саро́мны, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае пачуццё сораму; сараматны. Зірнуў [Алесь] са страхам. Гатоў быў кожны момант кінуцца наўцёкі. Потым ужо гарэў, нібы яго злавілі на нечым саромным. Мележ. Цяпер сумненняў не аставалася — каханне ў іх [Лёдзі і Юркі] было бяскрылае, сляпое, саромнае. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галу́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

1. Самка голуба.

2. Разм. Ужываецца як ласкавы зварот да жанчыны. Спявай мне, дзяўчынка, пра кветкі, пра гай, Пра лепшыя дні, пра вясну, Пра наша каханне, галубка, спявай — Пад ціхі твой спеў я засну. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́мства, ‑а, н.

1. Уст. зб. Хамы (у 1 знач.).

2. Разм. Грубасць, бесцырымоннасць, нахабнасць. Ад раптоўнага хамства Алесь заўсёды спачатку бянтэжыўся і нават чырванеў. Так было і тады. Брыль. [Інка:] — [Толя] бачыў маё каханне і думаў, што я ўсё сцярплю, дазволю яму ўсякае хамства. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Любошчы, лю́бошчы, любошч (ж.), любошчі́ ’любоўныя адносіны’, ’каханне, заляцанне, мілаванне’ (ТСБМ, Шат., Бес., Клім., Жд. 1, Мат. Гом.; лях., кам., Сл. ПЗБ). Да любі́ць (гл.). Аб суфіксе ў бел. мове гл. Сцяцко (Афікс. наз., 90). Аднак гэты суфікс (які ўзыходзіць да прасл. ‑ostь + ja у мн. л. ‑ost‑ji) больш характэрны для ўкраінскай мовы. (Вступ, 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

усёпаглына́льны, ‑ая, ‑ае.

Які ахоплівае ўсю істоту, выцясняючы ўсе іншыя пачуцці, думкі і пад. Калі ў ..сэрцы [Тані] і было пачуццё, падобнае на каханне, дык яно не было такім моцным, усёпаглынальным, якое перапаўняе істоту чалавека, засланяючы сабой усё іншае. Машара. Усёпаглынальная дабрата — вызначальная рыса натуры дзядзькі Антося. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае каханне, да якога накіравана каханне; любімы (у 2 знач.). Каханая дзяўчына. □ — Смешна, але прызнаюся, што ў мяне нават не было каханай жанчыны, не было кахання. Мікуліч.

2. у знач. наз. каха́ны, ‑ага, м.; каха́ная, ‑ай, ж. Той (тая), каго кахаюць. Можа, думкі Максіма — пра сваю каханую, што ходзіць недзе па росных сцежках над іншай ракою? Брыль. — Усё ж ён прыгажэйшы за Змітрака! — з замілаваннем падумала дзяўчына і яшчэ бліжэй прытулілася да каханага. Ваданосаў.

3. Родны, дарагі. Засні, мой каханы, Мой мілы сынок, Падняўся туманам За вокнамі змрок. А. Александровіч.

4. у знач. наз. Форма фамільярнага звароту. — «Гатовы боты?» — «Не, каханы!» — Заказчыку шавец лісліва адказаў. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спалучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

Аб’яднацца ва ўзаемнай адпаведнасці, гармоніі; злучыцца адначасова; сумясціцца. У творах Дастаеўскага спалучыліся з выключнай сілай праніклівы псіхалагізм, інтэлектуальная глыбіня мысліцеля і страснасць публіцыста. «ЛіМ». Аповесць «Першае каханне» [А. Марціновіча] цікавая перш за ўсё тым, што ў ёй своеасабліва спалучыліся ваенная тэма і сучаснае жыццё. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аклі́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго.

Назваць па імені, крыкнуць што‑н. каму‑н., каб звярнуць увагу, спыніць. Выйшла [дзяўчына] на ганак светлай, чароўнай Зарой світання. Можа, аклікнуць шчасце сваё мне, Сваё каханне? Танк. Недалёка ад лесу адзін з падарожнікаў, што ішоў ззаду і паглядаў на сонца, раптам аклікнуў таварыша. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

любі́цца, люблюся, любішся, любіцца; незак.

Разм.

1. Любіць адно аднаго. [Агей:] — Як жаніўся, не хацела дзеўка замуж ісці, хоць і любіліся з ёю. Галавач. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне. Колас.

2. безас. Аб магчымасці, жаданні любіць. Будзьце [людзі] прасцей, будзьце прасцей, Пакуль любіцца. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца, зроблены з аднаго рэчыва, з аднаго куска; суцэльны. Вырабляюцца.. [вудзільны] з цэльнага і колатага бамбуку, сталёвых трубак. Матрунёнак. Калоны [будынка] — з цэльных ствалоў дрэў, якія стаяць на каменных падкладках. «Помнікі».

2. Неразбаўлены, натуральны. Цэльнае малако.

3. перан. Які валодае ўнутраным адзінствам, прасякнуты ім. Каханне пачынаецца не ў дваццаць сем, а ў семнаццаць, яно самае моцнае, цэльнае, гэтае першае каханне... Навуменка. // Адзіны, непадзельны. Цэльнае ўражанне. □ Творчасць Кузьмы Чорнага не варта разбіваць на «раннюю» і «сталую». Яна цэльная і ў цэласці дае ўяўленне пра жыццё беларускага народа. Лужанін. // Закончаны, даведзены да канца. Па глыбіні псіхалагічнай характарыстыкі вобраз Данілы можна паставіць побач з вобразам Мірашнічэнкі. Ён такі ж цэльны, завершаны ва ўсіх сваіх рысах. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)