ніякава́та, прысл.
Разм.
1. Няёмка, не па сабе, сарамліва. На калгасным двары Сяргей адчуваў сябе ніякавата: староннім чалавекам ён тут ужо быць не мог, а гаспадаром — яшчэ не меў права. Шахавец. Хлопцы прыціхаюць, убачыўшы Надзю, а Валянцін ніякавата апускае вочы: значыць, не для дзявочага вуха нешта было сказана. Кулакоўскі. // безас. у знач. вык. Пра адчуванне няёмкасці, сарамлівасці. Як бы ўсё вымерла навокал. Ад нямога бязлюддзя Віктару стала ніякавата. Навуменка. Стала ніякавата хадзіць [Любе] у школу з меншымі па ўзросту вучнямі. Грамовіч.
2. Нязручна. На вуліцы ў касцюме адчувалася вольна, але ніякавата — асабліва неставала рамяня. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няця́жкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не патрабуе вялікіх намаганняў, не з’яўляецца цяжкім для ажыццяўлення, вырашэння і пад. І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Колас. Самае няцяжкае было — стаяць, маўкліва, ціха, і ні аб чым не думаць. Мележ.
2. Які мае невялікую вагу. Куфэрак быў няцяжкі, але пасля ўчарашняй страшнай ночы ды па такой дарозе несці яго было і цяжка і няёмка. Чарнышэвіч.
3. Не сур’ёзны (пра хваробу, рану, хворага). — Гэты [ранены] — лягчэйшы, — гаворыць Марыя Сцяпанаўна. — Два няцяжкіх пашкоджанні — галава і бядро. Брыль. Амаль кожны дзень я праведваў Грачыка, і ён рады быў таму, што ў яго няцяжкая рана і яго не будуць эвакуіраваць у тыл. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.
1. Няёмка падагнуцца, схіліцца ўбок. Рука з компасам падвярнулася пад кабуру, і ад пісталета стрэлка размагніцілася. Карпюк. // Вывіхнуцца, аказацца пашкоджаным (пра ногі, рукі). — Ступіць не магу, — крывячыся ад болю, сказаў Паўлік.. — Ступіў нядобра, а.. [нага] неяк падвярнулася і ажно трэснула. Бяганская.
2. Разм. Выпадкова сустрэцца, аказацца побач. Падвярнуўся знаёмы. Падвярнуўся пакупнік. □ З Ялты [Ірма і Яругін] вярталіся позна. Добра яшчэ, што падвярнулася таксі: яно падвезла пад самы корпус, дзе жыў Яругін. Карамазаў. Толькі паспела [Кацярына] скончыць дзесяцігодку, як падвярнуўся нейкі геолаг, высватаў.. і Міканор іх толькі і бачыў. Ракітны. // Выпасці, прыйсціся на чыю‑н. долю. Падвярнулася бяда. □ [Нам] падвярнуўся зручны выпадак значна папоўніць фонд на абарону Радзімы. Казлоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Адкрыта сказаць, расказаць аб чым‑н., сазнацца. Прызнацца ў каханні. □ Тварыцкі закапаў грошы з цвёрдым намерам ніколі не аддаваць іх і прызнаўся ў гэтым толькі выпадкова. Чорны. — Не магу, братка, ісці, — прызнаўся Іван. Колас. Чамусьці няёмка было хлапцу прызнацца, што аддаў сваю пілотку чарнамазаму карапузу. Кулакоўскі.
2. інф. прызнацца і 1 ас. адз. прызнаюся. Разм. Ужываецца як пабочнае слова ў значэнне праўду кажучы, шчыра кажучы. — Зараз не магу... Прызнацца, яшчэ не снедаў нават. Пасля. Гартны. — Думаем паставіць вас прарабам... Давайце згоду, Нічыпар Аўсеевіч. Я, шчыра прызнацца, і загад на вас падрыхтаваў. Асіпенка. Прызнаюся, я тады быў хлапец не святы. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сарамлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод незнаёмых. Шамякін. Алёша ніколі не танцаваў. Ён быў сарамлівы, ніколі не жартаваў з дзяўчатамі, моўчкі трымаўся ў баку ад іх. Дуброўскі. // Які выяўляе хваляванне, збянтэжанасць, нясмеласць. [Андрэй] усміхнуўся: усмешка ў яго была добрая, нібы сарамлівая. Мележ. Голас гарманіста вінаваты, сарамлівы. Бядуля. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці, нясмеласці. Любоў гэта сапраўдная — чыстая і сарамлівая. У. Калеснік.
2. Непрыстойны. Калі Язэп апавядаў аб сваім блуканні, аб тым, як цяжка ажаніцца, а яшчэ цяжэй даказаць без метрыкі валасному старшыні, што радзіўся, Настуля трэслася ад злосці і лаяла ўсіх самымі сарамлівымі словамі... Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траха́, прысл.
Разм. Чуць, амаль. Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень яго быў гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы. Чорны. Затое мы самі назвалі пастку лаўком, гэты лавок нагадваў цыліндр даўжынёю не болей за метр, а дыяметрам траха меней паўметра. Масарэнка.
•••
Траха не... — чуць не, амаль не. Дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка. Чарнышэвіч.
Траха што — амаль што. Ды траха што і ўсе выкладчыкі мелі дачыненне да друку — былі аўтарамі першых беларускіх падручнікаў. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
памя́цца, ‑мнуся, ‑мнешся, ‑мнецца; ‑мнёмся, ‑мняцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць няроўным, нягладкім; змяцца. Краўчанка неўзабаве асвойтаўся, а агледзеўшы сябе ў гэтых люстрах, знайшоў, што шынель ягоны не такі ўжо і стары, праўда, крыху памяўся ў вагоне, трэ было б скатаць, тады б разгладзіўся. Мікуліч. [Гаранскі] не садзіўся, нібы баючыся, што памнуцца, пакарабацяцца канцікі на ягоных штанах. Сабаленка.
2. Пераступаючы з нагі на нагу, патаптацца на адным месцы. Стораж няёмка памяўся, а потым прысеў на калодачку. Колас. [Госць] устаў, памяўся крыху на нагах. Чорны.
3. перан. Разм. Памарудзіць, праяўляючы нерашучасць; павагацца. — Добра, так і дамовімся — адзін я не пайду, буду чакаць цябе. Толькі... — Я трохі памяўся. — Як жа ты жыць цяпер будзеш там, на ферме? Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; незак., каго.
1. Выклікаць непакой, трывогу, хваляванне. Думка аб тым, як памірыцца з дзедам, увесь час непакоіла хлопчыка. Сіняўскі. Наступіў дзень, а Ядзі не было. Гэта непакоіла Сашу: чаму спазняецца? Новікаў. // Абуджаць непакой, хваляванне. Вечары. Сяло. Гулянкі. Пах садоў мяне дурманіў. І дзявочыя вяснянкі Непакоілі ў тумане. Аўрамчык.
2. Парушаць чый‑н. спакой, турбаваць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. Рыгору стала няёмка, што ў гэткую пару непакоіць гаспадароў кватэры. Гартны. Доўга сядзець у палаце, непакоіць хворага дзяжурны доктар не дазваляў. Пальчэўскі. Пакуль добра не развіднела, [жанчыны] ішлі спакойна, а як паднялося сонца, пачалі непакоіць самалёты. Гурскі. // Прычыняць боль. «Не будзем.. [асколкі] чапаць, — сказаў хірург, — яны ў мякаці і неўзабаве перастануць непакоіць». Марціновіч. Апошні год штосьці зноў пачала непакоіць левая нага, ампутаваная да калена. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бала́нс 1, ‑у, м.
1. Раўнавага, ураўнаважванне. Гранічнае пачуццё балансу, выдатная спартыўная форма.. забяспечылі.. [эквілібрысту] дакладнае, нават прыгожае выкананне найскладанейшага труна з вострымі кінжаламі. «Беларусь».
2. Параўнальны падрахунак прыходу і расходу пры завяршэнні разлікаў, а таксама ведамасць з такім падрахункам. Радавы баланс. Квартальны баланс. Зводны баланс.
3. Колькаснае выражэнне суадносін паміж бакамі якой‑н. дзейнасці, якія павінны ўраўнаважваць адзін аднаго. Гандлёвы баланс. Баланс народнай гаспадаркі. // Суадносіны паміж узаемазвязанымі часткамі чаго‑н. Кармавы баланс. Паліўны баланс. Баланс падземных грунтовых вод.
•••
Актыўны баланс — падрахунак, у якім прыход большы за расход.
Пасіўны баланс — падрахунак, у якім расход большы за прыход.
[Фр. balance.]
бала́нс 2, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у, зб. Спец. Ачышчаныя ад кары бярвенні аднолькавай даўжыні, якія ідуць на выраб цэлюлозы.
2. ‑а. На чыгунцы — перакідная прылада для перацягвання рэек. [Сымон:] — Тут я нешта заспяшаўся, перакінуў няёмка баланс, што перацягвае рэйкі, дык пяро не прыкінулася як след да рамачнай рэйкі, і пайшлі вагоны па стрэлцы ўразрэз. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́ціснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. Сціснуўшы, выпусціць, прымусіць выйсці на паверхню. Выціснуць сок з лімона. // перан. З цяжкасцю, вымушана сказаць што‑н., праявіць якое‑н. пачуццё. Настаўнік адчуваў сябе няёмка, але ўсё ж здолеў выціснуць некалькі слоў: — Дзіця.. [Ліда] яшчэ. Усё гэта пройдзе ў яе. Колас. [Касмыль] уздыхнуў і выціснуў на твары нешта падобнае на ўсмешку. Лынькоў. // перан. З цяжкасцю атрымаць што‑н. Калі б нават і ўдалося выціснуць з гаспадаркі патрэбныя для гэтага сто восемдзесят рублёў, дык ніколі не хопіць у старога адвагі аддаць зараз гэтакую кучу грошай. Крапіва.
2. Выдушыць; выламаць. Выціснуць шыбу ў акне.
3. Праціскаючы, выштурхнуць адкуль‑н. // перан. З дапамогай адпаведных захадаў прымусіць выйсці, выехаць, спыніць якую‑н. дзейнасць. Выціснуць з рынку збыту.
4. перан. Замяніць сабою; выцесніць. Гэтая думка [паехаць на цягніку] выціснула ў.. [Сцёпкі] ўсе іншыя думкі. Колас.
5. Зрабіць што‑н. пры дапамозе ціснення. Выціснуць надпіс залатымі літарамі.
6. Спец. Здабыць прэсаваннем. Выціснуць алею.
•••
Выціснуць слязу — заплакаць для паказу.
Выціснуць усе сокі — абяссіліць празмернай работай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)