мае адной рукі. Лынькоў. // Не заняты нікім, нічым; свабодны, вольны. [Ярохін] дастаў чамадан, на пустым сядзенні разаслаў газету, паклаў хлеб, кансервы. Шамякін. К вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй. Ермаловіч. // Бязлюдны; нежылы. Двор быў пусты і азызлы, з халодным глянцам размешанай гразі. Скрыган. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з’явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Вольны ад работы, ад заняткаў. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі. // Без пладоў або з недаспелым плодам. Пусты колас. Пусты арэх. □ Яравыя гарэлі на корані, а жыта, пасмяглае, нізкарослае, было пустое. Чыгрынаў. // Прыгатаваны без тлушчу, мяса. Пусты боршч. □ У стральца дым густы, ды абед пусты. Прыказка. // Нятлусты, неўрадлівы (пра зямлю). Верная зямля ў малінаўцаў была напалову слуцкая — тлустая і ўраджайная, напалову палеская — пустая і пясчаная. Чарнышэвіч.

2. Які мае ўсярэдзіне пустату. Пусты шар. Пустыя сцены.

3. Які нічога не мае, нічога не прыдбаў; без здабычы. Лісічкі, рабіна, баравікі — гэта добра: пойдзеш у лес — пусты не вернешся. Ракітны. На возе — нічога: сена толькі для вачэй, але Апейка паручыцца мог бы — не пусты едзе, вязе нешта. Мележ.

4. перан. Неглыбокі, бяссэнсавы; не сур’ёзны. Пустая гаворка. □ Перакідаючы пустыя словы, .. [Валя і Сашка] апынуліся каля вялікага сквера і ўвайшлі ў яго. Чорны. Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя. Бядуля. Пустым становіцца жыццё ў чалавека, калі ў яго адбіраюць любімую працу. Шахавец.

5. перан. Які не мае сур’ёзнага значэння; беспадстаўны. Пустая пахвальба. Пусты страх. Пусты смех. □ Знікалі турботы, хваляванні, а калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі ўжо як нікчэмныя, пустыя. Карпаў. Не гарэў ён [народ] пустым летуценнем. За дармовым не гнаўся рублём. Куляшоў. // Бескарысны, бясплодны, беспаспяховы. [Мікалай Іванавіч] быў расчараваны пустой работай — сваім выступленнем перад выключаным мікрафонам. Шахавец. Дзед Талаш .. ужо хацеў рушыць і ісці хоць куды, абы не стаяць тут у пустым і бясплодным чаканні. Колас.

6. перан. Які не мае сур’ёзных інтарэсаў; духоўна абмежаваны, бедны. [Чыжыку] ўжо вельмі падабаўся Саўчанка, які даў гэтую гранату і які не так даўно здаваўся пустым чалавекам. Лупсякоў.

7. у знач. наз. пусто́е, ‑ога, н. Тое, што не заслугоўвае ўвагі; што‑н. нязначнае. — Ніхто цябе не вінаваціць. Не люблю толькі, калі людзі пустое мелюць. Машара. [Ціхон] не церпіць усяго пустога, легкадумнага — ні ў словах, ні ў справах. Ракітны.

•••

Затычка ад пустой бочкі гл. затычка.

Біцца за пусты мех гл. біцца.

З пустымі рукамі гл. рука.

Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.

Пустая гаворка гл. гаворка.

Пустое месца гл. месца.

Пусты кашалёк гл. кашалёк.

Пустыя кішэні у каго гл. кішэнь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́ць, збяру, збярэш, збярэ; збяром, збераце; зак.

1. каго-што. Запрасіць прыйсці, прыехаць; склікаць каго‑н. Сабраць гасцей. Сабраць радню. Сабраць таварышаў па вучобе. □ [Мазавецкі:] — Вы, пане Сурвіла, не думайце, што мы прагадаем, калі збяром на гэтую куплю вялікі гурт. Чорны. // Склікаць удзельнікаў, членаў якой‑н. арганізацыі для працы. Сабраць нараду. Сабраць кансіліум. □ Гэтай жа ноччу Мікіта Мінавіч сабраў партыйны сход брыгады. Кулакоўскі. Палкоўнік Кавальчук збярэ свой баявы штаб — усіх камандзіраў брыгад і атрадаў, — і яны супольна што-небудзь прыдумаюць. Ваданосаў. // Прымусіць сабрацца, сагнаць у адно месца (людзей, жывёлу). Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт. Лынькоў. // Прыцягнуць увагу. Крыкі здзіўлення, радасці сабралі сюды ўсё насельніцтва. Маўр. // Арганізаваць, аб’яднаць у адно цэлае што‑н. разрозненае. Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні і ўдарыць па гарнізонах адначасова. Казлоў. // Абагуліць. Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле, Каб хадзілі ў нас трактары Па бязмежным калгасным прыволлі. Астрэйка. // Сканцэнтраваць каго‑, што‑н. у адным месцы. На вузкім участку фронту вораг сабраў значныя сілы і рыхтаваў наступленне. Жычка.

2. што і чаго. Накапіць, паступова збіраючы, адшукваючы. Сабраць бібліятэку. Сабраць калекцыю марак. □ І ў Міхала раптам з’явіліся аднекуль грошы.. Ён-то збіраў, але не мог гэтулькі сабраць. Чорны. Залатоўку схавай кожны дзень, дык і то вунь колькі збярэш! Галавач. // Назносіць чаго‑н. для чаго‑н. [Свірчэўская] згрупавала вакол сябе надзейных людзей, якія прагнулі працы, і па літары сабрала друкарню, дастала паперу, фарбу. Гурскі.

3. што. Атрымаць ад каго‑н. што‑н. Сабраць членскія ўзносы. // Апытаўшы ўсіх, многіх, даведацца пра што‑н. Сабраць подпісы. Сабраць прапановы. Сабраць звесткі. □ Петыцыя племені вамеру была правалена. Яна не сабрала патрэбнага ліку галасоў. Лынькоў. // Сыскаць што‑н. пазычанае, узятае кім‑н. Сабраць даўгі. Сабраць раздадзеныя кнігі.

4. што. Размясціць блізка адно ля другога; злучыць у што‑н. Сабраць кветкі ў букет. □ Сабрала сонца ўсе свае прам[я]ні ў адзін пучок. Якімовіч. // перан. Атрымаць выяўленне ў чым‑н. Увосень, пад поўдзень, як збярэ свае сілы сонца, — разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. Раўчук, як яшчарка, ў лагчыну слізгае І доўга там штурхаецца пад снегам, Пакуль збярэ вясёлую паводку. Чэрня. Колеры лета рабіна сабрала І чырванее па сонцы яна. Агняцвет. / у вобразным ужыв. Найлепшыя краскі з батрацкіх шнуроў Сабрала ў вянок Беларусь. Танк.

5. што. Зняць ураджай з палёў, садоў; намалаціць збожжа. Мы ўсе працавалі нястомна І сабралі ўраджай, Небывалы для нашых палёў. Танк. [Сакольчык:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусціш. Асіпенка. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. Сёй у добрую пару — збярэш хлеба гару. Прыказка. // Прыняць што‑н. адкуль‑н. Сабраць пасуду са стала. □ [Тодар:] — Папалуднаваўшы, ячмень збераце з току, ды яшчэ аўса ўмалоцім трохі сёння. Крапіва.

6. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі або зрываючы. Калі даспеюць сочныя суніцы — Няма каму знайсці іх і сабраць. Кірэенка. Сама ж [Марына] пайшла пад азярыну Сабраць хоць шчаўя да стала. Колас. Як ішоў па мурожнай траве, Не сабраў табе ў прыгаршчы рос... Не парай ты за гэта мяне, — Сваё сэрца табе я прынёс. Русак. // Падабраць што‑н. рассыпанае, раскіданае. Сабраць цацкі. □ Ігнась цярпліва чакаў чарговае кпіны і ўжо сабраў каменьчыкі, каб пакласці ў кішэню, як Паўлюк узяў яго за руку і высыпаў іх перад сабою. Мурашка. Сабралі [людзі] тое, што засталося ад папа, прывезлі ў двор і пахавалі. Машара. // Прыбраць, прывесці ў парадак. Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. Колас. Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі. Маўр.

7. што. Злучаючы асобныя часткі, дэталі, атрымаць што‑н. цэлае (механізм, машыну і пад.). Сабраць радыёпрыёмнік. Сабраць затвор. □ Там на вашых вачах збяруць і матор, і бліскучы, як шкло, радыятар. Панчанка. // Паставіць, скласці якое‑н. збудаванне з асобных, разрозненых частак. Тым часам увішныя робаты прыгналі гідраплан. Потым сабралі будыніну, дзе людзі маглі б адпачываць, устанавілі там пульты і экраны прыбораў назірання. Шыцік.

8. каго-што. Падрыхтаваць у дарогу. Сабралі ў дарогу Петруся, як роднага сына. Нікановіч. [Аленка] загадзя сабрала свае кнігі і рэчы і чакала дня ад’езду. Колас. Праз некалькі дзён Яша сабраў свае манаткі і развітаўся з дзіцячым домам. Кулакоўскі. // Упакаваць, спакаваць для дарогі (пра рэчы). Сабралі чамаданы, у асобны кошык упакавалі Сашкаў мяч, легкавічок, стрэльбачку, што страляе ад папяровых кружочкаў. Даніленка. // Скласці, пакласці ў адно месца (рэчы, прадметы). Сабраць кнігі ў сумку. □ Покуль паводзіць і гадзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Якімовіч.

9. што. Паставіць, падаць на стол (пасуду, стравы). Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. // Прыгатаваць яду. Вячэру сабраць. □ Маці раніцай сабрала Бацьку полудзень. Кірэенка.

10. перан.; каго-што. Унутрана мабілізаваць сябе для чаго‑н. (пра сілы, волю, энергію і пад.). Тварыцкі.. сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока». Чорны. Лукашык намагаўся сабраць свае думкі. Дамашэвіч. Ды мне не страшна: нешта застанецца Пасля мяне ад дум маіх і спраў, Ад парыванняў, што ў душы сабраў. Бураўкін.

11. што і без дап. Зрабіць зборкі, пашыць у зборкі. Сабраць плацце ў таліі. // Зморшчыць скуру на твары. Фамін наморшчыў лоб, сабраў зморшчынкі над пераноссем. Кухараў. Насустрач крочыць мой таварыш, у зморшчыны свой лоб сабраў. Панчанка.

12. што. Асцярожна зняць што‑н. з якой‑н. паверхні. Сабраць смятану з малака.

•••

(І) зубоў не сабраць — атрымаць моцны ўдар. — Дык ён табе як бразне — зубоў не збярэш. Я ведаю гэтага Курмышкавага каня, — сказаў бацька. Кулакоўскі.

(І) касцей не сабраць — не астацца цэлым. [Рыль:] — Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш! Колас.

Сабраць на стол — падрыхтаваць стол да яды, накрыўшы яго абрусам, расклаўшы прыборы і паставіўшы стравы. — Зося! — паклікаў Мікула. — Можа б ты памагла нам сабраць на стол? Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)