Прыдзіра́ць, прыдра́ць ’ачысціць ад дзёрну і дадаць да асноўнага ўчастка палоску зямлі’ (нараўл., жыт., Выг.; ТС), прыдзе́рці ’прыараць цаліны’ (ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне ад дзе́рці/драць (гл.) са звужэннем семантыкі, што ўзыходзіць да прасл. *derti/*dьrati. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі, якія працягваюць семантыку дзеясловаў: пры́дзір ’кусок зямлі, прыараны да старога пляца; поле, вырабленае на сенажаці’ (Бяльк.; лях., ЛА, 2), прыдзі́рак ’маленькі кусочак поплава’ (ст.-дар., Жыв. НС), прыдзі́рок, прыдзю́р, прыдзёр ’дадатак прыаранай цаліны’, прыдзёра ’ўпершыню апрацаваны ўчастак зямлі, дададзены да асноўнага’ (Выг., ТС), прыді́рок ’кусок поля, узнятай цаліны, што прылягае да вялікага масіву поля’ (Сл. Брэс.), прыдзёр ’кавалачак поля, які прыворваюць, “прыхопліваюць”, дадаюць да свайго поля ці агарода’ (Сіг.), а таксама словы з іншай, але блізкай семантыкай: прыдзіра́ць, прыдра́ць ’пазначыць лініі паза ў бервяне “драчкай” (Шат.), прыдзіра́ць ’выбіраць драчку’, прыдра́цьнамеціць месца падгонкі бярвенцаў драчкай’ (ТС). Параўн. семантычна аналагічныя ўтварэнні з прэфікс, вы‑: выдзёр, вы́дзірак1, вы́дранка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́значыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. і з дадан. сказам. Распазнаць, высветліць што‑н. невядомае, няяснае. Вызначыць прычыну. □ Вартавы драмаў, утуліўшы галаву ў калені, і вызначыць, хто ён — немец ці наш, было цяжка. Лупсякоў. // Разабрацца ў чым‑н., усвядоміць сабе. Вызначыць сваё становішча. // Дакладна ўстанавіць што‑н. Вызначыць цэны. Вызначыць адлегласць. □ [Ганна Аляксандраўна:] — Пакуль доктар не вызначыць хваробы, ён не пачынае лячыць. Ваданосаў. Маракі казалі, што па тым, як сядзяць чайкі, можна вызначыць напрамак ветру з дакладнасцю да градуса. М. Стральцоў.

2. Выявіць сутнасць, раскрыць змест чаго‑н.; ахарактарызаваць. Вызначыць творчы метад пісьменніка. Вызначыць прадмет палітэканоміі.

3. Загадзя прызначыць, назначыць. Штаб атрада не вызначыў ..[Міколу] на гэту аперацыю — у групу падбіраліся перш за ўсё тыя партызаны, якія добра ведалі мясцовасць. Якімовіч. // Намеціць наперад кірункі, шляхі развіцця. Любіў Міхаіл Іванавіч Брагінец у выхадны дзень прайсціся ў поле ці лес, пабыць адзін на адзін са сваімі думкамі і парамі, падагуліць зробленае, вызначыць далейшыя планы. Гурскі.

4. З’явіцца прычынай чаго‑н., абумовіць сабою што‑н. У гэты перыяд адбылася падзея, якая вызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Крапіва.

5. Абазначыць якім‑н. чынам. Вызначыць мяжу слупкамі. □ Доўга яны [жанчыны] вазіліся ля сукенкі, прымаючы ўсе магчымыя захады, каб як мага яскравей вызначыць талію. Корбан.

6. Выдзеліць, прызначыць што‑н. для каго‑, чаго‑н. Вызначыць сродкі на будаўніцтва. □ Крушынскі вызначыў для каваля кавалак зямлі. Бядуля.

7. Вынесці рашэнне, пастанову. Вызначыць меру пакарання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Малжэнскі ’шлюбны’, ’сямейны’, малжэнства ’шлюб’, ’сям’я’ (Нас.). Насовіч (278) мяркуе, што яны запазычаны з польскай мовы. Жураўскі (Гіст. лекс., 94), Булыка (Лекс. запазыч., 125) ст.-бел. малжонокъ ’муж’, малжонка, малженка ’жонка’ (XV ст.) таксама адносяць да паланізмаў. Філін (Происх., 584) тлумачыць польскім уплывам існаванне рус. малжонки ’муж і жонка’ і ст.-рус. малъжена (н. скл. парнага ліку). Аднак харв. malžena (в. скл. парнага ліку), якое Скок (2, 364) лічыць багемізмам, ст.-чэш., валаш. malžen, чэш., славац. manžel ’муж’, manželé ’муж і жонка’, в.-луж. mandźelska ’жонка’, н.-луж. manźelska ’тс’, manźelski ’муж’, ст.-польск. manżel, manżenka, суч. małżonek, małżonka, małżeństwo ’муж і жонка’ значна пашыраюць распаўсюджанне лексемы. Міклашыч (36), Бернекер (2, 13), Варш. сл. (2, 867) і інш. тлумачаць паходжанне лексемы як частковую кальку ст.-в.-ням. mâlwîp або mâlkona ’жонка’; першая частка mâl, ‑mahal ’шлюбная ўмова’, ст.-в.-ням. gimahalo > новав.-ням. Gemahl (Gemahlin) ’жаніх’ (’невеста’), другая — пераклад žena, з гэтай формы malъžena пазней утварылася malъženъ ’муж’ (Фасмер, 2, 562). Ваян (RÉS, 19, 102) прапанаваў замест ням. mâl зыходным лічыць слав. mǫžь (тады разам mǫžьžena) як ст.-слав. братъсестра ’брат і сястра’. Махэк₂ (351), выходзячы са славац. mladoženstvo з mladoženka ’нявеста’ і mladoženník (mladoženich), меркаваў, што ўжо ў дагістарычны перыяд чэшскай мовы існавала зах.-слав. *maldo‑żenьstvo (< прасл. moldo‑), у якім пасля выпаў склад ‑do‑. Так узнікла malženstvo, malzenstvie, а ад іх — malžen і malženka, у якіх пазней адбылася перастаноўка l — n > n — l. Скок (2, 364) дапускае магчымасць словаскладання mǫžь + žena, прыводзячы аналагічныя прыклады: вагульск. nēχum ’жонка і муж’, баскск. aitamek ’бацька-маці’ > ’бацькі’. Гэтак жа і Атрэмбскі (Gr., 2, 8) адносна літ. vyr‑moteriai. Шаўр (Slavia, 56, 4, 372–374) не згаджаецца з тым, што асновай для першай часткі слав. malъžena з’яўляецца ст.-в.-ням. ‑mahal‑, таму што яшчэ доўга пасля XI ст. інтэрвакальнае ‑h‑ жыве ў герм. словах гэтага кораня, а ў Рыльскіх глагалічных лістках ужо сустракаецца форма Д. скл. парнага ліку malъženoma, тым больш што mâl ’умова’ вядома на поўначы герм. тэрыторыі. Ён прапануе ўзяць крыніцай запазычання ст.-в.-ням. mȃ̃l ’імгненне’, ’хвіліна’, вырашальныя для ўзнікнення шлюбу (да прыняцця хрысціянства ў славян шлюбы не заключаліся, было пашырана выкраданне нявест і палігамія — паліандрыя), параўн. і mâlôn ’абазначаць, намеціць’. Запазычанне адбылося на Мараве ў IX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)