ША́БРЫНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1978 для аховы і рацыянальнага выкарыстання прыродных запасаў лек. раслін. Пл. 3,3 тыс. га. Спадзістахвалістая тэраса з дзюнамі, марэннымі ўзгоркамі, лагчынамі. Глебы дзярнова-падзолістыя забалочаныя, пясчана-супясчаныя. Хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, дубовыя лясы, участкі пазапоймавых лугоў. Лек. расліны: ландыш майскі, рабіна, святаяннік, талакнянка, чына горная, дуброўка белая. У Чырв. кнізе шалфей лугавы, лілея кучаравая, жаўтазель германскі, канюшына лубінавая, дзікая пятрушка аленевая, рамоначнік шчытковы, чарнакорань пурпуровы. Радыеактыўна забруджаны.

П.​І.​Лабанок.

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)