СУПЛО́ДДЗЕ,
сукупнасць спелых пладоў аднаго суквецця, якое адасоблена ад вегетатыўнай ч. парастка. У менш спецыялізаваных С. свабодныя плады сядзяць на адасобленых пладаножках (бузіна, вінаград, рабіна, парасонавыя), у больш спецыялізаваных С. складаецца з сухіх свабодных аднанасенных пладоў, абкружаных абгорткай (складанакветныя) або ў сакавітым ёмішчы (інжыр). Пры далейшай спецыялізацыі зрастаюцца голыя плады (ліквідамбар, панданус) або іх калякветнікі — сакавітыя (шаўкоўніца) ці сухія (бурак). Вельмі буйныя С. ананаса, хлебнага дрэва, маклюры ўтвараюцца ад зрастання пладоў з сакавітай воссю і інш. элементамі суквецця.
т. 15, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)