канве́ер, ‑а, м.

Прыстасаванне для бесперапыннага перамяшчэння вырабаў пры іх апрацоўцы ад аднаго рабочага да другога або для транспарціроўкі грузаў. Па грукату, што рабілі .. [адліўкі], падаючы на канвеер, які нёс іх кудысьці ў цёмны правал у сцяне, адчувалася, што адліўкі важкія, з металу. Карпаў.

•••

Зялёны канвеер — сістэма планавай вытворчасці зялёных кармоў для бесперапыннага забеспячэння жывёлы на працягу ўсяго пашавага сезону.

Па канвееру — ад аднаго да другога (перадаваць і пад.).

Сысці (сыходзіць) з канвеера гл. сысці.

[Англ. conveyer.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпо́каць, ‑ае; незак.

Разм. Падаючы, стукаючыся аб што‑н., утвараць кароткі глухі гук. І жалуды, што ападалі з дубоў, часта шпокалі на дол — гэта таксама запомнілася Лугавому. Даніленка. Бывала, калі ўсе [залатыя яблыкі] зараз паспеюць І шпокаць, спелыя, пачнуць на грады — Звон залаты стаіць на ўсю краіну. Сіпакоў. Тут-там абрываліся і гулка шпокалі па лапушыстай лістоце арэшніку кроплі расы. Калодзежны. // Разрывацца (пра кулі). Нават чуваць было, як шпокалі аб зямлю разрыўныя кулі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зардзе́цца і заірдзе́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

1. Стаць ярка-чырвоным; пачырванець. Даніла прахапіўся, як толькі зардзеўся на ўсходзе малады вясновы ранак. Сабаленка. // Пачырванець ад сораму, хвалявання і пад. Зіна, пабачыўшы.. [Сяргея і Васіля], адразу зардзелася і разгублена забегала па пакоі, то падаючы крэслы, то выціраючы стол. Няхай. Заірдзелася ў Нямка правая шчака і задрыжалі, сцяліся пад рыжаватымі вусамі губы. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучыцца сваім ярка-чырвоным колерам, паказацца (пра што‑н. ярка-чырвонае). Заірдзеліся між травы суніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмо́сце, ‑я, н.

Разм.

1. Месца пад мостам. Ноччу так, як і ўдзень, Спіць усё і маўчыць, Толькі недзе струмень У падмосці цурчыць. Хведаровіч. Вада тут у сярэдзіне вясны яшчэ ідзе поўным, імклівым ходам — перавальвае цераз дамбачку.. і, падаючы з метровай вышыні, шуміць і булькоча ў сцюдзёным змроку падмосця. Ракітны.

2. Месца пад падлогаю. Хвошч выбраўся з падмосця, паклаў на месца дошкі і сеў на падлозе. Лупсякоў. Неяк я корпаўся на двары, абкідваў заваліны, каб на зіму праз сцены ў падмосце не забіраліся маразы. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наляце́ць, -лячу́, -ляці́ш, -ляці́ць; -ляці́м, -леціце́, -ляця́ць; -ляці́; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыляцець у вялікай колькасці.

Наляцелі пчолы на мёд.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падаючы, асесці ў якой-н. колькасці.

Наляцела (безас.) тапалінага пуху ў хату.

3. на каго-што. На хаду, з разбегу наткнуцца, наскочыць (разм.).

Н. на слуп.

4. на каго-што. Напасці на каго-н. з лёту.

Ястраб наляцеў на куранят.

5. на каго-што і без дап. Зрабіць напад, атакаваць.

Карнікі наляцелі на вёску.

6. перан., на каго. Накінуцца на каго-н. з лаянкай, пагрозамі (разм.).

Свякроў наляцела з пагрозамі.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знянацку пачацца (пра вецер, дождж і пад.).

Наляцела навальніца з градам.

|| незак. налята́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. налёт, -у, М -лёце, мн. -ы, -аў, м. (да 1, 3—5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

усто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны цвёрда стаяць, трымацца, не хістаючыся, не падаючы. Напэўна, у нашым выратаванні немалая заслуга і лодкі, вельмі пад’ёмістай і ўстойлівай на вадзе. Кірэенка. Цягуча, нудна скрыпіць пад нагамі верхняя ступенька канторскага ганка, і я хутчэй ступаю на ніжнюю, больш устойлівую. Палтаран. Вось нарэшце зямля — цвёрдая і ўстойлівая. Мележ.

2. Які не паддаецца зменам, хістанням; пастаянны. Устойлівыя цэны. Устойлівая валюта. Устойлівы характар. □ Перадавыя раёны і гаспадаркі абавязаліся дасягнуць высокіх, устойлівых ураджаяў сельскагаспадарчых культур. «Звязда». // Замацаваны традыцыяй. Устойлівы звычай.

3. перан. Які не паддаецца пабочнаму ўплыву, змяненню; стойкі. Устойлівыя погляды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пярха́ ’ношка на лапках пчалы’ (ЛА, 1), ’пылок (у кветках)’ (Ласт.), сюды ж пярхо́та ’перхаць’ (ЛА, 1). Апошняе не можа быць аддзелена ад пярхо́та ’сухі кашаль ад казытання ці раздражнення ў горле’ (Стан.), што да пе́рхаць ’пакашліваць’ (гл.). Той жа корань *pьrx‑ выступае і ў пе́рхаць ’дробныя лускавінкі ў валасах галавы’ (гл.), у семантыцы якіх аб’ядноўваюцца як сам выніковы працэс, так і тое, што яго выклікае. Параўн. таксама пярхля́к (пірхля́к) ’чалавек, які ўвесь час кашляе; фізічна слабы чалавек’ (Пан.; маладз., Янк. Мат.) і рус. дыял. перхля́к ’пухкі, падаючы снег’. Сюды ж пярха́ць ’кашляць’ (Юрч., Сл. ПЗБ, Жд.), параўн. укр. перха́ти ’тс’, рус. перха́ть ’пакашліваць’, польск. pierzchać ’сыпацца, лушчыцца (пра скуру)’ і пад., што, хутчэй за ўсё, маюць гукапераймальны (імітацыйны) характар, параўн. Фасмер, 3, 247. Да семантыкі параўн. польск. pierzch ’адлятаючы пыл’. Гл. таксама Банькоўскі, 2, 562; ЕСУМ, 4, 374; Траўтман, 206 (для славянскіх і балтыйскіх лексем прапануюцца тры агаласоўкі кораня *pьrx‑, *pъrx‑, *porx‑). Гл. пяршыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліпе́ць1 ’ледзь трымацца’, ’жыць, не падаючы надзей на сілу, на працяглае жыццё’ (Нас., Грыг., Янк. БП, Бір. Дзярж., Др.-Падб., Янк. I, ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; бялын., докш., Янк. Мат., КЭС, лаг., Яўс.) і ліпецца ’тс’. Шальч. ’балець, ныць’, віл., паст. ’вельмі хварэць, ледзь жыць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ніжнегар., ярасл., уладз., бран., смал., ульян., сарат. липеть ’ледзь трымацца’. Генетычна роднасным да іх з’яўляецца літ. klibė́ti ’хістацца’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 230). Параўн. таксама хліпе́ць, хлі́пкі (гл.). Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 658) параўноўвае бел. лексему з літ. lypė́ti ’выжыць’, léipėti ’млець’.

Ліпе́ць2 ’гарнуцца, хіліцца’ (Нас., Касп.). Рус. липеть ’тс’, ’прылягаць’, ст.-рус. льпѣти, лпѣти ’прыліпаць, ляпіцца’, польск. lpieć ’быць прылепленым, моцна трымацца’, падгальск. ’быць цярплівым’, чэш. lpíti, lpěti ’моцна трымацца чаго-небудзь’, ’ліпнуць’, ’быць прывязаным’, ст.-чэш. lpieti ’гарнуцца, ляпіцца’, славац. lpieť, славен. lępę́ti ’тс’, ст.-слав. при‑льпѣти ’гарнуцца’, ’прыстаць, прыліпнуць’. Прасл. lьpěti ’прылягаць, быць прылепленым’ > усх.-слав. лі‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. lipyáte ’лепіцца, прылягае’, літ. lìpti ’ліпнуць, прыліпаць’ (Слаўскі, 4, 342; там жа і літаратура).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

павыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Рэзкім штуршком прымусіць выпасці ўсё, многае. Павыбіваць вокны. □ І вясковыя хлопцы не праміналі, каб здзекліва запытаць, хто і за што.. [Ігару] зубы павыбіваў, што медныя ставіць давялося. Сіняўскі. // Б’ючы, топчучы, знішчыць усё, многае. Град павыбіваў пасевы. Каровы павыбівалі траву.

2. Трасучы, калоцячы, вычысціць усё, многае. Павыбіваць дываны.

3. Зрабіць вялікую колькасць паглыбленняў. Там вада, падаючы з лопасцяў, павыбівала такія ямы, што і цяпер не маглі знайсці жэрдку, якою б можна было дастаць дно. Сачанка.

4. Пракласці яздою, хадзьбой, пратаптаць многа чаго‑н. Павыбіваць сцежкі. □ Усціння ўзяла ў абедзве рукі па вядру .. і пайшла ўгору, асцярожна ступаючы ў канаўкі, якія павыбівалі капытамі коні, ходзячы на вадапой. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прайсці́ся, прайдуся, пройдзешся, пройдзецца; пр. прайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. прайдзіся; зак.

1. Зрабіць некалькі крокаў; прагуляцца. [Рэдактар] устаў з-за стала, прайшоўся па кабінеце, потым сеў на крэсла насупроць Зараніка. Хадкевіч. // Пратанцаваць. Надышла чарга і да Ганкі: яе прымусілі танцаваць «Лявоніху», і, саромеючыся, яна прайшлася ў танцы па хаце. М. Стральцоў. / у вобразным ужыв. Вецер прайшоўся па соснах — Па клавішах залатых. Іверс.

2. Падвергнуць якой‑н. апрацоўцы, якому‑н. уздзеянню паверхню чаго‑н. Учора зранку нават так было: задумаўся [Антон] і не заўважыў, як фуганкам залішне прайшоўся. Пальчэўскі.

3. Разм. Хутка правесці рукой па чым‑н. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны. Падаючы .. [паштальёну] хлеб, яна адарыла яго такой усмешкай, што ён палічыў патрэбным яшчэ раз прайсціся па сваіх вусах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)