паўно́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поўначы ​1; які знаходзіцца на поўначы, размешчаны на поўнач ад чаго‑н. Паўночны полюс. Паўночнае паўшар’е. Паўночны напрамак. Паўночнае лета. □ Там .. [Туравец] даведаўся, што штаб брыгады знаходзіцца непадалёк, у гэтым жа лесе, на паўночнай ўскраіне. Мележ. // Які дзьме з поўначы (пра вецер). На дварэ дзьмуў рэзкі паўночны вецер. Якімовіч. // Уласцівы поўначы, характэрны для поўначы ​1 (у 1 знач.). Паўночная расліннасць.

•••

Паўночнае ззянне гл. ззянне.

Паўночны захад гл. захад.

Паўночны ўсход гл. усход.

паўно́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца да поўначы ​2; які адбываецца, бывае ў поўнач. Я прачнуўся паўночнай парой. — Зуб на зуб не трапляе. Куляшоў. І якое можна суцяшэнне Ў паўночны час прыдумаць мне. Пысін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ту́пік, ‑а, м.

Паўночная марская птушка сямейства чысцікавых з моцнай, сціснутай з бакоў дзюбай.

тупі́к, а́, м.

1. Вуліца, завулак, якія не маюць скразнога праходу, праезду. Завулкі заводзілі часамі вандроўніка ў тупікі, дзе далей не было дарогі. Колас. // Праход, прастора, якія не маюць далейшага выхаду, прадаўжэння; адсутнасць праходу, прадаўжэння чаго‑н., у чым‑н. Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць. Караткевіч. Упершыню за тысячагоддзі ганарлівая, нястрымная ў сваёй хадзе рэчка спынілася, уперлася ў тупік. Галавач.

2. Чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з іншымі пуцямі толькі адным канцом. З’ездзіўся вагон, пастарэў. Паставілі яго ў тупік пад жыллё. Лынькоў. На станцыю Хазарычы цягнік прыйшоў у нядзелю на світанні. Гэта была канцавая станцыя-тупік. Сабаленка. Пакуль рыхтаваўся састаў, вагон, у якім ехала Наталля Аляксееўна, адчапілі і загналі ў тупік аж на шэсць гадзін. Васілевіч.

3. перан. Безвыходнае становішча. [Свідраль] адчуў сябе ў тупіку, з якога ў думках сваіх не знаходзіў выйсця. Дуброўскі. І як заўсёды, нягледзячы на Алесева красамоўства, Кастусь заганяў яго ў тупік. Ваданосаў.

•••

Зайсці ў тупік гл. зайсці.

Ставіць у тупік гл. ставіць.

Стаць у тупік гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свіста́ць, свішчу, свішчаш, свішча; заг. свішчы; незак.

1. Утвараць свіст (у 1 знач.). Клён стаіць яшчэ, той самы клён, на які мы лазілі ў свой час, каб давесці, хто мацней свішча ў пальцы. Брыль. Праз хвіліну за лазняй пачуўся свіст. Федзя ўмеў свістаць на розныя лады. Нядзведскі. // каго і без дап. Свістам клікаць, падзываць, гукаць каго‑н. Слаўны выдаўся дзянёк: Свежая пароша. Я свішчу: — Цю-цю, Жучок, Пойдзем, мой харошы. Бялевіч. // што і без дап. Высвістваць мелодыю, матыў; пераймаць голас птушак. Алесь хадзіў каля крынічкі, Што з лесу тут жа выцякала І дужкай хату агібала, Хадзіў, свістаў пад голас птушак, Збіраў ён ягадкі ў гарнушак. Колас. // Сапці, храпці са свістам. Злева ад мяне, у сёмым радзе, чацвёрка слухачоў сапраўдны квартэт наладзіла: адзін свішча праз нос, другі са смакам падхр[о]пвае, а двое сапуць. Кавалёў. // безас. Пра хрыплыя, свісцячыя гукі (пры дыханні, кашлі і пад.). Крэст завярнуў за рог, і вакол Алеся зноў завіравала. Ён раскідваў тых, што чапляліся за яго, як мог, атрымліваючы за кожны ўдар — чатыры. У грудзях свістала. Караткевіч.

2. Утвараць свіст (у 2 знач.). На дварэ вясна. Свішчуць шпакі ў садзе, над палямі не сціхаюць жаўранкі, ля калгаснага двара бегаюць, падбрыкваючы, жарабяты. Лупсякоў. Свішчуць, цёхкаюць салаўі так, што гаі і дубровы звіняць. Бялевіч.

3. Утвараць свіст (у 3 знач.). Паравоз свішча. □ З адкрытага ніпеля свістала паветра. Гамолка. // Гусці, выць (пра вецер, мяцеліцу, завіруху і пад.). Гуляла завіруха. Была. Свістала. Шамякін. Гудзе, свішча, вые лютая паўночная пурга. Бяганская.

4. Біць, ліцца з сілаю (пра вадкасць). — Пазаўчора ўранку прыбягае на кватэру цётка Магдалена, наша прыбіральшчыца. «Аркадзька, а даражэнькі, дзеці скруцілі кран. Вада свішча, ратуй». Пальчэўскі. А хлопчык ужо ляжыць на зямлі. Кроў свішча з невялікай дзюрачкі. Прокша.

5. Утвараць свіст (у 4 знач.). І гудуць касілкі, Свішчуць тонка косы, І наўсцяж кладуцца Роўныя пракосы. Астрэйка. Кінулася.. [жонка] да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі. Броўка. Стары цыган з чорнаю барадою спрытна свістаў пугаю, і конік круціўся вакол яго, як уюн. Якімовіч. / у безас. ужыв. Навокал выла, свістала, грымела. Васілеўская. Унізе было ціха, .. а ў верхавінах стромкага сасняку часам пачынала шумець і свістаць, нібы зімою ў завіруху. Кулакоўскі.

6. перан. Гультайнічаць, не працаваць. — Як будзеш свістаць, то трасцу і мець будзеш, — панура адзываецца Пракоп: — машына сама рабіць не будзе. Колас.

•••

Вецер (свішча) у галаве — тое, што і вецер (гуляе) у галаве (гл. вецер).

Свістаць усіх наверх — каманда на флоце для выкліку экіпажа карабля на палубу для работы ці бою.

Чортам свістаць — вельмі злавацца, варожа ставячыся да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)