кно́пка, -і, ДМ -пцы, мн. -і, -пак, ж.

1. Тонкі кароткі цвічок з шырокай плоскай плешкай, якім прымацоўваюць паперу, тканіну і пад. да чаго-н. цвёрдага.

2. Невялікі акруглы выступ, які служыць для замыкання электрычнага ланцуга і прывядзення ў дзеянне розных механізмаў націсканнем на яго.

К. ліфта.

3. Металічная або пластмасавая засцежка, якая складаецца з дзвюх частак, што ўваходзяць адна ў адну.

Пальчаткі на кнопках.

4. Пра чалавека маленькага росту (разм., жарт.).

Націснуць на ўсе кнопкі — выкарыстаць усе магчымасці для дасягнення чаго-н.

|| памянш.-ласк. кно́пачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. кно́пачны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

намя́ть сов.

1. намя́ць; (скомкать) накамячы́ць;

2. (надавить) наці́снуць; (размять) наце́рці, надушы́ць, натаўчы́;

3. (намесить) намясі́ць, мног. панаме́шваць;

4. (натоптать) натапта́ць;

5. (льна, пеньки) наце́рці, мног. панаціра́ць;

намя́ть бока́ надава́ць пад бакі́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прынале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; зак.

Разм.

1. Націснуць, налегчы з вялікай сілай, энергіяй на што‑н., каб дасягнуць лепшага выніку працы. Данік павярнуў човен на рэчку, і я з усёй сілай прыналёг на вёслы. Краўчанка. Толькі Валока не выпускаў .. [немца], ямчэй прыналёг плячом. Быкаў.

2. перан. Пачаць працаваць, рабіць што‑н. больш старанна, энергічна. Пасля сустрэчы з настаўнікам Шурка прыналёг на рускую мову. Шыловіч. — Што першае ў нас — дык гэта клуб ... Сам ведаеш, што значыць раскалыхаць старых.. Але наш камсамол прыналёг — і гатова. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паднале́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. падналёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. падналяж; зак.

Разм.

1. Налегчы, націснуць на што‑н. з большай сілай. Падналегчы на рычаг. □ Дзве каманды ваенных, ухапіўшыся за розныя канцы каната, стараліся перацягнуць адна адну.. Вось адна каманда падналегла і павольна пачала цягнуць другую да белай рысы. Хомчанка. Я падналёг на напіраўшых і прапусціў зялёны капялюшык да прылаўка. Нядзведскі.

2. перан. Шчыра ўзяцца за якую‑н. работу. Падналегчы на вучобу. □ Вострачы мянташкай касу,.. Васіль пусціў услед грабельнікам: — Сюды, бабкі, падналяжам разам. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паднаці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., на каго-што.

Разм.

1. Націснуць мацней. Паднаціснуць на дзверы. □ — Паднаціснем, таварыш Андрэй, — час ад часу пагукваў Сава, і яго вялікія каравыя рукі сціскалі мокры кол, а твар чырванеў ад натугі. Пестрак.

2. перан. Прымусіць да якога‑н. дзеяння. [Бандарэнка:] — Бывала, трэба нам план выціснуць, сабяром сход, пагаворым, паднаціснем — і гатоў план. Асіпенка.

3. перан. Узяцца за якую‑н. работу з большым стараннем. — Выходзіць, побач з намі працуе брыгада камуністычнай працы, — кажа Юрка. — Трэба нам паднаціснуць, каб не адстаць. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напе́рці, ‑пру, ‑прэш, ‑прэ; ‑пром, ‑праце; пр. напёр, ‑перла; заг. напры; зак.

Разм.

1. Штурхаючы, націснуць на каго‑, што‑н. Наперці на дзверы. Наперці на людзей.

2. чаго. Прынесці, прывезці ў вялікай колькасці чаго‑н. Наперці дроў з лесу.

3. чаго. Напхаць у вялікай колькасці чаго‑н. Наперці вопраткі ў шафу.

4. безас. каму. Вельмі спатрэбіцца, прыспічыць. — Я, пане Арлоўскі, ноччу са Слуцка ехаў, не спаў, а вам разлічыцца са мной цяжка, бо валі спаць хочацца. А мне хіба не хочацца? Ды мне грошы трэба. — Ай-яй! Так ужо вам наперла, пане Ашакевіч. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развіта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., з кім-чым і без дап.

Абмяняцца развітальнымі словамі, націснуць адзін другому рукі і пад. пры расставанні. Не даходзячы трохі да сяла, прыяцелі развіталіся. Колас. Андрэй, Плаха і Габрусь развіталіся з усімі за рукі, падзякавалі гаспадыні за пачостку і выйшлі з хаты. Гартны. // перан. Расстацца з чым‑н., пакінуць што‑н. надоўга, назаўсёды. Хоць даўно развітаўся са службай марской і ў цывільным хаджу гарнітуры, — горад мой! — уяўляю цябе я парой караблём, што адольвае буры. А. Вольскі. [Лейтэнант:] — Вось каб усе так дзейнічалі, з парушэннямі можна было б развітацца. Корбан.

•••

Развітацца з жыццём (з белым светам) — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стратэ́гія, ‑і, ж.

1. Майстэрства вядзення буйных ваенных аперацый, кампаній і ўсёй вайны. Стратэгія Кутузава ў вайне з Напалеонам. Сувораўская стратэгія. □ [Бондар:] — Толькі галоўнаму камандаванню вядома, дзе трэба націснуць, дзе адпусціць. Стратэгія, — разумець трэба. Машара. // Навука аб вядзенні вайны. Лекцыі па стратэгіі. // Пра сістэму спартыўнай гульні, пры якой асобныя камбінацыі, хады падпарадкаваны агульнаму, загадзя абдуманаму плану. Стратэгія шахматнай гульні.

2. перан. Майстэрства кіраваць грамадскай, палітычнай барацьбой. Стратэгія Камуністычнай партыі. □ Уладзімір Ільіч Ленін, творча развіваючы марксізм у новых гістарычных умовах, распрацаваў стратэгію і тактыку перабудовы грамадства на сацыялістычных пачатках і паслядоўнага вырашэння на гэтай аснове нацыянальнага пытання. Машэраў.

[Грэч. stratēgia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пну́цца ’напружвацца, натужвацца, пяцца’, лезці, праціскацца праз натоўп наперад’ (Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк. МГ, ТС, Растарг., Стан.), ’сердаваць, злавацца’ (Ян.), пнуць ’перці, напіраць’ (Растарг.), ’штурхнуць, піхнуць’ (Ян., ТС). Укр. пнутися (< пʼя́сти) ’нацягваць’, рус. пнуть, пинать ’даваць выспятка, штурхаць, удараць нагою’, стараж.-рус. пяти, пнути ’штурхануць’, польск. piąć (się) ’звязваць’, ’караскацца уверх, лезці’, ’віцца (аб раслінах)’, ’рушыць, накіравацца’, н.-луж. pěś, в.-луж. pjeć ’нацягваць, напружваць’, ’злучаць’, чэш. pnouti se ’ўзвышацца’, ’віцца, паўзці’, славац. pnúť sa ’тс’, славен. pẹ́ti ’цягнуць’, ’імкнуцца’, pẹ́ti se ’ўзыходзіць, паднімацца’, серб.-харв. пе́ти се ’паднімацца, лезці ўверх, узыходзіць (на гару)’, макед. напне се ’нацягнуцца’, ’напружыцца’, ’націснуць, наваліцца’, балг. пъ́на ’нацягваю’, напъ́на се ’напружыцца’, ст.-слав. съ‑пинати ’звязваць’. Прасл. *pęti (), pьnǫti, роднасныя літ. pìnti ’плясці’, лат. pît ’заплятаць’, ’путаць (каня)’, літ. pynė̃ ’каса (валасоў)’, арм. hanum ’тку, сшываю’, ст.-грэч. πένομαι ’(цяжка) працую’, гоц. spinnan ’прасці’, нова-в.-ням. spinnen, spannen ’нацягваць’, ’напружвацца’, тахар. A pänw‑, тахар. B pänn‑ ’цягнуць’, ’напружваць’ (Фасмер, 3, 292; Махэк₂, 464–465; Бязлай–Сной, 3, 31).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

плячо́, а́; мн. пле́чы, Р мн. плячэй і плеч, Д пляча́м, Т пляча́мі і плячы́ма, М (аб) пляча́х; н.

1. Частка тулава ад шыі да рукі. Міколку, аднак, было не да смеху, бо ныла балюча плячо. Лынькоў. Рука Віктара ляжала на маім плячы. Савіцкі.

2. Верхняя частка рукі да локцевага сустава. Пералом пляча.

3. толькі мн. (пле́чы, плячэ́й і плеч). Тыльны бок тулава ад шыі да пояса; спіна. Немцы, спяшаючыся выскачыць з гэтай смяротнай стыхіі, усё часцей штурхалі людзей у плечы. Шчарбатаў.

4. Спец. Частка рычага ад пункта апоры да пункта прыкладання сілы, якая дзейнічае на рычаг.

5. Спец. Частка прадмета або ўчастак чаго‑н., размешчаны пад вуглом да яго асноўнай часткі. Плячо бастыёна.

•••

Браць ногі на плечы гл. браць.

Вынесці на сваіх плячах гл. вынесці.

Гара з плячэй звалілася гл. гара.

За плячамі — у мінулым (быць, стаяць, мець).

За плячамі не насіць гл. насіць.

Зваліцца з плячэй гл. зваліцца.

Зваліць з плячэй гл. зваліць.

З плеч далоў гл. далоў.

З чужых плячэй — які не падыходзіць па размеру, які раней насіў хто‑н. (пра адзежу).

Касы сажань у плячах гл. сажань.

Мець галаву (на плячах, на карку) гл. мець.

Націснуць плячамі гл. націснуць.

Плячо ў плячо — а) блізка, побач з кім‑н.; б) у цесным адзінстве, разам.

Расправіць плечы гл. расправіць.

Ускласці (узваліць) на плечы гл. ускласці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)