засадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. чым. Заняць якую‑н. плошчу пад пасадку раслін. Засадзіць клумбы кветкамі. Засадзіць участак бульбай.
2. Заснаваць што‑н., зрабіўшы пасадку. Засадзіць малады сад. □ Грышаў бацька не толькі вартаваў стары бор, а засадзіў новы лес. Кірэенка.
3. Разм. Пасадзіць куды‑н. прымусова; зняволіць. Думаў Макар — каюк: засадзіць праклятая баба ў турму. Асіпенка.
4. за што і з інф. Разм. Прымусіць займацца чым‑н. Засадзіць за работу. □ На канферэнцыі, як і ў мінулым годзе, Голад засадзіў Кастуся пісаць справаздачу. Прокша.
5. Разм. Засунуць куды‑н. [Вэня] засадзіў руку за бравэрку і абмацаў там рэвальвер. Чорны.
6. Разм. Усадзіць, увагнаць глыбока што‑н. вострае. Засадзіць тапор у калодку. □ — Учора .. знянацку я такі, мусіць, засадзіў стрэмку, і нага мая цяпер аж торгае. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́везці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак., каго-што.
1. Забраць адкуль‑н. і прывезці. Вывезці бярвенне з лесу. □ Калгаснікі спяшаюцца вывезці на поле як мага больш угнаення, пакуль не папсавалася дарога. Пестрак. // Выкаціць, выцягнуць адкуль‑н. (калёсы, воз, вагоны і пад.). Вывезці воз на дарогу. □ Макар неяк спалохана сцяўся і доўга маўчаў, аж пакуль паравоз не вывез вагонаў у поле. Асіпенка.
2. Адправіць, перавезці куды‑н. На нейкі час мяне з-пад фронту вывезлі аж у Ліпецк. Таўлай.
3. Прадаць тавар у іншую краіну; экспартаваць. Вывезці партыю абутку.
4. перан. Разм. Дапамагчы выбрацца з цяжкага становішча; выручыць. Вывез шчаслівы выпадак. □ Раней.. [Турбіну] ніколі не пакідала надзея, што жыццё вывезе. Навуменка.
•••
Вывезці на сабе (на сваіх плячах, спіне) — вынесці на сабе ўвесь цяжар выканання якой‑н. працы, справы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.
1. Рассыпаючы, укінуць зерне, насенне ў зямлю для вырошчвання. У суботу зранку выехала [Зося] з бацькам пасеяць грэчку. Гартны. Тут мяркуецца пасеяць травы і стварыць культурную пашу. Дуброўскі. // Засеяць зернем, насеннем. — Мы раім людзям прыязджаць лепш увесну, насупраць цяпла. Адразу можна пасеяць лапік які пшаніцы і мець свой хлеб. Пальчэўскі. // Спец. Змясціць мікраарганізмы ў пажыўнае асяроддзе для размнажэння.
2. перан. Выклікаць, узбудзіць у кім‑н. якое‑н. пачуццё, перажыванне. Язэпу трэба было ісці. Але неяк цяжка было зрабіць першы крок, асабліва цяпер, калі гэты доўгі, цыбаты чалавек пасеяў у душы трывогу... Асіпенка. Алесь разгубіўся. Макар Сяргеевіч не тое, што пераканаў яго, а пасеяў сумненні. Шыцік.
3. перан. Разм. Згубіць. Хаця б.. Валынец шапку дзе па дарозе не пасеяў? Лобан.
4. Разм. Пачаць ісці, сеяць (пра дробны дождж, снег).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кру́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены, прыгатаваны шляхам скручвання. Кручаная пража. Кручаныя дубцы.
2. Разм. Хворы на шаленства (пра жывёл). Кручаны сабака. // Нясталых, несур’ёзных паводзін (пра чалавека). — І скажыце, ці не дурны, ці не кручаны хлопец. Як да вайны трэба было ў школу хадзіць ды вучыцца, дык яго за кніжку не загнаць было. А цяпер дзень і ноч чытае. Арабей. Хлопцы пакеплівалі з Макара, расказвалі такое, ад чаго Макар чырванеў, згараў ад сораму і крыўды ды кляўся, што ніколі не гляне на кручаную няверную Ядвісю. Асіпенка.
3. перан. Няроўны, неспакойны, заблытаны. — Жыццё тваё, чалавеча... Якое яно.. нейкае кручанае. Дуброўскі.
4. Разм. З няроўнымі сцёбламі, касымі слаямі (пра дрэва, драўніну). Хмызняк быў нейкі нялюдскі: каравы, кручаны, цвёрды, як жалеза. Маўр. // Кучаравы, пакручасты (пра валасы).
•••
Кручаны мяч гл. мяч.
Кручаны ўдар гл. удар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ра́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Прасіць у каго‑н. рады (у 1 знач.). Да Язэпа ішлі радзіцца і свае аднавяскоўцы і людзі з наваколля. Рамановіч.
2. Мець з кім‑н. раду (у 2 знач.); раіцца. Дзед Талаш і Мартын Рыль, расказаўшы адзін аднаму аб сваіх прыгодах, сталі радзіцца, што рабіць далей і куды ісці. Колас.
радзі́цца, раджу́ся, ро́дзішся, ро́дзіцца; зак. і незак.
1. Тое, што і нарадзіцца (нараджацца). І прыйшлося .. [Ігнасю] тады астацца ў хаце, дзе радзіўся і дзе гаспадарыў і паспеў ужо разбагацець брат Макар. Чорны. У сэрцы .. [Аўгіні] радзілася надзея, што сярод уцёкшых з-пад арышту сялян быў і Мартын Рыль. Колас.
2. незак. Даваць ураджай, плады; радзіць (аб раслінах). Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць, З трох коп кадушку накладаюць! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў адно пры перамешванні (пра што‑н. разнароднае); утварыць сумесь ці раствор. Гліна змяшалася з пяском. // Зліцца ў адно цэлае, перастаць адрознівацца. Галасы змяшаліся, загудзелі гудам. Якімовіч. Рогат і воплескі змяшаліся разам, Макар ажно ўтуліў галаву ў мяккі каўнер кажуха. Дуброўскі.
2. Размясціцца ў беспарадку, уперамешку адзін з адным; перамяшацца. [Адась:] У Беластоку і Брэсце ў дэманстрацыях удзельнічалі і сяляне. Тут змяшаліся і палякі, і беларусы, і яўрэі... Козел. // Схавацца, знікнуць (у натоўпе, сярод людзей). [Люба] выбілася на мост, прайшла яго і змяшалася з натоўпам людзей. Чорны.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць звычайны парадак, стройнасць, яснасць; пераблытацца, зблытацца. Косця сцішыўся, на яго нахлынулі раптоўныя думкі, збіліся, змяшаліся. Адамчык. І крыўда і злосць змяшаліся ў адно. Баранавых. // Страціць баявы парадак, строй (пра войска). Змяшаліся шэрагі чырвонаармейцаў і партызан. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, наблізіцца. Да ног Каваля падкацілася пустое вядро, ён адкінуў яго. Савіцкі. // Закаціцца куды‑н., пад што‑н. Мячык падкаціўся пад ганак.
2. перан. Разм. Хутка падысці, падбегчы да каго‑, чаго‑н. Макар, я ўжо ўзяў білеты, — падкаціўся да мяне круглячок Шаевіч. Сабаленка. Да.. [Шыковіча] падкаціўся Гамбіцкі, выхапіў з кішэні вялікую хустку, абмахнуў ёю твар. Шамякін.
3. перан. Аб раптоўным пачуцці болю, жаласлівасці і пад. У дзеда Талаша задрыжалі рукі і ногі, і востры боль падкаціўся к самаму сэрцу. Колас. Слёзы бяссілля падкаціліся да горла. Шахавец.
4. перан. Разм. Лісліва звярнуцца да каго-небудзь, дамагаючыся чаго‑н. Злодзей і ашуканец, чалавек без сумлення і сораму, .. [Халуста] хутка і так спрытна падкаціўся да пана, што стаў яго першым дарадчыкам. Чарнышэвіч. // Падлашчыцца да жанчыны. [Матушка:] — [Панна Людміла] цяпер тут, у пісара. Вечарам у пісара бліны будуць. Вось вы і падкаціцеся да яе. Яна дзяўчына сімпатычная. Колас.
•••
Ком падкаціўся да горла гл. ком.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыда́цца 1, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. прыдаўся, ‑далася, ‑далося; зак.
1. Аказацца патрэбным, спатрэбіцца; падысці. [Арлоўскі] добра разумеў, што яго ваенныя веды і вопыт вельмі прыдаліся б там, у Іспаніі, у барацьбе супроць фашызму. Паслядовіч. [Мілючок:] — У добрай гаспадарцы ўсё прыдасца. Брыль. — Дзякую за [з]ычлівае слова, — пачціва адказаў Лабановіч, — не ведаю толькі, як прыдамся да працы. Колас.
2. Выдацца, здарыцца. Сена, як на тое, прыдалося мурожнае, з дзяцелінай і хвошчыкам. Сачанка. Я дабра не спадзяваўся, Я там праўды не чакаў... Нешчаслівы дзень прыдаўся: У той дзень волю пахаваў. Колас.
прыда́цца 2, ‑дасца; пр. прыдаўся, ‑далася, ‑далося; зак.
1. Дадацца, далучыцца да каго‑, чаго‑н.; перадацца. Змалку Макар быў упарты, а душой як чыстае дзіця — кожны пакрыўдзіць. Цяпер ўпартасці прыдалося. Асіпенка. — Ад тужлівага вока гора малому прыдасца. Савіцкі.
2. Здацца, уявіцца. Як Ганне Сымонаўне прыдалося, яны — старэйшы з маладзейшым — і размаўлялі, а ўсе іншыя проста слухалі. Дубоўка. Я знячэўку падхапіўся нават: Можа, гэта проста прыдалося? Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каза́, ‑ы́; мн. ко́зы (з ліч. 2, 3, 4 казы́), коз; ж.
1. Невялікая парнакапытная жвачная жывёліна (свойская і дзікая) сямейства пустарогіх; самка казла. Дзікая каза. Каза з казлянятамі. □ У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.
2. Разм. Двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань. Варанецкі ішоў, лёгка ўскідваючы доўгія ножкі «казы» — вялікага драўлянага цыркуля. Дуброўскі. Максім узяў ад Дзяніса «казу» і пачаў перамяраць. Капусцін.
3. Уст. Заплечныя насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве. Паложаць чалавеку дзесяць цаглін на «казу», прыгнецца ён, каб трывалей ляжала прылада на плячах з грузамі. Пальчэўскі. Па хісткіх рыпучых лесвіцах, на вышыню дзесятага паверха насілі муляры цэглу на «казе». «ЛіМ».
4. Даўнейшы беларускі калядны абрад.
•••
Ангорская каза — каштоўная шэрсная парода коз з паўтонкай моцнай белай шэрсцю.
Абадраць як сідараву казу гл. абадраць.
Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.
Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.
Козамі сена травіць гл. травіць.
Лупіць як сідараву казу гл. лупіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зві́цца, саўюся, саўешся, саўецца; саўёмся, саўяцеся; зак.
1. Скруціцца ў клубок, у кальцо. Змяя звілася ў клубок. □ Лопнула струна, у абаранак звілася. Кандрусевіч.
2. Скурчыўшыся, легчы, паваліцца (ад удару, болю і пад.). — Максім як пальнуў, гэты афіцэрык так і звіўся. Грахоўскі. — Пайшоў ляж, каб ты здох! — прашыпеў [Ціток] і, падбегшы, выцяў сабаку нагою. Той яўкнуў і звіўся пад ложкам. Лобан. // Скруціўшыся, легчы, заснуць (ад стомы, ап’янення і пад.). Я пачаў аднеквацца: маўляў, хлопцы, вы піце, вы ж з холаду. Зноў жа такі арганізм мой знясілены, і калі я столькі вып’ю, дык і саўюся. Сабаленка. — А Лёнька ўжо звіўся, спіць? — вешаючы кажух і шапку на цвіку ў парозе, паглядзеў .. [бацька] у бок Лёнькавага ложка. Васілевіч.
3. Пераплесціся, сплесціся паміж сабой. Па баках дарогі.. стройна звіўся беразняк. Машара. Макар насупіўся, на лбе вяровачкамі збіліся складкі. Дуброўскі.
4. Сесці роем (пра пчол). Рой, як толькі даляцеў да першага дрэва калгаснага саду, так і звіўся на галінцы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)