Ры́ла ’лыч’ (ТСБМ; лудз., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (ТСБМ; пін., Сл. ПЗБ), ’пашча ў рыбы’ (ігн., Сл. ПЗБ), ’вузкі ўваход у рыбалоўную снасць (пух., Сл. ПЗБ), ’верхняя вузкая частка графіна, бутэлькі’ (барыс., Шат.), ры́ло ’рыла, морда’, ’горла бутэлькі’ (ТС, ПСл), руск. ры́ло ’морда’, ’пашча’, ’лыч’, укр. ри́ло, ст.-руск. рыло, польск. rydel ’рыдлёўка’, чэш. rydla ’разец’, славац. rydlo ’разец, лапата’, славен. rílo ’хобат’, серб.-харв. ри̏ло ’рыла’, ’губа’, балт. ри́ло ’рыла, морда’. Прасл. *rydlo (< *ru‑tlo‑m), звязанае з рыць, рваць, выяўляе значны паралелізм структуры з лац. rutrumлапатка’, лат. raûklis ’скрабок’ (ЭССЯ, Проспект, 76–77; Фасмер, 3, 528; Копечны, 313; БЕР, 6, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ласт1 ’хвост у бабра’ (Інстр. 2), рус. арханг. ласт ’невялікая драўляная лапатка, якой бяруць цеста з дзежкі’. Да прасл. lapstъ, якое з’яўляецца роднасным да лат. lâpsla ’лапата’, lãpa ’лапа’, літ. lópa ’тс’ (Фасмер, 2, 462–463). Сучаснае літаратурнае ласт ’відазмененая канечнасць некаторых водных жывёл і птушак’ (ТСБМ) — з рус. ласт ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 72) таксама, як і ласты ’прыстасаванне ў выглядзе вясла для палягчэння плавання пад вадой’ (ТСБМ).

Ласт2 ’застаронак’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ласт ’дранка, рэйкі, якімі прашываюць пазы ў лодках, суднах’, лост ’тс’, лостить ’абшалёўваць корпус судна, лодкі’. З фін., алан. lasta ’дранка, планка’ (Фасмер, 2, 463). Параўн. таксама вепс. лаst ’расколатае палена для лучыны’, лastęńik ’палукаш у простыя сані’, і рус. ла́сти ’памост з бярвення для праезду, праходу праз балота, гаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясло́1 ’звязка, пучок дробных нанізаных прадметаў’ (БРС, КТС, Шат., Янк. I, Інстр. III, Масл.), вя́сло (Касп., Нас.), вя́сла (Янк. Мат., Гарэц.), сувалк. vʼosła ’скрутак лыка’ (LP, 1960, 351), ст.-бел. весло, укр. жытом. весло ’звязка якіх-небудзь аднародных прадметаў’, рус. тамб., кур., маск., разан. вя́сло ’жгут саломы, якім звязваюць снапы’, свясло́ ’перавясла’, вяц. ’пучок ільну па 20 жменей’, ст.-рус. съвѧсло. Усх.-слав. утварэнне ад вязаць (гл.) і суф. ‑сло (< ‑slo).

Вясло́2 ’вага ў студні з жураўлём’ (в.-дзвін., ДАБМ), укр. весло́ ’каромысла’. Да весіць (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑сло (< slo). Відавочна, гэта калька з літоўскага (латышскага) слова; параўн. svìrtis ’журавель у студні’, ’рычаг’ ⟷ літ. svyrė́ti ’звісаць, вісець над чым-небудзь’, svìrti ’нахіляцца, звісаць’. Сюды ж весілка ’ручка чайніка’ (гл.).

Вясло́3 ’прыналежнасць лодкі’ (БРС, КТС, Мядзв., Янк. I, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ); ’прылада для кіравання плытом у выглядзе абчасанага бервяна, якое прымацоўваецца наперадзе і ззаду плыта’ (зах.-дзвін., Нар. сл.). Укр. весло ’вясло’, рус. весло ’тс’, бранск., арл., разан., гом.лапатка для замешвання цеста’, польск. wiosło ’вясло, драўляная лапатка’; ’ногі водных птушак’, н.-луж. wjasło, в.-луж. wjesło ’вясло’, чэш., славац. veslo ’вясло’; ’нага воднай птушкі’, славен. véslǫ ’вясло’; ’паклёпніцкі язык’, vésta ж. р. ’вясло’; ’хлебная лапата’; ’вялікая лыжка’, серб.-харв. вѐсло ’вясло’; ’плаўнік (у рыб)’, макед., балг. весло ’вясло’, ст.-слав. весло. Прасл. veslo (< vez‑slo) < *vegʼh‑slom. Да вязці́ (гл.). Параўн. Гараеў, 1896, 74; Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 79; Фасмер, 1, 303; КЭСРЯ, 77; Шанскі, 1, В, 73; Брукнер, 623; Младэнаў, 63; БЕР, 1, 137; Голуб-Копечны, 415; Махэк₂, 685; Скок, 3, 579. Сюды ж вясляр, вяслярны, вяслярства (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плячо, плечо́, плечэ́, плічо́, плычэ́, плечко́, плы́чко, плячу́к, пляча́к, пле́чухна, пле́чы, плэ́чэ, плэ́чы ’частка тулава ад шыі да рукі’, ’частка рукі да локцевага сустава’, лудз. ’частка тулава каня вакол шыі’; плечы ’спіна’, ’лапаткі’, ’верхняя частка спіны’, ’задняя частка вопраткі паміж двума рукавамі’, ’падкладка ў кашулі’, ’ватныя плечыкі ў вопратцы’, ’пройма рукава’ (ТСБМ; Нас.; Бес.; Шат.; Сл. ПЗБ; ашм., Стан., Бяльк., Сцяц.; Сцяшк. Сл.; Сцяшк. МГ; ТС; Клім.; З нар. сл.; Ян.), сюды ж плячкі́ плечы’ (латг., Нар. сл.), навагр. плячу́к ’шво на плячы’; (тамсама); пле́чы ’тарэц, зад’ (ТС), пле́чыкі ’спінка ў ложку’ (бых., ЛА, 4), плэчувы́й стовб ’шула’ (драг., Нар. лекс.), плячны́й ’прызначаны на плечы’ (чэрык., Мат. Гом.), плячы́сты (ашм., Стан.), плячэ́ць ’раздавацца ў плячах’ (Нар. Гом.). Укр. плече́ ’плячо’, ’шула’; рус. плечо, дыял. плеча́ ’плячо’, ’пярэдняя чвэрць тушы барана, цяляці’; пле́чко ’частка рукі ад пляча да локця’, стараж.-рус. плече; польск. plec, plecy ’спіна’, ’спінка ў вопратцы’, pleceлапатка’; палаб. plicě; н.-луж. placo ’шынка’, ’сцягняк’, в.-луж. pleco ’тс’, чэш. plec, plece, мар. дыял. pľeco, славац. plece ’плячо’, славен. pléče, серб.-харв. пле̏ће, макед. пле́ки, балг. плещи́, пле́щи, ст.-слав. плеште ’плячо’, плешти ’спіна’, перан. ’крылы’. Прасл. *pletʼe (Бязлай, 3, 52; Махэк₂, 457), *pletje (Банькоўскі, 2, 602; БЕР, 5, 351; Борысь, Czak. stud., 64); калі ж улічыць рус. пле́ко ’плячо’, белоплёкий ’белакрылы’, подоплёка ’падкладка’, зыходнай формай можна было б лічыць *plekti̯‑ і параўноўваць з лат. plęcs ’плячо’, літ. plókščias ’плоскі’, ст.-грэч. πλάξ, Р. скл. πλακός ’горная раўніна’, ст.-ісл. flá ’ўступ стромай скалы’, лац. placidus ’роўны’ (Фасмер, 3, 281), а таксама з ірл. leitheлапатка’, літ. plė̃sti ’рассцілаць’, platùs ’шырокі’. Гл. таксама Міклашыч (250). Фрэнкель (581 і 606), Траўтман (225), Голуб-Копечны (227).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маты́ка, моты́ка, маты́га, маты́чка ’ручная прылада (лапатка) для рыхлення глебы, акучвання агародніны’ (ТСБМ, Тарн., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Бес., Мат. Гом.); матыкава́ць, матыгава́ць, мотыкова́ць ’матычыць’ (Сл. ПЗБ, ТС), маты́чыць, моты́чыты ’тс’ (ТСБМ, Выг. дыс.). Укр. моти́ка ’кірка’, рус. моты́ка, пазней моты́га, ст.-рус. мотыка, польск. motyka, н.-луж. motyja, в.-луж., чэш., славац. motyka, славен. motîka, серб.-харв. мо̀тика, макед., балг. мотика, ст.-слав. мотыка. Прасл. motyka Махэк₂ (375) лічыць вельмі старым, незапазычаным, вылучаючы аснову mat‑, роднаснымі да якой з’яўляюцца: ст.-інд. matyám ’барана, каток’, matī‑kr̥tas ’пабаранаваны, пракачаны’, лац. mateola ’від малатка’, ст.-в.-ням. medela ’плуг’, stein‑mezzo ’камяняр’ (Фасмер, 2, 665; Выгонная, БЛ, 8, 57). Этымолагамі прыводзяцца і ст.-англ. mattoc, англ. mattok, а таксама блізкія да іх уэл. matog, гальск. matog ’матыка’, якія разглядаюць як запазычаныя з народналац. *mattiūka ’матыка’ (Покарны, ZfSlPh, 5, 393) < і.-е. *mat‑ ’капаць, дзяўбці’. Мартынаў (Язык, 72), разглядаючы прасл. лексічную пару kopačьmotyka ’матыка’, прыходзіць да вываду, што motyka з’яўляецца іт. пранікненнем у прасл., якое паступова выцесніла балта-слав. назву матыкі (kopačь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяро́ ’пяро птушкі; пяро для пісання; зялёны ліст цыбулі ці часнаку; лопасць у інструментах’ (ТСБМ), ’птушынае пяро’ (Шымк. Собр., Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’плаўнік’ (свісл., Шатал.), перо́ ’пяро ў птушкі’ (Сержп., Каз.), ’лапатка ў вясле; перыстая трава; плаўнік у рыбы’ (ТС), ’лускавінка ў шышцы; сцябло цыбулі’ (ПСл), пэро́ ’шырокая частка вясла’ (Маслен.), ж. р. пяра́ ’птушынае пяро’ (даўг., Сл. ПЗБ), пяры́на ’адно птушынае пяро’ (ТСБМ), пяры́нка ’пёрка’ (Бяльк.), укр. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік’, піры́на ’адно пяро’, рус. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; шырокая частка вясла’, польск. pióro ’птушынае пяро; крыло; пяро для пісання; лопасць’, чэш. pero, péro ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, славац. pero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, палаб. perü ’птушынае пяро; пяро для пісання; плаўнік; лопасць’, в.-луж. pjero ’пяро; плаўнік’, н.-луж. pjero ’птушынае пяро; пяро для пісання’, славен. perȏ ’птушынае пяро; пружына гадзінніка; пяро для пісьма; вастрыё пілы; язычок ключа’, серб.-харв. пѐро ’птушынае пяро; плаўнік; ліст’, балг. перо́ ’птушынае пяро; пяро для пісання; ліст расліны; лопасць; зялёны ліст цыбулі’, макед. перо ’птушынае пяро; восць коласа; ліст кукурузы; пяро для пісання’. Праслав. *pero ’пяро’, роднаснае літ. spar̃nas ’крыло, лопасць’, лат. spàrns ’тс’, ст.-інд. parnám ’крыло, пяро’, авест. parəna‑ ’пяро, крыло’, перс. parr ’тс’, ням. Farn ’папараць’, што ўзыходзяць да і.-е. *per‑/*sper‑ гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання (перадае трымценне), параўн. Фасмер, 3, 243; Шустар-Шэўц, 2, 1081; Глухак, 475. Менш верагодная іншая версія, згодна з якой праславянская форма параўноўваецца з грэч. πτερόν ’пяро, крыло’, πέιομαι ’ляцець’, ст.-інд. pátram ’крыло, пяро’, лац. penna ’тс’, ст.-в.-ням. fedara ’пяро’, ням. Feder ’тс’, што да і.-е. *ptero < *pet‑ ’ляцець’, параўн. Бязлай, 3, 27; Сной₂, 507; БЕР, 5, 179, насуперак ESJSt, 11, 636, дзе па словаўтваральных крытэрыях аддаецца перавага апошняй версіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уве́сь, усяго́, м.; уся́, усёй, ж.; усё, усяго́, н.; мн. усе́, усі́х; займ. азначальны.

1. Вызначае што‑н. як непадзельнае, узятае ў поўным аб’ёме; цэлы. Увесь вечар. Усё лета. □ Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас. Увесь май сушыла. Ні дажджынкі, ні расінкі. Паўлаў. Мінск — сталіца, гордасць наша, Слава ўсёй краіны. Купала. // толькі мн. (усе́, усі́х). Указвае на вычарпальны ахоп асобных аднародных прадметаў, асоб, з’яў; без выключэння, кожны ў сукупнасці з іншымі. З усіх бакоў. Па ўсіх правілах. □ Цяпер ідуць Пад горды сцяг Саветаў Народы ўсе І ўсе мацерыкі. Хведаровіч. За мір і за шчасце змагайцеся, Працоўныя ўсіх краін! Куляшоў. Усе на лузе, ад малога да вялікага. Ваданосаў. // Уваходзячы па сэнсу ў склад выказніка або азначэння, ужываецца ў значэнні: цалкам, поўнасцю, зусім. Быў .. [Мікуць] увесь мокры. Чорны. Сядзіба [Арлоўскага] шырокая і доўгая, уся пад садам. Чарнышэвіч. Са з’яўленнем .. [Соні] мне быццам перадаваўся яе бадзёры настрой, і я ўвесь ажываў. Ракітны. // Пры абстрактных назоўніках указвае на вышэйшую ступень праяўлення якасці, прыметы. Ва ўсю шырыню. Сканцэнтраваць усю ўвагу. □ Каб недавер увесь развеяць, Скажу: тут выдумкі ні-ні... Бачыла.

2. у знач. наз. усё, усяго́, н. Тое, што ёсць, цалкам, без выключэння. Усё для перамогі! Заўсёды ўсім задаволены. □ Усё ў доме цяпер перавернута дагары нагамі. Ус. Вясковыя жанчыны любяць пра ўсё пагаварыць. Чорны. // усё. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Лепш за ўсё. Больш за ўсё. Менш за ўсё. □ Успаміны .. [Нічыпара] былі часам і цікавыя і мелі якое-небудзь значэнне. А часцей за ўсё стары гаварыў проста так, што прыходзіла ў галаву. Кулакоўскі. [Іванчанка:] А я думаю, што .. [дзеці] хутчэй за ўсё тут, у вёсцы... Кучар. // у знач. вык. Азначае выключную важнасць, значэнне прадмета, паняцця і пад. [Паддубны:] — Мы разумеем, што сувязь з народам — гэта ўсё. М. Ткачоў. // у знач. наз. усе́, усі́х. У поўным складзе, без выключэння. Усе ў зборы. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. □ Падалі снеданне. Усе селі за стол. Юрэвіч. Усім спадабалася Балукова выдумка і гурт[ам] прыступілі да распрацоўкі ўсяго плана. Колас. Нізкі пералаз — усім дарога. Прыказка. // усё, усе́. Ужываецца ў якасці абагульняючага слова пры пералічэнні. Вас, землякі мае, Вітаю .. Прастор палёў, лясы — Усё ваша. Чарот. // Р усі́х. У спалучэнні з выш. ст. прым. або прысл. і прыназ. «за» паказвае на вышэйшую меру якасці. Бяздомны музыка, жабрак для .. [Ганны] мілей за ўсіх і вышэй за ўсіх. Гіст. бел. сав. літ. Больш за ўсіх Крумкач стары Набіваў закускай волле. Гілевіч.

3. толькі ў Н. Скончыцца, зрасходавацца цалкам. Соль уся. □ — Рыс ужо ўвесь, — сказала .. [маці] бацьку. Маўр.

4. у знач. вык. усё. Разм. Скончана, канец. Больш не ўбачымся. Усё. □ — Усё, — сказаў Тарас, усміхнуўшыся. Якімовіч. — Не хочам і — усё! — капрызна выкрыкнуў другі, пухлагубы пястун. Ракітны.

5. З некаторымі назоўнікамі з прыназоўнікамі «з», «у» (ва), «на» утварае ўстойлівыя прыслоўныя словазлучэнні, якія паказваюць на паўнату, інтэнсіўнасць, сілу праяўлення якога‑н. дзеяння. Ва (на) ўвесь дух. Ва ўсе вочы. Ва (на) ўсю моц. З усіх ног. З усяго маху. На ўвесь голас. На ўвесь рост. На ўсе застаўкі. На ўсё горла. На ўсю сілу. З усёй сілай. З усіх сіл.

•••

Ад усіх дзірак (бочак) затычка гл. затычка.

Ад усяго сэрца гл. сэрца.

Валіць усё ў адну кучу гл. валіць.

Ва ўсе лапаткі гл. лапатка.

Ва ўсёй (сваёй) красе гл. краса.

Ва ўсіх адносінах гл. адносіны.

Ведаць усе хады і выхады гл. ведаць.

Вось (табе) і ўвесь сказ гл. сказ.

Выматаць усю душу (усе духі, нервы, кішкі) гл. выматаць.

Выціснуць усе сокі гл. выціснуць.

Званіць ва ўсе званы гл. званіць.

З усімі анёрамі гл. анёры.

З усіх канцоў гл. канец.

З усяго свету гл. свет.

Ісці на ўсё гл. ісці.

І ўсё тут — больш нічога; няма чаго гаварыць, размова скончана.

Майстар на ўсе рукі гл. майстар.

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

Мераць усіх (усё) на адзін аршын гл. мераць.

На ўсе вякі гл. век.

На ўсе жылы; з усіх жыл гл. жыла.

На ўсе лады гл. лад ​1.

На ўсе чатыры бакі гл. бок.

На ўсім гатовым гл. гатовы.

На ўсю іванаўскую гл. іванаўскі.

Не ўсе дома ў каго — пра дзівака, чалавека ненармальнага, прыдуркаватага. «Ой, Сёма, Сёма! — стары паляпаў пальцам па лбе. — Не ўсе ў цябе, сыночак, дома»... Корбан.

Ну, вось і ўсё! гл. вось ​2.

Па ўсім відаць гл. відаць.

Па ўсіх правілах гл. правіла.

Па ўсіх правілах мастацтва гл. правіла.

Перш за ўсё гл. перш.

Скарэй за ўсё гл. скарэй.

Скланяць на ўсе лады гл. скланяць.

Увесь у каго — пра падабенства да каго‑н. [Галя:] — Ого! Хлопец — увесь у тату. Шамякін.

Увесь час гл. час.

Увесь (уся, усё, усе) чыста — без выключэння, поўнасцю, цалкам. [Паўлюк:] — Ну, і выйшла, што я ўвесь чыста ў .. руках [брата]. Зарэцкі. Сядай! Не хвацкі танец твой! — Крычаць яму [Фаме] з застолля ўсе чыста. Корбан. Выказаць усё чыста — нашто ёй [Ганне] і яму [Сцяпану] цярпець немаведама для чаго! Мележ.

Усе да аднаго; усе (усё) на свеце — ужываюцца з узмацняльным значэннем вычарпальнай паўнаты, поўнага ахопу. І вось падмарозіць. Яблыкі ападуць усе да аднаго. Укрыюць дол пад дзічкаю. Бяспалы. Тэатр засланіў перад .. [Вашамірскім] усё па свеце. Бядуля.

Усе козыры ў руках гл. козыр.

Усё адно — а) аднолькава, няма розніцы. [Тапаркоў:] — А калі за маё старанне такая аддзяка — мне ўсё адно. Навуменка; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Не адступленне — перадышка. Нам выйграць бой, усё адно. А. Александровіч.

Усё адно як — як быццам бы. Стаіш і маўчыш, усё адно як чужы. Скрыган.

Усё гарыць у руках — тое, што і работа гарыць у руках (гл. работа).

Усё кончана — пра цяжкую страту, безнадзейнае становішча.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Усё роўна — а) аднолькава, няма розніцы. [Насця:] А хіба ж не ўсё роўна вам, Дзе мой каханы, тут ці там? Колас; б) абавязкова, нягледзячы ні на што. Але бацька ўсё роўна пойдзе і вернецца дадому толькі на світанні. Кулакоўскі; в) тым не менш, усё-такі. Як ні ціха Андрэй адчыняў дзверы, як ні ціха распранаўся, а маці ўсё роўна пачула. Ермаловіч.

Усё роўна як — быццам бы. Ён гаварыў сурова, усё роўна як загадваў. Скрыган.

Усё страчана — пра што‑н. канчаткова згубленае, пра беззваротную страту.

Усё як ёсць — літаральна ўсё, поўнасцю. [Няміра:] — Я думаў, што вы адно сёе-тое прадасце, аж вы ўсё як ёсць. Чорны. Гледачы памяркоўныя абмяркоўваюць. Усё як ёсць Нетаропка. Барадулін.

Усімі сіламі гл. сіла.

Усіх масцей гл. масць.

Усяго добрага гл. добры.

Усяго найлепшага гл. найлепшы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)