усу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунуўшы, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; увапхнуць у што‑н. Усунуць шуфляду ў стол. Усунуць рэчы ў мяшок. □ Гадзіна выпрасталася, усунула галаву ў місу і пачала хлябтаць малако. Паўлаў. [Міколка] ўзяў сваю старую школьную торбачку.. Напакаваў яе, усунуў туды і стары абгрызены пенал, любімы сшытак. Лынькоў.

2. Уцягнуць у што‑н. Усунуць нітку ў іголку.

3. Уткнуць у што‑н. Севярын моцна зашчапіў кручок, усунуў у ручку дзвярэй лату і сеў ля стала, спінаю да нараў. Караткевіч.

4. Засунуць што‑н. у што‑н. Усунуць руку ў кішэнь. // Уставіць. Усунуць пяро ў ручку.

5. Прасунуць унутр чаго‑н. — Таварыш камандзір! — усунуў галаву ў дзверы разведчык. — Вас можна на хвілінку? Федасеенка.

6. Разм. Даць у рукі. — Бяры! І бяжы ў цэх... — неяк злосна прамовіў вахцёр, усунуўшы Асташонку ў рукі пропуск. Ваданосаў.

•••

Носа не ўсунуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Усунуць галаву ў пятлю — а) павесіцца; б) трапіць у цяжкае, небяспечнае становішча. Бег [Рыгор] назад, бясконца ўзрадаваны дабратой Тараса Тарасавіча. Бег і не ведаў, што сам усунуў галаву ў пятлю, канец ад якой у майго былога гаспадара. Асіпенка.

Усунуць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Усунуць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збі́цца, саб’юся, саб’ешся, саб’ецца; саб’ёмся, саб’яцеся; пр. збіўся, ‑лася; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ссунуцца, з’ехаць з месца ад удару, рэзкіх рухаў. Шапка збілася набок. Павязка збілася. □ Белая віхрастая чупрына [дзецюка] збілася ў адзін бок. Няхай. // Парушыцца ад зруху, змяшчэння. Настройка прыёмніка збілася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца непрыгодным ад удараў, штуршкоў. Падковы збіліся. // Разм. Стаптацца, скрывіцца (пра абутак). Абцасы збіліся.

3. Адхіліцца, сысці ўбок (пры хадзе, яздзе і пад.). Збіцца са сцежкі. Збіцца з лыжні. Збіцца з курсу. // Згубіць дарогу, заблудзіць. Толькі зоры, якія ўжо выступілі на цёмнай палавіне неба, здаецца, пільнавала нас, каб мы нідзе не заблудзіліся, не збіліся з дарогі. Сабаленка.

4. Адхіліцца ад правільнага, дакладнага выканання, ажыццяўлення чаго‑н. Збіцца з рытму. □ А шпулек тых — лічыў, лічыў Тараска і збіўся. Юрэвіч. // Набыць другі напрамак (пра думкі, размову). Збіцца з тэмы гутаркі. □ Косця сцішыўся, на яго нахлынулі раптоўныя думкі, збіліся, змяшаліся. Адамчык.

5. Памыліцца, зблытацца. Эма ўспомніла, што тады яна расхвалявалася і нават крыху збілася, пачала гаварыць не па запісу, а ад сэрца. Васілевіч. Тут ужо Васіль, баючыся яшчэ раз збіцца, не спяшаўся. Кулакоўскі.

6. на што. Неўзаметку схіліцца, перайсці да чаго‑н., у што‑н. У такой рамантызаванай фальклорнай паэме, як «Сказ пра Вяля», Максіму Танку лягчэй за ўсё было збіцца на ўмоўна-рытарычны стылявы штамп. Бугаёў. — А што, у школе вартаўніка няма? — спытаў Лемяшэвіч, адчуваючы, што расказчык зноў здольны збіцца на якую-небудзь «соль». Шамякін.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца разам, у адно месца на невялікай прасторы. Каровы збіліся ў кучу, таўкліся, калолі адна адну, ускідалі на рогі. Пташнікаў. На выгане хлапчукі збіліся ля Грышы ў кучу. Капыловіч.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыгатавацца, вырабіцца шляхам узбоўтвання, збівання. Масла збілася.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Зблытацца, зваляцца (пра шэрсць, валасы). Травы збіліся трубою, збіліся, як лямец, так, што не прасунуць рукі. Дуброўскі.

•••

Збіцца з капейкі — застацца без грошай.

Збіцца з ладу — страціць стройнасць, паслядоўнасць (думкі, гаворкі).

Збіцца з нагі — згубіць такт, ідучы ўдваіх, парай або маршыруючы.

Збіцца з ног — стаміцца, змучыцца ад клопатаў, беганіны.

Збіцца з панталыку (толку, тропу) — а) прыйсці ў замяшанне, зблытацца; памыліцца; б) тое, што і збіцца з (правільнай) дарогі.

Збіцца з (правільнай) дарогі — пачаць весці няправільны, заганны спосаб жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго-што. Дазволіць прайсці, даць дарогу каму‑, чаму‑н.; пусціць перад сабою каго‑н. — Хадзем у хату, чаго ж мы стаім сярод двара, — сказаў нарэшце Васіль Кузьміч і прапусціў на ганак мужчын. Пальчэўскі. Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла. Мележ. // Дазволіць каму‑н. увайсці ці ўехаць, прайсці ці праехаць на тэрыторыю, якая ахоўваецца. Салдат прапусціў мужыка за браму. Якімовіч. Васіль паказаў яму камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі. // Дазволіць друкаваць, ставіць на сцэне. Рукапісны варыянт цэнзура ўсё роўна не магла прапусціць. Бугаёў. [Юскавец:] — Адразу відаць — мала пішаце.., чытаеце, а калі і чытаеце, то не ўслухоўваецеся, не ўчытваецеся ў фразу. Яна для вас не гучыць, як музыка. Інакш вы не прапусцілі б такіх няўклюдных выразаў... Дамашэвіч. // Даць забіць (мяч, шайбу), не здолеўшы затрымаць. Прапусціць мяч у вароты.

2. што. Даць прайсці, пранікнуць праз што‑н. няшчыльнае. Прапусціць ваду. Прапусціць святло.

3. што. Прасунуць, працягнуць праз што‑н. Ермалай узабраўся на страху пограба і прапусціў канец дроту праз адтуліну. «ЛіМ». Эдзік прыбіў цвікамі кранштэйн да кармы лодкі, праз шківок прапусціў сталёвы тросік, на тросік павесіў павука-раму з напятай сеткай. Гаўрылкін. // Прымусіць прайсці праз што‑н. [Весялоў] ведаў, што немцы прапускаюць у дрот ток высокага напружання. Ці прапусцілі тут? Відаць, прапусцілі. Шашкоў. // Апрацаваць якім‑н. апаратам, прыладай. Прапусціць малако праз сепаратар. Прапусціць мяса праз мясарубку.

4. каго-што. Абслужыць, апрацаваць, даўшы магчымасць прайсці праз што‑н. Сталовая прапусціла за дзень тысячу чалавек. Прапусціць праз станцыю за суткі трыццаць цягнікоў. □ За месяц .. людзі мяняліся, палата прапусціла іх звыш дваццаці. Брыль.

5. каго-што. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н.; прамінуць. Прапусціць два завулкі, а потым завярнуць. // Прайсці, праехаць міма, не заўважыўшы, празяваўшы што‑н. [Хлопчыкі] хадзілі па сенажацях між сажалак, пільна ўглядаючыся, каб не прапусціць новую раслінку. Чарнышэвіч. // Даць прайсці міма; упусціць. Дзеўкі таксама заўважылі Андрэя і прапусцілі трамвай, каб сустрэцца са сваім новым знаёмым. Шахавец. Тут.. [вучні] ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Колас.

6. што. Зрабіць пропуск, пакінуць пустое месца. Прапусціць радок для прозвішча ў дакуменце. // Выкінуць, не ўспомніць пры чытанні, перапісванні і пад. — Ён [верш] доўгі, я на полі табе раскажу ўвесь, — Грыша спахапіўся, што прапусціў пяць радкоў. Пальчэўскі. Назаўтра маці зноў праверыла сшытак у Іры і ўбачыла, што яна прапусціла не літару, а цэлае слова. Гарбук. // Не з’явіцца на заняткі, пасяджэнне і пад. Павел прапусціў амаль цэлы месяц вучобы. Шахавец. [Юзік:] — За ўвесь год я ніводнага рабочага дня ў калгасе не прапусціў. Чорны. — Ведаеш, я сёння прапушчу шпацыр, — спакойна павярнуўшы да Максіма галаву, адказаў Давід. Машара.

7. што і без дап. Разм. Выпіць (віна, гарэлкі і пад.), з’есці што‑н. І раптам Вірчэўскі, хлопец наогул удалы, але аматар выпіць, унёс прапанову: — Ці не прапусціць бы нам, хлопцы, па маленькай? Хадкевіч.

•••

Прапусціць міма вушэй — не звярнуць увагі на тое, што гавораць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)