Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НА (Sorbus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Р. звычайная (S. aucuparia). Расце ў падлеску, на палянах, па берагах рэк, у парках, садах, на вуліцах і інш. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Р.: арыя (S. aria), гібрыдная (S. hybrida), глагавіна (S. torminalis). Выведзены шэраг сартоў, напр., Дэсертная, Гранатная, Лікёрная, Рубінавая і інш.
Лістападныя дрэвы выш. 10—25 м або кусты. Лісце суцэльнае, лопасцевае ці няпарнаперыстае. Кветкі белыя, светла-жоўтыя або чырванаватыя. духмяныя, у шчыткападобных суквеццях. Плод — дробны яблык. Плады маюць у сабе караціноіды, сарбіт, вітамін C. Выкарыстоўваюцца ў харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці, у медыцыне, служаць кормам для птушак. Драўніна каляровая, ідзе на дробныя вырабы. Пладовыя, дэкар., лек., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Аронія, гл. Чарнаплодная рабіна
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТКАВІЦКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Створаны ў 1978 як бат. заказнік рэсп. значэння для аховы прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 15 тыс.га (1997). Займае лясны масіў, у якім пераважаюць чарнічныя хвойнікі, трапляюцца бярэзнікі, зрэдку чорнаалешнікі. Асн.лек. расліны: чабор, талакнянка, рабіна, чарніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́САК,
кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу i, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш. Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЧАНКА (Іван Трафімавіч) (н. 24.5.1928, в. Тарапаева Духаўшчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1965). Працаваў машыністам лакамабіля, старшынёй калгасаў у Мінскай і Гродзенскай абласцях, у газетах і на радыё. Друкуецца з 1953. Піша пераважна на рус. мове. У зб-ках нарысаў і апавяданняў «Жодзінскія волаты» (1971), «Людзі высокага абавязку» (1973), «Парваныя струны» (1975), «Мінуць зімовыя завеі» (1980), «Новыя знаёмыя» (1983), «Добрае суседства» (1988), «Тонкая рабіна» (1992) раскрывае ўнутр. свет працаўніка, яго памкненні і патрэбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНО́ЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Расіі, на У п-ва Камчатка. Засн. ў 1934 у мэтах аховы камчацкага собаля. З 1985 біясферны запаведнік. Пл. больш за 1 млн.га. Рэльеф перасечаны. Патухлыя і дзеючыя (Краноцкая Сопка 3528 м) вулканы, леднікі (Цюшэўскі 8 км), тэрмальныя азёры, гейзеры, вадаспады, горныя тундры, альпійскія лугі. Лясы з каменнай бярозы, у падлеску кедравы і альховы сланік, рабіна, бружмель. У фауне камчацкі собаль, гарнастай, выдра, рысь, ліс, снежны баран, паўн. алень, мядзведзь, расамаха і інш. На ўзбярэжжы нерпа, цюлень, лежбішчы сівучаў. У арнітафауне глушэц, курапаткі, лебедзі, качкі, кулікі, белаплечы арлан і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НА,
надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш. Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.