Прыро́стак ’малады парастак расліны’ (ТСБМ), ’тое, што прырошчана’ (Ласт.), прыро́станы ’прырослы’ (ТС), сюды ж прыро́сток ’прыток ракі, ручая’ (Клім.). Да прырасці́, гл. расці; параўн. рус. дыял. приро́сток ’цяля’, укр. приро́сток ’прыплод’, славен. prirástek ’прырост’, балг. прира́стък ’нешта прырослае, адростак’ і пад. Паводле БЕР (5, 731), агульнаславянскія аддзеяслоўныя ўтварэнні, спецыфічныя для асобных славянскіх моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сук, ‑а, м.

1. Буйны бакавы парастак, які ідзе ад ствала дрэва. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. Стаяла .. [груша] голая, счарнелая, з вузлаватымі сукамі. Лынькоў. Хочаш — зверху страляй, забраўшыся на ёмкі сук; хочаш — прама з-за дрэва. Курто.

2. Астатак ад зрэзанага бакавога парастка ствала ў дошцы, бервяне. [Арлоўскі:] — Дошкі ў мяне ёсць, толькі вельмі сукаватыя, ёсць без сукоў, ды ў гразі — гэблі патупіце. Чорны. Стаў Максімка да станка, Гэблік сціснула рука. Шмаргануў — на дошцы сук... Дзеружынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Росць1 ’расці’, ’атрымліваць задавальненне’ (Бяльк., Юрч. Фраз. 1, Юрч. Сін.), рость, рэсть ’расці’ (Растарг.), ро́сціць ’гадаваць, вырошчваць’ (астрав., пух., Сл. ПЗБ). Да расці́ (гл.). Аб скарочаным суфіксе *‑ti гл. Карскі 2-3, 279.

Росць2 ’рост’, ’расток, парастак’ (іўеў., Сцяшк. Сл.; ТС). З прасл. *orstъ пры дапамозе суф. ‑ь з адцягненым значэннем *‑orst‑ь. Іншы суфікс ‑jь у рошч (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцімбу́рпарастак, цымбур’ (Сцяшк. Сл.), ’бадыль, сцябло’ (астрав., Ск. нар. мовы), сцімбу́р, сцімбю́р, сцімбі́р, сцымбу́р ’сцябло агародных культур, пустазелля’, ’чаранок ліста’, ’кветаножка, сцябло суквецця’, ’стрыжань пяра’, ’сплеценыя ніткі ў матузы’, ’хваставы адростак у жывёл’(Сл. ПЗБ), сцю́мбар ’сцябліна зёлкі’ (мёрск., Краязн. газ., 2008, 43, 7). З літ. stimburỹs, stim̃biras ’тс’ (Сл. ПЗБ, 5, 40), stémburas ’чаранок, бадыль, сцябло’ (Грынавяцкене, LKK, 30, 117). Гл. таксама цымбур.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́сынак, ‑нка, м.

1. Няродны сын для мужа ці жонкі ў сямі (родны аднаго з іх). Раіна разумела, што Лёнік не сваё дзіця Антосю, пасынак. Марціновіч. [Мачыха] адчувала холад, якім заўсёды веяла на яе ад падчарыцы і пасынка, аднак гэта яе вельмі не абыходзіла. Васілевіч. // перан. Пра таго, хто пераносіць якія‑н. нягоды, пра каго мала клапоцяцца, каму мала ўдзяляюць належнай увагі. Узняўся гоман пратэсту: чаму гэта ў раёне ёсць сынкі і пасынкі? Дуброўскі.

2. Бакавы парастак, атожылак у расліны. Вакол свежага зрэзу вярба выкінула цесны круг крывава-зялёных пасынкаў. Гарбук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́росль ж.

1. (побеги) па́расткі, -каў ед. па́растак, -тка м.; па́сынкі, -каў, ед. па́сынак, -нка м.;

2. (заросль) па́раснік, -ку м.; за́раснік, -ку м.;

2. перен. (потомство, молодое поколение) мо́ладзь, -дзі ж., маладня́к, -ку́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

узвы́сіцца, ‑вышуся, ‑высішся, ‑высіцца; зак.

1. Паэт. Узняцца ўвысь, увышыню; падняцца вышэй навакольнага. Кожны парастак прагнуў Узвысіцца дрэвам магутным, Кожны лісцік хацеў Разрасціся ў агромністы ліст. Гілевіч.

2. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча або значэння; узняць свой аўтарытэт. [Высоцкі:] Масква яшчэ больш узвысілася над светам, як сімвал свабоды. Гурскі. [Белавус] убачыў смешную фанабэрыю чатырох маладых хлопцаў, іх наіўнае жаданне ўзвысіцца ў вачах дзяўчыны, якая падабалася. Савіцкі.

3. Павысіцца, стаць больш рэзкім, гучным (пра голас). Гугнявы голас перакладчыка ўзвысіўся ў такой меры, што строй аж жахнуўся. Сабаленка.

4. Узрасці (пра цэны і пад.). Плата за ўваход у музей узвысілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

отро́сток

1. бот. гучо́к, -чка́ м.; (большой) гук, род. гука́ м.; (побег) па́растак, -тка м.; (отпрыск) ато́жылак, -лка м.; (у травянистых растений) па́сынак, -нка м.;

2. анат. адро́стак, -тка м.;

отро́сток слепо́й кишки́ адро́стак сляпо́й кі́шкі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

расто́к, ‑тка і ‑тку, м.

1. ‑тку. Памянш. да рост (у 2 знач.). За малы расток яе і звалі Лукерка. Ракітны.

2. ‑тка. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з семя, клубня, кораня і пад. Пахла саладкаватай прэллю — якраз пасярод хаты ляжала выграбеная з падполля бульба з доўгімі белымі расткамі. Навуменка. Над палямі ярчэй палае Неўміручай вясны агонь, І зерне растком прабівае Зямлі пасівелую скронь. Матэвушаў. // Парастак з пупышкамі для пасадкі; чаранок. [Мітрафан:] — Напачатку .. [грушцы] лімоначку прышчэпім, а праз годзік з другога боку — з сапяжанкі расток. Ракітны.

3. толькі мн. (расткі́, ‑оў); перан.; чаго або якія. Першыя прыкметы, рысы чаго‑н. новага; парасткі. Расткі сацыялізма падымаюцца ў вёсцы, памнажаецца колькасць калектыўных гаспадарак. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́ндзіць ’гнаць, даганяць; хутка ісці, бегчы’ (Жд. 2; любч., Нар. словатв.; Скарбы), пэндыты экспр. ’нясці, цягнуць, валачыць’ (Клім., Сл. Брэс.), пэндзіцца ’прытрымлівацца моды’ (астрав., Сл. ПЗБ), пэндытысь экспр. ’насіцца, несціся’ (Клім., Сл. Брэс.), сюды ж пэндпарастак’: новыя пэнды парэчак (ваўк., Сл. ПЗБ). Запазычанне з польск. pędzić ’прымушаць да хугкага руху, падганяць; несціся’, параўн. пудзіць (гл.); значэнне ’цягнуць, валачыць’ — вынік экспрэсіўнага пераасэнсавання па прынцыпу кантраснасці; тэрмін для ’парастка’ запазычаны са штучна створанага польск. pęd ’атожылак’ у якасці калькі з ням. Trieb (ад treiben ’гнаць’, гл. Банькоўскі, 2, 537), параўн. батанічнае выганка ’вырошчванне пасынкаў’, чэш. vyhon ’адростак’, рус. побёг і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)