абляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., каго-што.

1. Прыстаць, прыліпнуць у многіх месцах да каго‑, чаго‑н., пакрыць усю паверхню. Шэрае неба, і пад ім — бясконцая дарога... вязкі бруд абляпіў колы. Мікуліч. Снег абляпіў у парках усе дрэвы. Хомчанка. // Шчыльна абхапіць з усіх бакоў (пра адзенне). Панчохі прамоклі, і вы адчуваеце, як непрыемна абляпілі яны вашы ногі... Васілевіч.

2. Наклейваючы, пакрыць чым‑н. у многіх месцах. І тут мне стала зразумела: ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Ляўданскі.

3. перан. Размясціўшыся ў вялікай колькасці, густа пакрыць якую‑н. паверхню; шчыльна абступіць з усіх бакоў; акружыць. Яны [аднакласнікі] у момант абляпілі з усіх бакоў сані, учапіліся за аглоблі, цягнулі за капылы, за палазы. Сіпакоў. Драбкі цукру мурашкі абляпілі так, што за імі нічога не было відаць. Пальчэўскі. Дзеці абляпілі хату, тоўпіліся на прызбах, заглядалі ў вокны. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыляпі́цца, ‑ляплюся, ‑лепішся, ‑лепіцца; зак.

1. Прыстаць да чаго‑н., прыліпнуць, прыклеіцца (пра што‑н. ліпкае, клейкае і пад.). Пластыр прыляпіўся. Камяк гліны прыляпіўся. □ Да фартуха прыляпіліся шматочкі белай тканіны і нітак — відаць, жанчына нешта шыла. Савіцкі. // перан. Разм. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). А калі мянушка прылепіцца — аж да самай смерці можаш хадзіць з ёю... Гамолка. // перан. Разм. Змясціцца, размясціцца вельмі блізка да чаго‑н. Нейкаю сотняю саламяных стрэх прыляпілася гэтая вёска да спаду гары. Брыль. // перан. Разм. Прымасціцца дзе‑н. (звычайна нязручна). — Едуць, бывала, у школу, у раён, — мой на веласіпедзе, а Федзька — ззаду ў яго, на багажніку. Прылепіцца, як верабей, і едуць, быццам бацька з сынам. Ракітны. Бургамістр прыляпіўся на самы край крэсла і ледзьве не саскаўзнуў. Новікаў.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. У Шукевіча я браў Тагора і надоўга прыляпіўся да яго душою. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

приста́ть сов.

1. прыста́ць; (о липких и красящих веществах) узя́цца (за што); (прилипнуть) прылі́пнуць;

2. (о болезни) разг. прыста́ць;

3. (обратиться с назойливой просьбой) разг. прыста́ць; прычапі́цца;

4. (присоединиться) прыста́ць, далучы́цца;

5. (причалить) прыста́ць, прыча́ліць; см. пристава́ть;

6. (остановиться, расположиться) прост., уст. спыні́цца;

7. (быть к лицу) уст. прыста́ць, быць да тва́ру;

ей не приста́л э́тот наря́д ёй не да тва́ру гэ́ты ўбор;

8. (приличествовать) падыхо́дзіць, пасава́ць;

э́то ему́ не приста́ло гэ́та яму́ не падыхо́дзіць (не пасу́е);

9. (устать, утомиться) прыста́ць, стамі́цца;

как ба́нный лист приста́ть прылі́п як смала́; прычапі́ўся як п’я́ны да пло́ту;

с ножо́м к го́рлу приста́ть з нажо́м да го́рла прыста́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прыста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; заг. прыстань; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Шчыльна прылягаючы, прымацавацца, прыліпнуць. Да мокрых кашуль дзяцей прыстала многа пяску. Бядуля. Да аднае былінкі прыстала белае пёрка. Гарбук. Холад апёк руку, яна аж прыстала да празрыстага ледзячка. Чарнышэвіч. // Шчыльна прылегчы. Дзверы добра прысталі да вушакоў. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра клічку, мянушку). Калі ён прыехаў на будоўлю, нехта мянушку яму прыдумаў: жырафа, але мянушка не прыстала. Гроднеў.

2. Разм. Перадацца; прычапіцца (пра якое‑н. пачуццё, хваробу і пад.). Занядужаў хлопец, а што за хвароба да яго прыстала — розуму не дабраць. «Беларусь». — Табе што, стаіш, як дуда, на стрэлцы, да цябе і ніякая трасца не прыстане... Лынькоў.

3. Далучыцца, прымкнуць да каго‑н. І неяк так атрымалася, што да Люсі і Гошкі прыстаў у кампанію маленькі плячысты татарын Ахметка і дзяўчынка Валя. Даніленка. — Мы гэта, — сказаў за ім следам Радзівон Бабака, — прыйшлі з ім (глянуў на Стальмаховіча) запытаць у вас, як гэта трэба рабіць, каб да вас прыстаць у гурт, ці гэта заяву трэба пісаць, ці гэта як? Чорны. // Застацца дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Маці раіла вайскоўцу: — Прыстаў бы ты, чалавеча, дзе ў вёсцы, перачакаў бы ліхалецце. Асіпенка. — Во хіба знайду якую ціхую вёску ды прыстану да якой ўдавы ці салдаткі. Лупсякоў.

4. Разм. Звярнуццца да каго‑н. з неадчэпнай, надакучлівай просьбай, размовай; назойліва прасіць аб чым‑н. Я перш адказваўся, але.. [Васіль Бераг] так прыстаў, што нельга было адгаварыцца, і я мусіў зайсці з ім к Піню. Гартны. [Касперскі:] Дык парайце, як лепей зрабіць. Жонка прыстала — завязі. Гурскі.

5. Спыніцца, прычаліць, падышоўшы да берага, прыстані і пад. Лодка прыстала да берага. Гаспадар яе цвёрда ступіў на жоўты пясок. Алешка. Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават і кантралёры-каты. Брыль.

6. Стаміцца, змагчыся. Падбілася і прыстала Клава, пакалола босыя ножкі, пачала адставаць. Шамякін. Зусім прыстаў дзед Астап, падгіналіся [калені] ад доўгай дарогі. Лынькоў. Конь увесь блішчаў — быў мокры ад поту: прыстаў. Пташнікаў.

7. Разм. Спыніцца на некаторы час; прыпыніцца. Міхал падыдзе і прыстане, І лаву жыцейка агляне. Колас. Можа, трапіш ты ў нашы Аколіцы Нарачы, Мястра, — Не мінай хат рыбацкіх, І ля гатаўскіх сосен высокіх Прыстань адпачыць. Танк.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Пакінуць след, адбіцца. Гады быццам да яго не прысталі. □ — Будуць лаяць, і не толькі, мусіць, цябе адну, будуць усім нам кідаць абразы, а хіба гэта прыстане? Галавач.

•••

Прыстаць (прыбіцца) да берага — замацавацца на пэўным месцы на доўгі час, заняць пэўнае месца ў грамадстве.

Прыстаць з нажом да горла — неадчэпна, настойліва дамагацца свайго.

Прыстаць (пайсці) у прымы — стаць прымаком.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)